№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Альгерд Бахарэвіч

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

Урывак з кнігі

Сталін. Радзіма. Абдымкі

Успамінаю невялікую дыскусію ў тваім фэйсбуку: ты запосціла там здымак аднаго сонечнага парыжскага скрыжавання, з указальнікамі на Gare du Nord, Gare de l’Est і на плошчу Stalingrad. Апошняя назва і выклікала спрэчку: як можа вольны Парыж мірыцца з такім услаўленнем кáта і дыктатара?

“Гэта не пра Сталіна, а пра бітву”, — сказалі парыжане.

“Гэта пра канібала: тое самае, што назваць горад Гітлерштатам”, — сказаў твой знаёмы з Гётэборга.

“Не, гэта не тое самае”, — сказалі парыжане.

“І ўсё ж няясна, навошта Парыжу Сталін”, — падумалі ўсе.

Вось і я не стрымаўся і выказаўся.

“У мяне ад гэтай назвы таксама нейкі мароз па скуры. Але не думаю, што парыжане мусяць расплачвацца за чужыя гістарычныя памылкі і пераймяноўваць вуліцы толькі таму, што да кагосьці дзесьці там далёка на ўсходзе штосьці кепска даходзіць. Кантэкст быў такі, паваенны... Слова было ва ўсіх на вуснах (мабыць, усім падавалася, што яно гучыць прыгожа і горда). А наогул, самая вялікая памылка — ганарыцца бітвамі; сваімі ці чужымі, неістотна. Гераізм — гэта міф”.

Здаецца, такі адказ задаволіў усіх. А значыць, ён быў няправільны. Правільных адказаў наогул не існуе.

Таму факту, што ў Парыжы ёсць вуліца і плошча Сталінград, з беларускіх пісьменнікаў больш за ўсё парадаваўся Пімен Панчанка. У сваёй паэме “Патрыятычная песня” паэт так шчыра і напісаў:

“Ты сам пра ўсё, пра ўсё дакладней знаеш
I не адным агнём рэклам гарыш,
Бо імем Сталінграда называеш
I вуліцу, і плошчу, мой Парыж!”

Гэта ён з Парыжам на “ты” — наш народны паэт.

“Патрыятычная песня” была апублікаваная Панчанкам у 1959 — і атрымала Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы. Гэты даўгі тэкст — апісанне Панчанкавых падарожжаў, ягоных “хаджэнняў за тры моры”. А можа, і не за тры, зараз палічым. Панчанка апісвае Пецярбург (былы Ленінград), Хельсінкі, Кільскі канал, Паўночнае мора, Бельгію, Парыж, Гібралтар, Неапаль, Капры, Грэцыю, Турцыю…Мораў выходзіць чатыры — Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Чорнае, плюс крышку акіяну.

Для кожнага пабачанага краю, калі ён не савецкі, Панчанка знаходзіць пару ласкавых словаўі парачку гнеўных. Але ніхто не абыдзены паэтавай увагай. Ніхто і нішто.

Падарожжа пачынаецца з істэрыкі. Ясная рэч, яна здараецца з Панчанкам у Ленінградзе. “Не будзе мне ні праўды, ні натхнення, — захлынаецца паэт, б’ючы паклоны. — Пакуль я не прайду па месцах тых, дзе жыў, тварыў, гарэў вялікі Ленін, каб разагнаць стагоддзяў змрок густы”.

На цеплаходзе “Грузія” беларускага паэта нарэшце супакойваюць. Але наперадзе Хельсінкі. Небяспечнае месца: Фінляндыя чамусьці асацыюецца ў Панчанкі выключна з Фінляндскім вакзалам. Тут, у Хельсінкі, прыступ паўтараецца:

“Зямлі я фінскай пакланіцца рад…” — піша Панчанка.

Як вы думаеце, у чым прычына гэтай нечаканай радасці? Правільна:

“Бо Ленін з рэвалюцыяй у сэрцы
З Фінляндыі прыехаў у Ленінград”.

