№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Чак Паланюк

Байцоўскі клуб (Fight Club)

Урывак з раману (16 раздзел)

Пераклад з ангельскай Сяржук Мядзведзеў

"Амерыканка" - літаратурная серыя, што аб'ядноўвае кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Падтрымайце серыю, зрабіўшы перадзамову на краўдфандынгавай платформе "Талака"!


Сёння ў газетах: нехта ўварваўся ў “Hein Tower” на паверхі з дзясятага па пятнаццаты, вылез за вокны, намаляваў на паўднёвым баку будынка пяціпавярховую вышчараную морду і падпаліў два офісы, вокны якіх — акурат па цэнтры кожнага вялізнага вока; і вялізны твар блішчэў вачыма як жывы, няўмольна навісаючы над досвітным горадам.

На першай старонцы — злы хэлаўінскі гарбуз, японскі дэман, застылы ў небе дракон хцівасці, і дым — як бровы вядзьмаркі або рогі д’ябла. І людзі ў паніцы, з закінутымі галовамі і раззяўленымі ратамі.

Што б гэта магло значыць?

І хто мог такое зрабіць? Нават калі пажар патушылі, твар не знік, толькі стаў яшчэ больш злосны. І пустыя мёртвыя вачніцы, здавалася, усё яшчэ глядзелі на цябе.

З кожным днём у газетах такога ўсё больш.

Вядома, першае, пра што думаеш, чытаючы такое, — ці справа гэта рук праекта “Вэрхал”?

Газеты пішуць: у паліцыі ані здагадкі, хто за гэтым стаіць. Хеўра падлеткаў, касмічныя прыхадні ці хто яшчэ — але хто б гэта ні зрабіў, яны маглі разбіцца, спаўзаючы па выступах, звісаючы на вяроўках з балончыкамі чорнай фарбы ў руках.

Бунтарскі камітэт або камітэт па падпалах. Гіганцкі твар, відаць, — іхняе чарговае хатняе заданне.

Тайлер, вядома ж, ведаў. Але першае правіла праекта “Вэрхал” — ніякіх пытанняў.

На гэтым тыдні на сходзе камітэта па разбойствах праекта “Вэрхал” Тайлер сказаў, што цяпер мы гатовыя навучыцца страляць з пісталета. Задача ж пісталета — скіраваць выбух у пэўным напрамку.

На апошні сход “разбойнікаў” Тайлер прынёс пісталет і “жоўтыя старонкі” тэлефоннага даведніка. Сходы праходзяць увечары ў сутарэнні бара, дзе ў суботу збіраецца БК. У кожнага камітэта — свой дзень:

Падпалы збіраюцца ў панядзелак.

Разбойствы — у аўторак.

Бунтары — у сераду.

Дэзінфарматары — у чацвер.

Арганізаваны хаос. Бюракратыя анархіі. Ну, ты разумееш.

Групы падтрымкі. Накшталт таго.

Дык вось, у аўторак увечары “разбойнікі” пісалі свае прапановы, а Тайлер чытаў і выбіраў для іх хатняе заданне на гэты тыдзень.

Да наступнага аўторка кожны павінен завязаць бойку і прайграць. Па-за БК. Лёгка сказаць! Людзі на вуліцы зробяць усё магчымае, каб ухіліцца ад бойкі.

Задача ў тым, каб узяць з вуліцы першага-лепшага хлопца, які ніколі не біўся, і завербаваць. І няхай ён пераможа — першы раз у жыцці. Няхай ён выбухне. Няхай выб’е з вас трохі дзярма.

Вы здолееце. А калі пераможаце — вы праваліліся.

— Галоўнае, братцы, — сказаў Тайлер на сходзе, — нагадаць гэтым хлапцам, што яны яшчэ поўныя сілаў.

Гэтак Тайлер іх падбадзёрыў. Затым ён пачаў вымаць з кардоннай каробкі складзеныя паперкі і разгортваць іх адну за адной. Так ва ўсіх камітэтах праходзіць выбар хатняга задання. Пішаш сваю прапанову ў агульны нататнік. Вырываеш аркуш, складаеш і кладзеш у кардонку. Тайлер праглядае прапановы і адкідае неўпадабаныя.

Замест кожнай выкінутай паперкі ён кладзе ў кардонку складзеную чыстую.

А затым усе сябры камітэта цягнуць свой лёс. Вось як Тайлер мне ўсё гэта растлумачыў: той, хто выцягне чыстую паперку, атрымлівае на тыдзень толькі Тайлерава заданне.

