№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Узі Вайль

Дзеткі (ילדים)

Апавяданне

Пераклад з іўрыту Павал Касцюкевіч

Папаўднёвыя гадзіны, калі верыць брашурам Таварыства барацьбы з ракам, — гэта менавіта тыя гадзіны, у якія можна бавіцца на пляжы, не баючыся трапіць у статыстычную справаздачу Таварыства. Але па шчырасці... Усё адно было горача. Горача і вільготна. Побач са мною двое маленькіх дзетак капалі яму. Яны ўжо схаваліся ў ёй: наверсе тырчалі толькі іхнія галоўкі. За якія два крокі ад мяне на выцвілай пікейнай коўдры ляжалі іхнія бацькі. Жанчына — на спіне, у зялёных сонечных акулярах на вачах. Мужчына — на баку. Ён чытаў таўшчэзны том Стывена Кінга.

Жанчына павярнулася на жывот, расшпіліла станік і сказала мужчыну лянотным, трохі распешчаным голасам:

— Шауль, намаж мяне.

Шауль не спяшаўся. Краёчкам вока я пачаў сачыць за ім, бо мне хацелася пабачыць ягоны твар. Прычына была даволі бязглуздая: цягам майго захапляльнага і выбітнага жыцця я ведаў толькі аднаго Шауля, але ён загінуў у аўтакатастрофе сем гадоў таму. Палова нашых з ім гутарак круцілася вакол дзетак. Яму хацелася вялікую сям’ю, гэтаму майму знаёмаму Шаулю, і ён увесь час марыў пра сваіх нашчадкаў.

Ён пачаў марыць задоўга да таго, як у яго нарэшце з'явілася партнёрка, з якой умагчымілася іх займець. Але потым здарылася аварыя, і яна засталася адна, і, калі добра разважыць, мо і да лепшага, што яны не паспелі завесці дзяцей.

На сваім вяселлі, якое ладзілі дзесьці не даязджаючы Беньяміны, Шауль налупіўся як след і перахапіў дзяўчыну, што прыйшла са мной, нашу агульную знаёмую, якую я ледзь ведаў, зацягнуў яе ўбок ды спытаўся, ці займаемся мы сэксам.

— Ты чаго, Шауль? — незадаволена прагаварыла яна.

— Я павінен ведаць, ці займаецеся вы сэксам, — паўтарыў ён.

— Не, — адказала дзяўчына. — Калі ты павінен ведаць: не, не займаемся. Мы ледзь знаёмыя — якія два-тры спатканні.

— А ты не хочаш? — ціснуў ён. — Ты не хочаш?

Яна не адказала. Шауль расцаніў маўчанне як згоду і пайшоў шукаць мяне. Я быў знадворку і курыў цыгарэту. Праз чвэрць гадзіны ён адшукаў мяне, наблізіўся і паваліўся кулём.

— Чаго, Шауль? — сказаў я пасля таго, як ён сеў больш-менш роўна.

— Ты і яна. Як там яе... Шыра Ваксман...

— І што?

— Чаму б вам... — ён памахаў рукой, паказваючы нешта неакрэсленае.

— Чаму б нам што, Шауль? Мо хочаш папіць?

— У-у, — застагнаў ён і абхапіў галаву рукамі, — не нагадвай мне пра выпіўку. Я проста адчуваю: яшчэ трошкі — і мяне няслаба званітуе.

Ён утуліў галаву ў калені.

— Дык чаму б... ты і яна. Чаму б вам не ажаніцца?

— Ажаніцца? Мы ж ледзь знаёмыя.

— Яна файная дзяўчына. Я яе ведаю — павер мне. Яна будзе цудоўнай мамай. У вас будуць прыгожыя дзеткі. Зрабі хоць раз, як я кажу.

Я выкінуў недакурак і расціснуў яго нагой.

— Ну й колькі дзетак ты агораеш сёння, га? — пацікавіўся я.

— Смейся-смейся. Мо й не сёння, але абавязкова зраблю. Дзеткі — вялікая рэч. Ты яшчэ пабачыш, што я меў рацыю. Ды мая Дафна — не так сабе прыгожая дзяўчына, я не так сабе з ёю ажаніўся. Яна — вельмі адметная, каб ты ведаў. Я толькі зірну на яе і адразу бачу вялікую сям’ю.

