№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гейр Гуліксэн

Гісторыя аднаго шлюбу (Historieom et ekteskap)

Урывак з рамана

Пераклад з нарвежскай Лідыя Ёхансэн

 1 

— Раскажы пра нас.

— Пра нас?

— Раскажы нібыта я нічога не ведаю.

— Мы былі закаханыя.

— Так. А яшчэ?

— Мы былі мужам і жонкай. Мы пажаніліся.

— А пасля?

— Мы былі мамай і татам. У нас былі дзеці.

— Не тое. Раскажы пра нас дваіх. Што здарылася з намі?

— Мы жылі разам.

— Мы глядзелі адно аднаго?

— Што ты маеш на ўвазе? Канечне, глядзелі.

— І вось аднойчы...

— Што аднойчы? Ты хочаш, каб я пра гэта расказала?

— Мне трэба пачуць, што з намі здарылася. Бо я не разумею.

— Я таксама не зусім разумею.

— Нават калі і так, усё роўна раскажы.

— Думаю, што не здолею. Не, не хачу, не магу.

— А хочаш, я табе раскажу? Тады слухай.

  

2

 

Мне трэба ўявіць, якой была для яе тая вясна, той дзень, калі ўсё здарылася. Жанчына ў росквіце гадоў, яна без ваганняў уваходзіла ва ўсе пакоі і ўсе сітуацыі. Людскія постаці акружалі яе як добры лес, яна пра ўсіх клапацілася, яна з усімі знаходзіла агульную мову. У яе заўсёды былі доўгія валасы, але калі мы пазнаёміліся, яна іх коратка падстрыгла і пафарбавала ў цямнейшы колер. Кожную ноч яна спала на баку, трымаючы руку пад шчакой. Я ляжаў за ёю, мы спалі голыя, я абдымаў яе рукамі, а яна спінай адчувала мае грудзі. Уначы нікога, акрамя нас, не існавала, ранкам мы прачыналіся кожны на сваім краі ложка. Яе будзіў я або будзілі дзеці. Пакоі былі светлыя, галасы мяккія. Ёсць толькі адзін спосаб запомніць гэта — нечаканае і незаслужанае шчасце. Мы любілі сядзець разам за авальным сталом, зробленым у Даніі, са сталі і белай ДСП. Стол абышоўся нам задорага ў тую суботу, калі мы яго купілі, але мы звыкліся, пазыкі ўсё раслі, і мы перасталі пра іх думаць. Мы збіраліся за гэтым сталом уранку і ўвечары, дзеці рабілі за ім урокі. Пазней стол зрабіўся занадта вялікім, яна забрала яго сабе, але ў новай кухні, куды яна яго паставіла, месца было менш. Нарэшце яна прадала яго, і цяпер ён у некага іншага: стол атрымаў новае жыццё, як і ўсё астатняе, што мы некалі з ёю дзялілі.

Яна ехала на веласіпедзе пад светлымі кронамі дрэваў. Яна дыхала ротам. Яна заўсёды бегала па лесвіцы, калі ёй трэба было на паверх вышэй, а такое здаралася часта. Яна ніколі не карысталася ліфтам, не любіла стаяць на месцы. У той дзень яна рабіла даклад у нейкім дэпартаменце. Усё прайшло добра, яна бачыла, што зацікавіла слухачоў (па іхных тварах: яны цягнуліся да яе, нібы маладая зелень да сонца). Пазней дырэктар па камунікацыях дамовіўся, што яна прыйдзе яшчэ раз. Яны вырашылі перапісвацца па электроннай пошце, многія падыходзілі, каб падзякаваць за цікавы даклад. А потым, ужо на выхадзе з аўдыторыі, яе прымусіў спыніцца нейкі мужчына, і яна не адразу зразумела, як яму гэта ўдалося. Яна спынілася, чакаючы, а ён праціскаўся праз натоўп, не спускаючы з яе вачэй. Яго вочы, было ў іх нешта, нешта мяккае і настойлівае, самаўпэўненае і шукальнае, але што менавіта, яна не ведала. Нават калі ўсё скончылася, яна так і не зразумела, што гэта было, нават сабе самой не змагла патлумачыць, не кажучы ўжо пра мяне.

