№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргей Балахонаў

Цымус Гомеля

Эсэ

Гомель. Родны і чужы горад над Сожам. Горад, які іншым разам карціць назваць выпадковым і атрымаць у адказ: “Сам ты выпадковы”. Першая летапісная згадка пра яго прыпадае на 1142 г. — амаль на стагоддзе пазней за згадку Менска, але з падобнымі акалічнасцямі. Тады, у часы княжацкіх міжусобіц, пад Гомель (Гомій), які быў часткай уладанняў чарнігаўскіх князёў, прыйшоў са сваёй дружынай смаленскі князь і ўзяў “воласць іх усю”. Сціплыя летапісныя радкі хаваюць за сабой трагедыю спусташэння гомельскіх наваколляў. Калі вобраз летапіснага Менска прывязаны да паэтызаванай не адным пакаленнем бітвы на Нямізе, то летапісны Гомель адразу ж чэзне ў маўчанні.

Пад ХІІ ст. Гомель згадваецца ў пісьмовых крыніцах толькі тройчы. Згадкі гэтыя штораз куртатыя, без яркага вобразу. Што казаць, калі нават цэнтрам племяннога аб’яднання радзімічаў даводзіцца называць яго адно з аглядкай на археалагічныя звесткі, бо летапісец, “пасадзіўшы” легендарнага Радзіма на рацэ Сож, пра Гомель не абмовіўся і слоўцам. Зрэшты, археалогія акурат і ратуе сітуацыю, кампенсуючы летапіснае маўчанне знаходкамі — наколькі інфарматыўнымі, настолькі ж і неадназначнымі ў сэнсе інтэрпрэтацый. Дзякуючы археолагам можна сцвярджаць, што першае доўгатрывалае ўмацаванае пасяленне тут з’явілася паўтары тысячы гадоў таму. Аднак большасць цяперашніх абывацеляў не тлуміць сабе галаву гэтымі лічбамі, адзначаючы ў пачатку восені ўмоўны “Дзень горада”, дзе і дагэтуль ад рознага кшталту масавікоў-зацейнікаў можна пачуць віншаванні з нагоды заснавання Гомеля ў 1142 г.

У канцы XIV ст. Гомель вяртаецца ў пісьмовыя дакументы, але без археалогіі ўсё адно амаль немагчыма ці вельмі складана прасачыць хоць якую-небудзь гомельскую паўсядзённасць аж да канца XVIII ст. Калі некаторыя іншыя гарады Беларусі маюць нямала прыватных гісторый, здабытых даследчыкамі са старонак літоўскае метрыкі ці іншых пісьмовых крыніц эпохі Вялікага Княства Літоўскага, то Гомель гэтым пахваліцца не можа. З таго, што апублікавана, вынікае ланцуг аднатыпных падзеяў, якія з пэўнай перыядычнасцю паўтараюцца — тэрытарыяльныя спрэчкі, войны, сацыяльныя і рэлігійныя канфлікты. Знайсці ў гэтым карагодзе жывое гомельскае аблічча, сведчанне асаблівага гомельскага характару калі і атрымліваецца, то з неймавернай цяжкасцю. Але ж недзе ляжаць архіўныя крыніцы (напрыклад, архіў апошняга гомельскага старосты Міхала Фрэдэрыка Чартарыйскага), да якіх не дабіраўся ніхто з гомельскіх навукоўцаў і з дапамогаю якіх можа пашчасціць пачуць унутраную пульсацыю Гомеля часоў ВКЛ. Ці дабяруцца — незразумела.

Рэч у тым, што сёння ў гомельскай культурна-гістарычнай прасторы месца дарумянцаўскім часам за рэдкім выняткам няма. Ніводнага помніка архітэктуры ці горадабудаўніцтва, ранейшага за часы далучэння Гомеля да Расійскай імперыі, не захавалася. А пералічыць манументы, якія былі б прысвечаныя эпосе ВКЛ і нават радзіміцкаму перыяду гісторыі, у горадзе над Сожам хопіць роўна два пальцы. Я маю на ўвазе скульптурныя выявы Багдана Хмяльніцкага і т.зв. “першага гамяльчаніна”. Ёсць, праўда, яшчэ помнік Кірылу Тураўскаму (і добра, што ёсць!), але як звязаны ён з уласна гарадской гісторыяй Гомеля, не адкажа ніхто.