Я хітнуў галавой. Нечакана мне падумалася, што я ніколі не змагу адчуць нешта падобнае. І што заўсёды буду гуляць сам-насам у сваю спрадвечную гульню з Творцам, вынік якой вядомы наперад, і кожная жанчына, што паспрабуе далучыцца да мяне, будзе не больш як фігурай на дошцы. Вядома, я памыляўся: у дзень, калі я сустрэў тую, якую мусіў сустрэць, усё змянілася. І Шауль таксама памыляўся. Аднак я веру, што ён напраўду бачыў сваю вялікую сям’ю і што гэтая сям’я насамрэч існавала — нейкае імгненне, у нейкім невядомым месцы. І ўсё гэта магло адбыцца, але сталася па-іншаму.

Але надоечы на пляжы іншы Шауль чытаў Стывена Кінга, потым павярнуўся да сваёй жонкі і нашмараваў яе крэмам. Я зазірнуў яму ў вочы. Часам ты сапраўды бачыш тое, што можа быць, але гэтым разам усё было настолькі цьмяна, што сабе не схлусіш. Мужчына ўзняўся і паклікаў дзяцей, якія даўно з галавою схаваліся ў выкапанай імі вялізнай яме. Ён паклікаў іх падсілкавацца лусцікамі і садавіной.

Праігнараваўшы бацьку, дзеці працягвалі капаць. Два маладыя кітайцы, што працуюць у пасажы "Гарадскі сад" у краме далікатэсаў "Аароні", спыніліся перада мною. Яны раздзеліся да плавак і селі на раскладных крэслах. Шауль голасна прыгразіў дзецям, і праз колькі секундаў над ямай з'явіліся іх галовы.

Дзеці вылезлі наверх, і тут яны ўбачылі кітайцаў. Хлопчык, гадоў сямі, стаў як укапаны. Дзяўчынка, крыху меншая за яго, пабегла была назад у яму, але хлопчык сціснуў яе за руку і паказаў на кітайцаў.

Яна шырока разявіла рот. Яна бязгучна прагаварыла: "Мама".

А хлопчык усхвалявана закрычаў:

— Атрымалася! Атрымалася!

Тады падышла іхняя маці, схапіла дзяўчынку за руку і дала хлопчыку плескача.

— Колькі разоў трэба казаць не талопіцца дарослым у вочы! — пачала ўшчуваць яна.

Потым сілком павалакла іх прэч.

Кітайцы працягвалі моўчкі сядзець на сваіх раскладных крэслах.

Хлопчык заплакаў. Дзяўчынка старалася абараніць яго і сказала маці:

— Але мама, праўда атрымалася...

— Хопіць! — перарвала яе жанчына. — Сядзіце ціхенечка і ешце.

Елі яны ў дакорлівай цішы. Па невялікім часе перасталі плакаць. І я б да сённяшняга дня не дазнаўся, што там адбылося, калі б хлопчык яшчэ раз не падышоў да кітайцаў і зноўку не ўталопіўся ў іх.

Жанчына ўстала, каб забраць сына.

— Я прашу прабачэння, — з'вярнулася яна да кітайцаў па-ангельску. — Я проста сказала ім, што калі яны будуць занадта доўга капаць, дык трапяць у Кітай.

Кітайцы зірнулі на жанчыну. Ніводзін мускул не здрыгануўся на іхніх тварах.

 

Упершыню надрукавана ў кнізе Узі Вайля “Буржуазія задаволена не да канца”: апавяданні і мініяцюры (Логвінаў, 2018).

Пераклад з іўрыту – Павал Касцюкевіч © 2018

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў

Беларускі паэт і празаік, грамадскі і палітычны дзеяч

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры вядомы найперш як драматург. Ён аўтар таксама палітычных трактатаў, вершаў, мемуараў

Алвару ды Кампуш

Алвару ды Кампуш

Знакаміты гетэронім партугальскага паэта Фэрнанду Пэсоа

1504