№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Тадэвуш Бароўскі

Экзамен на Гандлёвай (Matura na Targowej)

Успаміны

Пераклад з польскай Ганна Янкута


Экзамен на Гандлёвай

Усю зіму я вучыўся ў маленькай прыбудове, якую аддала нам фабрыка, – на руінах знішчанага падчас першага бою за Варшаву дому.

Прыбудова была вузкай, нізкай і вільготнай, а ў вялікае акно, якое глядзела на былыя гаражы, зарослыя цяпер кустоўем, вечарамі лілося месяцовае ззянне і блішчэлі агні з маста. Тады я вучыўся па вечарах. Святло лямпы, зробленай з чарніліцы (мы мусілі берагчы газу), дрыжэла нават ад дыхання. І тады велізарныя цені ад маёй галавы рухаліся па сцяне – бясшумна, як ў кіно. На збітай з дошак тахце неспакойна спалі бацька, які амаль па дванаццаць гадзінаў працаваў на нямецкай фабрыцы, маці і вялікі пародзісты даберман, што невядома адкуль прыбіўся да нас падчас аблогі. Вялізны лагодны сабака круціўся пры маіх бацьках, калі яны, пасля таго як згарэў наш дом, атабарваліся на пустым месцы пад навесам з толю, што абараняў нас ад дажджу. Сабака насіўся за варонамі, пабрэхваў на чужых – а пасля так і застаўся. У тую самую зіму Анджэй [1] ездзіў з рыкшай. Рыкша – гэта ровар-каляска на трох колах. На ёй перавозяць людзей і тавары. Як у Японіі – з дапамогай ног. Анджэй, высокі, зграбны хлопец з чароўным позіркам, разам са мною скончыў школу. Калі я зачытваўся Платонам і польскімі філосафамі эпохі рамантызму, ён звяртаўся да Ібсэна і Пшыбышэўскага – духоўнага натхняльніка Маладой Польшчы, да Каспровіча [2], найвыбітнейшага паэта таго перыяду. Сам ён пісаў вершы яшчэ ў школе. Цяпер жа, у гарачыя дні акупацыі, ён піша дзённік [3]. Аркадыюш быў мастаком. Ён цудоўна ведаў матэматыку. Падчас філасофскіх дыскусіяў ён цытаваў невядомых нам асобаў, згадваў плыні, пра якія мы нічога не чулі. Ён быў бландынам з пранізлівым поглядам мастака. Здабываў сродкі на існаванне, малюючы мінакам карыкатуры. Ён намаляваў іх больш за дзесяць тысячаў.

Ён паходзіў з багатай сям’і (яго бацька быў вядомым варшаўскім краўцом), жыў самотна, вучыўся ў мастацкай акадэміі, адначасова здаючы экзамен на атэстат сталасці, – і піў.

Юлек быў выхаванцам езуітаў. Сістэматычна працаваў над Фамой Аквінскім, над грэкамі і нямецкай філасофіяй. Зарабляў на гандлі валютай.

Усіх іх я згубіў з вачэй.

Але пакуль нас не раскідаў лёс, пакуль я не трапіў у Асвенцым, пакуль Анджэй не загінуў у вулічнай расправе, зрэшты, пад чужым імем, пакуль Аркадыюша не пахавалі руіны варшаўскіх барыкадаў – у тую зіму, першую зіму вайны, калі на захадзе, на лініі Мажыно [4], доўжыліся несур’ёзныя сутычкі патрулёў, а ангельскія самалёты раскідвалі над Германіяй пачкі лістовак, старанна развязваючы кожную з іх, каб выпадкова (як жартавалі мы ў тыя часы) не забіць якога-небудзь немца, у нас, у цёмнай, як труна, Варшаве ляскалі стрэлы карных узводаў, а ў дамах з вокнамі, забітымі дошкамі, мы заканчвалі другі ліцэйскі год, рыхтаваліся да экзамену на атэстат сталасці, хаця і ведалі, што вайна будзе цягнуцца яшчэ доўгія гады.

Вучыліся мы ва ўласных кватэрах, халодных і цесных. Яны былі для нас і класамі, і хімічнымі кабінетамі. Зрэшты, некаторыя жылі ў багатых дамах. Там мы хадзілі па мяккіх дыванах, сузіралі карціны найвыбітнейшых майстроў, кончыкамі пальцаў краналіся пазалочаных карэньчыкаў кніг, а пасля занятку, пасля лекцыі па матэматыцы, уроку літаратуры, практыкаванняў па фізіцы ці чытання рэлігійнай кнігі (бо ў нас была і рэлігія, якую выкладаў дабрадушны ксёндз) бывалыя навучэнцы сядалі за брыдж, каб прайграваць у карты грошы, часта заробленыя на чорнай біржы. У пакоі згушчаўся цыгарэтны дым, клубіўся ля акна і сцяліўся пад столлю.

