№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жорж Санд

Гісторыя пра Грыбуля, сапраўднага недарэку (Histoire du véritable Gribouille)

Пераклад з французскай Уладзь Лянкевіч


Як Грыбуль, каб не намокнуць, у раку кінуўся

 

Жылі-былі муж ды жонка, і быў у іх сынок. Маці звалі Круцяліна, бацьку — Мармыцей, а сынка — Грыбуль, што значыць “недарэка”. У сям’і было яшчэ шасцёра іншых дзяцей, тры хлапцы і тры дзяўчыны, — разам з Грыбулём, самым малодшым, сямёра.

Бацька Мармыцей быў каралеўскім палясоўшчыкам, і гэта вельмі яго цешыла. У яго быў прыгожы дом у прыгожай мясціне, прыгожы сад на прыгожай паляне, на беразе прыгожага ляснога ручая. Ён меў права паляваць і вудзіць, сячы лес на дровы, абрабляць ладны кавалак зямлі. Да таго ж, ён штогод атрымліваў ад караля грошы за ахову месца палявання і фазанавага двара. Але гэтаму злосніку было мала, і ён рабаваў падарожных, прадаваў каралеўскую дзічыну і кідаў у астрог сялян за тры сухія галінкі, пакуль багацеі, добра яму заплаціўшы, палявалі ў дзяржаўных лясах. Кароль быў стары, на ловы ездзіў рэдка і ні пра што не здагадваўся.

Маці Круцяліна была не нашмат лепшая за мужа: яна любіла грошы, і калі муж здабываў іх несумленна, ніколі на яго не сварылася. Затое ахвотна лупцавала, калі ён чыніў паскудства, а карысці з гэтага не было.

Шасцёра дзяцей Круцяліны і Мармыцея раслі тымі яшчэ нягоднікамі і абібокамі. Бацькі іх моцна любілі і лічылі разумнымі, бо тыя навучыліся хлусіць ды красці раней, чым размаўляць ды хадзіць. І толькі з недарэкі Грыбуля здзекаваліся і смяяліся, бо ён быў трохі баязлівы і занадта, як яны казалі, нягеглы, каб рабіць як усе.

З выгляду ён быў маленькім, вельмі зграбным і паводзіўся далікатна. Ён не дзёр свайго адзення, не пэцкаў рукі і ніколі не рабіў дрэннага ні іншым ні самому сабе. Таксама былі ў яго ўсялякія дзівацтвы, што людзі прымалі за дурасць, а насампраўдзе гэта былі вынаходкі разважнага дзіцяці. Напрыклад, калі яму было горача, ён заглушаў жаданне наталіць смагу, бо заўважыў, што чым болей п'еш, тым болей хочацца. Калі ён быў галодны і які-небудзь жабрак прасіў хлеба, ён тут жа даваў, кажучы сам сабе: “Я ведаю, што такое мучыцца ад голаду, і не магу дазволіць мучыцца іншым”.

Гэта Грыбуль першы прыдумаў націраць ногі і рукі снегам, каб не памарозіцца. Гэта ён аддаваў свае самыя любімыя цацкі тым дзецям, якія яму менш за ўсё падабаліся. Калі ў яго запытвалі, чаму, ён адказваў — каб палюбіць непрыемных людзей. Ён адкрыў, што пачынаеш адчуваць прыхільнасць да таго, каму зрабіў паслугу. Калі яго днём хіліла на сон, ён раскатурхваўся, каб прачнуцца і яшчэ крапчэй спаць наступнай ноччу. Калі было страшна, ён спяваў, каб прыстрашыць тое, што яго пужала. Калі ён хацеў пагуляцца, то спачатку заканчваў работу, каб потым гуляць з лёгкім сэрцам. Ён лічыў, што калі так жыць — будзеш шчаслівы. Але бацькі хацелі для яго зусім іншага, таму смяяліся і кпілі з найлепшых адкрыццяў. Маці часцяком біла малога, а бацька штораз адпіхваў, калі дзіця прыходзіла прытуліцца.

— Ідзі адсюль, ёлупень! — груба казаў яму Мармыцей. — Ты ні на што не здатны.

Браты і сёстры крыва пазіралі на яго і зневажалі, але шалелі ад таго, што Грыбуль-недарэка з пакорай гэта ўсё цярпеў. Вядома, ён сумаваў і даволі часта ўцякаў адзін у лес, а там плакаў і прасіў у неба, каб бацькі любілі яго гэтаксама, як ён любіць іх.

Рос у гэтым лесе адзін дуб, які Грыбуль любіў больш за астатнія: гэта было вельмі старое вялізнае дрэва, дуплястае і апавітае плюшчом з прыгожымі кветкамі і парослае мохам, самым мяккім на дотык. Гэтая мясціна была далекавата ад дому Мармыцея і называлася Раздарожжа Чмяля. Ніхто ўжо не памятаў, адкуль такая назва. Расказвалі, што багаты магнат з прозвішчам Чмель пасадзіў гэты дуб, але больш ніхто нічога не ведаў. Там мала хто бываў, вакол усё было ўсеянае камянямі і парослае ажыннікам, таму дабрацца было складана.

Але пасля ўсіх перашкодаў перад вамі адкрывалася пышная зялёная паляна, поўная кветак. Маленькая крынічка прабягала па імхах і гублялася недзе між камянёў.

Аднойчы, калі Грыбуль, пакрыўджаны і маркотны больш чым звычайна, ішоў да дуба паплакаць, ён адчуў укус у плячо. Небарака азірнуўся і заўважыў вялікага чмяля — той не варушыўся, але выгляд меў нахабны. Грыбуль узяў яго за крылцы і паклаў на руку:

— Чаму ты зрабіў мне балюча ні за што? — спытаў ён у чмяля. Няўжо і жывёлкі такія ж злосныя, як людзі? Зрэшты, гэта не дзіўна, яны ж дзікія, і людзі павінныя даваць ім добры прыклад. Ну, ляці, і будзь шчаслівы. Я цябе не заб'ю, ты прыняў мяне за ворага, а гэта не так. Твая смерць не загоіць ранкі.

Чмель у адказ пачаў пышыцца і важна выгінаць спіну на Грыбулёвай далоні, пачэсваць лапкамі нос і крылцы, усё адно як нічога ніякага, нібыта ён не нарабіў дрэннага.