А той, хто выцягне паперку з заданнем, павінен будзе, напрыклад, пайсці ў нядзелю на фэст імпартнага піва і акунуць каго-небудзь галавой у біятуалет. Калі яго за гэта яшчэ і паб’юць, дык зусім цудоўна. Або наведаць паказ модаў у гандлёвым цэнтры і закідаць публіку клубнічным жэле з другога паверха.

Арыштуюць — і ты ўжо не сябра камітэта. Засмяешся — туды ж.

Ніхто не ведае, што выцягнулі іншыя. Ніхто, акрамя Тайлера, не ведае, якія прапановы прынятыя, а якія адкінутыя. А праз колькі дзён у газетах з’яўляюцца артыкулы, як невядомы ў цэнтры горада заскочыў у “Ягуар”-кабрыялет, выштурхнуў кіроўцу і ўрэзаўся ў фантан.

І ты думаеш: а гэтае заданне магло выпасці і мне.

А ў наступны аўторак аглядаеш сяброў па камітэце, што сабраліся пад адзінай лямпачкай у цемры байцоўскаклубаўскага склепа, і задаешся пытаннем: і хто ж з іх скіраваў “Ягуар” у фантан?

Хто забраўся на дах мастацкага музея і абстраляў з пэйнтбольнай стрэльбы скульптуры ў дворыку?

Хто намаляваў палымянага дэмана на будынку “Hein Tower”?

Уяві карціну. Ноч. Будынак “Hein Tower”. Група судовых клеркаў, бухгалтараў або кур’ераў пракрадаецца ў будынак, дзе яны сядзелі цэлымі днямі. Магчыма, яны крыху п’яныя, хаця гэта і супраць правілаў праекта “Вэрхал”. Ад адных дзвярэй у іх былі ключы, а дзе не было — дапамагалі балончыкі з фрыёнам і зубілы. І вось яны спускаюцца на вяроўках уздоўж цаглянага фасада, даверыўшыся тым, хто страхуе ўверсе, хістаючыся, рызыкуючы сарвацца і разбіцца насмерць на тым жа месцы, дзе штодня адчувалі, што з кожнай гадзінай жыць застаецца ўсё менш.

А зранку гэтыя ж клеркі і асістэнты па сувязях з кліентамі стаялі б у натоўпе з акуратна прычасанымі валасамі, у гальштуках, закінуўшы галовы, крыху затарможаныя пасля бяссоннай ночы, але працверазелыя; слухалі б, як народ вакол дзівіцца, хто б мог такое зрабіць, і як паліцэйскія просяць усіх адысціся, бо са зрэнак вялізных вачэй пачынае ліцца долу вада.

Тайлер сказаў мне па сакрэце, што добрых прапановаў рэдка бывае больш за чатыры, таму шанец выцягнуць паперку з заданнем — недзе чатыры на дзесяць. У камітэце па разбойствах разам з Тайлерам дваццаць пяць чалавек. Усе атрымліваюць хатняе заданне: прайграць бойку на людзях. А затым цягнуць паперкі.

На гэтым тыдні Тайлер сказаў:

— Пайдзіце і набудзьце пісталет.

Ён даў аднаму з хлапцоў “жоўтыя старонкі” тэлефоннага даведніка і сказаў вырваць якую-небудзь рэкламу і перадаць даведнік іншаму. Набываць і страляць усе павінныя ў розных месцах.

— Гэта, — сказаў Тайлер, дастаючы з кішэні курткі пісталет, — пісталет, і праз два тыдні кожны з вас павінен прыйсці сюды з пісталетам такога ж памеру.

— Расплачвайцеся лепш гатоўкай, — казаў Тайлер. — А яшчэ праз тыдзень вы ўсе абмяняецеся пісталетамі і заявіце ў паліцыю, што ваш скралі.

Ніхто нічога не пытаў. Ніякіх пытанняў — першае правіла праекта “Вэрхал”.

Тайлер пусціў пісталет па руках. Нягледзячы на памеры, ён быў такі цяжкі, нібы спатрэбілася сціснуць і ператапіць нешта вялізнае — гару ці сонца, — каб яго зрабіць. Хлопцы акуратна трымалі пісталет двума пальцамі. Усім карцела спытаць, ці набіты ён, але другое правіла праекта “Вэрхал” — ніякіх пытанняў.

Набіты ці не, хто ведае? Трэба заўжды спадзявацца на горшае.

— Пісталет, — казаў Тайлер, — рэч простая і дасканалая. Трэба проста націснуць на курок.

Трэцяе правіла праекта “Вэрхал” — ніякіх “не”.

— Курок, — казаў Тайлер, — вызваляе ігліцу, і тая б’е па набоі.

Чацвертае правіла — ніякай хлусні.

