№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ноч, калі схапілі Дзеда Мароза (A noite em que prenderam o Pai Natal)

Пераклад з партугальскай Наталля Козінцава

У старога Пашкуала была даўгая, сівая, зусім сівая барада, якая бязладна спадала яму на грудзі. Стылёва? Не — гэта была неахайнасць, менавіта неахайнасць, чысцюткая, сапраўдная галеча. Але менавіта дзякуючы гэтай барадзе ён здолеў знайсці працу.

Барадзе, а яшчэ таму, што ён нарадзіўся альбіносам, са скурай як у яшчаркі і маленькімі ружовымі вочкамі, якія міргаюць, заўсёды схаваныя за велізарнымі сонечнымі акулярамі. У той час ён больш ужо не думаў пра тое, каб знайсці працу, упэўнены, што хутка памрэ дзе-небудзь на вуліцы ў горадзе, больш ад смутку, чым ад голаду, таму што для пражытку яму хапала супу, які штовечар даваў яму генерал, і пары скарынак хлеба, знойдзеных на сметніках. Начаваў ён у піўной, на стале для більярду, закруціўшыся ў коўдру — яшчэ адна ласка генерала, — і сніў пра басейн.

Ён працаваў вахцёрам у басейне сорак гадоў — з першага ж дня! Ён умеў чытаць, лічыць, ведаў нават усе царкоўныя абрады, якім навучыўся ў місіі, не кажучы пра тое, што ён быў сумленны, ахайны і працавіты. Белыя любілі яго (Пашкуал, хадзі сюды, Пашкуал, ідзі туды), давяралі яму наглядаць за малымі, некаторыя нават запрашалі яго пагуляць у футбол (ён быў брамнікам), іншыя адкрывалі яму сакрэты, прасілі пазычыць пакой для любошчаў.

Яго пакой месціўся побач з мужчынскай раздзявальняй. Гэта быў яго дом. Белыя ляпалі яго па плячох: Пашкуал, адзіны чорны ў Анголе, у якога дом з басейнам.

Смяяліся: “Пашкуал — самы белы чорны ў Афрыцы”.

Расказвалі жарты пра альбіносаў: “А ведаеш гэты, пра соба [1], якога запрасілі выступіць з прамовай на Дзень расы [2]? Тыпус падняўся на трыбуну, адкашляўся і пачаў: “Тут, у Анголе, мы ўсе партугальцы — белыя, чорныя, мулаты і альбіносы, усе партугальцы”.

Чорныя, наадварот, недалюблівалі Пашкуала. Жанчыны ўлюлюкалі, плявалі, калі ён праходзіў міма, ці, што яшчэ горш, прыкідваліся, што не бачаць яго. Дзеці зранку пераскоквалі цераз сцяну і кідаліся ў басейн. Ён быў вымушаны ўставаць, у адных кальсонах, каб выцягнуць іх адтуль. Аднойчы ён набыў карыстаную пнеўматычную стрэльбу і пачаў страляць па іх, схаваўшыся за кустамі акацыі.

Калі партугальцы збеглі, Пашкуал зразумеў, што шчаслівым дням надышоў канец. З прыкрасцю назіраў ён, як у горад увайшлі партызаны, стралялі і рабавалі хаты. Але цяжэй за ўсё яму было глядзець, як яны потым, цягам некалькіх месяцаў, прыходзілі ў басейн — таварыш, сюды, таварыш, туды, быццам імёнаў больш не існавала. Дзеці, тыя самыя, якіх Пашкуал выганяў пнеўматычнай стрэльбай, цяпер мачыліся ў басейн з дошак для скачкоў. Пакуль аднойчы не скончылася вада. Вада не з’явілася ні назаўтра, ні на наступны дзень, ніколі. Хлёрка скончылася хутка пасля гэтага. Басейн пачаў высыхаць, зрабіўся жоўтым, каламутна-жоўтым, потым зусім пацямнеў і раптам напоўніўся жабамі. Спачатку Пашкуал спрабаваў змагацца з нашэсцем з дапамогай драбавіка. Але нічога не атрымалася. Чым больш жабаў ён забіваў, тым больш іх з’яўлялася, шчаслівых гіганцкіх жабаў, якія ў поўню спявалі да світання, заглушаючы рэха далёкіх стрэлаў і брэх сабак.

