№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Павел Брыч

Ісус-немаўлятка, прыйдзі да нас! (Ježíšku, přijď k nám!)

Апавяданне

Пераклад з чэшскай Сяргей Сматрычэнка

Хто не верыць, што цуды здараюцца, той хай гэтую гісторыю нават не слухае. Яна магла б расхістаць яго каменнае перакананне, што жыццё — гэта нудота, галеча і пакуты, а горш за ўсё жывуць звычайныя людзі ў інфарктавым сэрцы Еўропы. Але тым, што яшчэ не пачуваюцца дахадзягамі і народам палёў пахавальных урнаў і ў каго з вачэй не пазірае абвуглены торс усіх надзей, — тым прагрызціся праз гэтую гісторыю было б варта.

Бо такія павераць у немаўлятка Ісуса, што носіць падарункі, нават калі б пачуваліся сто разоў дарослымі!

На вуліцы Стралецкай пад лёгкаатлетычным стадыёнам у Ябланцы-над-Нісай, з якога ў неба лётаюць дзіды залатой алімпійкі Бары Шпатакавай, у арандаванай віле жыла сям’я доктара Нэпавіма. Ён трымаў прыватнаю фельчарскую практыку па скурных хваробах, пашыраў асвету, змагаючыся з полавымі захворваннямі, што густа рассеяліся па краі, нават наведваў мясцовыя школы з рагатлівымі прышчавымі падлеткамі, а таксама праводзіў прыёмы ў гарадской бальніцы і рукамі ды нагамі адхрышчваўся ад удзелу ў муніцыпальнай палітыцы, бо на інтрыгі ніякія тэрмометры, пігулкі, прамыванні, клісціры і дакладныя метады не дзейнічаюць, у інтрыгах жыве хаос і нелагічнасць, і яшчэ злая воля, а доктар Нэпавім быў выключна практычны чалавек. Гэткі чарсцвяк без фантазіі. Што можна было памераць, узважыць, прамацаць, прасвяціць рэнтгенам, абследаваць у лабараторыі — тое мела вагу. Астатняе для яго не значыла зусім нічагуткі. Між іншага, у свае трыццаць сем гадоў ён з цяжкасцю трываў тое, што жонка Рэната дагэтуль чмуціць іх дзесяцігадоваму сыну Оціку і васьмігадовай дачушцы Вікторыі галаву, трымаючы іх у перакананні, што падарункі ім носіць немаўлятка Ісус.

— Ты робіш з іх адсталых дурнёхаў! — дакараў ён сваю жонку, чулага рамантыка, настаўніцу пачатковых класаў. — Ці як мінімум крывадушнікаў, якія цябе даўно разам з тваімі байкамі ды казачкамі раскусілі і цяпер з нас, бацькоў, цішком смяюцца.

Летась на Каляды ён урэшце пастанавіў, што захавае дэкорум толькі да сёлетняга Шчодрага дня, а потым Оціку і Вікторыі ўсё патлумачыць, паставіць іх твар у твар перад жорсткай рэчаіснасцю дарослых, што паміж небам і зямлёй нічога няма, і гэтак скончыць з гэтым ашуканствам і граннем, як у Нацыянальным тэатры, якое штогод знясільвае яго ўшчэнт, калі ён мусіць удаваць, што пасля пачастунку на Шчодры вечар ідзе клікаць дзіцятка Ісуса, каб тое пры сваім паветраным падарожжы вакол свету ўганаравала іх сваім візітам і прызямлілася як дрон пад іх штучнай, абвешанай бліскучымі цацкамі ялінкай. Да ўсяго гэтага ён павінен яшчэ і змушаць сябе да гутаркі не толькі з дзецьмі, якія круцяцца ад нецярплівасці, як уюны на патэльні, але і з цешчай, якая з жалезнаю рэгулярнасцю ўжо пяты год прыходзіць на Шчодры дзень да іх дадому і скача з імі па заснежаным садзе ды гукае ў неба “Ісус-немаўлятка, прыйдзі да нас”, бо шаноўны цесць не слухаў ягоных смяротна сур’ёзных доктарскіх парадаў, не сачыў за ладам жыцця, не прымаў лекі, не хадзіў на кантроль да калег і ў выніку памёр падчас гульні з дзецьмі, калі намагаўся — гэтаксама як робяць на Каляды яны самі — афарбаваць свет у ружовы колер і давесці ім, што і стары чалавек можа гуляць у мустанга на радэа пад сядлом віскатлівых, узбуджаных шалапутаў.