А мы думалі…

Далей паэт робіцца крыху спакайнейшы. Не буду варушыць старых ранаў, вырашае ён дабрадушна, трапляючы на Кільскі канал. Але куды там. Праплываючы па Заходняй Нямеччыне, цеплаход Панчанкі робіцца ахвярай ідэалагічных дыверсій: на яго абрынаецца дождж з антысавецкіх улётак. Паэт з таварышамі скідваюць іх у ваду — нагамі, нагамі, нагамі! Не паспелі скінуць — дык з берага нейкі ацалелы і прыгрэты бонскім урадам калабарацыяніст расейскімі мацюкамі лаецца на савецкую творчую інтэлігенцыю. Няйнакш брахлівы супрацоўнік Радыё Свабода, што акапалася ў Мюнхене, быў пасланы на поўнач сваімі заакіянскімі гаспадарамі, каб сапсаваць уражанне гасцей ад мірнай Нямеччыны. Вось тая скаціна крычыць нешта з берага, блытаючы ангельскія інямецкія словы, а лаецца, гадзюка, па-расейску.Не ўсю гэтую навалач у вайну пастралялі, з сумам канстатуе паэт…

Нягледзячы на такія неспадзяванкі, Панчанка знаходзіць некалькі словаў, каб пахваліць нямецкі парадак: люд працавіты, як у нас на Палессі.


У неспакойным Паўночным моры Панчанка прыгадвае Свіслач і чабарок, а ў Бельгіі ідзе наўпрост у музей Бельгійскага Конга — сарамліва замоўчваючы той факт, што ён таксама жыхар калоніі. І, ухваляючы ў сваіх кніжках палітыку метраполіі, ёсць звычайным паслугачом імперыялізму, што праўда, не бельгійскага — расейскага. Але такія простыя ісціны ленінградскаму патрыёту Панчанку не па плячы…

Ля гішпанскіх берагоў, дзе валадарыць Франка і куды савецкім паэтам уваход закрыты, ён згадвае Лорку, у Неапалі — Горкага, у Грэцыі — старажытную Эладу і фашыстаў, на Басфоры заўважае адну турэцкую салдатню. І вось нарэшце — Савецкая Радзіма! І зноў з Панчанкам адбываецца істэрыка, хай і загадзя запланаваная:

“Сколькіх аплакала ты, дарагая радзіма,
Мужных герояў, найлепшых сыноў і дачок.
Колькі глынула агню ты і чаду і дыму
I ацалела, бо вечна была з Ільічом.

З партыяй роднай была ты заўсёды і ўсюды,

 
I камуністы наперадзе заўжды ішлі.
 
Не называем ніколі твой росквіт мы цудам,
 
Гэта — мы знаем — адзіная праўда зямлі.

Маці-радзіма, я рад, што жыву камуністам,

Сын твой, гатовы пайсці за цябе і на смерць.
Больш за жыццё берагчы буду сцяг твой агністы,
Сцяг, над вякамі якому свяціць і шумець”.


Свае апошнія клятвы і прызнанні паэт выкрыквае сцюардэсам, седзячы ў самалёце Адэса — Масква. Але нас гэта ўжо не цікавіць. Панчанка піша, што ён “Еўропу абняў” — і дзякуй богу, што справа далей за абдымкі не пайшла. Нас больш цікавіць, што Панчанка напісаў пра Парыж — а раздзел, прысвечаны гэтаму прыпынку ў ягонай вандроўцы, сапраўды даволі падрабязны.

Як і кожны паэт, незалежна ад таленту, Панчанка — дзіця Парыжа. І нават пішучы пра Парыж “ён”, беларускі вершатворац робіць гэта з вялікай літары (пра тое, што ён Парыжу ўвесь час тыкае, мы ўжо згадвалі).

“Мінаюць дні.
То сонечна, то хмарна.
Наперадзе ў нас Францыя, Парыж.
I я зманю, калі скажу: не марыў
Пра гэты горад з даўняе пары.

Здаецца, ён з маленства мне знаёмы,
I казачны, і велічны такі.
Яго сыны змагаліся за Нёман
I паміралі моўчкі у макі...