Штосьці кшталту стомленасці апусцілася на дамы, і горад пачаў паміраць. Афрыка — назавем гэты горад так — ізноў адваёўваў тое, што належала яму. Дваровыя калодзежы разбураліся. У садах распальвалі вогнішчы. Пустазелле ўзарвала асфальт, захапіла тратуары, сцены, патыа [3]. Жанчыны таўклі кукурузу ў залах. Лядоўні пачалі выкарыстоўваць для захавання абутку. З піяніна выходзілі цудоўныя трусятнікі. Пакаленні козаў раслі, кормячыся кнігамі з бібліятэк, — эрудыяваныя козы, адны абазнаныя ў французскай літаратуры, іншыя — у фінансах ці архітэктуры. Пашкуал апаражніў басейн, пачысціў яго, сабраў усе грошы, якія меў, і набыў курэй. Папрасіў прабачэння ў басейна:

— Сябра, — сказаў ён, — гэта толькі на некалькі месяцаў. Я буду прадаваць яйкі, прадам куранят, набуду добрай вады, набуду хлёркі, і ты зноў станеш прыгожым, як раней.

Аднак, надышлі яшчэ горшыя часіны. Аднойчы днём з’явіліся вайскоўцы і забралі курэй. Пашкуал нічога не сказаў. Хоць, мусіць, павінен быў нешта сказаць.

— Гэты альбінос яшчэ фанабэрыцца, — раззлаваўся адзін з вайскоўцаў. — Ён, мусіць, лічыць сябе белым: вы толькі паглядзіце, падроблены белы.

Яны пабілі яго. Пакінулі, як мёртвага, у басейне. Праз некалькі месяцаў прышлі іншыя жаўнеры. Ім сказалі, што недзе ёсць альбінос, які гадуе курэй. Яны ніводнай не знайшлі і таму, канечне, таксама пабілі яго.

Вайна ўзнавілася з яшчэ большай лютасцю. Самалёты бамбілі горад, ці тое, што ад яго засталося, пяцьдзясят пяць дзён. На трыццаць шосты адна з бомбаў разбурыла басейн. Некалькі тыдняў Пашкуал бязмэтна бадзяўся сярод абломкаў.

Аднойчы з’явіліся трое мужчынаў на джыпе: белы, мулат і чорны, усе ў пінжаках і гальштуках.

— Божа мой, божа мой! — забедаваў мулат, паказваючы скруху шырокім узмахам рукі. — Гэта ж урбіцыд, урбіцыд!

Пашкуал не ведаў значэння гэтага слова, але ўпадабаў яго. “Гэта ж урбіцыд”, — паўтараў ён, і нават цяпер, заўсёды, калі ўспамінае пра басейн, можа гадзінамі перажоўваць гэтую фразу: “Гэта урбіцыд, там быў урбіцыд”. Нейкія белыя вайскоўцы, вельмі замежнага выгляду, усе ў блакітных шапачках, падабралі яго аднойчы дажджлівым ранкам і адвезлі ў Луанду. Два дні ён прабыў у шпіталі, дзе яму падлячылі раны і далі есці. А потым выставілі за дзверы. Стары стаў жыць на вуліцы. Аднойчы, у снежні, калі стаяла жудасная спякота, індыец з новай крамы на плошчы Мутамба [4] загаварыў з ім:

— Нам патрэбны Дзед Мароз, — сказаў ён. — З табой мы б маглі зэканоміць на барадзе, і акрамя таго, ты больш падобны да чалавека з поўначы, выглядала б больш праўдзіва. Плацім тры мільёны ў дзень. Згодны?

Ён павінен быў стаяць ля ўвахода ў краму ў чырвонай піжаме і з шапачкай на галаве. Ён быў такі хударлявы, што давялося прывязаць да жывата дзве падушкі. Пашкуал пакутаваў ад спякоты, увесь дзень пацеў пад сонцам, але ўпершыню за шмат гадоў адчуваў сябе шчаслівым. Апрануты такім чынам, з торбай у руцэ, ён раздаваў падарункі дзецям (прэзерватывы, перададзеныя адной шведскай грамадскай арганізацыяй Міністэрству аховы здароўя) і запрашаў бацькоў зайсці ў краму. “Я — Дзед Мароз-прамоўтар”, — растлумачыў ён генералу.

Прамоўтар — была такая прафесія ў Анголе ў першай палове стагоддзя: наёмныя працаўнікі, якія прываблівалі кліентаў да крамаў, стоячы ля дзвярэй. З кожным днём Пашкуалу ўсё больш падабалася гэтая работа. Дзеці беглі да яго з працягнутымі рукамі. Жанчыны па-змоўніцку ўсміхаліся яму, падміргвалі (дагэтуль ні адна жанчына яму не ўсміхалася). Мужчыны віталі яго з павагай: “Дзень добры, Дзед Мароз! Як сёлета ў нас з падарункамі?”

Стары больш за ўсё любіў глядзець, як здзіўляліся вулічныя хлапчукі. Яны атачалі яго. Вельмі паважліва пыталі дазволу памацаць торбу. Адзін з іх, вельмі маленькі, слабенькі, пацягнуў за штаніну: “Дзядуля Мароз, — упрошваў ён, — падаруй мне шарык!”.