Вядома ж, і ён у сваёй лекарскай практыцы час ад часу звяртаўся да міласэрнай маны, бо ён шанаваў клятву Гіпакрата, аднак калі можна было, то лепш прапісваў чыстую праўду і паважаў усіх, хто ад яе не схаваў галаву ў пясок і адказна падышоў да прадпісанняў доктара і супрацоўніцтва з ім.

Што праўда, сямейнікі ягонай жонкі ў гэтым плане здаваліся поўнымі вар’ятамі, юродзівымі шаленцамі і хворымі на галаву дзівакамі: спрэс мустангі, рэлігійныя фанаткі і рамантычныя жанчыны са схільнасцю да летуценняў. Калі б ягонай спецыялізацыяй не былі скурныя і полавыя хваробы, ён бы ім прапісаў як мінімум ксанакс. А так ён стараўся стаічна захаваць сваю прыязнасць і абмежаваць свой актыўны ўдзел у блазнаванні ўсяго да аднаго дня на год, і ён не жадаў, каб яго пры гэтым здымалі ды выстаўлялі здымкі ў фэйсбук, суправаджаючы іх ідыёцкімі каментарамі.

Шчодры вечар ён праглынуў як маскарад, падчас якога — на грамадскую замову — раз на год павінныя адбывацца цуды.

— Мама, ну прызнайся, што ты зноў не хадзіла да свайго кардыёлага, — папракнуў ён цешчу адразу, як толькі яны селі за калядную вячэру.

— Перастань, Ота, не трэба цяпер пра такія сумныя рэчы, — кінула яму ў адказ крыху пасінелая копія ягонай бландзіністай жонкі, красуня даўняй вытрымкі з пацінай маркі “Паважны век”. — Твая прафесія ўжо лезе табе на мазгі. Коле, як іголка для конскай ін’екцыі. Ты ва ўсіх людзях бачыш толькі пацыентаў!

— А ўсе людзі і ёсць пацыенты, — нахмурыўся Ота Нэпавім. — І я не вінаваты, што па некаторых гэта відаць і без рэнтгену. Знаеш, мама, калі не пачнеш адказна ставіцца да свайго здароўя, то жыць табе застаецца хіба...

— Кхэ, кхэ, кхэ, — закашляла спадарыня Рэната і пад сталом балюча выцяла злога вестуна нагой па галёнцы.

— Аааў! — крыкнуў ён.

— Хі, хі, хі, хі, хі, — не маглі задушыць смех дзеці.

— Ну добра, добра, не буду псаваць святочны настрой, — прашаптаў доктар Нэпавім.

Першая страва. Суп, чорны, як пальчаткі шафёра катафалка-лімузіна. Дзеці сёрбнулі з кончыка лыжкі, пакрывіліся і заелі сухім хлебам. Прыйшоў чарод панцаку з грыбамі — і той належаў да катэгорыі нежаданых, да цёмнага, адваротнага боку каляднага меню. Дзеці яго аддана паспыталі і дружна пераклалі свае порцыі на талерку рашуча настроенаму татку, які ўзяўся яго чыкрыжыць і свідраваць, бы цела на анатамічным стале ў тыя часы, калі студэнтам праходзіў у трупярні практыку. Працяг вечара выглядаў ужо весялейшым: салата, смажаны карп, варажба па разрэзаным яблычку — зорачка выйшла на славу, воплескі і ахі, задыханая сінюшняя бабуля з дзіравым, як друшляк, сэрцам выбірае дзеткам з рыбіны костачкі, каўбаскамі папраўляе настрой спадар Нэпавім і пры гэтым хмурна адзначае сабе, як слаба насычаны кіслародам арганізм жончынай маці, а дзеці як конікі кідаюцца на печыва. “За тое, каб мы праз год зноў усе сабраліся ў добрым здароўі!” — задзынкалі келіхі з чырвоным віном, і ў дарослых па-вупырску пабарвовелі вусны.