Зіма, няхай сабе цяжкая і цёмная, мінула незаўважна. Праўда, Анджэй падхапіў небяспечную хваробу лёгкіх і мусіў кінуць сваю рыкшу, а Аркадыюш не хацеў ісці ў нямецкае кіраўніцтва, каб купіць сабе пасведчанне мастака, і яго на вуліцах пераследавала паліцыя, – але плён наш быў значны. У партфелі Анджэя ляжала колькі добрых вершаў, на маёй збітай з дошак этажэрцы – пара кніжак, якія я набыў за грошы ад продажу пілаванага дрэва, Аркадыюш урэшце знайшоў сабе жытло і больш не начаваў па сябрах. Яшчэ пасля той жахлівай, мёртвай зімы засталіся ўзгадкі пра расправу ў Ваўры [5], калі за п’янага нямецкага салдата, заколатага ў бойцы сваім жа сябрам, гестапа выцягнула з кватэраў і расстраляла на пустым заснежаным полі дзвесце мужчынаў. Ужо запаўняліся камеры турмы Павяк [6], ужо набылі вядомасць Прысады Шуха [7], ужо былі ў нас першыя падпольныя газеты, ужо мы самі іх разносілі.

Вясною, калі нямецкія войскі напалі на Данію і Нарвегію і адразу ж пасля гэтага, як нож, усадзіліся ў цела Францыі, у Варшаве пачаліся першыя аблавы. Чародамі ўязджалі ў горад вялізныя нямецкія фургоны – грузавыя машыны, крытыя брызентам. Жандары і гестапаўцы абкладалі вуліцы, заграбалі ўсіх прахожых у машыны і везлі ў Германію – на работы, але звычайна бліжэй, у Асвенцым, Майданэк [8], Араніенбург [9] – вядомыя ўжо канцлагеры. Колькі выжыла з двухтысячнага эшалону, што ў жніўні 1940 году прыбыў у Асвенцым? Магчыма, чалавек пяць. Колькі выжыла з семнаццаці тысяч, вывезеных з варшаўскіх вуліц у студзені 1943-га? Дзвесце? Трыста? Не болей.

Тады ж, падчас самых першых нямецкіх аблаваў, што абсурдным чынам раптам ператваралі сталіцу вялікай дзяржавы ў джунглі, у той самы час, калі Гітлер фатаграфаваўся на Эйфелевай вежы, а бясконцыя эшалоны польскіх вязняў рухаліся да Араніенбургу, менавіта тады мы ўчатырох – Анджэй, Аркадыюш, Юлек і я – мы ўчатырох здавалі экзамен на атэстат сталасці.

Безумоўна, не мы адны. Ніводная варшаўская гімназія не спыніла дзейнасці. Паўсюль – у гімназіях Баторыя, Чацкага, Лялевеля, Міцкевіча, Сташыца, і Уладзіслава Чацвертага, у жаночых гімназіях – імя Плятэр, каралевы Ядвігі, Канапніцкай, Ажэшкі, ва ўсіх прыватных гімназіях, пачынаючы ад тых найлепшых – святога Войцеха і Замойскага – паўсюль здаваліся экзамены на атэстат, экзамены сур’ёзныя, як і штогод да вайны, як заўсёды, ад самага пачатку існавання сучаснай школы.

Тысячы маладых людзей здавалі экзамен. Тысячы заканчвалі гімназіі і ішлі ў ліцэі. У той час, калі Еўропа ляжала ў руінах, у Вялікай Польшчы, у Сілезіі, на Памор’і і ў сэрцы Польшчы – у Варшаве – дзеці і юнакі ратавалі веру ў Еўропу і веру ў біном Ньютана, веру ў інтэгральнае вылічэнне і веру ў свабоду людзей. Калі Еўропа прайгравала сваю бітву за Волю, польская моладзь – думаю, і чэшская, і нарвежская – выйгравала сваю бітву за Веды.

Памятаю, мы стаялі ўтрох на прыпынку ля вялізнага будынка Нацыянальнага банка на Ерусалімскіх прысадах. Праз гэтую самую значную праязную магістраль сталіцы няспынна ішлі плыні нямецкіх войскаў, на захад і ўсход рухаліся абозы, танкі, браневікі, грузавыя машыны, набухлыя ад тавараў. Крыху далей, на плошчы Трох Крыжоў, дзе сёння засталіся толькі руіны прыгожага касцёла св. Аляксандра, хапалі людзей. Жандары абклалі ўсе выхады з плошчы. Пад бурчэнне рухавікоў поўныя людзей фургоны цяжка цягнуліся ў Павяк.

Гэта было абсурднае відовішча. Не магу зразумець, чаму яно выклікала смех. Часам шкала чалавечай рэакцыі апынаецца занадта кароткай, і калі трагізм дасягае скрайняй адзнакі, ён выбухае смехам. Усе мы былі ў цудоўным настроі, радаваліся, што жывем, што знаходзімся ў самым цэнтры аблавы, што збіраемся ехаць на іншы бок Віслы, на Гандлёвую вуліцу, здаваць экзамен на атэстат сталасці. І што мы паедзем туды – хай сабе нават неба зваліцца на зямлю.

Акурат тады да нас падышла старая сівая пані. Павярнула да нас зморшчаны твар. У яе вачах выразна чыталася хваляванне.