Ён быў высокі і прыкметны, але не толькі таму, што высокі. Выцягнуты твар, касаватыя вочы, ледзь заўважныя шнары на скуры: відаць, у юнацтве былі прышчы. Асабліва прыгожым яго нельга было назваць, дазволю сабе выказацца, хоць акурат аб’ектыўным назіральнікам мяне цяжка лічыць. Але было ў ім штосьці прыцягальнае і невытлумачальнае, ці то ў вачах, ці то ва ўсмешцы, ці то ў манеры качаць галавой. Яна стаяла і чакала, пакуль ён падыдзе, а ён працягваў усміхацца, мэтанакіравана прабіраючыся да яе праз натоўп, што ўжо рушыў да выхаду. Яе кінула ў жар, чаму — яна не ведала. У хуткім часе яны стаялі, гледзячы адно на аднаго, і яна спадзявалася, што на яе твары чытаецца камічнае чаканне: што ж ён збіраецца ёй сказаць? На яе твары мусіла б чытацца, што яна затрымліваецца і не разумее, чаго ён ад яе хоча, але яна стаяла і цярпліва вітала тое, што цяпер адбывалася. Ён загаварыў. Нешта пра перспектывы аховы здароўя, акурат пра тое, чым яна больш за ўсё цікавілася. Ён прамовіў нешта, што яна магла б сказаць і сама, але ў яго атрымалася крыху лепш, падумалася ёй. Хіба не так? Тое, што ён казаў, выглядала крыху скажона, нібы ён намагаўся ўхапіць яе перспектыву, але ніяк не мог, бо быў не ў стане адмовіцца ад сваёй. Апошняе — гэта ўжо адсабечына, і не трэба мне пра гэта казаць, сам ведаю. Наадварот, ёй падалося, што яго прапановы былі добрым дапаўненнем, раскрывалі змест. Ён выйшаў следам, спусціўся з ёй па лесвіцы. Яны падышлі да яе веласіпеда і не спынялі гутаркі, аж пакуль яна не адамкнула кола і не занесла нагу.

Пасля яна павольна ехала на веласіпедзе знаёмымі вуліцамі, ёй трэба было на працу, але яна не спяшалася. Яна на ўсё звяртала ўвагу ў той дзень: на ліпы ці клёны, ёй было ўсё роўна, што гэта за дрэвы, на сароку, якая прыгожа матляла хвастом, на маладую лістоту, якая дробна трымцела на ледзь заўважным ветры. Яна сабе падабалася. Яна сама сабе падабалася, і ёй падабалася яе жыццё. Усё жывое раскрывалася перад ёю ўсюды, куды б яна ні прыйшла.

Яна нічога не баялася.

Некалі яна была маладой дзяўчынай, а цяпер дарослая жанчына. Калі мы пазнаёміліся, ёй было дваццаць пяць, гэта было даўно, я быў старэйшы за яе на некалькі гадоў.

Я называў яе Цімі. У яе было іншае імя, звычайнае дзявочае, ёй самой яно не надта падабалася. І аднойчы ўвечары, у адзін з першых месяцаў пасля таго як мы пачалі сустракацца, мы ляжалі ў ложку ў яе старой кватэры і глядзелі па тэлевізары мульцік пра Цімі Цвыркуна. Хаця насамрэч нічога мы не глядзелі, мы не вылазілі з ложка некалькі гадзін запар, пайшлі раз паелі і зноў леглі, мы так доўга займаліся адно адным на мяжы нашых цялесных сілаў, што нам спатрэбіўся перапынак. Мы пілі ваду, я пераключаў каналы, па адным з іх круцілі стары дыснэеўскі мульцік, яна папрасіла не пераключаць. Мы паглядзелі мульцік і абое расчуліліся, але толькі я расплакаўся. У мяне было малое дзіця, з якім я ў той дзень не бачыўся, не цэлы тыдзень, бо мне хацелася пабыць там, у ложку, разам з ёй. Праз гэта я і расплакаўся, падумала яна. Але яна прыкінулася, нібы паверыла, што мяне расчуліў мульцік, а пазней расказвала, што Цімі ёй заўсёды падабаўся, больш чым Пінокіа, Чып і Дэйл і нават Думба. Яна атаясамлівала сябе з Цімі Цвыркуном, бо ён заўсёды стараўся зрабіць як найлепш, а пасля браў свой парасонік і развітваўся, і спяваў ён вельмі шчыра і з надзеяй, нават калі вакол яго згушчаліся хмары і ён сам не ведаў, дзе ён і што.