Замест ушаноўвання і мацавання памяці пра даўнейшую гісторыю горада тут ад пачатку ХХІ ст. назіраецца пэўны бум малых скульптураў, якія хоць і ствараюць асаблівую атмасферу, але разам з тым спараджаюць у абазнаных людзей пытанні. Бо студэнтка з яблыкам, дворнічыха з люстэркам, падарожнік на чамадане, водаправодчык у люку ці дваровыя футбалісты (апошніх, здаецца, давялося праз выбрыкі вандалаў дэмантаваць), наколькі прыўкраснымі для свайго часу яны б ні былі, ніяк не спрыяюць актуалізацыі ў памяці горада мноства гістарычных падзей, з’яваў, асобаў. Да з’яўлення алеі з помнікамі ўсім гомельскім уладарам і старостам Гомель пакуль не дарос. Уявіць тут як рэальнасць скульптурную выяву вялікага князя літоўскага Альгерда, пры якім Гомель быў вызвалены ад мангола-татараў, амаль немагчыма.

Іншым разам даводзіцца чуць, што Гомель зацыклены на расійскім перыядзе сваёй гісторыі. І калі разглядаць гэта сцверджанне некрытычна, яно можа падацца слушным, бо на гэта ківаюць і помнікі Мікалаю Пятровічу Румянцаву, Ірыне Іванаўне ды Фёдару Іванавічу Паскевічам, і памянёная прахалодца да гісторыі ВКЛ, і герб з рыссю, нададзены ў часы Расійскай імперыі. Пры больш пільным разглядзе, аднак, вынікае, што Гомель зацыклены на ўласным бяспамяцтве. Руйнуецца драўляная забудова канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Праекты аднаўлення страчаных архітэктурных аб’ектаў ХІХ — першай паловы ХХ ст. сутыкаюцца са шчырым неразуменнем, а то і варожасцю часткі гараджан, якія паспелі адно павярхоўна засвоіць спрошчаную схему гісторыі Гомеля. Для іх Румянцавы — бясспрэчныя героі гомельскай даўніны. Аднак адрозніць Пятра Аляксандравіча Румянцава ад яго сына Мікалая Пятровіча многія не ў змозе. Збудаваны за Мікалаем Румянацавым Петрапаўлаўскі сабор успрымаецца імі як істотнае архітэктурнае дасягненне Гомеля. Прапановы ж энтузіястаў краязнаўства аднавіць узведзеныя за тым самым Румянцавым касцёл і сінагогу яны ўжо ўспрымаюць у штыхі. То бок гэтую частку гамяльчан раздражняе ўсё, што так ці інакш замахваецца на іх бяспамяцтва, якое яны песцяць і кунежаць. Адсюль ныццё ў каментарах пра археалагічныя раскопкі на месцы ўсталявання новых атракцыёнаў, маўляў, праз гэтых далакопаў каруселькі пазней меркаванага адкрыюцца. Адсюль фраза “Паскевич знал толк в вещах”, якой каментуецца здымак гомельскай вуліцы, дзе не захавалася ніводнага дарэвалюцыйнага будынка.

Ці магло б быць па-іншаму ў Гомелі, чыё існаванне цягам гісторыі адрознівалася перарывістасцю ці нават радыкальнай зменай культурнага кантэксту! Гомель неаднаразова знішчаўся, і яго адраджэнне на асобных гістарычных этапах выглядае цудам. Яго рост на мяжы ХІХ — пачатку ХХ ст. звязаны з будаўніцтвам чыгункі. Праз яго прайшла спачатку Лібава-Роменская, а потым частка Палескіх чыгунак. Калі б аўтары праекта Лібава-Роменскай чыгункі вырашылі пусціць каляіны праз іншы населены пункт (Ветку ці Чачэрск), Гомеля, якім мы яго сёння ведаем, не існавала б. Вялікім горадам ён стаў воляю выпадку.

