№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Чаму я пішу: адказы дзевяці нарвежскіх пісьменнікаў

Пераклад з нарвежскай Лідыя Ёхансэн

Ары Бэн

Мяне зачароўвае і захапляе ўсё чалавечае. Я пішу, каб выжыць, каб зразумець і паглыбіцца ў назапашаны ўсімі намі чалавечы досвед праз прызму майго ўласнага існавання на памежжы культур, на памежжы розных тлумачэнняў таго жыцця, якім мы ўсе жывём, у святле або цемры. Мой метад — гэта рух, падарожжа як канкрэтны, звернуты вонкі праект, і ў той жа час як ўнутраны рух, бязлітасны і кволы. Я пішу доўга, каб атрымалася каротка, каб ад сёння і давеку. Нічога выпадковага. Я сам зрабіў гэты выбар, і ён змяняе і адкрывае маё разуменне жыцця, наш агульны ўніверсальны досвед. Менавіта. І надае каштоўнасці літаратуры і апавяданню. Я называю сваю прозу міфалагічным рэалізмам. Я спрабую з усіх сілаў пранікнуць у тое, часткаю чаго мы ўсе ёсць. Свет вакол, жыццё. Мяне заўсёды вабіла бязмежнае, ягоныя скрайнасці, што нараджаюць кантраст і канфлікт. Абыякавасцю я пагарджаю найбольш. І баюся яе. Я ўсё яшчэ веру, пасля больш чым дваццаці гадоў, аддадзеных пісьму, што літаратура не толькі змяняе, але і адчыняе дзверы ў прасторы, пра існаванне якіх мы нават не здагадваемся, хоць яны такія відавочныя і такія жахліва абсалютныя...

 Photo: Kolon Forlag and Per Heimly

 

Іда Хегазі Хёер

 На чыстым аркушы дазволена ўсё. Мне патрэбнае месца, дзе дазволена ўсё. Усім нам патрэбнае месца, дзе дазволена ўсё. Месца, дзе немагчымае робіцца магчымым, а невідавочнае — відавочным. Месца ў гэтым закрытым свеце, чые дзверы заўсёды былі б адчыненыя ў абстрактнае, абсурднае, неверагоднае.

 Photo: Tiden Norsk Forlag and Svein Finneide

 

Аўдун Мортэнсэн

 Я зрабіўся пісьменнікам, каб самому вырашаць, на якія праблемы і пытанні марнаваць свой час. Напрыклад: што варта змяніць? А што варта захаваць?

 Photo: Flamme Forlag

 

Гюнхільд Эехаўг

 Думаю, я пішу, каб зменшыць адлегласць паміж сабой і светам. Пісьменніцтва было своеасаблівым спосабам даследаваць і навучыцца разумець чалавека, стасункі, свет, мову і г.д. Гэтым яно ёсць і дасёння. Пісьменніцтва — гэта не толькі ўсталяванне кантакту з іншым, але і захаванне цеснай узаемасувязі паміж пісаннем і выражэннем усяго, што толькі хочацца выразіць. Арцюр Рэмбо пісаў: “Я — гэта Іншы”, і на маю думку, пра тэкст лепш не скажаш.

 Photo: Kolon Forlag and Magne Sandnes

 

Амаліе Касін Лерстанг

 Я пішу, каб падтрымліваць сваю любоў да іншых. Пішу, каб праверыць нейкія выказванні або заняць нейкую пазіцыю, калі трэба. Я запісваю думку, каб больш да яе не вярнуцца. Я запісваю думку, каб мы думалі па-новаму. Для кагосьці кожнае слова афіцыйнай заявы, партыйнай праграмы, нейкай прамовы — пытанне жыцця і смерці. Бо мова здольная як абмежаваць, так і пашырыць магчымасці ў нашым жыцці. Бо я веру: адной толькі мовы можа быць дастаткова.