— Гэта ж ты, — сказаў я. — Ты і ёсць Цімі. Ты таксама ўсё стараешся зрабіць правільна, ніколі не апускаеш рукі і дабіваешся ўсяго, чаго хочаш.

Ужо тады я ёю захапляўся, гэта быў мой спосаб яе кахаць. Яна не адразу гэта зразумела, і яшчэ доўга яе ўзрушвала тое, якой фантастычнай яна была ў маіх вачах. Яна адказала, што ніколі не думала пра сябе як пра цвыркунка, і я, фліртуючы, пажартаваў, што мне, маўляў, падабалася, як яна церлася сваімі заднімі нагамі аб мае. Жарт не атрымаўся, было не смешна, але яна бачыла, як я пашкадаваў, як мне зрабілася няёмка, бо я не звык жартаваць на такія тэмы. Яна зрабіла мяне больш разняволеным, чым раней, зразумеўшы гэта, яна замілавалася ці закахалася, калі першае ўвогуле нечым адрозніваецца ад другога. Пасля таго вечара я пачаў называць яе Цімі. Мянушка прыжылася, зрабілася заўсёднай, яе імем, менавіта так яна пачала сябе называць. І многія нашы сябры сталі зваць яе Цімі, і калегі таксама, калі яна выйшла на працу.

Яна сядзела ў сябе ў кабінеце перад кампутарам. Праглядала справаздачу. Яна доўга над ёй працавала, і сёння неяк ішло лягчэй. Яна засяродзілася, не адрываючыся на іншае, не адкрываючы электронную пошту ці стужку навінаў. Яна кінула позірк за акно на пляцоўку дзіцячага садка. На дзяцей у пясочніцы, але ў галаве была адно справаздача. Ёй не падабаліся некаторыя дадзеныя ў табліцах, лічбы не зусім сыходзіліся. Яна разулася, пацерла адну ступню аб другую. Правяла далонню па патыліцы, нібы прылашчыла. Засунула руку пад кашулю і дакранулася да жывата, пацягнулася рукой да станіка, пакратала пальцам шлейку.

Патэлефанавалі, давялося выслабаніць руку, каб узяць трубку. Званіў калега, які сядзеў дома з хворым дзіцем, пытаўся, ці не магла б яна даслаць яму адзін дакумент. Яна адшукала гэты дакумент у агульнай базе дадзеных і пераслала яму. Яна працягнула з таго месца, дзе яе спынілі. Яна думала пра вячэру, пра мяне. Думала пра перспектывы аховы здароўя, веласіпед, што ў лесе падсохла і можна было б пакатацца там на выходных. Адной або з дзецьмі. Лепей адной, яна любіла разагнацца, імчаць на ўсіх парах. Думала, што яшчэ аўторак. Паглядзела на гадзіннік. Яна засяроджана працавала цэлую гадзіну. Яна падумала, што варта было б схадзіць памачыцца, але вырашыла працягваць без перапынку да абеду. Яна хацела папрасіць Хірсці прагледзець часткі са справаздачы. Пасля перадумала — лепей перачытаць самой. Яна была амбіцыйная і баялася, што могуць падумаць, быццам яна слабая і няўважлівая. Па экране кампутара праплыў нечы цень. За акном сядзела вялікая варона і махала крыламі, кіруючыся да дрэва ля дзіцячага садка. Села на тонкую галіну і пачала пагойдвацца. Пакуль яна не будзе прасіць Хірсці. Паспрабуе сама даць гэтаму рады. Варона перасела на шырэйшую галіну, распушыла пер’е і скасавурылася на купку дзяцей, зусім малых, ім, можа, не было яшчэ і двух, якія сядзелі ціхенька ў пясочніцы з лапаткамі ў руках. Яны прыціскалі лапаткі да пяску, не капаліся, бо яшчэ не навучыліся гэтаму.