Я зноўку ноч не спаў ад хвалявання,

Перабіраў любімых шмат імён...
Імчыцца поезд.
Сонечнае ранне.
I вось, нарэшце, разгарнуўся Ён!”

Парыж у Панчанкі прыгожы і каляровы — адчуваецца, што сустрэчы з ім Панчанка чакаў з моцным хваляваннем. Паэт на Кільскім канале — усяго толькі пасажыр цеплахода, а паэт у Парыжы — як дома… Трэба сказаць, файныя колеры выбраў для яго Панчанка, дакладныя:

“Раскінуўся ты, бэзавы і чорны,
Падпёршы вежай сіні небасхіл,
Спрадвеку трапяткі і непакорны,
I стомлены, і поўны свежых сіл.

Табе пра гэта столькі ўжо казалі
Шмат розных улюбёных дзівакоў,
Што ты зусім папросту на вакзале
Сустрэў і на бульвары нас павёў...”

Так хочацца быць у Парыжы арыгінальным і каб цябе таксама прынялі ва ўлюбёныя дзівакі… Але не бяруць. Сустракаюць на вакзале з перакладчыкам і вязуць у гатэль. А далей культурная праграма:

“За трое сутак змалаціў я ногі,

Хваліў бы лепш, ды, знаць, не ўмею лепш;
Збіў туфлі аб музейныя парогі,
Ад розных цудаў ледзьве не аслеп”.

Хочацца напісаць штосьці гэткае, каб на вякі, бо ці ж гэта жарт: у самім Парыжы пабываў! Але — “не ўмею лепш”. І не трэба, што тут напішаш за трое сутак: сняданак, музеі, абед, музеі, таварыства савецка-французскай дружбы, вячэра, сон. Культурная праграма для савецкіх пісацелей. Але і трох дзён хапіла, каб Панчанка закахаўся ў Сталіцу свету. Ён сам у гэта не верыць, але — закахаўся. З такой пакорай і такой пяшчотай ён не піша ні пра адзін горад у свеце — гэта вам не Ленінград, строгі, як камісар, гэта — Парыж. Панчанка інспектуе яго славутасці, правярае Віктара Гюго на самаробным дэтэктары ілжы — і не расчароўваецца:

“Так, класікі старыя не хлусілі:
Усё на месцы — Луўр і Нотр-Дам.
Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле
Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам”.

Напэўна, беларускі паэт баяўся, што Нотр-Дам з Луўрам французы да ягонага прыезду адмыслова прыбяруць і схаваюць дзесьці ў Булонскім лесе. Але не паспелі — беларускі паэт усё пабачыў і паўсюль пабываў. А каб ніхто не падумаў, што ён занадта захапіўся чужой сталіцай, Панчанка ўстаўляе ў паэму крыху настальгіі па доме.

“Мне пра цябе дачка сыграе Таня
У родным Мінску,
I, відаць, не раз
Я згадваць буду цёмныя каштаны
I ўспамінаць, сябры мае, пра вас...

Я ездзіў ад Манмартра да Версаля,

Глядзеў, марнеў, зусім нядужым стаў.
Каб з Рэнуарам зноў пабыць у зале,
Я Мулен-руж старанна абмінаў...”

У Мулен-Руж хацелася нясцерпна — і Панчанка гэтага амаль не хавае. Цяжкі выбар: Рэнуар або Мулен-Руж. Амаль экзістэнцыйны. Рэнуар уратаваў паэта ад Мулен-Ружа—слава парыжскім музеям і іх багатым фундатарам.