— Я гляджу, віну ты не асабліва адчуваеш, — сказаў яму Грыбуль, — а ўдзячнасці і за тое менш. Прыкра, што ў цябе жорсткае сэрца, хаця сам ты, тут не паспрачаешся, прыгожы чмель. Дарэчы, самы вялікі, з тых, што я сустракаў. А якая ў цябе чорная з фіялетавым пералівам адзежка, нібы каралеўская мантыя! Быць можа, ты важная персона сярод чмялёў, таму так балюча джалішся?

У небаракі Грыбуля яшчэ слёзы стаялі ў вачах, але гэтыя словы ён сказаў з лёгкай усмешкай. Камплімент, відаць, спадабаўся чмялю, бо той пачаў пырхаць крылцамі, прыўзняўся на лапках, раптоўна выдаў нізкі і глухі гук, як у басэтлі, узляцеў у паветра і знік.

Грыбуль, якому ўсё яшчэ балела ад укусу, не такі ўжо быў дурніца: ён ведаў прыроду лясных траваў. Нарваў розных зёлак і, памыўшы як след плячо ў ручаі, прыклаў лякобу, а потым прылёг і заснуў. У першым сне яму чулася незвычайная музыка: быццам галасы царкоўнага хору выходзілі з-пад зямлі й гучна абвяшчалі:

Мы гудзім, мы гудзім —

Наш кароль ідзе.

І раўчук, які цурчэў па камянях, здавалася, загаварыў празрыстымі галасамі кветак са сваіх берагоў:

Мы трымцім, мы трымцім —

Вораг наш ідзе.

А таўшчэзныя карані дуба выгіналіся і паўзлі па траве, нібы вужы. Барвенак і рамонкі, быццам ад ветру, шалёна гойдаліся на сцяблінах. Вялікія чорныя мурашы, што звычайна поўзаюць пад карою, спусціліся па камлі і ўсталі на дыбачкі пад дубам, цвыркуны павылазілі з норак і вызіралі праз акенцы. Урэшце, лістота і былінкі затрэсліся й зашумелі так моцна, што небарака Грыбуль рэзка прачнуўся ад усяго гэтага вэрхалу.

Расплюшчыўшы вочы, Грыбуль вельмі здзівіўся, бо перад ім стаяў высокі пузаты мужчына ў старамодным чорным адзенні. Ён глядзеў абсалютна круглымі вачыма, гаварыў нізкім хрыплым голасам і да таго ж яшчэ і картавіў:

— Ты зрабіў мне паслугу, я ніколі гэтага не забуду. Так што давай, хлопча, прасі ў мяне чаго жадаеш.

— На жаль, пане дабрадзею, — прамармытаў небарака, здранцвелы ад страху, — вы не зможаце даць мне тое, чаго я жадаю. Мяне не любяць бацькі, а я хачу, каб любілі.

— Твая праўда, не лёгкая справа, — адказаў мужчына ў чорным, — але як бы там ні было, што-небудзь я для цябе зраблю. Ты добры, гэта бачна, хачу, каб у цябе яшчэ розуму было багата.

— Ой, дзядзечка, — выгукнуў Грыбуль, — калі трэба стаць злосным, каб паразумнець, — не давайце мне розуму. Лепей я застануся добрым і дурнаватым.

— І навошта табе дабрыня спаміж злоснікаў? — асуджальна спытаў тоўсты мужчына больш змрочным голасам і пакруціў чырвонымі вуглямі вачэй.

— На жаль, пане дабрадзею, я не маю што сказаць, — Грыбулю рабілася зусім боязна. — У мяне няма розуму, каб з вамі гаварыць, але я ніколі нікому дрэннага не зрабіў. І не хачу мець ні такога жадання, ні магчымасці.

— Ну ты і дурніца! — перарваў чорны мужчына. — Я цябе пакідаю, у мяне няма часу на ўгаворы, убачымся потым. І калі перадумаеш, памятай — ні ў чым табе не адмоўлю.

— Дзякуй вялікі, пане, — адказаў Грыбуль, пастукваючы зубамі ад страху. Але ў той самы момант мужчына павярнуўся, і шырокую адзежыну з чорнага велюру асвяціла сонца. Спачатку яна зрабілася ярка-сіняй, а потым шыкоўнага фіялетавага колеру. Ягоная барада натапырылася, плашч надзьмуўся, пачуўся глухі рык, страшнейшы за львіны, і, цяжка адарваўшыся ад зямлі, мужчына знік за галінамі дуба.

Грыбуль пацёр вочы і спытаў сам сябе, ці не сон гэта. Да моманту з палётам ён быў упэўнены, што не спіць. Грыбуль падняў кіёк і торбу ды пацягнуўся дахаты, а то можна і ў косці атрымаць, што доўга прападаў.

Не паспеў ён зайсці, як маці ўсчала крык:

— Ага! Вось і ён! Ну і дзе ты бадзяўся? Бач ты, ёлупень, яму шчасце прываліла, а ён нават не здагадваецца!

Яна накрычалася, і ўсё ж знайшла час расказаць, што да іх завітаў пан Чмель, што ён з'еў вялізны гаршчок мёду і заплаціў за гэта сапраўднай залатоўкай. І нарэшце, пасля таго як агледзеў аднаго за адным усіх братоў і сясцёр Грыбуля, спытаў у маці Круцяліны: “Так, пані, а ці няма ў вас каго паменш за гэтых во?” І дазнаўшыся, што ёсць сёмы, дванаццацігадовы Грыбуль-недарэка, ён ажывіўся: “Го! Цудоўнае імя! Такога я і шукаю. Адпраўляйце малога да мяне, хачу яго вывесці ў свет”. Пасля гэтага пан Чмель пайшоў, нічога не патлумачыўшы.

— Але хто такі гэты пан Чмель? Я наогул яго не ведаю, — сказаў агаломшаны Грыбуль.

— Пан Чмель, — адказала маці, — багаты вяльможа, ён прыехаў у наш край і купіў недалёка адсюль вялізны надзел зямлі з прыгожым замкам. Ніхто яго блізка не ведае, але ўсе прызнаюць ягонае шляхецтва. Ён раскідвае грошы й золата жменямі. Можа, гэта і добра, што ён трохі кручаны і на цябе віды мае, небарака. Хуценька ідзі шукай яго, атрымаеш шчодры падарунак.

— А дзе мне яго шукаць? — спытаў Грыбуль.