– Панове, у горадзе на плошчы Трох Крыжоў аблава, – сказала яна ціха. Тады ўсе папярэджвалі ўсіх пра аблавы, як раней пра паморкі. – Ці не зачэпіць вас хто?

– Хіба што вы, пані, – засмяяўся Анджэй.

Мы ўскочылі ў трамвай і паехалі на Прагу [10]. За мастом пачыналіся прысады, якія з аднаго боку межавалі з полем, а з другога – з Саксонскай выспай [11] – кварталам асабнякоў. А там, дзе заканчваліся прысады, размясцілася другая калона машынаў і чакала трамваяў, як тыгр на антылопавай сцяжынцы. Мы гарохам высыпаліся з трамваю і памчалі наўскасяк праз поле, нядаўна засаджанае агароднінай. Зямля пахла вясной. На полі квітнела дзіванна і бзумкалі пчолы. А ў горадзе за ракой, бы ў гушчарах джунгляў, хапалі людзей.

Калі мы прабіліся да кватэры на Гандлёвай, дзе нас чакалі ўжо дырэктар, старшыня экзаменацыйнай камісіі, класны кіраўнік і настаўнік хіміі, хваля аблавы сягнула нашых вокнаў.

Дырэктар маўчаў. Ён уважліва слухаў адказы. Класны кіраўнік, высокі дабрадушны чалавек, мягка пазіраў на нас і дапамагаў поглядамі. У нас ніколі не было рэпутацыі добрых хімікаў – ні ў Анджэя, паэта і крытыка, ні ў Аркадыюша, мастака і філосафа, ні ў мяне. Нашыя сціплыя адказы выклікалі хітрыя ўсмешкі на твары экзаменатара, якога праз яго сівую бараду мы называлі ў школе Казябародкай. Насамрэч гэта быў вельмі паважаны навуковец.

Неяк здаліся. Тады Казябародка сказаў:

– Ну, панове, – гэтае “панове” падкрэсліла толькі што прыдбаную намі сталасць у галіне хіміі, – не будзьце дурнямі і не дайце сябе схапіць.

Ён паказаў рукой на акно, за якой мітусіўся натоўп, аточаны паліцыяй, і дадаў, падняўшы пры гэтым прабірку з нейкай чырвонай, страшэнна складанай вадкасцю, формулу якой Анджэй марна спрабаваў вывесці на дошцы.

– Калі не ведаеце, у што верыць, верце ў хімію. Верце ў навуку. З яе дапамогай вы вернецеся да чалавека.

Толькі аднаго чалавека не было тады з намі – нашага Юлека з ільнянымі валасамі, езуіцкага выхаванца. Яго схапілі паміж Новым Святам і Прысадамі, і след яго згубіўся. Восенню, калі мы паступалі ў падпольны універсітэт, нам паведамілі, што Юлека вывезлі ў Араніенбург, кепскай славы лагер пад Берлінам, і што ён яшчэ жывы.


Каментары

[1] Анджэй Тшэбіньскі (1922–1943) – паэт, празаік, літаратурны крытык, публіцыст, студэнт аддзялення паланістыкі падпольнага Варшаўскага універсітэта.
[2] Ян Каспровіч (1860–1926) – польскі паэт, драматург, літаратурны крытык, перакладчык. Пэўны час быў рэктарам Універсітэта імя Яна Казіміра ў Львове. Перакладаў на польскую мову Эсхіла, Эўрыпіда, Шэкспіра, Марло, Байрана, Шэлі, Ўайлда, Шылера, Гётэ, Рэмбо, Метэрлінка, Ібсэна і інш.
[3] Маецца на ўвазе “Дзённік” (Pamiętnik) Анджэя Тшэбіньскага, які паэт вёў падчас вайны і які з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі пра літаратурнае жыццё акупаванай Польшчы.
[4] Лінія Мажыно – сістэма французскіх умацаванняў на мяжы з Германіяй ад Бельфора да Лангюёна. Пасля паразы Польшчы Францыя адвяла свае войскі за лінію Мажыно (так званая Дзіўная вайна).
[5] Ваўр – раён у Варшаве.
[6] Павяк – неіснуючая сёння турма ў Варшаве. Падчас акупацыі Польшчы Павяк быў галоўным турэмным цэнтрам генерал-губернатарства.
[7] Прысады Шуха – вуліца, на якой у Варшаве размяшчаўся будынак гестапа.
[8] Майданэк – лагер смерці на ўскрайку Любліна.
[9] Араніенбург – адзін з самых першых канцлагераў, арганізаваны нацыстамі ў 1933 годзе.
[10] Прага – гістарычны раён Варшавы, размешчаны на правым беразе Віслы.
[11] Саксонская выспа – раён у Варшаве, частка Прагі.


Спампаваць тэкст цалкам можна па спасылках ніжэй

Пераклад з польскай – Ганна Янкута © 2010

Чытайце таксама

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Чарлз Букоўскі

Чарлз Букоўскі

Амерыканскі паэт і празаік, прадстаўнік "бруднага рэалізму"

Саламея Пільштынова

Саламея Пільштынова

Аўтарка дзённіка-кнігі “Авантуры майго жыцця”

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

1030