"Амерыканка" - літаратурная серыя, што аб'ядноўвае кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Падтрымайце серыю, зрабіўшы перадзамову на краўдфандынгавай платформе "Талака"!
Дрэннай літаратуры прысьвячаецца
1
Я сядзеў у сваім офісе, арэнда даўно скончылася, і Макелві ўжо рабіў пэўныя захады, каб мяне выселіць. На вуліцы скварыла як у пекле, а кандыцыянэр не працаваў. Па стале поўзала муха. Я працягнуў далонь і выдаліў яе з гульні. Выцер руку аб правую калашыну — і тут зазваніў тэлефон.
Я зьняў слухаўку.
— Алё, — сказаў я.
— Сэліна чытаў? — спытаў жаночы голас. Ён гучаў досыць сэксуальна. У мяне не было жанчыны ўжо некаторы час. Гадоў дваццаць.
— Сэліна? — перапытаў я. — Гм-м-м…
— Мне патрэбны Сэлін, — паўтарыла яна.
Такі сэксуальны голас, трасца, ён пачынаў мне падабацца.
— Сэліна? — зноў перапытаў я. — Навошта вы яго шукаеце? Гаварыце, не маўчыце…
— Зашпіліся.
Я зірнуў на прарэх.
— Як вы здагадаліся?
— Няважна. Мне патрэбны Сэлін.
— Сэлін памёр.
— Не. І я хачу, каб ты яго знайшоў.
— Я знайду хіба што косткі.
— Ды не, ёлупень, ён жывы.
— І дзе ж ён жывы?
— У Галівудзе. Я чула, ён бадзяецца каля кнігарні Рэда Калдоўскі.
— Тады чаму вы самі ня знойдзеце яго?
— Бо спачатку хачу пераканацца, што ён сапраўдны Сэлін. Мне трэба ведаць дакладна.
— Але чаму вы пазванілі менавіта мне? У гэтым горадзе кожны хрэн — дэтэктыў.
— Цябе рэкамэндаваў Джон Бартан.
— А, Бартан. Паслухайце, мне трэба штосьці накшталт авансу. І сустрэцца з вамі асабіста.
— Я буду ў цябе праз пару хвілін.
Яна павесіла слухаўку. Я зашпіліўся.
І пачаў чакаць.
2
Яна ўвайшла.
Халера, яна што, зьдзекуецца? Сукенка абцягвала яе так, што, здавалася, зараз лопне ў швох. Налягае на шакалядкі. Абцасы такія высокія, што нагадваюць хадулі. Яна ішла як п’яны калека, хістаючыся на ўсе бакі. Галавакружны набор формаў.
— Сядайце, лэдзі, — сказаў я.
Яна села, закінуўшы нагу на нагу, трасца, ледзь ня выбіла мне вока.
— Рады вас бачыць.
— Зрабі ласку, не вытрашчайся. Нічога новага ты не пабачыш.
— А вось тут вы памыляецеся. Дарэчы, як вас завуць?
— Лэдзі Сьмерць.
— Лэдзі Сьмерць? Вы з цырку? Кіно?
— Не.
— Дзе нарадзіліся?
— Гэта няважна.
— Год нараджэньня?
— Спрабуеш жартаваць?
— Не, спрабую сабраць трохі інфармацыі…
Я разгубіўся і пачаў пазіраць на ейныя ногі. Раней я быў журналістам і ведаў пра ногі ўсё. Гэта было першае, што я пабачыў, калі нарадзіўся. Але пазьней я вырашыў парваць з гэтым — у сэнсе з журналістыкай. З тых часоў я працую ў трохі іншым кірунку, і справы йдуць досыць пагана.
Яна пстрыкнула пальцамі.
— Ты што, заснуў?
— Га? — я паглядзеў на яе.
— Сэлін. Забыўся?
— Дзе там!
Я разагнуў сашчэпку й тыцнуў у ейны бок.
— Мне патрэбны чэк за паслугі.
— Вядома, — яна ўсьміхнулася. — Твае расцэны?
— Шэсьць баксаў за гадзіну.
Яна дастала чэкавую кніжку, расьпісалася адным рухам рукі, вырвала чэк і шпурнула мне. Ён прызямліўся на стол. Я падняў. 240 баксаў. Столькі купіла я ня бачыў з тых часоў, як выйграў на скачках у Галівуд-парку ў 1988-м.
— Дзякую, лэдзі…
— Сьмерць, — падказала яна.
— Ага, — сказаў я. — А цяпер раскажыце трохі пра гэтак званага Сэліна. Вы штосьці казалі пра кнігарню?
— Карацей, ён бадзяецца каля Рэдавай кнігарні, гартае кніжкі… распытвае пра Фолкнэра, Карсан Макалэрс. Чарлза Мэнсана…
— Бадзяецца каля кнігарні? Гм…
— Ну, — сказала яна, — ты ж ведаеш Рэда. Ён любіць выганяць людзей з крамы. Чалавек можа патраціць тысячу баксаў, але варта яму затрымацца, як Рэд пачынае раўсьці: “А чаму б табе не зваліць адсюль к чорту?”. Рэд — добры хлапец, хоць і з заскокамі. Карацей, ён вечна выкідае Сэліна з крамы, і той цягнецца ў бар Мусо, дзе пачынае жлукціць. Празь дзень-другі ён вяртаецца, і ўсё паўтараецца.
— Сэлін памёр. Сэлін і Хэмінгўэй памерлі з розьніцай у адзін дзень. Трыццаць два гады таму.
— Я ведаю пра Хэмінгўэя. Ён у мяне.
— Вы ўпэўненыя, што гэта Хэмінгўэй?
— Угу.
— Тады зь якой ласкі вы ня ўпэўненыя, што гэты Сэлін — той самы Сэлін?
— Ня ведаю. Штосьці замінае. Такога раней не было. Магчыма, я проста задоўга ў гульні. Таму прыйшла да цябе. Бартан сказаў, што на цябе можна разьлічваць.
— Значыць, вы думаеце, сапраўдны Сэлін яшчэ жывы? І ён вам патрэбны?
— Страшэнна, коцік.
— Білэйн. Нік Білэйн.
— Добра, Білэйн. Я хачу быць упэўненай. Гэта мае быць сапраўдны Сэлін, а не ягоны грэбаны фанат. Іх цяпер многа разьвялося.
— Знаем.
— Ну вось і займіся гэтым. Мне патрэбны найлепшы пісьменьнік Францыі. Я занадта доўга чакала.
Яна паднялася й выйшла з офіса. Такога азадка я ніколі яшчэ ня бачыў. Словы тут бясьсільныя. Усё бясьсільнае. А цяпер пакіньце мяне. Я хачу падумаць пра гэта.