— Скуль я ведаю, — адказала Круцяліна, — мяне гэта ўсё так збіла з панталыку, што забыла нават запытацца. Але ён, канечне, жыве ў купленым замку. Гэта на ўзлессі, ты ж ведаеш, трэба быць поўным дурнем, каб не знайсці чалавека, якога ўсе даўно знаюць і гавораць як пра цуд. Давай выпраўляйся хутчэй, а тое, што ён табе дасць, нясі дадому: калі гэта грошы, сабе нічога не браць, калі нейкая ежа, нават і не нюхаць, аддай якім атрымаеш. А калі не — мала не пакажацца!

— Не ведаю, навошта вы гэта кажаце, матуля, — адказаў Грыбуль, – вы выдатна знаеце, што я ніколі нічога не хаваў і хутчэй памру, чым падману вас.

— Праўда што, ты занадта бязглузды для гэтага, — перарвала Круцяліна. — Ну, годзе балакаць, ідзі.

Дарогаю да замку, пра які гаварыла маці, Грыбуль пачуўся страшна змораным: ён з самай раніцы нічога не еў, а дзень хіліўся да вечара. Ён прысеў пад фігавым дрэвам, на якім, на жаль, яшчэ толькі кветачкі з’явіліся, і яму зрабілася млосна ад знямогі. Тут над галавой ён пачуў гудзенне рою. Грыбуль прыўзняўся на дыбачках і пабачыў прыгожыя мядовыя соты ў дупле. Ён падзякаваў небу за паратунак і з'еў трошкі мёду, зрэшты, толькі трошкі ён і мог. Ён ужо сабраўся быў ісці далей, як з дупла даляцеў пранізлівы голас: “Спыніць злодзея! Да мяне, мае дзяўчаты, мае служкі, мае рабыні! Раздзярэм дашчэнту грабежніка, што паквапіўся на нашыя скарбы!”

Як жа спалохаўся Грыбуль!

— Ах! Цётачкі пчолы, — сказаў ён дрыжучы, — прабачце мне. Я паміраў з голаду, а ў вас столькі багацця, я не думаў, што нараблю вялікай шкоды, крыху пачаставаўшыся мёдам. Ён такі прыгожы, такі жоўты, такі духмяны! Праўда, я спачатку вырашыў, што ён залаты, а калі пакаштаваў, то зразумеў: лепей займець такога мёду, чым золата.

— Ён не такі ўжо недарэка, — прагучаў тоненькі голас, — і за прыемныя словы, я прашу Вашу мосць, матуля, злітавацца і адпусціць яго.

Уверсе гучна загуло, як калі ўсе адразу пачынаюць гаварыць і спрачацца, але нікога не з’явілася, і Грыбуль уцёк без пераследу. Ён адбег падалей, аднак цікаўнасць перамагла, і хлопчык абярнуўся. Перад ім адкрылася такая пекная мясціна, што ён спыніўся палюбавацца. Сонца сядала і пералівалася ў голлі фігавага дрэва. У гэтых промнях, што білі ажно да болю ў вачах, танцавала, карагодзіла і выдавала дзівосную музыку безліч маленькіх празрыстых фігурак. Грыбуль прыглядаўся як мог, але ці гэта ён быў задалёка, ці сонца свяціла проста ў вочы, але ён ніяк не мог разабраць, што іменна бачыць. То паненак у залацістых сукенках і карычневых гарсэціках, а то папросту пчаліны рой, які мігцеў у пунсовым небе.

Але сонца пачало хавацца за хмызнякамі, пацямнела, і Грыбуль зноў рушыў да замку пана Чмяля.

Яму ўвесь час падавалася, што ён ідзе краем лесу, але потым да яго дайшло — заблукаў. Прысеўшы адпачыць, Грыбуль ледзь не заснуў, але ваўкоў ён баяўся больш, чым хацеў спаць, таму вырашыў ісці наперад яшчэ столькі, колькі зможа. І вось, калі ён быў гатовы зваліцца ад стомы, сярод дрэваў замільгала мноства агнёў. Ён скіраваў у той бок і неўзабаве апынуўся перад агромністым, прыгожым і ярка асветленым палацам, які знізу да верху хадзіў ходырам ад балявання й музыкі.

Хаця Грыбулю было сорамна заяўляцца кудысьці так позна, ён усё ж пастукаў у здаравенныя дзверы і папрасіў перагаварыць з гаспадаром дому. “У тым выпадку, калі гаспадара завуць пан Чмель”, — удакладніў хлопчык.

— Вы заходзьце, — адказаў яму лёкай, — калі вас завуць Грыбуль, бо нам загадана годна прыняць таго, хто носіць гэтае імя. Гаспадар купіў гэты замак і дае вялікі баль. Таму паразмаўляеце з ім заўтра.

— Выдатна, — адказаў Грыбуль, — бо мяне напраўду завуць Грыбуль.

— Раз так, то хадзіце вячэраць і адпачываць.

Яго адвялі ў багаты пакой, які Грыбуль прыняў за гаспадарскі, а між тым гэта быў усяго толькі пакой першага камердынера. Хлопчыку падалі цудоўную вячэру з садавіны і варэння. Ён бы, праўда, з большым задавальненнем з’еў добрага супу і кавалак хлеба, але не асмеліўся папрасіць. Калі голад быў па магчымасці ўтаймаваны, Грыбулю сказалі, што ён можа класціся спаць.

Аднак гармідар ва ўсім доме не даваў нармальна паспаць. Штохвіліны адчыняліся дзверы, і ў пакой урывалася музыка — грукацелі громам вялізныя басэтлі. Дзверы зачыняліся, здавалася, музыцы канец, але тады чуўся бразгат каструляў на кухні і келіхаў у буфетнай ды перашэпты служак, якія выглядалі на змоўнікаў. Так што Грыбуль то драмаў, то слухаў, то драмаў, то слухаў і зусім перастаў разумець, калі ён спіць, а калі не.