— Ну мама, тата, калі ўжо прыйдзе немаўлятка Ісус, Ісусік? Мы ўжо не можам чакаць. Бабуля! Давайце пойдзем паклічам яго. Я ўжо не вытрымаю! — загаласілі дзеці і пацягнулі бацькоў і бабулю з крэслаў 

Спадарыня Нэпавімава паглядзела на мужа і сашчапіла рукі:

— Можна? Калі ласка!

У гэтай просьбе было ўсё.

“Напэўна хоча, каб я яшчэ патрываў і аддаліў сваю гадзіну праўды, не раскрыў у вялікім разрахунку ўсе казачныя ашуканствы, у якіх я, доктар, практычны чалавек і зусім не рамантык пад абцасам летуценнай жанчыны без пятай дошчачкі, удзельнічаў насуперак свайму нежаданню. Я, ласкавы бацька, што любіць сваіх дзяцей і ўсе бачныя сляды свайго генатыпу, якія я ў іх з такой радасцю пазнаю, — я дапусціў гэта з любові, толькі з любові”, — пакутна думаў галава сям’і.

— Ну добра, давайце пойдзем паклічам дзіцятка Ісуса, толькі цёпла апраніцеся. Мама, мама, ты што, задрамала? Ну так, тут горача, з гэтых свечак столькі жару, як з жарала Этны, а яшчэ і віно на дадатак, — так разумнічаў зяць, і раптам у яго пашырыліся зрэнкі. Авохці, цешча пазірае, але не бачыць, яе шырока расплюшчаныя нерухомыя вочы ўжо спяць у іншым вымярэнні.

— Мама, мама, дзеля Бога... — залямантавала была спадарыня Нэпавімава, але тут жа авалодала сабой і прыкрыла рот рукой.

— Божа Ісусе, тут жа дзеці...

Доктар намацаў пульс, спраўдзіў рэакцыю зрэнак — усё марна. Дзеці ўжо топчуцца ў калідоры і тупаюць ножкамі ў зімовых боціках, гарлаюць горлачкамі, абвінутымі доўгімі шалікамі.

— Мы ўжо гатовыя, паварушыцеся, хадзем клікаць немаўлятка Ісуса! — падганяюць яны адзервянелых дарослых, якія ўсё ніяк не падымуцца, быццам бы іх да крэслаў прыклеілі драўляным клеем або прыбілі цвікамі.

Спадар Нэпавім і спадарыня Нэпавімава не маглі знайсці паразумення ў тым, як ставіцца да Калядаў — першы, вядома ж, настойваў на лекаванні шокам і праўдай, ніякіх прывідаў, другая ўзносіла казку і ласку ў свеце, у якім так мала месца для летуценняў удзень, а ўночы выцесненыя страхі ператвараюцца ў начныя кашмары. Аднак цяпер яны анямелі і салідарызаваліся ў сваім маўчанні. Калісьці яны паабяцалі адно аднаму вернасць і каханне ва ўсіх жыццёвых перыпетыях, і няважна, што аднаму блізкі Гіпакрат, а другой Коменскі. І вось цяпер яны павінныя ўчыніць найвялікшае ашуканства Калядаў, поруч з якім тое пра дзіцятка Ісуса бляднее. Перад азоранымі дзіцячымі зенкамі, якія прагнуць ісці выглядваць бескарыслівага сябра дзяцей, бабуля дабрыла на другі бераг, і шчасце яшчэ, што яны гэтага не бачаць, у іх пакуль поўная галава фантазій, што з нябёсаў прыляціць той, хто выконвае жаданні, а таму яны не звяртаюць увагі на ненатуральна вырачаныя вочы з таго свету, які знаходзіцца далей за трыдзявятае царства і дзе дзядуля-мустанг прыбірае ў стайні, каб бабуля на яго не сварылася, што і ў вечнасці няма месца свінарніку. Чыстыя душы дзяцей не бачаць, што грудзі бабулі не ўздымаюцца і не апускаюцца, а чырвоныя сетачкі на шчоках ад цяпла ў памяшканні ператвараюцца ў лядовае напластаванне Антарктыды 

