№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Альгерд Бахарэвіч

Кітайскія шырмы доктара Заменгофа

Эсэ

У самым канцы дзевятнаццатага стагоддзя ў Горадні на Паліцэйскай вуліцы, у доме нумар 5, жыў чалавек, які кінуў выклік богу. І гэта быў самы незвычайны выклік, які толькі мог прыдумаць просты смяротны.

“…І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёй да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым рассеемся па ўлонні ўсёй зямлі. І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людскія. І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова. І вось што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць. Сыдзем жа і змяшаем там мову іхную, каб адзін не разумеў гаворкі другога”.

Праект “Вавілон” Госпадам быў паспяхова рэалізаваны — і некалькі тысячагоддзяў ніхто не спрабаваў паставіць пад сумнеў яго цалкам пераканаўчыя вынікі. Пакуль не з'явіўся той самы Чалавек з Паліцэйскай вуліцы. Ён ніякіх вежаў не будаваў і імя сабе рабіць не збіраўся. Аднак гісторыя пра вежу з дзяцінства дужа яму падабалася. Магчыма, таму ён і ўзяўся вярнуць людзям адзіную мову. І не адстаў ад таго, што задумаў, да самага канца жыцця.

І вось што цікава. Ніякі бог так і не змог гэтым разам яму перашкодзіць. Мо таму, што занадта шмат іх, розных багоў, было там, дзе ён гадаваўся і жыў?..

Звалі таго чалавека Лейві Лейзер Заменгоф. Але гэта цяпер мы можам так напісаць, аднаўляючы моўную, нацыянальную і біяграфічную справядлівасць. Калі я, яшчэ хлопчыкам, упершыню пачуў пра знакамітага стваральніка эсперанта і калі пачаў корпацца ў савецкіх даведніках, шукаючы любую інфармацыю пра “искусственные языки” (а было гэта ў 80-х гадах мінулага стагоддзя), мне і ў галаву не прыходзіла, што Заменгоф — яўрэй; мне ў той час наогул не прыходзіла ў галаву пацікавіцца нечай нацыянальнасцю. Усе людзі дзяліліся на белых і чорных і адрозніваліся між сабой, як шахматныя фігуры. І пра тое, што адной з дзвюх родных моваў вялікага Заменгофа быў ідыш, я таксама не здагадваўся. Зрэшты, самога чалавека з Паліцэйскай вуліцы, калі б ён быў жывы, такі падыход, мабыць, толькі парадаваў бы. Ён любіў паўтараць, што трэба бачыць у чалавеку найперш чалавека. Мова, нацыя, рэлігія — усё гэта добра, але почасту яны засланяюць у людзях найважнейшае. Усе мы людзі — і мусім бачыць адно ў адным людзей.

Што ж, для большасці ён быў і застаецца Людвікам Лазарам Заменгофам, доктарам Эсперанта — Тым, хто мае Надзею. Не мае, а меў — выпраўляе мяне час. Але эсперанта жыве дагэтуль і няблага пачуваецца: колькасць тых, хто ім валодае і яго старанна вывучае, значна большая за носьбітаў шматлікіх натуральных моваў — а значыць, яно цалкам можа дазволіць сабе цяперашні час. Заслужыла.

У Горадні Заменгоф жыў з 1893 да 1897 году. Жыў у вечнай нястачы, з жонкай і двума дзецьмі. Удзень працаваў лекарам-акулістам, прымаючы не самых заможных пацыентаў, а ўвечары, не выпускаючы з вуснаў тоўстай цыгары, удасканальваў сканструяваную ім мову і ліставаўся з аднадумцамі. Лістоў з розных краін прыходзіла ўсё болей, а праблемаў перад новай мовай не менела. Эсперанта ўжо існавала і актыўна развівалася, здабываючы ўсё новых прыхільнікаў у Еўропе, а ў Горадні ніхто не здагадваўся, што задумаў той дзіўны доктар.

Горадня ў ягоным жыцці — усяго толькі эпізод, але для Беларусі гэты эпізод, як заўжды, значыць нешта большае, чым для самога героя. Беларусь — месца, адкуль таленавітыя людзі з амбіцыямі заўжды хацелі з'ехаць, і ўжо гэтым яна вартая ўвагі вялікага свету. Заменгоф пражыў у Горадні дастаткова, каб мы маглі лічыць яго трошачкі сваім. Як і галоўны ягоны твор: эсперанта.