Раптам яму падалося, што лёкай гаспадара, які так добра яго сустрэў, зайшоў у пакой і падабраўся да самага ягонага ложка. Ён глядзеў на спячага Грыбуля, хаця ніякіх вачэй на ягонай вялізнай брыдкай галаве, здаецца, не было. Хлопчык спалохаўся і толькі хацеў загаварыць, як лёкай пачаў ціктакаць і махаць рукамі ды нагамі, а потым скочыў на столь, зноў спусціўся, скочыў яшчэ раз і пачаў спрытна і хутка складаць крыж-накрыж нітку да ніткі, пры гэтым робячы “цік-так”, як гадзіннік. Спачатку гульня забаўляла Грыбуля, але калі ён апынуўся ўвесь закручаны ў суцэльную сетку, то спалохаўся яшчэ раз і зноў паспрабаваў загаварыць — дарэмна. Замест звычайнага голасу з горла вырываўся толькі піск, высокі і слабы, быццам камарыны. Ён паспрабаваў дастаць з-пад коўдры рукі, а замест рук — лапкі, такія тоненькія, што ён баяўся, варушачы, паламаць іх. Ён уцяміў, што ператварыўся ў маленькую нягеглую казяўку і што той нібыта-лёкай пана Чмяля стаўся страшным, махнатым, неймаверна вялікім павуком і збіраецца зацягнуць яго ў павуцінне, каб з'есці. Гэтым разам Грыбуль настолькі спалохаўся, што ажно прачнуўся. У пакоі быў толькі служка. Як і належыць, ён засоўваў у шафу поўныя бутэлькі, сталовае срэбра, дарагія вазы і каштоўнасці, накрадзеныя падчас святкавання, спадзеючыся скінуць гэтыя недастачы на драбнейшых нягоднікаў, якія былі ў меншай ласцы ў гаспадара.

Спачатку Грыбуль не разумеў, што той робіць, але ягоныя намеры сталі яснымі, калі служка павярнуўся з грозным выглядам і сказаў сухім, ломкім голасам, падобным да ходу старога гадзінніка: “Чаго глядзіш і чаму не спіш?”

Грыбуль быў не такі ўжо несмысель, як пра яго думалі: ён падняўся і, як так і трэба, спытаў дазволу пайсці паглядзець на баль, бо шум усё адно замінаў спаць.

— Ідзіце, ідзіце, вы вольныя рабіць што пажадаеце, — сказаў яму камердынер, абы пазбавіцца сведкі.

Грыбуль так і пайшоў проста наперад: падняўся сходамі, спусціўся, прайшоў некалькі пакояў. Ён бачыў мноства незразумелых рэчаў і не пераставаў усяму здзіўляцца. У адным з пакояў было многа апранутых у чорнае мужчын і святочна ўбраных жанчын, якія гулялі ў карты ды косткі на груду золата.

У другой зале іншыя чорныя мужчыны і стракатыя жанчыны скакалі пад гукі інструментаў. А тыя, што не танчылі, нібыта назіралі за скокамі, але пры гэтым сваім гудам проста заглушалі музыку.

У іншым месцы ўсе стаялі і прагна елі, але далёка не так акуратна, як прывык Грыбуль. Яны жэрлі, хадзілі з пакоя ў пакой, штурхаліся, млелі ад задухі. І ўсе гэтыя няўрымсты падаваліся насупленымі і нейкімі сярдзітымі.

Нарэшце развіднела, і служкі парасчынялі вокны. Грыбулю, які задрамаў на першай-лепшай лаве, здалося, што ён бачыць, як вялізныя раі чмялёў, шэршняў і восаў вылятаюць праз гэтыя вокны. Ён расплюшчыў вочы і апынуўся адзін, а навокал толькі пыл. Глянец сацьмеў, змораныя лёкаі покатам улегліся на канапы і сталы. Хто-ніхто хапаў што яшчэ засталося ад банкету. Грыбуль пайшоў дасыпаць пад дрэвамі ў гожым квітнеючым садзе.

Калі, добра адпачыўшы, хлопчык прачнуўся, перад ім стаяў высокі поўны мужчына, апрануты ў чорны аксаміт з фіялетавым адлівам. Гэты спадар быў настолькі падобны да сустрэтага Грыбулём у сне пад дубам, што ён вырашыў — гэта адзін і той жа чалавек:

— Ах, дзень добры, пане Чмель, як вы жывы-здаровы з учора?

— Грыбуль, — адказаў мужчына гэткім жа хрыплым голасам і нават картавячы гэтаксама, як у Грыбулёвым сне, — я вельмі рады цябе бачыць, але дзівіць тваё пытанне, бо мы сустракаемся ўпершыню. Мне далажылі, што ты прыбыў ноччу, але я ўжо спаў.

Грыбуль зразумеў: недарэчна чакаць, што пан Чмель будзе ведаць пра падзеі ў тым сне. Хлопчык пастараўся згладзіць неабачлівыя словы, удакладніўшы, ці не занядужаў пан.

— Ніколечкі, я адчуваю сябе выдатна, — адказаў пан Чмель. — А чаму ты пытаешся?

— Гэта таму, што… — адказаў Грыбуль, зусім азадачаны, — таму што вы давалі вялікі баль, і я думаю, гулялі на ім.

— Ды не, балі мяне нудзяць, — адказаў пан Чмель. — Я зладзіў свята, каб паказаць сваё багацце, але прымаць гасцей не выйшаў. Дык вернемся да цябе, даражэнькі Грыбуль. Ты добра зрабіў, што завітаў, бо я хачу табе дабра.

— Гэта толькі таму, што ў мяне імя Грыбуль? — спытаў хлопчык. Ён больш не наважваўся задаваць лагічныя пытанні, баючыся зноў прамазаць.

— Таму што тваё імя Грыбуль, — адказаў пан Чмель. — Гэта цябе здзіўляе? Запомні, хлопча, у гэтым свеце не трэба разумець, што адбываецца, а проста карыстацца выпадкам.

— Ясна, пане, — сказаў Грыбуль, — што я павінен рабіць?

— Гэта ты мне скажы. Што табе даць? — спытаў гаспадар.

Грыбуль збянтэжыўся, бо нічога з убачанага яму не хацелася, да таго ж, усе гэтыя рэчы былі занадта прыгожымі і дарагімі, і ён лічыў несумленным для сябе нешта такое мець. Крыху падумаўшы, ён сказаў:

— Я буду вельмі ўдзячны, калі вы падорыце нешта, за што мяне палюбяць бацькі.

— Патлумач мне спачатку, — сказаў пан Чмель, — чаму бацькі цябе не любяць. Ты здаешся досыць мілым хлапчуком.

— Ах, пане, — адказаў Грыбуль, — яны кажуць, што я, маўляў, на розум небагаты.

