№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Говард Філіпс Лаўкрафт

Істота ў святле поўні (The Thing in the Moonlight)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Уладзіслава Гурыновіч
Апавяданне было створанае на аснове ліста Говарда Філіпса Лаўкрафта, у якім ён апісвае адну са сваіх мрояў. Джэк Чапмэн Міске дадаў толькі некалькі радкоў у пачатку і ў канцы апавядання. Ліст быў напісаны 24 лістапада 1927 году, апавяданне выйшла ў 1941 годзе ў часопісе Bizarre.
 
Морган — чалавек малапісьменны, нават размаўляе не надта складна. Таму мне здаецца сапраўдным цудам апавяданне, якое ён напісаў аднойчы, хаця ўсе астатнія толькі пасмяяліся з яго.
 
Ён быў адзін у вечар, калі ўсё гэта адбылося. Раптоўна адчуўшы нейкі неадольны імпульс, ён схапіў аловак і напісаў наступнае:
 
“Маё імя Говард Філіпс. Я жыву на Коледж-стрыт, 66, горад Провідэнс, штат Род-Айлэнд. 24 лістапада 1927 году — я не ўяўляю, які год цяпер, — я заснуў і з тых часоў мрою, не ў стане абудзіцца.
 
Мая мроя пачалася на волкім, парослым трыснягом балоце, распасцёртым пад шэрым восеньскім небам. На поўначы ўздымаўся ўцёс з замшэлымі вышчарбленымі схіламі. Адчуваючы хваравітую цікаўнасць, я пачаў падымацца на ўцёс уздоўж глыбокай расколіны, якая рассякала яго надвое. Каменныя сцены расколіны паабапал вузкай сцяжыны былі спярэшчаныя мноствам жудасных нор, прасвідраваных у тоўшчы ўцёса.
 
Сям-там над сцяжынай грувасціліся абломкі камянёў, якія ўпалі з краёў расколіны. Яны навісалі, быццам аркі, а пад імі панавала апраметная цемра, не дазваляючы мне разгледзець норы ў сценах, якія, несумненна, там былі. Праходзячы пад адной з такіх арак, я раптам адчуў задушлівы страх, нібыта штосьці прывіднае і бесцялеснае глядзела на мяне з безданяў, напаўняючы жахам маю душу, але тут было занадта цёмна, каб я мог выявіць крыніцу неспакою.
 
Калі я выйшаў на пляскатую вяршыню ўцёса, сонца ўжо зайшло, і перада мною прасцерлася безжыццёвая пустка сярод замшэлых скалаў, азораных бледным святлом поўні. Агледзеўшыся, я не ўбачыў наўкол ніводнай жывой істоты, але заўважыў нейкае дзіўнае варушэнне далёка ўнізе, сярод шапатлівага чароту над згубнай дрыгвой, дзе я быў зусім нядаўна.
 
Прайшоўшы крыху, я ўбачыў іржавыя трамвайныя рэйкі і з’едзеныя чарвякамі слупы, на якіх віселі слаба нацягнутыя правады. Ідучы ўздоўж трамвайнай лініі, я неўзабаве натрапіў на трамвай пад нумарам 1852 — звычайны трамвай з двума вагонамі, якія выпускалі з 1900 па 1910 год. Трамвай выглядаў занядбаным, але відавочна гатовым да адпраўлення, бо быў далучаны да правадоў, пнеўматычны тормаз уключаны, а падлога вагонаў злёгку дрыжала. Увайшоўшы ў неасветлены вагон, я паспрабаваў знайсці выключальнік, каб запаліць святло, але дарэмна. Між тым адсутнасць кантрольнага рычага ў кабіне кіроўцы ўказвала на тое, што той адлучыўся зусім ненадоўга. Тады я ўладкаваўся на адным з сядзенняў у вагоне. Неўзабаве я пачуў, як штосьці зашамацела ў рэдкай траве дзесьці злева, і ўбачыў дзве мужчынскія постаці, цьмяныя і невыразныя ў святле поўні. На іх былі фуражкі трамвайнай кампаніі, таму я не сумняваўся, што гэта кандуктар і кіроўца. Раптоўна адзін з іх гучна ўцягнуў носам паветра, быццам прынюхваючыся, а потым узняў твар да неба і завыў на поўню. Другі ўпаў на карачкі і пабег да вагона.
 
Я ўскочыў і, як апантаны, кінуўся прэч з вагона. Я бег праз бясконцую пустку, пакуль знямога не прымусіла мяне спыніцца. Я пабег не таму, што кандуктар раптам упаў на карачкі, а таму, што ўбачыў аблічча кіроўцы — белы конус, які звужаўся з аднаго канца, ператвараючыся ў крывава-чырвонае шчупальца...
 
Я ўсведамляў, што гэта ўсяго толькі мроя, але мяне гэта не ўсцешвала.
 
Пасля той жахлівай ночы я няспынна малюся, каб абудзіцца, але не магу прачнуцца.
 
Я зрабіўся часткай гэтага жудаснага сусвету мрояў. У першую ноч я дачакаўся світання і цэлы дзень без мэты блукаў сярод бязлюдных балот. Калі зноў настала ноч, я ўсё яшчэ блукаў, спадзеючыся прачнуцца. Але выйшаўшы з зараснікаў пустазелля, я ўбачыў перад сабою ўсё той жа трамвайны вагон і побач з ім істоту з конусападобным абліччам, якая стаяла ў ззянні поўні і вусцішна выла, узняўшы твар да неба.
 
Гэта доўжыцца бясконца. Штоночы я зноў і зноў трапляю ў гэтае жахлівае месца. Я спрабую прымусіць сябе не рухацца, але калі надыходзіць ноч, невядомая сіла цягне мяне наперад, і я крочу, як самнамбула, пакуль не апынуся твар да твару з істотай, якая вые пад бледнай поўняй, і тады я бягу прэч, як апантаны.
 
Бог мой, калі я прачнуся?!”
 
Усё гэта напісаў Морган. Я мог бы наведаць дом нумар 66 на Коледж-стрыт у горадзе Провідэнс, але баюся таго, што магу там убачыць.
Пераклад з ангельскай – Уладзіслава Гурыновіч © 2014

Чытайце таксама

Таццяна Нядбай

Таццяна Нядбай

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Міхаіл Кузмін

Міхаіл Кузмін

Рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

1081