— Порах выбухае, і куля вылятае з ладунку, а руля пісталета факусуе выбух і накіроўвае кулю, — тлумачыў Тайлер, — як гармата — ядро, як шахта — ракету, як струк — сперму: дакладна ў цэль.

Калі Тайлер прыдумаў праект “Вэрхал”, ён сказаў, што мэты праекта не тычацца пабочных асобаў. І пляваць ён хацеў, што хтосьці можа пацярпець. Галоўнае — навучыць удзельнікаў праекта, што яны здольныя кантраляваць хаду гісторыі. Кожны з нас здольны узяць свет у свае рукі.

Тайлер прыдумаў праект “Вэрхал” на БК.

Аднойчы на БК я біўся з новенькім. У тую суботу хлопец з тварам анёла упершыню прыйшоў на БК, і я выклікаў яго на бой. Такое правіла. Новенькія б’юцца абавязкова. Я гэта ведаў, таму і выбраў яго. Бо бессань вярнулася зноў, і мне хацелася разбурыць нешта прыгожае.

З таго часу як раны на твары перасталі загойвацца, мне пляваць, што хто скажа пра мой выгляд. На працы бос пытае, чым гэта я ўвесь час займаюся, што дзірка ў мяне ў шчацэ ніяк не загоіцца. Калі я п’ю каву, адказваю, я затыкаю яе двума пальцамі — каб не працякала.

Калі робіш удушлівы захоп, паветра ахвяры застаецца роўна столькі, каб не страціць прытомнасць. У той вечар я накінуўся на гэтага навака і жаваў яго касцяшкамі кулакоў, як карэннымі зубамі, а пасля, раздзёршы касцяшкі аб ягоныя зубы, што павытыркаліся скрозь вусны, я сціснуў кулакі мацней і малаціў яго тыльным бокам, пакуль ён не вырубіўся і не зваліўся на падлогу бясформеннай кучай мяса.

Тайлер сказаў мне пасля, што ніколі яшчэ не бачыў, каб я так грунтоўна нешта разбураў. Менавіта тады Тайлер зразумеў, што трэба нешта рабіць з БК: або ўзняць яго на новы ўзровень, або закрыць зусім.

За сняданкам назаўтра Тайлер сказаў:

— Ты быў падобны да маньяка, да сапраўднага псіхапата. Якая муха цябе ўцяла?

Я сказаў: мне было хранова, я адчуваў сябе такім заціснутым. Мне абсалютна не ўставіла. Мабыць, я ўцягнуўся. З часам да бойкі прызвычайваешся, і тады, відаць, час пераходзіць на нешта мацнейшае.

Менавіта той раніцай Тайлер і прыдумаў праект “Вэрхал”.

Ён спытаў, з чым я біўся насамрэч.

Я адчуваў сябе, як кажа Тайлер, кучкай гаўна і рабом гісторыі. Мне хацелася знішчыць усю прыгажосць, якой мне ніколі не завалодаць. Спаліць трапічныя лясы Амазонкі. Напампаваць атмасферу хлорфторвугляродам, каб разбурыць азонавы слой. Адкруціць зліўныя краны на супертанкерах і адкаркаваць прыбярэжныя нафтавыя свідравіны, каб знішчыць усю рыбу, якой мне ніколі не пакаштаваць, і пляжы Францыі, на якіх мне ніколі не пабываць.

Мне хацелася, каб увесь свет сягнуў на дно.

Малоцячы гэтага хлапца, я хацеў застрэліць кожную панду, што не хоча трахацца дзеля захавання свайго рэдкага віду, кожнага кіта і дэльфіна, што выкідаюцца на марскі бераг.

Не думай, што гэта выміранне. Назавем гэта скарачэннем штату.

Тысячагоддзямі людзі загаджвалі, засмечвалі і засіралі гэтую планету, і цяпер гісторыя патрабуе, каб я за ўсімі прыбраў. Каб я вымыў і здаў бутэлькі. І адказаў за кожную кроплю адпрацаванай маторнай алівы.

Я павінен расплаціцца за адкіды атамнай прамысловасці, закапаныя цыстэрны з палівам і захаваныя яшчэ ў часы маіх дзядоў таксічныя адкіды.

Я трымаў галаву містэра анёла, як немаўля ці футбольны мяч, агарнуўшы рукой, і дзяўбёжыў яго касцяшкамі кулакоў, дзяўбёжыў, пакуль аскепкі ягоных зубоў не пачалі вытыркацца скрозь вусны. Дзяўбёжыў затым локцямі, пакуль ён не вырубіўся і не зваліўся да маіх ног бясформеннай кучай мяса. Пакуль скура ў яго на скулах не зрабілася тонкай і чорнай.