З усяго вядомага пра гісторыю і сучаснасць Гомеля вынікае вобраз горада без уласнай канцэпцыі. Адзіным паўнавартасным прыкладам спробы канцэптуальнага падыходу да Гомеля можна лічыць яго перабудову за Мікалаем Румянцавым зыходзячы з уяўленняў аб “ідэальным горадзе”, характэрных для эпохі Асветніцтва. Некаторыя прэтэнзіі на канцэптуальнасць назіраліся ў першыя дзесяцігоддзі ХХ ст., калі гарадскім архітэктарам быў Станіслаў Шабунеўскі. Але яго жыццё і дзейнасць прыпалі на часы радыкальных грамадска-палітычных і эканамічных зменаў, звязаных з рэвалюцыямі 1917 г. і наступнымі за імі падзеямі. Таму Шабунеўскаму даводзілася змяняць уласны погляд на архітэктурнае вырашэнне выгляду гомельскіх вуліц, эвалюцыянаваўшы ад неакласіцызму і мадэрну да канструктывізму.

Усё, што будавалася ў горадзе пасля яго, нягледзячы на наяўнасць генеральных планаў, калі і выглядае канцэпцыяй, то канцэпцыяй па механічным запаўненні мясцін, якія да часу пуставалі або з нейкай прычыны (вайна, планамерны знос) былі вызваленыя ад ранейшай забудовы. За імкненнем вырашыць жыллёвае пытанне ці нарасціць прамысловыя цягліцы стваральнікі паваеннага Гомеля менш за ўсё дбалі пра яго душу і хоць якую гістарычную пераемнасць.

Іншым разам мяне даймае шалёная думка: як бы выглядаў Гомель, калі б у час Другой сусветнай вайны ўся чарада збудаванняў канца XVIII — пачатку ХХ ст. на ўзбярэжжы ракі Сож была дашчэнту зруйнаваная бамбёжкамі? Што б тады рабілі пасляваенныя гарадскія ўлады? Ці змаглі б яны больш паважліва паставіцца да іншых архітэктурных збудаванняў (напрыклад, да пажарнага дэпо з каланчой, гарадскіх сядзіб у цэнтры), якія ў рэчаіснасці былі знесены цягам паваенных дзесяцігоддзяў? Што сталася б з паркам? Аднавілі б яго ці не? А калі б аднавілі, то ці сталі б узводзіць там нейкія будынкі? Ці змусіла б нявыкрутка з нястачай гістарычных пабудоваў даць волю археолагам, каб тыя раскапалі рэшткі драўлянага замка або нават старажытнага паселішча? Па шчырасці, пэўных адказаў ў мяне няма. Але інтуіцыя нічога добрага не малюе.

Адсутнасць гарадской канцэпцыі і гістарычнае бяспамяцтва гараджан спарадзілі, аднак, феномен самаарганізацыі прасторы ў сэнсе лакальных назваў. Гомель не мог пахваліцца архаічнай легендай пра сваё паходжанне. Прынамсі, слядоў яе існавання дасюль не знойдзена. Аднак праз спалучэнне чалавечага і прыроднага фактараў у пачатку ХХ ст., як я мяркую, з’явілася паданне пра плытагонаў, якіх з берага папярэджвалі пра мель: “Го! Го! Мель!”. У 1906 г. на рацэ Сож насупраць гістарычнага цэнтра Гомеля праводзіліся землечарпальныя работы, ад чаго пасярод ракі ўзнік востраў, а праліўныя дажджы намылі шмат пяску, і ў выніку да дзвюх трацін шырыні ракі былі заблакаваныя для праходу любых суднаў. Імаверна, тады і з’явіўся каламбур “Го! Мель!”, з якога вырасла адпаведнае паданне. Праз без малога тры дзесяцігоддзі, у 1934 г., за паўтара кіламетра ад месца нараджэння гэтага падання быў збудаваны млынкамбінат, чый паваенны пераемнік меле зерне аж дагэтуль. З поўначы да яго прылягае жылы масіў Мельнікаў Луг, чыя назва паходзіць ад прозвішча колішняга ўладальніка поплаву. Поплаў гэты рознымі часткамі ў свой час упіраўся ў вёску Прудок (цяпер — у межах горада). Яе назву можна выводзіць ад слова “пруд”, якое ў слоўніку Івана Насовіча (1870 г.) перакладаецца на рускую мову як “мельница”. Прастора гуляе. Прастора жартуе. Прастора кпіць.