— У такім разе, — сказаў пан Чмель, — трэба табе розуму даць.

Грыбуль у сне ўжо аднойчы адмовіўся ад розуму і таму не насмеліўся гэтым разам пярэчыць.

— І што трэба рабіць, — спытаў ён, — каб займець розум?

— Трэба вучыцца, даражэнькі. Знай, я вучоны чалавек і магу цябе навучыць чарадзейству і некрамантыі.

— Але ж як, — заўважыў Грыбуль, — як я навучуся, калі нават слова такога не ведаю? Я занадта бязглузды, каб наогул што-небудзь вывучаць.

— Гэта не так і складана, — адказаў пан Чмель, — я табе пакажу. Але тады трэба, каб ты застаўся жыць са мной і быў мне за сына.

— Дзякуй за прапанову, — сказаў Грыбуль, — але ў мяне ёсць бацькі, я іх люблю і не хачу кідаць. І хаця ў іх ёсць іншыя, больш любімыя дзеці, я ўсё роўна магу ім спатрэбіцца. Да таго ж, мне здаецца, гэта дрэнна — адмаўляцца быць іхным сынам.

— Як знаеш, — сказаў пан Чмель, — я не прымушаю. Бывай, даражэнькі Грыбуль, не маю больш часу з табой гаманіць. Калі памяняеш рашэнне альбо захочаш нечага іншага, прыходзь. Я заўжды рады цябе прыняць.

Пан Чмель развярнуўся і пайшоў па грабавай алеі. Грыбуль застаўся зусім адзін.

Хлопец вяртаўся дахаты і на самым падыходзе раптам усцешыўся і сказаў сам сабе: “Пан Чмель, сам таго не ведаючы, зрабіў так, што бацькі мяне палюбяць. Калі яны дазнаюцца, што мне прапанавалі іх кінуць, каб быць за сына ў такога багатага чалавека, а я вярнуўся да бацькоў, дадзеных Богам, яны зразумеюць, што я не дрэнны чалавек. Тата і мама абдымуць мяне і братам і сёстрам скажуць таксама мяне абняць”.

Ён здалёк заўважыў маці Круцяліну, якая нецярпліва чакала яго на ўскрайку саду, пабег і хацеў быў радасна кінуцца ёй у абдымкі, але яна пачала сваё:

— Ну, што ты прынёс? Дзе падарунак?

І калі яна нічога не пабачыла, то збіралася яго пабіць, бо вырашыла, што ён згубіў падарункі па дарозе. Але Грыбуль упрасіў яе паслухаць, сказаўшы, што пасля гэтага можа лаяцца і караць, калі ён нешта не так зрабіў. Ён выклаў слова ў слова гутарку з панам Чмялём, але замест абдымкаў і ўдзячнасці Круцяліна пачала з крыкам сцябаць яго вярбовым дубцом. Тут з’явіўся бацька Мармыцей і пачаў высвятляць, што здарылася.

— Ты паглядзі на гэтага падшывальца, гэтага ёлупня, гэтага асла! — лютавала маці. — Ён не хоча быць сынам і спадкаемцам пана, багацейшага за караля. Гэты доўбня нават не падумаў на развітанне папрасіць мех грошай, ці добрае месцейка для нас у замку, ці кавалак зямлі пабольш.

Тут і бацька Мармыцей пачаў біць Грыбуля, ды так моцна, што нават маці баялася, што заб'е, і хапала яго за рукі:

— Годзе, годзе ўжо.

Грыбуль у роспачы пытаў бацькоў, як ім дагадзіць. Ён быў гатовы дзеля гэтага пайсці жыць у пана Чмяля. Маці, якая ўсё ж трохі любіла яго і была б радая бачыць сына добра ўбраным і багатым, сказала “ідзі”. Але бацька, які меркаваў па сабе і думаў, што Грыбуль не забудзе ўсіх крыўдаў, пабаяўся і сказаў “не”. Мармыцей палічыў за лепшае адпраўляць час ад часу недарэку да пана Чмяля, каб той даваў грошы, а Грыбуль, баючыся быць пабітым, прыносіў іх дадому.

Такім чынам, праз два ці тры дні яго апранулі па-жабрацку, надзелі рваную кашлю, вялікія драўляныя чаравікі, выпацканы лапсярдак і так адправілі да пана Чмяля, каб той зразумеў, што ў іх няма нічога лепшага для дзіцяці, і пашкадаваў няшчаснага. Пры гэтым яны загадалі хлопчыку клянчыць грошай.

Грыбуль дужа любіў чысціню і ахайнасць, яму было прыкра да слёз з’явіцца на людзі ў гэтым агідным рыззі. Але пан Чмель сустрэў яго не горш, чым раней, да таго ж, гэтым разам ён выглядаў прыемным чалавекам (толькі рэзкі нізкі голас трохі псаваў уражанне), і здавалася, Грыбуль яму сімпатычны, хаця той і не мог зразумець, чым.

— Грыбуль! — сказаў ён. — Ну цікава, што ж ты ўсё-ткі прыдумаў. Бяры што пажадаеш.

Ён адвёў яго ў вялізны склеп, поўны золата, дыяментаў, жэмчугу і ўпрыгожанняў — яны хадзілі проста па іх. Яшчэ ў падзямеллі было сем глыбокіх калодзежаў, даверху заваленых скарбамі.

Грыбуль, каб дагадзіць бацькам, браў толькі золата, пра якое яны ўвесь час гаварылі. Ён не ведаў, што дыяменты каштоўнейшыя. Ён пхаў ва ўсе кішэні, як яму наказвалі, але з выглядам, быццам набірае камяні, бо не разумеў карысці ўсяго гэтага.

Ён падзякаваў пану Чмялю хутчэй з ветлівасці, чым з радасці, і дадаў:

— Цяпер бацькі ўбачаць, што я раблю ўсё як належыць, і, магчыма, прытуляць мяне.

Было ўжо недалёка да Раздарожжа Чмяля, калі небарака стаміўся цягнуць золата і збочыў з дарогі адпачыць. Ён з’еў некалькі жалудоў з-пад старога дуба: ягоныя плады былі смачнейшыя за астатнія жалуды ў лесе, салодкія, як цукар, і мяккія, як булка. Потым папіў з ручая і прылёг падрамаць, аж раптам нібы з-пад зямлі тры браты і тры сястры накінуліся на яго, пачалі шчыпаць, кусаць, драпаць і ў выніку адабралі ўвесь скарб.