Мне хацелася дыхаць дымам.

Птушкі і алені — бессэнсоўная раскоша. І рыбу ўсю таксама трэба пераглушыць.

Мне хацелася спаліць Луўр. Я б з радасцю расхерачыў кувалдай мармур Парфенона і падцёр дупу “Монай Лізай”. Цяпер гэта мой свет.

Гэта мой свет, мой, і ўсе гэтыя старажытныя людзі мёртвыя канчаткова.

Той раніцай, за сняданкам, Тайлер і прыдумаў праект “Вэрхал”.

Мы хацелі сцерці гісторыю з твару зямлі.

Мы снедалі ў доме на Пэйпер-стрыт, і Тайлер сказаў: уяві сабе, як ты вырошчваеш рэдзькаўку і саджаеш бульбу на пятнаццатай лунцы зарослага травой, закінутага поля для гольфа.

Мы будзем паляваць на ласёў у вільготных каньённых лясах побач з Ракфелераўскім цэнтрам, збіраць малюскаў непадалёк ад нахіленага на сорак пяць градусаў каркаса Спэйс-Нідл. Мы намалюем на хмарачосах татэмы і міфічных багоў,і штовечар рэшткі чалавецтва будуць збягацца ў пустыя заапаркі і замыкацца ў клетках, каб абараніцца ад мядзведзяў, ільвоў, тыграў і ваўкоў, якія будуць разгульваць побач па той бок кратаў, пільнуючы нас.

— Перапрацоўка адкідаў і абмежаванне хуткасці — поўная чухня, — кажа Тайлер. — Гэта ўсё адно што кідаць курыць за дзень да смерці.

Мэта праекта “Вэрхал” — выратаванне свету. Культурны ледавіковы перыяд. Заўчаснае сярэднявечча. Праект “Вэрхал” увядзе чалавецтва ў спячку або аслабіць яго на дастатковы час, каб Зямля здолела ўзнавіцца.

— Узаконеная анархія, — кажа Тайлер. — Ну, ты разумееш.

Мэтай БК было раскрыць вочы клеркам і кур’ерам, а мэта праекта “Вэрхал” — разбурыць цывілізацыю. Мы можам зрабіць гэты свет лепшым.

— Уяві лася, — кажа Тайлер, — што крочыць паўз вітрыны ўнівермагаў, паўз смярдзючыя рэшткі згнілых прыгожых сукенак і смокінгаў на вешалках. А нам застанецца да канца жыцця хадзіць у скураным адзенні і караскацца па сцяблінах ліянаў таўшчынёй з руку, абвітых вакол “Sears Tower”. Як у той казцы “Джэк і бабовае дрэва”, ты караскаешся па-над вільготным лесам, і паветра такое чыстае, што можна разгледзець маленькія фігуркі, якія малоцяць збожжа і сушаць кавалкі аленіны на закінутай васьміпалоснай аўтастрадзе, што цягнецца на тысячы міляў пад скварам жнівеньскага сонца.

Вось гэта і ёсць мэта праекта “Вэрхал”, казаў Тайлер. Поўнае і неадкладнае знішчэнне цывілізацыі.

А які будзе наступны крок праекта “Вэрхал”, не ведае ніхто, акрамя Тайлера. Бо другое правіла — ніякіх пытанняў.

— І ніякіх куляў, — сказаў Тайлер “разбойнікам”. — Не хвалюйцеся — вам яшчэ давядзецца забіваць.

Падпал. Разбой. Бунт і дэзінфармацыя.

Ніякіх пытанняў. Ніякіх пытанняў. Ніякіх “не” і ніякай хлусні.

І пятае правіла праекта “Вэрхал”: Тайлер заўжды мае рацыю.


Прачытайце іншыя ўрыўкі з выданняў  літаратурнай серыі "Амерыканка":
 
Чарлз Букоўскі, Чытво. Пераклаў Ігар Кулікоў. 
Кен Кізі, Палёт над гняздом зязюлі. Пераклаў Аляксей Знаткевіч. 
Маргарэт Этвуд, Пенелапіяда. Пераклалі Вольга Калацкая і Марыя Мартысевіч. 



Пераклад з ангельскай – Сяржук Мядзведзеў © 2017

Чытайце таксама

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

Богдан Задура

Богдан Задура

Польскі паэт, празаік, перакладчык з рускай, украінскай, ангельскай і венгерскай моваў

Генрых Гайнэ

Генрых Гайнэ

Нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Апошні паэт рамантычнай эпохі і адначасова яе вяршыня

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

3292