Недзе на мяжы ХІХ—ХХ стст., хутчэй за ўсё нават не ў Гомелі, з’явіліся розныя варыяцыі анекдота з выслоўем: “Ёсць Бадэн-Бадэн, а ёсць Гомель-Гомель”. У залежнасці ад канкрэтнага сюжэта яно магло быць і пакепліваннем з правінцыйнасці горада над Сожам, і сведчаннем гарадскога патрыятызму. З цягам часу яго, можа, і падзабылі, але прастора не змагла змаўчаць — вакол горада пайшоў дызель-цягнік “Гомель — Гомель”.

Што яшчэ? На набярэжнай Сожа ёсць установа “Nemo” — адзін з першых (калі не самы першы) начны клуб Гомеля. У таго, хто даў клубу такую назву, напэўна, былі нейкія свае матывы. Але я ўспрымаю яе літаральна як імя героя рамана Жуля Верна — стваральніка і капітана падводнага карабля. Таму будынак клуба (і ранейшы, і сучасны) выклікае асацыяцыі з субмарынай, хаця вонкава нічым яе не нагадвае. Само ж месца, дзе клуб знаходзіцца, яшчэ ў ХХ ст. у часе вялікіх разводдзяў затаплялася. “Feel the depth” — надпіс, які красуе на лагатыпе ўстановы, нібыта намякае. Іскрынку бачым і ў імені Нема. Яно, як вядома, у перакладзе з лаціны азначае “Ніхто”. Чым не сімвал гомельскага бяспамяцтва!

Можа падацца, што я перабольшваю і згушчаю фарбы. Але праблема бяспамяцтва і няўважнасці гамяльчан да гарадской прасторы знаходзіць свае прыклады ледзьве што ні крок. Адна з геаграфічных асаблівасцяў Гомеля звязаная са знаходжаннем яго гістарычнага ядра на ярах, якія выцягнуліся ў бок Сожа. Па ідэі кожны такі яр (спуск, роў) павінен быў атрымаць сваю назву, калі не ў старажытнасці, дык у сярэднявеччы, і быць вядомым пад ёй у нашы часы. Але рэчаіснасць іншая. Ніжняе рэчышча зніклага ручая Гамяюк, які даў назву Гомелю, вядомае пад назвай “Лебядзіная сажалка”, ці, дакладней, “Лебяжий пруд”, каб всем было понятно. Іншая частка яго рэчышча прынамсі з пачатку ХХ ст. фігуруе пад назвай “Кагальны роў” і была месцам жыхарства яўрэйскай беднаты. Сёння ён застаецца неўпарадкаваным і адгароджаны ад людскіх вачэй вясёлым металічным плотам. Яго назва, нягледзячы на старанні краязнаўцаў і папулярызатараў гомельскай гісторыі, бадай так і не стала ходкай. Як ён называўся раней, дакладна невядома.