 Photo: Cappelen Damm and Synne Øverland Knudsen

 

Арнэ Лігрэ

 Я пішу, таму што аднойчы я наважыўся паспрабаваць.
Я пішу, каб перажываць імгненні, калі новы тэкст выходзіць за свае межы, калі нясе мяне далей, калі нешта ад мяне патрабуе і дае мне магчымасць напісаць пасаж, пра які я і не думаў пісаць.
Я пішу, каб з нічога стварыць нешта, чаго не існавала раней і на што я змарнаваў столькі часу.
Я не пісаў месяц назад, ды што там, я не пісаў аж паўгоду.
Я пісаў на мінулым тыдні і пішу цяпер.
Я веру ў мастацкія вобразы, выдумку.
Я не ў стане стварыць літаратурны твор з перажытага досведу.
Мне не падабаецца пісаць пра тое, чаму я пішу.
Мне не падабаецца пісаць пра сябе самога.
Пісьменніцтва — гэта калі шанцуе напалову, але цябе не пакідае надзея, што наступным разам пашанцуе больш.
Пісьменіцтва — гэта тое, што напаўняе жыццё сэнсам. Гэта частка мяне самога, майго самаадчування. Мне спатрэбілася шмат часу, каб зрабіцца пісьменнікам, гэта было марай і жаданнем задоўга да таго, як зрабілася рэальнасцю. Я і сам цяпер не ведаю, што са мной сталася б, калі б не пісьменніцтва, і ў галаве праносіцца: “Якая жахлівая думка”. 
 Photo: Siren Høyland Sæter

 

Гейр Гуліксэн

 Я і сам не ведаю, чаму вырашыў зрабіцца пісьменнікам. Думаю, ранейшыя прычыны больш не актуальныя. Але я добра ведаю, чаму працягваю пісаць, хоць мне і цяжка патлумачыць гэта нават самому сабе. Рэч вось у чым: пісанне мастацкай літаратуры — гэта форма прызнання. Выглядае так, што, аднойчы пачаўшы гэтым займацца, спыніцца ўжо немагчыма. Мне падабаецца спосаб спазнання свету праз пісьменніцтва: пра што б я ні пісаў, усё робіцца маім. У мяне не атрымаецца па-мастацку пісаць пра тое, што я не змагу ахапіць або зрабіць часткаю сябе самога.

 Photo: Aschehoug and Baard Henriksen

 

Томас Эспедал

 Я пачаў пісаць таму, што шукаў магчымасці жыць не тым жыццём, якога чакаюць ад маладога чалавека: адукацыя, праца, свая сям’я, грошы, забяспечанасць, будучыня. Мне хацелася нечага іншага, проста тут і проста цяпер, нечага нязведанага і неспазнанага, а паколькі ніякімі асаблівымі талентамі ў выяўленчым мастацтве я не вылучаўся, я шукаў іншую прафесію, працу, і гэтай працай пакрысе, пасля ўсіх гэтых гадоў пісання і непарушнай веры ў немагчымае, зрабілася пісьмо і чытанне, і так я працую ўжо больш за трыццаць гадоў — чытаю і пішу.

 Photo: Gyldendal and Jakob Dal

 

Карл Фрудэ Тылер

 Ва ўсіх маіх раманах гаворка вядзецца пра людзей і іх намаганні зразумець сябе і грамадства, часткай якога яны ёсць. Я ніколі не планаваў зрабіць іх такімі.

Але тое, якімі яны ёсць, думаю, звязана з фактам, што я ўсё прымерваю на сябе — праз пісанне раманаў. Хто я і чаму я такі, які я ёсць? Якія сілы паўплывалі на маё станаўленне і ў якой ступені я вольны распараджацца сваім жыццём? Акрамя таго, я хацеў бы дадаць, што пісьменніцтва мае нейкі тэрапеўтычны эфект. Калі я апісваю цяжкія і балючыя сітуацыі — а я часта гэта раблю, — тым самым я нібыта аддаляюся ад цяжкага і балючага, і робіцца лягчэй не толькі прыняць і зразумець усё гэта, але і здабыць над ім кантроль. Мне таксама хацелася б дадаць, што я пішу, каб падзяліцца з іншымі ўсім, што мяне ўражвае: і болем, і дабром, і прыгажосцю. Пісанне і чытанне робіць нас, такім чынам, менш самотнымі.

Photo: Aschehoug and Akam1k3

Пераклад з нарвежскай – Лідыя Ёхансэн © 2017

Чытайце таксама

Мілаш Мацоўрак

Мілаш Мацоўрак

Чэшскі паэт, празаік, драматург, сцэнарыст

Аўдун Мортэнсэн

Аўдун Мортэнсэн

Нарвежскі пісьменнік і мастак.

Джон Глендэй

Джон Глендэй

Чак Паланюк

Чак Паланюк

Амерыканскі пісьменнік, аўтар "Байцоўскага клубу"

1851