Грыбуль бараніў золата як мог, прасіў іх:

— Дайце мне аднесці яго дадому, каб тата і мама пабачылі, што я выканаў іхную волю, а потым забірайце, калі хочаце.

Але яны не слухалі, мучылі і абіралі яго, пакуль знянацку ў галінах дуба не пачуўся страшны гул, быццам тысячы вялікіх басэтляў давалі канцэрт. Зараз жа рой агромністых шэршняў, восаў і чмялёў з усіх бакоў накінуўся на Грыбулёвых братоў і сёстраў. Яны доўга за імі лёталі і моцна джалілі. Тыя дабеглі дахаты ўсе апухлыя: у кагосьці вочы заплылі, у некага раздуліся рукі таўшчынёй з галаву — знявечаныя, яны дзіка стагналі. Пры гэтым Грыбуль быў у самай сярэдзіне рою, але ніводнага ўкусу не атрымаў. Ён сабраў золата і аднёс дадому. Маці Круцяліна мыла і перавязвала дзяцей, а бацька Мармыцей, якога цікавілі толькі грошы, тым часам распытваў і абшукваў Грыбуля. Цяпер ён яго хваліў, а дакараў толькі за тое, што, маўляў, ён гультай і хіляк, бо не змог знайсці сілы і прынесці разы ў два болей. Пакусаных дзяцей паклалі спаць: выглядалі яны пагана і, здавалася, могуць не выжыць.

Раніцой Мармыцей і Круцяліна селі пералічваць золата, але тое пачало раставаць у руках і працякаць скрозь пальцы на стол густой жоўтай вадкасцю. Гэта быў мёд, прычым дрэнны мёд, нейкі горкі.

— От жа ж, — бурчэла, адмываючы стол, Круцяліна. — Гэты пан Чмель — чараўнік, і нам будзе няпроста яго абдурыць. Нельга з ім сварыцца. А перад тым як прасіць грошай трэба што-небудзь падараваць. Думаю, ён нас разыграў, таму што любіць мёд многа больш, чым належыць мужчыну ў ягоным становішчы.

— Ну дык, — адказаў Мармыцей, — пашлем яму найлепшага нашага мёду. Спадзяюся, ён нам добра адплаціць.

На наступны дзень яны ўзвалілі на асла ладную кадку найсмачнейшага мёду і адправілі Грыбуля з грузам да пана Чмяля.

Не паспеў Грыбуль дайсці да фігавага дрэва, ля якога дзеялася надзвычайнае, як цэлы пчаліны рой вырваўся з дрэва і накінуўся на асла. Той закрычаў як шалёны асёл (што нядзіўна, бо ён і быў аслом) і даў драпака, кінуўшы кадку.

І вось перад Грыбулём, які разважаў, што цяпер рабіць, нечакана з’явіліся дзве неверагодна прыгожыя дамы. Іх суправаджала незлічоная колькасць іншых паняў і паненак. Самая высокая была багата ўбраная, астатнія як бы неслі яе над зямлёй. Поруч грацыёзна пырхала маладая красуня-прынцэса.

— О, бессаромнік! — прамовіла каралева (па яе каралеўскай мантыі і звычцы ездзіць на іншых Грыбуль зразумеў, што гэта каранаваная асоба), — ты двойчы заслужыў смерці. Мала таго, што ты спачатку вызваліў і дагаджаеш нашаму заклятаму ворагу — Чмялінаму каралю, дык яшчэ і паквапіўся на наш мёд. Але прынцэса, дачка мая, што цяпер тут перад намі, двойчы ўпрасіла памілаваць цябе. Яна лічыць, што ты можаш адплаціць нам паслугай, і мы ўбачым, ці можна табе давяраць.

— Чакаю загадаў, Ваша мосць, — адказаў Грыбуль, — я ніколі не меў намеру вас абразіць. Вы такая гожая, што лічу за міласць вам служыць.

— Хлопча, — нарэшце сказала каралева мякчэйшым тонам (Грыбулёвы кампліменты прыйшліся ёй даспадобы), — уважліва паслухай, што я табе скажу. Пакінь тут гэтую мізэрную кроплю мёду, што ты цягнеш Чмялінаму каралю, і перадай стакроць прыемнейшае пасланне. Скажы яму: Каралева пчол стамілася ад вайны і прызнае, што шэршняў і чмялёў стала больш, яны моцныя як ніколі, і пчолам іх не адолець у бітве. Прапаную спыніць рабаванне, вярнуць накрадзенае і падпісаць мірнае пагадненне. Я выдатна ведаю, што Чмяліны кароль сам хоча дыктаваць нам прыніжальныя ўмовы. Але таксама я ведаю, што ён марыць пра руку маёй дачкі і не спадзяецца атрымаць згоду. Скажы яму: я выдам прынцэсу за яго замуж пры ўмове, што ён пакіне ў спакоі нашыя вуллі і задаволіцца ладнай часткай скарбаў, якую атрымае мая дачка ў пасаг.

Сказаўшы гэта, каралева знікла разам з дачкой і ўсёй світай, а Грыбуль прыкмеціў вялікі пчаліны рой у галінах фігавага дрэва.

Ён ізноў рушыў у дарогу і, калі дабраўся да замку, расказаў пану Чмялю пра кадку добрага мёду ад бацькоў, як Каралева пчол забрала яе і пераказаў пасланне для Чмялінага караля.

— Вы ж вучоны муж, — дадаў Грыбуль. — Магчыма, падкажаце, дзе я магу знайсці гэтага караля… Канечне, калі вы сам не Чмяліны кароль, як я заўсёды падумваў. Заўважу, гэта не псуе майго меркавання пра вас.

— Ну і выдумкі! — пасмяяўся пан Чмель. — Добра-добра, Грыбуль, лічы, што ты выканаў даручэнне. Вернемся лепей да тваіх справаў, хлопча. Бачыш, табе ніяк не паразумецца з бацькамі, ты не такі кемлівы, як яны. Ці не хочаш усё ж застацца са мной? Табе не трэба будзе больш баяцца іх, бо ты станеш такім разумным і вучоным, што зможаш авалодаць усім светам.