Іншы яр называецца “Кіеўскі спуск”. Пры яго пачатку з боку плошчы Леніна не так даўно павесілі прыўкрасную пластыкавую вывеску з назвай, каб гараджане, якія яе ведаюць, не забыліся, а тыя, хто не ў курсе, дазналіся, што такая ёсць. Спачатку можна падумаць, што гэтая назва адна з самых старажытных, бо міжволі ўзнікаюць асацыяцыі з Кіеўскай Руссю, вешчым Алегам, які не толькі “отмстил неразумным хазарам”, але і прымусіў радзімічаў плаціць Кіеву даніну. Але яшчэ ў канцы ХІХ ст. этнограф і даследчык старажытнасцяў Еўдакім Раманаў называў гэты спуск параходным (з маленькай літары). Першы параход у Гомелі (ён жа першы ў Беларусі; а вы думалі!) з’явіўся ў 1824 г. Таму раней за гэты год спуск менавацца параходным не мог.

Назва яшчэ аднаго спуску — Баярскі — фармальна таксама выглядае на адну са старэйшых, але паходзіць ад старой назвы найбліжэйшай да яго вуліцы. Зрэшты, сёння яго часцей называюць Білецкім спускам. Не ад слова “білет”, а ад вуліцы Білецкага, названай так у гонар аднаго з гомельскіх камунараў — ахвяраў антыбальшавіцкага Стракапытаўскага паўстання 1919 г. Мікалая Білецкага. Актуалізацыі сярод сучаснай моладзі менавіта гэтай назвы спрыяе шыльда на будынку забаўляльнага комплексу (рэстаран “Праванс” і бар “Кватэрнік”) унізе спуску — “Biletski spusk 1” (ці неяк так, бо лацінка, як і належыць кожнаму беларусу, там выкарыстаная свая ўласная).

Ёсць яшчэ чатыры яры: два з іх безыменныя (за колішняй земскай бальніцай і каля базы веславання), два маюць назвы, якімі паслугоўваюцца або старажылы, або людзі, добра абазнаныя ў гісторыі Гомеля (гэта Ільінскі і Крушэўскі спускі, адзін названы ў гонар аднайменнай стараверскай царквы, назва другога паходзіць ад няіснай сёння дарэвалюцыйнай назвы сумежнай вуліцы). З усіх пералічаных назваў — ужываюцца яны гараджанамі часцей ці радзей — няма ніводнай старэйшай за ХІХ ст.

У адрозненне ад даўнейшых назваў яроў, назвы гомельскіх вуліцаў XVII — XVIII стст. вядомыя. Але вядомыя перш за ўсё даследчыкам і аматарам гісторыі Гомеля. Гэта вуліцы Чачэрская, Траецкая, Спаская, Карнілаўская (іншая назва — Дэканаўская), Рэчыцкая, якія пяццю праменямі разыходзіліся ад ядра гістарычнага цэнтра і размяшчэнне якіх можна добра прасачыць на плане “местечка Гомля” 1799 г. Аднак у выніку памянёнай вышэй перабудовы Гомеля ў “ідэальны горад” усе чыста ранейшыя вуліцы зніклі, не стаўшы асновай для новых. Месца іх колішняга знаходжання ўпісваецца ў абсягі часткі сённяшняга парка (між Кіеўскім спускам і Лебядзінай сажалкай) і плошчы Леніна. Супастаўляючы сітуацыю з ярамі і даўнімі вуліцамі, атрымліваем чарговы гомельскі парадокс: пракаветныя яры, нягледзячы на чалавечую дзейнасць, захаваліся (часткова), але свае старажытныя (старыя) назвы страцілі; старадаўнія вуліцы праз чалавечую дзейнасць былі зруйнаваныя, але іх назвы захаваліся ў пісьмовых крыніцах. Зноў не пакідае ўражанне гульні — быццам нехта нябачны гуляе ў цот і лішку або тасуе карты.