Галоўныя падзеі з жыцця Заменгофа больш-менш вядомыя. Нарадзіўся ў 1859 у Беластоку, бацька быў настаўнікам, маці займалася дзецьмі і гаспадаркай. Бацька гаварыў з Заменгофам па-расійску, а маці — на ідышы. Потым сям’я пераехала ў Варшаву. З маленства будучы айцец эсперанта захапляўся мовамі — у сталым узросце ён валодаў ажно васьмю. У Варшаве ён пабачыў і адчуў на сабе, што такое антысемітызм, варажнеча, агрэсія, дыскрымінацыя і нацыянальныя забабоны. І загарэўся ідэяй аб’яднаць людзей з дапамогай адзінай мовы. Спачатку думаў пра лаціну ці грэцкую — але гэта былі мовы, складаныя для вывучэння. Тады і прыйшла да Лейві Лейзера Заменгофа ідэя стварыць сваю ўласную, даступную і прыгожую — і падараваць яе людзям. Праўда, першыя праекты constructed language называліся інакш: спачатку была Lingwe Uniwersala, потым Lingwe internacia. Бацьку Заменгофа гэтыя забаўкі не падабаліся, ён хацеў, каб сын зрабіўся сур’ёзным чалавекам — існуе досыць жывучая легенда, што калі Заменгоф з'ехаў вучыцца ў Маскву, бацька скарыстаўся момантам і спаліў сшыткі з граматыкай і слоўнікам Lingwe Uniwersala. Сын вярнуўся ў Варшаву, а тут на табе. Усё тое, чым ён гарэў, — згарэла ў печцы варшаўскай кватэры, кінутае туды клапатлівай татавай рукой.

Не, Заменгоф не стаў пісаць “Ліст бацьку”, ён не стаў культываваць у сабе траўму, ён быў зусім не падобны да Кафкі, хоць і жыў з ім у адзін час. Студэнт пагараваў крыху, падумаў — і вырашыў, што ўсё, што адбылося, да лепшага. Значыць, ёсць шанец пачаць усё наноў і зрабіць мову больш дасканалай. Так на свет і з'явілася яно: эсперанта.

Створаны крыху раней валапюк — міжнародная мова, якую распрацаваў нямецкі пастар Шляер, — вельмі хутка саступіў эсперанта свае з такой цяжкасцю заваяваныя пазіцыі. Таварыствы і гурткі па вывучэнні эсперанта пачалі з'яўляцца па ўсёй Еўропе. Выдаваліся і перавыдаваліся падручнікі і слоўнікі, прайшлі — адзін за адным — кангрэсы эсперантыстаў. Партрэты Заменгофа ў газетах; Заменгоф чытае свой пераклад “Гамлета”; Заменгоф сустракаецца з палітыкамі. Пры гэтым ён заставаўся гэткім жа бедным доктарам — але імя ягонае грымела па ўсім кантыненце. Напярэдадні Першай сусветнай вайны дзясяткі тысяч людзей валодалі эсперанта і карысталіся ім у камунікацыі з такімі самымі апантанымі ідэалістамі. Падавалася б, жорсткая і бессэнсоўная вайна мусіла давесці, што адзінай мовай чалавецтва не ўратуеш. Вернападданыя эсперантысты розных краін з радасцю запісваліся ў войска, каб забіваць адно аднаго ў імя патрыятызму і дзеля славы сваіх імператараў. І пісалі з акопаў на эсперанта лісты сябрам і паплечнікам — адпраўку такой карэспандэнцыі вайсковая цэнзура забараняла, бо падазравала, што незразумелую мову маглі выкарыстоўваць у сваіх мэтах шпіёны…