Грыбуль уздыхнуў і нічога не адказаў. Тады пан Чмель узяў і пайшоў. Ён ніколі доўга не заставаўся на адным месцы, і хаця ніхто не бачыў, каб ён нечым займаўся, выгляд меў заклапочаны і дужа мітуслівы.

Кожны раз, калі пан Чмель прапаноўваў застацца жыць і вучыцца, Грыбуля ахопліваў невытлумачальны страх. Хлопчык вярнуўся дадому і расказаў бацькам усё, што з ім здарылася. Яму было страшна прызнавацца, што Каралева пчол забрала дзежку мёду, а асёл збег прэч. Але не было куды дзявацца — давялося. І каб неяк змякчыць бацькоўскі гнеў, ён расказаў, што меў справу не з простымі пчоламі, а з каралевай, усім яе дваром і войскам.

Ён чакаў, што яго абзавуць хлусам і выдумлякам, але бацька Мармыцей верыў у ведзьмакоў, бо сам колісь спрабаваў чараваць, таму ён пачасаў за вухам і сказаў жонцы:

— Тут пахне магіяй. Грыбуль зробіцца багацейшым за караля, калі стане чараўніком. Ён, канечне, дурнаваты для гэтага, але ўсё ў руках пана Чмяля, мо ён зможа адкрыць яму розум. Варта дазволіць, бо калі мы запярэчым, то ён знішчыць нас і замардуе дзяцей. Я падазраю, што гэтая жамяра, якая іх пакусала, таксама не была звычайнай. Аддамо яму Грыбуля, а калі ён разбагацее, то з самалюбства абавязкова ўзвысіць і сваю сям’ю.

Потым ён загаварыў да Грыбуля:

— Даражэнькі, вяртайся назад да пана Чмяля. Перакажы яму, што твой тата цябе аддае. І глядзі, не засмучай яго ні на каліўца. Заставайся пры ім, я табе загадваю, і знай: не паслухаешся — павер мне, сканаеш ад папругі.

Грыбуля выправадзілі, і ён паплёўся ў слязах. Маці на імгненне засмуцілася і выйшла, каб крыху яго правесці, а на развітанне абняла. Гэта так узрадавала небараку Грыбуля! У яго нават закралася надзея, што па вяртанні бацькі яго сустрэнуць з любоўю і пяшчотай.

Пан Чмель прыняў Грыбуля надзвычай добра. Ён адразу ж апрануў яго як мае быць, пасяліў у прыгожым пакоі, пасадзіў есці за сваім сталом і загадаў тром пажам прыслужваць яму. А потым пачаў вучыць свайму майстэрству.

Але ў Грыбуля не асабліва выходзіла. Яго вучылі складаць-адымаць, дзяліць-памнажаць, гэта было яму нецікава, да таго ж ён абсалютна не разумеў, навошта яно трэба. Багацце не рабіла яго шчаслівым. Ён быў рады быць чыстым і ахайным, і гэта ўсё. Пана Чмяля ён бачыў рэдка: той увесь час быў страшна заняты, а пры сустрэчы паляпваў хлопчыка па плячы і прыгаворваў:

— Вучыся складаць-памнажаць, не дарма ж я табе настаўніка наняў. Калі гэта засвоіш, я сам стану тваім настаўнікам і навучу вялікім сакрэтам.

Грыбуль хацеў палюбіць пана Чмяля — той жа рабіў яму столькі добрага, — але чамусьці ніяк не ўдавалася. Пан Чмель быў дзіўны: ён жартаваў, але без весялосці, шумеў, але без радасці, чараваў, але без велікадушнасці. Ніхто не ведаў, аб чым ён думаў, — калі ён наогул думаў аб нечым. Пан Чмель зрэдчас бываў грубым, але часцей абыякавым. Была ў яго агідная Грыбулю манія — ён не мог жыць без мёду, патакі і варэння. І хаця ён і так быў высокі і тоўсты, усё роўна еў з такім ачмурэннем, што заўсёды быў перапэцканы. Грыбуль не любіў яго абдымаць, бо той тыкаўся сваёй вечна ліпкай барадой.

Між тым, колькі б ні траціў грошай пан Чмель, з кожным днём ён багацеў ды багацеў, а таму як краінай правіў слабасільны і бедны кароль, пан Чмель скупляў ягоныя землі, вёскі, лясы. Досыць хутка ён купіў каралеўскіх прыдворных, статкі і войска. Караля напаткала такая галеча, што калі б не дапамога некалькіх верных служак, якія яго кармілі, ён бы памёр з голаду. Пры ім заставаўся тытул, але ў найлепшым выпадку ён быў за прэм’ер-міністра ў пана Чмяля, які зрабіўся сапраўдным каралём краіны.

Праз нейкі час у каралеўства прыехала вельмі гожая і заможная прынцэса, якую суправаджала каралева-маці. Яны з панам Чмялём дамаўляліся пра жаніцьбу з прынцэсай. Справа была вырашаная без затрымкі. Адгулялі багатае вяселле, каб змацаваць саюз. Сярод гасцей быў і кароль, які дужа радаваўся мажлівасці добра пад’есці на банкеце. Пасля шлюбу пан Чмель пабагацеў яшчэ ў палову.

Жонка ягоная была не толькі прыгожая, але і мудрая. Яна прыязна ставілася да Грыбуля, але ў небаракі не выходзіла яе палюбіць. Ён пабойваўся пані, бо тая нагадвала прынцэсу пчолаў, сустрэтую ім пад фігавым дрэвам, калі вялізны рой прагнаў ягонага асла. Грыбулю мроілася, што яна збіраецца яго ўджаліць. А яшчэ ў яе была тая ж манія — мёд і патака. Да таго ж, каралева пастаянна гаварыла пра эканомію і беражлівасць: пакуль хлопчыка вучылі мастацтву складання-памнажэння, яна яго вечна даймала: “Ты павінен навучыцца прыносіць прыбытак”.