Доктар на вачах сваіх нецярплівых дзяцей не наважыўся праводзіць нейкія дзеянні па рэанімацыі. Ён ведаў, што ўсё і так было б дарэмна і скіравана хіба на супакаенне ўласнай душы. Дык чаго б ён гэтым дамогся? Бабулю б дзецям не вярнуў, а дзіцятка Ісуса пахаваў бы. Не, ён не будзе рабіць нават спецыяльных тэстаў для пацверджання смерці! Ён занадта вялікі практык, каб ясна не бачыць, што цешчы ўжо не дапаможаш. Яны што, нарадзіліся на іншай планеце, гэтыя мілыя, непрактычныя дзядулі й бабулі, якія заўжды, калі хочуць прынесці дзецям радасць, прыносяць ім траўмы, боль і дэзылюзіі? Мустанга, які паў пры гульні ў радэа, хапіла, другі раз дзяцей ад шоку ён мусіць убараніць 

“Так, мы не можам дапусціць, каб нечаканая, хоць і міласэрная смерць у коле сям’і папсавала цуд Калядаў, — рашуча пастанавіў спадар Нэпавім. — Час смерці мы пасунем, на дадзены момант цешча мусіць яшчэ быць жывая!”

І нават не дамаўляючыся з жонкай словамі, ён падымае мёртвую анучную ляльку, гэтую старэйшую копію сваёй прыгажуні жонкі, і пачынае з ёй гаварыць як нічога ніякага, хоць яно і чога, і якага, на дварэ ідзе першы снег гэтай зімы, і доктар Нэпавім з дапамогай спадарыні Рэнаты апранае цешчу, насаджвае ёй на галаву махнатую аблавушку і выбіраецца з ёй у абдымку з перагрэтай кватэры ў снегам асветлены сад.

— Ха, прыкольна, — смяюцца дзеці, — бабуля, што, напілася? Давайце і мы дапаможам яе патрымаць!

— ТОЛЬКІ ПАСМЕЙЦЕ! — крычыць матуля, у якой здалі нервы.

На хвіліну ўсе нерухомеюць.

“Або да дзяцей дайшло, і цяпер усё страчана, — падумаў у гэты момант спадар Нэпавім, у якога на лбе выступіў пот, — або Каляды яшчэ можна выратаваць і зрабіць цудоўнымі, а Шчодры дзень дзівосным, трэба толькі супакоіцца і нават у думках ні ка кога не злавацца”.

І тут спадар Нэпавім, гэты хадзячы медыцынскі слоўнік, для якога біялогія — маці навук, а матэрыя — трывалы пункт у сусвеце, матэрыя — ягоная вера, — тут ён пачынае нячутна маліцца, каб нешта здарылася, каб здарыўся цуд, і тупае па сходах з цешчай у абдоймах, не раўнуючы скульптар Олбрам Зоўбэк, які перацягвае скульптуру, асцярожны асілак; тым часам дзеці атрымалі ад мамы вялікія запаленыя бенгальскія агні, якія адводзяць увагу ад факту, што статуя не гаворыць і не дражніць дзяцей, да чаго тыя былі прызвычаеныя. Нарэшце ўсе стаяць на белым іскрыстым снезе ў садзе і гукаюць хорам, гучна і кранальна: “Ісус-немаўлятка, прыйдзі да нас! Ісус-немаўлятка, ауууу! Прыйдзі да нас! Калі лаааскаааа!”

Але не, не гэта гукаў у сваіх думках змучаны доктар, які парушыў этычны прынцып свайго рамяства. І які чмуціць дзецям галовы больш, чым ён сам мог бы сабе хоць калі ўявіць. Але нешта ён гукаў, нешта нематэрыяльнае, нешта, што магло б вярнуць час, адматаць стужку на пачатак, зноў пачаць той вечар.. 

— О, глядзі, вунь ляціць! — паказаў брацік сястрычцы і махнуў запаленым бенгальскім агнём так няспрытна, што абпаліў аблавушку старой. Рука той маланкава ўзляцела і скінула небяспечную палачку ў снег.

— Оцік, асцярожней! — заўшчуваў яго бацька. — Ты ледзь не спаліў бабулю.