Я нездарма замарочваюся на гарадской мікратапаніміцы, у тым ліку і неафіцыйнай (афіцыйная мала ў чым змянілася з савецкіх часоў). Жыццё сведчыць, што гамяльчане вельмі неахвотна даюць назвы прыродным і рукачынным аб’ектам, сярод якіх ім даводзіцца жыць. Затокі, азёры, астравы, урочышчы, масты і інш. у большасці сваёй застаюцца безыменнымі. Таму ў пэўных момантах гараджанам даводзіцца шматслоўна апісваць знаходжанне канкрэтнай мясціны. Але не факт, што суразмоўца здолее тое тлумачэнне правільна зразумець. Будзеце ў Гомелі — паспрабуйце пацікавіцца Валатаўскім возерам. Хутчэй за ўсё розныя людзі пакажуць вам на некалькі розных вадаёмаў. Дый само паняцце “Валатава”, вядомае з XVI ст. як назва вёскі, а ў 1970-я гг. перанесенае і на сучасны жылы масіў, у разуменні розных гамяльчан можа мець адрозны сэнс. Калі вам скажуць, што нешта знаходзіцца ў Валатаве, лепш адразу ўдакладніце вуліцу. Ёсць шанец, што вам патлумачаць слушна.

Што ж выходзіць? Старога многія гамяльчане ці не памятаюць (і ўспамінаць не збіраюцца), ці гатовыя бясконца блытаць сябе, а новага нараджаць не гатовыя. Нібыта не заўважаючы гульні і жартаў прасторы, яны тым не менш часам яе неўсвядомлена баяцца. Інакш цяжка растлумачыць сэнс узвядзення высокіх агароджаў, якія захінаюць сабой маляўнічыя краявіды ці гістарычныя аб’екты. Горад плытоў ператварыўся ў горад платоў. Я ўжо згадваў агароджу, якая хавае ад людскіх вачэй Кагальны роў. Між тым толькі зазірнуўшы за яе, можна ацаніць, якая цікавостка там хаваецца: будынак, што з боку вуліцы выглядае аднапавярховым, насамрэч мае тры паверхі, бо быў узведзены на моцным перападзе рэльефу. Шпацыруючы па вуліцы Камісарава (колішняй Спасавай слабадзе), штораз звяртаю ўвагу на агароджу з металапрофілю, якая затуляе сабой схіл да набярэжнай Сожа пры будынку былога шпіталя. Лапік за ёю папросту пустуе. Марнуецца выдатнае месца для агляднай пляцоўкі. Эксперымент з агароджамі ў Гомелі на гэтым не заканчваецца. Калі высокія платы вызначаюць, куды гараджанам глядзець не варта, то вулічныя агароджы, якія з нядаўняга часу спавілі цэнтральную частку горада, указваюць, якой дарогай ім хадзіць. Дзякуючы гэтаму эксперыменту даводзіцца засвойваць правілы геаметрыі па-гомельску, згодна з якімі найкарацейшая адлегласць між двума пунктамі часцей за ўсё не прамая.

Гамяльчане, рухаючыся на працу, вучобу, забавы, рэдка падымаюць галовы ўгару. Калі, канечне, там, угары, не месца іх працы, вучобы, забавы. Што праўда, глядзець на горад згары яны любяць. Упадабанымі пунктамі сузірання горада з вышыні для пераважнай большасці з’яўляюцца пераабсталяваны пад вежу агляду ацалелы комін цукровага завода Паскевіча і нядаўна адроджанае агляднае кола (“чортава кола”), якія знаходзяцца ў парку на поўдзень ад Лебядзінае сажалкі. Аднак абмежаванасць вышыні і радыусу агляду змушаюць некаторых шукаць іншыя магчымасці. У сацыяльных сетках неаднакроць выпадала сустракаць здымкі з дахаў, раскіданых па Гомелі высотак. На адным з такіх шматпавярховікаў (лічы, у самым цэнтры горада) колькі гадоў таму прагрэсіўная моладзь нават кінасеансы ладзіла. Ясна, што такія вылазкі тояць у сабе розныя рызыкі. Але пусціць прыродную людскую цягу да вышыні ў разумнае рэчышча пакуль ніхто не бярэцца. А можна было б зрабіць адкрытым доступ на вежу фабрыкі “8 сакавіка”, старых вадакачак (адну, дарэчы, перарабілі пад рэстаран, а маглі б, як заўсёды, знесці), дахі палаца чыгуначнікаў, элеватараў, гаргары “гіпражыўмаша”. А яшчэ ж ёсць і тэлевізійная вышка. Закладзеная ў 1958 г., яна стала адным з візуальных сімвалаў Гомеля. Колькі яшчэ часу яна будзе эксплуатавацца па сваім першасным прызначэнні, мне невядома. Але часам я спрабую ўявіць, які лёс яе чакае “з выхадам на пенсію”: правядуць дэмантаж ці ператвораць у атракцыён? Калі стаўленне гамяльчан да свайго горада не зменіцца, вышка можа паўтарыць долю зруйнаваных дамоў з драўляным дэкорам.