У 1917 годзе Заменгоф памёр у занятай немцамі Варшаве ад сардэчнага прыступу. Ушаноўваючы памяць нябожчыка, пахавальную прамову на ягонай магіле ўзяўся казаць нямецкі палкоўнік — заўзяты эсперантыст. Эсперанта перажыло і тую вайну, і наступную, яшчэ больш крывавую, ацалела ў часы рэпрэсій — чамусьці ў таталітарных рэжымаў любая сканструяваная мова заўжды выклікае падазрэнне, часам — сапраўдную алергію, а часцяком — проста нянавісць. Хоць ясна, чаму: сама ідэя мовы, што выходзіць з-пад кантролю і заклікае бачыць у людзях найперш людзей, а не класы, нацыі, рэлігійныя групы, супярэчыць таталітарнаму мысленню… Дыктатура стварае свае “навамоўі” — і імкнецца знішчыць у людзях надзею на змены. Кожны канланг — выспа свабоды, кожная не падкантрольная дзяржаве мова нясе небяспеку непакоры і іншадумства. Не забывайма таксама пра нацыянальнасць стваральніка эсперанта — нацыянальнасць, да якой ніводзін таталітарны рэжым не адчуваў нічога, апрача варожасці. “Яўрэйскія штучкі, жыдоўскія інтрыгі з мэтай раскалоць нацыю і пазбавіць яе уласнай мовы” — так успрымалі эсперанта антысеміты. І хоць Заменгоф нідзе не казаў пра тое, што эсперанта мусіць замяніць сабой нацыянальныя гаворкі — у нацыяналістаў ягоны праект заўжды выклікаў падазрэнне.

Гісторыя эсперанта — гісторыя надзеі, змагання, веры, паразаў, расколаў і — перамог. Гісторыя, у якой былі такія трыюмфы, якія некаторым “натуральным” мовам і не сніліся: у той час, калі некаторыя з моваў “дажывалі век свой ціхі” і ніхто не спрачаўся, што ім “знікнуць пара”, прыхільнікі і паслядоўнікі Заменгофа вучылі эсперанта сваіх малых дзяцей; ёсць такія людзі, для якіх эсперанта — матчына мова, без усялякіх “але”.

Заменгоф — стваральнік эсперанта. Большасці людзей гэтай інфармацыі цалкам дастаткова. Большасцю Заменгоф успрымаецца як вялікі эксцэнтрык і ідэаліст, як забаўнае выключэнне з правілаў, як вялікі фантазёр, культурны феномен недзе паміж навукай, мастацтвам, футуралогіяй і пражэкцёрствам. Але мала хто задумваецца, наколькі айцец эсперанта быў упісаны ў кантэкст свайго часу. Існуюць малавядомыя факты з ягонага жыцця, якія паказваюць, наколькі ён трапіў сваімі ідэямі ў самае сэрца тагачаснага грамадства. Наколькі справа ягонага жыцця была сугучнай простым чалавечым трывогам і цьмяным інтэлектуальным памкненням.

Заменгоф жыў у адзін час не толькі з Кафкам, Джойсам, Клімтам, Фройдам — а яшчэ і з Гітлерам, Леніным, Сталіным. Ён паступіў на медычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта разам з Чэхавым. Горкі называў Заменгофа Праметэем нашага часу. Стваральнік эсперанта ўдзельнічаў у сіянісцкім руху — але расчараваўся ў ім, бо і там галоўным было тое самае: нацыя, рэлігія, падзел, адасабленне. Больш за тое, ён стварыў свой рух — і назваў яго “гамаранізм”: чалавек — найвялікшая каштоўнасць, мір паміж нацыямі — мэта існавання, вечны прынцып “стаўся да людзей так, як ты хацеў бы, каб яны ставіліся да цябе”, — вось што магло б быць накрэслена на ўяўным сцягу гамараністаў… Калі ў эсперантысцкіх шэрагах наспеў раскол і адзін з прыхільнікаў Заменгофа абвясціў пра стварэнне “свайго эсперанта” — пад назваю іда, — духоўны лідар эсперантыстаў засмуціўся, але не дазволіў крыўдзе стаць вышэй за агульную справу, і новаспечанае іда атрымала ад яго маральную падтрымку… Мэта ж адна, пераконваў сябе Заменгоф. Згода і паразуменне.

У 1910 годзе Заменгофа высунулі на Нобелеўскую прэмію міру — якую ён так і не атрымаў (узнагароду ўручылі Міжнароднаму бюро міру — існавала і такое, за чатыры гады да вайны).