Легендарнае кабарэ з канканам і стрыптызам, што месціцца на boulevard de Clichy недалёка ад place Pigalle, у 50-я гады перажывала свой новы росквіт. На каляровых фота Люміса Дзіна, зробленых у сярэдзіне 50-х, можна пабачыць танцорак канкану ў такіх позах, якія маглі маральна разлажыць увесь Саюз пісьменнікаў СССР, не тое што беднага аўтара “Патрыятычнай песні”. На гэтых здымках цёмныя грымёркі, ногі, задраныя да апошняй рысы, вымучаныя ўсмешкі, каленкі, дэкальтэ… дарагія, за сантым не пабачыш, голыя грудзі, рудыя валасы… панчохі, паненкі, потная апантанасць разгулам. Чуецца ў радках Панчанкі нейкае клятвеннае апраўданне і ў той самы час гідкае падміргванне мужычка на службе: не падумайце, старанна абмінаў, за кіламетр абыходзіў. Белоруссо поэто, обліко морале. Але хто ж ведае, як там было насамрэч. Неўзабаве пасля ад’езду Панчанкі ў Мулен-Руж паставілі вялікі акварыум з голымі жанчынамі. Ці абмінуў бы? Ці адолеў бы спакусу? Ці пакінуў бы ў гатэлі спінінг? Пра Тулуз-Латрэка Панчанка не згадвае: хаця абмінуць Мулен-Руж, не абмінуўшы творчасць гэтага не самага маральнага мастака, немагчыма. Рэнуар больш бяспечны і маральна ўстойлівы.

Шкадуючы пачуцці свайго Парыжа, Панчанка прымушае сябе да не надта правільных як для камуніста рэчаў. Напрыклад, да маўчання пра язвы імперыялізму. Праўда, маўчаць усё роўна неяк не выходзіць, парыж мне друг, но партбілет дарожа:

“Я гаварыць не буду аб Алжыры,
Дзе сцелецца забойцаў дымны след;
Я ўспамінаць не буду аб ілжывых
Старонках розных кніжак і газет;

Не буду бічаваць амерыканцаў,
Здзіўляцца бессаромнасці афіш;
 
Да Шпейдэля не буду дакранацца,
 
Каб ран тваіх не растраўляць, Парыж”.

Што за Шпейдэль такі і чаму да яго не трэба дакранацца? Відавочна, Панчанка мае на ўвазе гітлераўскага служаку, а потым чэснага нямецкага генерала Ганса Шпайдэля, які ў часы напісання паэмы кіраваў цэлай арміяй,са штаб-кватэры НАТО недалёка ад французскай сталіцы. У 1944 Шпайдэль арыштоўваўся за ўдзел у змове супраць Гітлера, быў вызвалены саюзнікамі, выкладаў гісторыю ва ўніверсітэце, атрымаў генеральскі чын. А ў гэты час ГДР і Савецкі Саюз абвінавачвалі яго ў забойствах мірных людзей падчас вайны і іншых жудасных рэчах. Ці быў генерал і праўда вінаваты, так і засталося незразумелым. Але ў канцы 50-х ягонае імя было на слыху — і Панчанка смела засунуў Шпайдэля ў паэму: актуальней будзе.

Любові і марам Панчанкі гер Шпайдэль, так ці інакш, не перашкодзіў:

“I я адчуў любоў тваю і мары.
Журбу і славу вечную тваю...
Каля Сцяны бяссмертных Камунараў,
Усклаўшы кветкі, ціха я стаю”.

Вось ён, Пімен Панчанка — беларускі паэт-патрыёт, інспектар Жуў нашай літаратуры і яе камуністычны манах, адважны вандроўнік па бульварах і сентыментальны пасажыр цеплахода “Грузія”. Ціхі чалавек у збітых туфлях, замерлы пасярод Пер-Лашэз у пачцівай позе.Зводдаль на Панчанку пазірае Нестар Махно. З неба на Панчанку глядзіць Бог. З-за спіны выглядвае маленькі Тулуз-Латрэк. Але Панчанка не звяртае на іх увагі. Ён аслеп ад парыжскіх цудаў. Ён кахае гэты горад.

Выкарыстаныя фотаздымкі Юлі Цімафеевай.

Чытайце таксама

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

Алан Аляксандр Мілн

Алан Аляксандр Мілн

Ангельскі пісьменнік, стваральнік Віні-Пуха

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Эмі Лоўэл

Эмі Лоўэл

Амерыканская паэтка, літаратурны крытык, выдавец

3001