У чым жа цымус Гомеля? Пытанне настолькі складанае і неадназначнае, што, здаецца, прасцей было б адказаць, ці ёсць жыццё на Марсе. Для адных гэта парк з палацам Румянцавых і Паскевічаў (здаецца, толькі нядаўна гэтыя прозвішчы перасталі пісаць праз злучок). Для другіх — усё тое ж драўлянае дойлідства, якое немінуча знікае. Трэція згадаюць прыродныя аб’екты ў межах горада. Чацвёртым даспадобы краявіды дзейных і закінутых прамысловых зонаў. Пятыя назавуць цікавосткі сваіх мікрараёнаў (азёры з масткамі і альтанкамі на Сяльмашы очань дажа красівенныя). Знойдзецца нехта, хто абавязкова прамаўчыць ці недаўменна пацісне плячыма. Будуць і такія, хто некалі сам спрабаваў разабрацца з падобным клопатам, але зняверыўся і сёння сцвярджае, што гэтаму гораду ўжо нічога не дапаможа, нават хірургічнае ўмяшанне…

Мяркую, што цымус Гомеля ў здольнасці вяртацца з невараці (то да жыцця, то ў склад ВКЛ, а пазней — і ў БССР) і ў майстэрстве спалучаць неспалучальнае (і бяспамяцтва, і радыкальнае краязнаўства). І ўсё, што на сёння ў ім ёсць, варта ўспрымаць у комплексе як праяву гомельскай своеасаблівасці. Праўда, для гэтага часам трэба абстрагавацца, паспрабаваць выбрацца за межы гомель-гомельскіх спрэчак, непаразуменняў і г.д. Горад, якому не пашчасціла з фармаваннем уласнай традыцыі, якая б не перарывалася цягам жыцця многіх пакаленняў яго жыхароў, усё ж выстаяў на гістарычных скразняках. З таго, што на гэты момант мы ведаем (ці ў прынцыпе можам ведаць, калі захочам) пра Гомель, паўстае нейкі іншы кшталт або ўзровень традыцыі. Няхай нам невядомыя сёння старажытныя назвы якогасьці гомельскага яра ці вострава, але ж вядома, што Гомелю доля неаднойчы судзіла заняпад і знікненне, а ён, балансуючы на ўскрайку стромага берага Леты, у апошні момант вяртаўся да больш звыклай для сябе ракі. Вяртаўся, каб прыняць люд розных этнасаў і веры, песцячы пры гэтым далёка не ўсіх, каго прыняў. Бо разнастайнага люду многа (у 20-я — 30-я гг. ХХ ст. нават асірыйцы тут жылі!), і на ўсіх пяшчоты нашага горада-фенікса ніколі не хапала. І гэта таксама цымус Гомеля. Як і тое, што само слова “цымус” многім сучасным гамяльчанам будзе незнаёмым, бо Homel štejt, ober di cajt štejt nit![1]


[1] Гомель стаіць, але час не стаіць (ідыш). Перафразаваная яўрэйская прымаўка.

Чытайце таксама

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

2887