Яна пацягнулася некалькі разоў, падняўшы рукі ўгору. Блузка задралася, агаляючы жывот. Падумала пра мужчыну, з якім сёння размаўляла. Яна была амаль упэўненая, што ён спрабаваў да яе заляцацца. Яна не адказала на залёты, але трымала сябе добразычліва і адкрыта, ён мусіў гэта заўважыць. Ёй спадабалася з ім размаўляць. Спадабаліся яго рукі. Яна ўявіла іх на сваіх сцёгнах, дужыя мужчынскія рукі на сваёй гладкай светлай скуры. Ёй падабаліся яе сцёгны, цяпер падабаліся, а раней не зусім падабаліся, нават зусім не падабаліся, яны былі занадта шчуплыя, але пасля таго як яна пачала бегаць, сцёгны зрабіліся моцныя, мускулістыя. Яна адчувала мускулы на сцёгнах, нават калі сядзела нерухома. Яна думала, што ўвечары раскажа мне пра таго мужчыну, які загаварыў з ёю пасля дакладу. Мне гэта мусіла спадабацца. І ёй падабалася тое, што адбывалася паміж намі, калі яна расказвала мне пра іншых мужчын, на якіх яна глядзела або якія глядзелі на яе. Мне падабалася пра гэта слухаць, яна ведала. Яна не разумела, чаму, але гэта было няважна, ёй не хацелася з усяго рабіць праблему.

Яна паднялася і выйшла ў калідор. Спярша не заўважыла, што ішла басанож, зноў вярнулася ў кабінет і абулася. Зайшла да Хірсці, якая не раз яе выручала. Дзверы былі незачыненыя, у кабінеце — нікога, але кампутар не выключаны. Яна магла пайсці ў прыбіральню, можа, Хірсці хутка вернецца. У калідоры было ціха, многія на дзелавых сустрэчах. Яна прайшла праз прыёмны пакой, павіталася з жанчынай, што там сядзела, новенькая на замену. Думала спыніцца і сказаць нешта, але не хацела страціць засяроджанасць. У туалеце яна зачынілася на замок і стала перад люстрам. Яна добра выглядала, хоць валасы варта было б крыху падрэзаць. З прычоскай трэба нешта рабіць. Пастрыгчыся і пафарбавацца. Ёй падумалася, што час падумаць пра макіяж. Не зашкодзіла б падвесці вочы, мне гэта наўрад ці спадабалася б, але з часам я б прывык. Яна села, прыслухалася да гукаў струменя мачы ва ўнітазе. Адчула радасць. Радасць ад таго, як рашуча мачылася, радасць, як задуменна і павольна падціралася, радасць ад таго, як адзявалася, хутаючыся, нібы раніцаю дзіця, радасць ад мыцця рук. Памыла рукі і панюхала іх, пахла слаба парфумаваным мылам і вільготнай скурай.

Яна ўжо хацела выходзіць, але раптам перадумала і зноў падышла да люстэрка. Пільна ўглядаючыся сабе ў твар, яна засунула руку ў штаны. Было цесна, яна расшпіліла шырынку і спусціла штаны. Яна ведала сябе, засунула два пальцы паміж гладкімі складкамі, якія вялі ўнутр цела. Дабрацца туды цяжка, калі штаны вісяць на каленях, але гэта ёй таксама спадабалася — што было цесна і недасяжна. Яна паварушыла кончыкамі пальцаў і паглядзела на сябе ў люстэрка. Лёгкая чырвань праступіла на шчоках. Яна падумала пра справаздачу. Падумала, ці здолее скончыць, стоячы тут перад люстэркам, на працы, і стымулюючы сябе. Мабыць, не. Для гэтага не хапала нечага асаблівага. Асобныя невыразныя сюжэты запальваліся і адразу тухлі, голыя целы.

Ці магло гэта быць праўдай? Не, тут я разышоўся, усё зноў выдае мяне, мой рэпертуар, мой сумнеўны рэестр, мяне, не яе. Насамрэч усё было так: яна хутка схадзіла ў туалет, думала адно пра справаздачу, кінула позірк на свой твар у люстэрку, мыючы рукі. Ёй падумалася, што ў выразе твару з’явілася штосьці новае, але чаму, яна не змагла патлумачыць. Нехта прайшоў па калідоры, яна на імгненне замерла, пачакала, пакуль пройдуць. Зрабілася ціха.