Пашкуал меў строгія наказы: раздаваць прэзерватывы толькі дзецям у суправаджэнні дарослых, але ў залежнасці ад іх выгляду. У кантракце было ясна пазначана: дзяцей з вуліцы трэба праганяць.

Пры канцы другога тыдня пасля закрыцця крамы Пашкуал вырашыў не здымаць касцюма і пайшоў у такім скандальным выглядзе ў піўную. Генерал, убачыўшы яго, нічога не сказаў. Моўчкі падаў яму суп.

— Столькі галечы ў гэтай краіне, — паскардзіўся стары, сёрбаючы суп. — Злачынства апраўдана.

У гэтую ноч ён не сніў басейн. Ён бачыў вельмі прыгожую жанчыну, якая сышла з нябёсаў і прысела на край більярднага стала. На жанчыне была доўгая сукенка з бліскучымі каменьчыкамі і залатая карона на галаве. Ад яе скуры ішло святло, як ад лямпы.

— Ты Дзед Мароз, — сказала яму жанчына. — Я паслала цябе сюды, каб ты дапамагаў няшчасным дзецям. Ідзі ў краму, складзі цацкі ў торбу і раздай іх дзецям.

Стары раптам прачнуўся. Ноч была цёмнай, вакол більярднага стала лунаў разварушаны пыл. Ён ізноў закруціўся ў коўдру, але заснуць не змог.

Падняўся, апрануўся Дзедам Марозам, узяў торбу і пайшоў на двор. Хутка дабраўся да плошчы Мутамба. Крама свяцілася, велізарная крама на пустой плошчы, падобная да лятучага дыску. Барбі займалі галоўную вітрыну, кожная ў сваёй сукенцы, але ўсе з аднолькавай надакучлівай усмешкай. На іншай вітрыне былі механічныя пачвары, пластмасавыя пісталеты, электрычныя машынкі. Пашкуал ведаў, што калі ён разаб’е акно гэтай вітрыны, ён зможа дацягнуцца рукой праз краты і адкрыць дзверы. Ён узяў камень і разбіў шкло.

Ён ужо выходзіў з поўнай даверху торбай, калі з’явіўся паліцэйскі. У той жа момант за яго спінай, на рагу вуліцы, загарэўся куст акацыі, і Пашкуал убачыў жанчыну, якая яму ўсміхалася і лунала над вогнішчам кветак. Паліцэйскі, здаецца, нічога не заўважыў.

— Стары нахабнік! — крыкнуў ён. — А ну гавары, што ў цябе ў торбе!

Пашкуал адчуў, што яго рот адкрываецца супраць волі, і пачуў, як вымавіў:

— Гэта ружы, спадар.

Паліцэйскі паглядзеў на яго разгублена.

— Ружы? Стары, ды ты абкурыўся...

Ён заехаў яму тыльным бокам далоні. Выцягнуў пісталет з кабуры. Прыставіў да галавы старога і выкрыкнуў:

— Значыць, ружы? Дык пакажы мне гэтыя ружы!

Стары на імгненне завагаўся. Потым яшчэ раз паглядзеў на кветкі акацыі і зноў убачыў жанчыну, якая ўсміхалася яму, прыгажэйшая за ўсіх, уся як свята святла. Узяў торбу і вывернуў яе ля ног ахоўніка. Там былі ружы, сапраўды ружы, пластмасавыя.

Але гэта былі ружы.



 

[1] Соба — правадыр племені ў Афрыцы.

[2] Дзень расы (Dia da Raca) — дзяржаўнае свята Партугаліі эпохі дыктатуры (1933—1974), якое адзначалася 10 чэрвеня — у дзень смерці найвялікшага нацыянальнага паэта Луіша дэ Камоэнша — у гонар адзінства партугальскай нацыі ў метраполіі і партугальскіх калоніях. Сучасная назва — Дзень Партугаліі, Камоэнша і Партугальскіх згуртаванняў.

[3] Патыа — унутраны дворык дома.

[4] Плошча Мутамба (Largo da Mutamba) — адна з цэнтральных плошчаў у сталіцы Анголы Луандзе, месца прыбыцця і ад’езду грамадскага транспарту, таксі.



© Jose Eduardo Agualusa, 2011

Пераклад з партугальскай – Наталля Козінцава © 2011

Чытайце таксама

Альфрэд Дзёблін

Альфрэд Дзёблін

Нямецкі пісьменнік-мадэрніст, знакавая постаць экспрэсіянізму 10-20- х гадоў мінулага стагоддзя.

Сільвія Плат

Сільвія Плат

Амерыканская паэтка і празаік, якую лічаць адной з галоўных прадстаўніц і заснавальніц жанру “спавядальнай паэзіі”.

Павел Шыдэл

Павел Шыдэл

Польскі паэт, празаік, рэдактар.

Джон Кітс

Джон Кітс

Адзін з самых значных паэтаў ангельскага рамантызму

1393