Пры гэтых словах вадаспад слёз, якія не замярзаюць на марозе і на холадзе не высыхаюць, рынуўся па шчоках спадарыні Нэпавімавай. Муж з самавалоданнем адхіліў атаку бенгальскага агню мамай, але раз яна не рэагуе нават на полымя, то надзеі на ўваскрэсенне больш няма. Гэта канец. Але трэба сабраць волю ў кулак і бегчы ў дом, працягваць гуляць у тую гульню, маланкава раскласці пад ялінкаю падарункі. Дзеці не павінныя нічога пазнаць, ні пра што здагадацца, трэба захаваць халодную галаву. Якраз прыйшоў той момант, калі дзеці з татам будуць спяваць калядкі, канечне вылезе цікаўны сусед і пажадае ім вясёлых Калядаў, і дзеці ў наплыве эмоцый не заўважаць, што мама на хвілінку знікла і з хуткасцю механікаў “Формулы-1” у боксе раскладвае запакаваныя падарункі ад немаўляткі Ісуса пад ялінкай.

— Ходзіць-паходзіць месяц па небе, — спявалі кранальнымі галаскамі дзеці, тата мармытаў, усе міжсобку трымаліся за рукі разам з нямой бабуляй і злёгку ківаліся ў рытм.

— О, як я гэтага чакаў, — і праўда вылез са сваіх дзвярэй шумны сусед з чырвонай нюхаўкай, — я проста абажаю Каляды. Вясёлых святаў!

Ён галёкае, кідаецца правай рукой вітацца з Оцікам, Вікторыяй, вялікім брунатным Отам і бледненькай спадарыняй Уластай, упакаванай па-эскімоску, а ў левай трымае бутэльку рому. Спадару Нэпавіму карціць зараўці звярыным голасам, гэта ненармальна, ну добра, некалі і ён расказваў цынічныя жарты ў анатамічнай зале, але яму ўжо неўзабаве сорак, ён любіць сваіх дзяцей і не можа ўспрымаць як жарт тое, што ў адным шэрагу з дзецьмі трымаецца за рукі з нябожчыцай, якую ніхто кампетэнтны не аб’явіў мёртвай, што яны гукаюць з ёю немаўлятка Ісуса, кранаюцца ледзяной далоні і спяваюць хорам калядку, і дзеці пры гэтым нават не заўважаюць, што бабуля, якая заўсёды любіла спяваць, маўчыць, бы калядны карп.

— Спадзяюся, моладзь вам не дакучае, а калі б дакучала, то я жыву адзін, можаце правесці Шчодры вечар у мяне, — шэпча сусед, ад якога патыхае ромам, цешчы на вушка і назойліва прыўздымае ёй край шапкі.

А потым, перш чым спадар Нэпавім паспеў яму перашкодзіць, увогуле робіць нешта жахлівае — прыкладае цешчы да вуснаў бутэльку рому.

— Ай-яй-яй, — грамавым голасам залямантаваў спадар Нэпавім і зароў так страшна, што дзеці ажно падскочылі: — ІСУС-НЕМАЎЛЯТКА, ПРЫЙДЗІ ДА НАС!

І з неба не ўпала зорка, толькі сусед упаў наўзнак у мяккі снег і пацягнуў за сабою нябожчыцу, а спадар Нэпавім, і ўжо таксама спадарыня Нэпавімава, якая выканала сваю падарункавую місію і вярнулася з хуткасцю каметы, падымаюць з сумёту тую кучу малу і суседу, які, перабраўшы, не перастае смяяцца, робіць непрыстойныя прапановы жанчыне ў веку ягонае маці і нават пацалункам сасмактаў разліты ром з яе ледзяных вуснаў, настойліва вымаўляюць:

— Спадар Кайнар, вы перабралі, гэтак нельга, збярыцеся, тут жа дзеці!

Яны дасягаюць прынамсі таго, што ён трымаецца далей ад цешчы, калі яны цягнуць яе, як вялікага плюшавага звера з дома цацак “Sparkys”, па лесвіцы нагару да кватэры разам з нецярплівымі дзецьмі, а потым перад суседавым носам ляскаюць дзвярыма; ён нешта гарлае, але слухачы зніклі, і ён мусіць ісці да сябе дадому па новую бутэльку. Нэпавімы ўсёй сям’ёй стаяць перад бліскучай ялінкай і на паркеце бачаць мокрыя сляды ды падталы снег па немаўлятку Ісусу, які выявіўся сапраўды шчодрым, і дзеці імпэтна кідаюцца на падарункі пад галінамі ялінкі, а анучная лялька між татам і мамай раптам ажывае і галёкае разам са сваімі ўнукамі:

— Дзякуем табе, Ісус-немаўлятка!

Тата — доктар, практык і разумны чалавек — самлеў на месцы.