Яна зразумела, што не так, яна раптам ясна гэта ўсвядоміла, расчыніла дзверы прыбіральні і шпарка пайшла калідорам. У кабінеце Хірсці па-ранейшаму нікога не было, ну і добра, яна зайшла ў свой кабінет і пачала працаваць, нават не сеўшы за стол. Ёй хацелася раздрукаваць справаздачу цалкам і яшчэ раз яе прагледзець. Перадумовы з самага пачатку сфармуляваныя неяк невыразна. Яна пайшла да прынтара, спадзеючыся, што нікога не сустрэне па дарозе. У калідоры было пуста, прынтар шамацеў паперай, проста ёй у рукі выходзілі цёплыя прыемныя аркушы. Ёй захацелася спяваць. Але яна амаль ніколі не спявала, ніколі з тае пары, як падраслі дзеці. Захацелася хутка пабегчы, яна ўявіла, як імчыцца ўверх па доўгай крутой лесвіцы, а ў канцы лесвіцы пуста. Яна дабегла да самага канца, але паварочваць не хацелася, быццам сцэна з нейкага фільма, сну ці фільма, які нагадвае сон. Калідор быў доўгім і бязлюдным, гукі крокаў пераследавалі яе, яна павярнулася, каб праверыць, што адна. Яна села ў кабінеце, паклаўшы аркушы на калені. Скінула туфлі, адсунула назад крэсла і паклала ногі на стол. У яе была вялікая ступня, ёй гэта падабалася, падабалася хадзіць басанож, падабалася сядзець і варушыць пальцамі ног.

Захацелася есці, да абедзеннага перапынку яшчэ гадзіна, яна перакусіла яблыкам. Згрызла аж да зярнят і паклала на акно. Там ужо ляжалі два зморшчаныя агрызкі, яна б ніколі не дадумалася пакласці нешта такое на акно дома, але тут ёй гэта падабалася. Яна дазваляла сабе пасвінячыць, вызваліцца ад маіх патрабаванняў пра чысціню на тумбах і стале. З калідора данесліся галасы, гэта калегі вярталіся з дзелавых сустрэчаў. Яна ўслухоўвалася ў крокі, у дзелавое шамаценне сумкамі і плашчамі, урыўкі размоваў разносіліся па калідоры, яна пазнавала калег па галасах.

Яна апусціла ногі на падлогу і падсунула крэсла да кампутара. Ізноў адкрыла файл і пачала ўносіць праўкі, якія зрабіла на паперы. Устрымалася ад жадання павітацца з тымі, хто праходзіў міма, яна не будзе гаварыць цяпер. Села так, каб яны бачылі, што яна працуе. Засяродзілася, каб выглядаць засяроджанай, і праз гэта засяроджанасць знікла. З'явілася жаданне ўсё кінуць. Захацелася выйсці на двор на свежае паветра. Захацелася знайсці ў Гугле імя таго, з кім яна размаўляла сёння раніцай. Яна ўстала і выйшла ў калідор, накіравалася да кабінета Хірсці. Той па-ранейшаму не было на месцы. Яна раптам успомніла, як Хірсці казала, што пойдзе да доктара. Зноў вярнулася да сябе ў кабінет, вырашыла, што пойдзе на перапынак, і першае, што зрабіла, — праверыла электронную пошту. Яна, праўда, казала не "электронная пошта", а "мэйл", як шмат хто, гэта я ўвесь час казаў "электронная пошта" і гэта я хацеў, каб яна казала "электронная пошта" замест "мэйл", але яна не разумела, чаму. Усе так казалі, чаму ёй нельга? Яна верыла ў прагматыку такога выбару, а я выбіраў найскладанейшы шлях. Такім чынам, яна праверыла свой "мэйл", лістоў было вобмаль, акрамя аднаго ад мяне, дасланага "электроннай поштай".

Я пісаў, што думаю пра яе, што думаю пра тое, чым мы займаліся некалькі гадзін таму. Пра гэта яна забылася, а цяпер у памяці зноў усплыло, як яна стаяла на карачках, абапіраючыся на локці і калені, і я моцна ўзяў яе ззаду, як ёй падабалася. Я трымаў яе за сцёгны, а крыху пазней яна адчула маю руку на патыліцы, і я прыціснуў яе тварам да матраца. Яна ўспомніла ўласны голас, як яна крычала ў падушку. Ёй падабалася чуць уласны крык. Я ўзяў яе, яна дазволіла сябе ўзяць, яна крычала. Ёй падабалася думаць, што яе бяруць. За хвіліну да гэтага мы разглядалі адно аднаго ў люстэрку, два целы, адно на адным, адно нешта рабіла з іншым, а тое дазваляла гэта рабіць. Думаючы так, яна адчула, як унізе жывата заныла.