Аднак у доме пана Чмяля зрабілася нашмат спакайней пасля вяселля, хаця асаблівай радасці яно не прынесла. Пані Чмель была сквапнай і ўсіх вакол прымушала гарбаціцца. Гэта адбівалася на ўсім каралеўстве, якое значна пабагацела. Чаго толькі не дзеялася ў краіне: будаваліся гарады, марскія парты, палацы, тэатры, выраблялі цудоўную мэблю і тканіны, гулялі святы й фэсты, поўныя дыяментаў, карункаў і залатога ядвабу. Гэта ўсё было невымоўна прыгожа, настолькі, што проста зачароўвала замежнікаў, якія завітвалі ў край. Але бедным прыходзілася туга, бо каб зарабіць грошай у гэтым каралеўстве, трэба было быць хітрым, моцным, або шустрым. І тыя, каму не ставала кемлівасці, ведаў і здароўя, былі забытыя. Ім заставалася красці, прасіць міласціну або паміраць з голаду, як той стары кароль. Усе парабіліся нейкімі злоснымі: адны ад празмернага шчасця, другія — наадварот, з гора. Запанавалі сваркі ды нянавісць. Бацькі папракалі дзяцей, што тыя не растуць хутка, каб раней пачаць зарабляць грошы. Дзеці папікалі бацькоў, што тыя доўга не паміраюць, каб пакінуць ім назапашанае ў спадчыну. Мужы і жонкі забыліся на каханне, бо пан і пані Чмель, якія былі за прыклад, цярпець не маглі адно аднаго. Гэта быў шлюб з інтарэсу, і яны бясконца шукалі вінаватых. Пані Чмель казала мужу, што ён прасталюдзін, а пан Чмель гаварыў жонцы, што яна курыца, замарочаная на шляхецтве. Часам даходзіла да сапраўднай лаянкі. Муж вінаваціў жонку ў сквапнасці, а яна яго — у звычцы прысабечваць чужое.

Грыбуль не чуў гэтых сварак і не разумеў, чаму ў краіне, якая так папрыгажэла і пабагацела, столькі раздражнёных і незадаволеных людзей. Ды ён і сам, здаецца, мог быць шчаслівым. Бацькі займелі многа грошай і больш не даймалі яго, а пан Чмель быў вечна заняты справамі і таксама не назаляў.

Але ў Грыбуля было сумна на сэрцы, ён сам не мог разабрацца, чаму. Усё-ткі жыць аднаму маркотна, у яго не было сяброў-аднагодак — астатнія дзеці следам за бацькамі зайздросцілі ягонаму багаццю. Ніхто Грыбуля не вучыў таму, што яму падабалася. Пан Чмель завальваў яго даражэзнымі падарункамі, але напраўду клапаціўся пра яго не больш чым пра першага стрэчнага. Ён нікога не паважаў і нікім не пагарджаў, і аднойчы, калі Грыбуль расказаў, што першы камердынер нешта сцягнуў, пан Чмель адказаў: “Добра-добра. Ён ведае сваю справу”.

Нарэшце, калі Грыбулю споўнілася пятнаццаць, пан Чмель узяў яго пад руку і сказаў:

— Дарагі дружа, ты станеш маім спадкаемцам, бо мне не наканавана мець дзяцей ад апошняга шлюбу. Я ведаў гэта наперад, таму ажаніўся, не баючыся табе нашкодзіць. Ты станеш вельмі багатым, зрэшты, ты ўжо багаты, бо ўсё, што я маю, тваё. Але пасля, калі скончыцца мой час, табе давядзецца многа працаваць, выстаяць не адну бітву, каб зберагчы маёмасць. Таму што сям’я маёй жонкі мяне ненавідзіць і не развязвае вайны толькі са страху пацярпець паразу. Увесь пчаліны род згаварыўся супраць мяне, яны толькі і чакаюць удалага моманту, каб аслабіць маё валадарства і адабраць усё, што, як яны лічаць, належыць ім па праве. Надышоў час раскрыць табе мае сакрэты. Гэтае майстэрства дазволіць захаваць уладу, калі мяне ўжо не стане. Хадзем.

Пан Чмель і Грыбуль селі ў карэту і паехалі да Раздарожжа Чмяля. Калі яны падышлі да вялікага дуба, пан Чмель адпусціў экіпаж, узяў Грыбуля пад руку, падвёў да каранёў магутнага дрэва і запытаў:

— Ты калі-небудзь еў гэтыя жалуды?

— Еў, — адказаў Грыбуль. — Я ведаю, яны смачныя, а астатнія жалуды ў гэтым лесе — ласунак для свінняў.

— Ну, на гэтым ты знаешся. Добра! Раз яны табе падабаюцца, з’еш парачку.

Грыбуль задаволена жаваў жалуды: гэта нагадала яму дзяцінства, але тут на яго незаўважна навалілася такая санлівасць, што здавалася, быццам пана Чмяля ён бачыць і чуе ў сне.

Спачатку яму прымроілася, што пан Чмель пагрукаў па кары дуба, і дуб раскрыўся. Грыбуль пабачыў унутры дрэва прыгожы пчаліны вулей з жоўтымі і залацістымі сотамі, і ўсе пчолы ў сваіх ячэйках, яркіх, добра адгароджаных адна ад адной. І з кожнага пакойчыка чулася мяккае мармытанне, галасы паўтаралі:

Носім, носім — назбіраем, назбіраем,

Джалім, джалім — захаваем, захаваем.

Але адзін пранізлівы голас прымусіў замаўчаць астатніх. Гэта быў крык з глыбіні вулея:

                  Ціха ўсім, ціха ўсім —

Вораг наш ідзе.

І тут пан Чмель пачаў гусці і караскацца па дрэве, давай ляпаць крыламі ды лапамі па каморцы, дзе сядзела каралева, закрыўшыся на ўсе засаўкі. Ён выдаў дзікі гук, як з паляўнічага горна, і ўраз з’явіліся тысячы, мільёны, мільярды чмялёў, шэршняў і восаў — на выгляд быццам хмара ў небе, а на справе — жудаснае войска, якое абрынулася на вулей. Пчолы вырашылі выйсці з вулея, каб абараніцца, і Грыбуль стаў сведкам лютай бітвы, дзе кожны стараўся працяць ворага джалам або адкусіць галаву…

Пераклад з французскай – Уладзь Лянкевіч © 2012

Чытайце таксама

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

Грэгары Корса

Грэгары Корса

Амерыканскі паэт і мастак, адзін з яркіх прадстаўнікоў Біт-пакалення

Клайв Стэйплз Льюіс

Клайв Стэйплз Льюіс

А ў 1950—1956 гадах выходзіць самы знакаміты празаічны твор Льюіса — цыкл з сямі казачных аповесцяў “Хронікі Нарніі” (The Chronicles of Narnia). Менавіта “Хронікі” зрабілі Льюіса адным з класікаў жанру фэнтэзі.

1039