— Рэнатка, дапамажы мне, тут трэба нешта мацнейшае, віскі, — цешча аказвае тату першую дапамогу. — Давайце яго пасадзім...

Ачунялы доктар Нэпавім яшчэ падчас распакоўвання падарункаў правёў усе магчымыя ў хатніх умовах абследаванні жончынай маці і мог канстатаваць адзінае. Не існуе лагічнага тлумачэння, як смяротна хворая жанчына, у якой жыццёвая энергія скончылася падчас каляднай вячэры, страціла прытомнасць, дыханне і кровазварот, прайшла праз клінічную і біялагічную смерць, на шчоках і канцавінах у яе разрасталіся цыянатычныя плямы, а на першым марозе і снезе гэтай зімы ў яе застыла кроў, — як яна ажыла, бы вераценніца, ад дотыкаў чалавечага цяпла.

Пачынаючы ад Трох каралёў ён склікаў сярод сваіх знаёмых дактароў кансіліюмы. Паводле “Чэшскага медыцынскага гадавіка” ў гэтым годзе на свеце адбылося толькі шэсць такіх медыцынай ясна не растлумачаных выпадкаў. Здарэнне з ягонаю цешчай было б сёмым. Ён мусіў раскрыць праўду і расказаць ёй, што здарылася. Прымусіў да серыі абследаванняў, але ані найбольшыя цынікі не здолелі прыдумаць жарт, якім бы стан старой кабеты вярнулі ў зямное вымярэнне, не кажучы ўжо, каб вытлумачылі.

“Калі існуе сіндром раптоўнай смерці ў немаўлят, то ў старых медыцынская навука, відавочна, мусіць дапусціць сіндром раптоўнага ажыўлення, — дэбатавалі між сабой дактары і чухалі галовы. — Інакш ніхто з нас не здатны гэтага растлумачыць. Паводле ўсіх абследаванняў і лабараторных тэстаў спадарыня Уласта мусіла б быць мёртвай. Канчаткова і беспаваротна. Матэрыя скончыла сваё абмежаванае існаванне. Гадзіннікавы механізм спыніўся. Пры гэтым нашая дама жыве, дыхае, спажывае печыва, салату, бутэрброды і вылучае перапрацаваныя рэчывы, быццам бы штосекунду атрымлівае ў сэрца адрэналінавую ін’екцыю”.

Такі стан, шчодра падключыўшы фантазію, сёння ўжо можа патлумачыць толькі спадар Нэпавім, які трымаў яе за руку, нячутна маліўся і спяваў дзіцятку Ісусу. Ён пакляўся сабе, што ані дзецям, гэтым дурнёхам, трыманым у няведанні, ані сабе ўжо ніколі не будзе забараняць ніякіх казак. Наадварот, для спакою душы ён павінны іх навукова абгрунтаваць. А таму на сёлетні Шчодры дзень акрамя цешчы прыйдзе ўвесь кансіліюм дактароў і натуралістаў, якіх ён толькі знайшоў, разам са сваімі сем’ямі, і яны будуць вельмі строга назіраць за той зданню, якая будзе з імі трымацца за рукі на снезе і тураваць дзіцячым галаскам: “Ісус-немаўлятка, прыйдзі да нас!”.

І нешта сапраўды станецца, як сталася год таму, — станецца налета, а потым зноў і зноў, пакуль бягуць гады і падае снег і дакуль зямля не перастане круціцца, а Анёл смерці не возьме дадатковую змену, каб потым сысці ў бясконцы адпачынак.

Толькі гэтым разам на Шчодры вечар на снезе з калядкамі будзе адсутнічаць адна цёплая мужчынская далонь, ромавае дыханне, мокры пацалунак і непрыстойная прапанова старой кабеце, якая з тых лапаў вырвалася, як цнатлівая падталая сняжынка, і нават не пачырванела.

Закон статыстыкі не перастае дзейнічаць і на Каляды. Анёл смерці адвёў суседа Кайнара, галаву за галаву, бо ў вечным кругавароце жыцця і смерці павінны быць парадак.

Амэн.

Пераклад з чэшскай – Сяргей Сматрычэнка © 2015

Чытайце таксама

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Чак Паланюк

Чак Паланюк

Амерыканскі пісьменнік, аўтар "Байцоўскага клубу"

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

1018