Яна адказала мне коратка, цёпла і нібыта ў тым самым стылі, у якім я пісаў ёй. Мы заўсёды так перапісваліся. Яна глянула на дзіцячую пляцоўку за акном, адзін з малых павярнуўся да яе, ён, мабыць, пазіраў на неба, але было адчуванне, што шукае вачыма яе акно. Я неяк сказаў, што хачу яшчэ дзяцей. А ёй не хацелася, зусім не хацелася, гэта пройдзены этап, даўно пройдзены. У нас было двое сумесных дзяцей і яшчэ мая дачка ад першага шлюбу, гэтага было дастаткова. Яна хацела больш працаваць. Яна хацела больш трэніравацца, яна хацела бегаць, ездзіць на веласіпедзе, навучыцца лазіць па гарах. Яна хацела займацца ўсім, чым маглі займацца дарослыя людзі, якім больш не трэба клапаціцца пра малых дзяцей.

У астатніх мэйлах было запрашэнне на нейкі сход і некалькі прапановаў для дыскусіі пра тое, як павінныя выглядаць у інтэрнэце старонкі Дэпартамента па ахове здароўя. Ёй спярша захацелася адказаць на апошнюю прапанову, але яна выдаліла паведамленне цалкам. Радасць пазбаўлення ад малых праблем. Яна даслала мэйл Хірсці і спытала, жартаўліва і прастадушна, тым недакучлівым тонам, якім яны заўсёды размаўлялі, ці не магла б тая зрабіць ласку і дапамагчы з праверкай лічбаў у табліцах справаздачы. Яна так доўга над ёй працавала, што ставілася да яе як да жывой. Справаздача аказалася незгаворлівай дамачкай, ніяк не хацела падладжвацца пад яе жаданні, з ёй заўсёды нешта было не так. Яна так шмат пра яе гаварыла, што я часта цікавіўся, як у яе справы: ці ўсё добра са справаздачай?

Мы часта гаварылі пра працу, асабліва пра яе працу. Яна прывыкла дзяліцца са мной усім. Дакладней, амаль усім: сваркамі і перамовамі, нязначнымі непаразуменнямі, а таксама тым, што ёй здавалася цікавым, або смешным, або натхняльным. Яна добра ўладкавалася, яна сама гэта ведала, ёй хацелася быць той, якая добра ўладкавалася, і нічога цяжкага ў гэтым для яе не было.

Яна прагартала стужку навінаў, асабліва не заглыбляючыся ў іх змест. І вось прыйшоў новы мэйл, яна адкрыла яго, яна пазнала імя не адразу, а толькі калі пачала чытаць. Ён дзякаваў за размову, ён прыязна і прыгожа адгукаўся пра яе даклад, яна пазнала яго голас, добразычлівасць, цікавасць, шарм ці што гэта было. Такі сабе ўмоўны шарм, бо за ўсім, што ён пісаў, пазітыўна і ўхвальна, яна адчувала іншае: ён не здасца. Яна адчула лёгкае супраціўленне, нейкі прагін пад ударам. І гэта яе справакавала. Ці, можа, ён проста замілоўваўся сабой, бо пісаў збольшага тое, што думаў сам, і, па ўсім відаць, быў упэўнены, што яе гэта зацікавіць. Ён пісаў, што яны маглі б супрацоўнічаць, што ў дэпартаменце распрацоўваюць новы праект, і яму хацелася б запрасіць яе ўзяць удзел. Крыху нехаця яна паддалася і на гэта, хаця ні часу, ні асаблівага жадання ўдзельнічаць у некалькіх праектах адначасова ў яе не было. У канцы ён пісаў, by the way, што яны, аказваецца, жывуць непадалёк адно ад аднаго. Ён пазнаў яе, калі яна чытала даклад, праўда, не адразу сцяміў, дзе мог яе бачыць. Аж вось, яны амаль суседзі. І, пэўна, яна таксама любіць бегаць? Ён амаль упэўнены, што так і ёсць, пісаў ён. Ён практычна ўпэўнены, што бачыў яе на прабежцы.

© Geir Gulliksen / CPHLA

Пераклад з нарвежскай – Лідыя Ёхансэн © 2017

Чытайце таксама

Павел Шыдэл

Павел Шыдэл

Польскі паэт, празаік, рэдактар.

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Оскар Ўайлд

Оскар Ўайлд

Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд — брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

1336