Ашчаслівіць чалавецтва. Або — асобную нацыю. Або — мастацтва. Штосьці і кагосьці абавязкова ашчаслівіць, стаўшы на шлях ахвярнага служэння высакароднай ідэі. Заменгоф не дажыў да таго часу, калі канструяванне моваў выйшла на зусім новы ўзровень. Дыяпазон мэтаў пашырыўся — і шчасце чалавецтва ўжо не было галоўнай задачай паслядоўнікаў вялікага доктара. У канцы дваццатага стагоддзя канлангерства наогул зрабілася модным — мовы ствараюцца дзеля навуковых эксперыментаў, дзеля мастацкага эфекту, дзеля забавы і проста дзеля чыстага інтарэсу: як кубік Рубіка, як канструктар. Усеагульнае паразуменне між людзьмі — гэта ўжо занадта. Наіўная мегаламанія. Людзі мусяць быць сувымерныя тым мэтам, якія яны перад сабой ставяць.

…Алег Алегавіч, персанаж майго рамана “Сабакі Еўропы”, стварае мову бальбута — і ўжо ж дакладна робіць гэта не дзеля таго, каб некага ашчаслівіць. Паразуменне? Не, дзякуй. Алега Алегавіча не цікавіць паразуменне — хіба што з самім сабой, з тым цёмным бокам уласнай асобы, на якім жывуць мізантропія, манія велічы, роспач і адзінота. Вось яны неяк ужываюцца разам — і прага ўлады АА над мовай, прага ўлады хоць над нечым утрымлівае іх у межах створанага космасу. Бальбута — тая выспа, на якой АА ўсёмагутны імператар і бязлітасны суддзя. Таемная мова, з дапамогай якой АА марыць кіраваць вузкай элітай, такімі самымі, як ён, мізантропамі, маньякамі і інтэлектуаламі-фаталістамі.

Але не ўсё так проста ў гісторыі АА. Моўная сітуацыя, у якой ён існуе, нечым нагадвае сітуацыю маладога айца эсперанта: панаванне расійскай мовы — якую АА адчувае чужой і якой ён вымушаны скарыцца; беларуская — як мова марных мараў, паразаў і расчараванняў; ангельская і іншыя вялікія мовы культуры і інтэлектуальнай камунікацыі; ды нават і адроджаны іўрыт хвалюе АА не менш — гэта прадмет ягонай зайздрасці, прыклад рэалізаванай альтэрнатывы. А да ўсяго яшчэ і іншыя канлангі — паспяховыя і не (большасць канлангаў памірае разам са сваімі стваральнікамі; эсперанта — сапраўды вялікае выключэнне). Існаванне ў зоне моўнага канфлікту, у сістэме культурных іерархій і адчуванне свайго выпадзення з іх — вось што прымушае АА стварыць бальбуту. Яе паўстанне з нічога, з пустаты, якую запоўніла магутная і злая воля расчараванага інтэлектуала, — гэта ўцёкі АА ў выдуманы ім свет. Уцёкі з Беларусі, мінаючы Расію і Захад, у таемныя глыбіні самога сябе.

Пэўне ж, АА, захоплены мовамі, чытаў сёе-тое з Заменгофа — і, у прыватнасці, гэты вось знакаміты пасаж пра ўнутраную ідэю эсперанта, які можна ўспрымаць як своеасаблівы маніфест:

“На нейтральнай лінгвістычнай аснове прыбраць сцены паміж плямёнамі і прывучыць людзей да таго, каб у бліжнім сваім яны бачылі чалавека і брата…”

Як чалавек зусім новай, посткаланіяльнай, эпохі АА не можа не разумець усёй падманлівасці Заменгофавага намеру. “Нейтральная лінгвістычная аснова” эсперанта — фікцыя; створаная Заменгофам мова базуецца на лацінскіх і германскіх, радзей — славянскіх каранях, яна прыгожая чыста раманскай, чыста заходне- і паўднёваеўрапейскай прыгажосцю, яна ігнаруе ўвесь той свет, які існуе па-за Еўропай, і нават семіцкі свет не бярэцца ёю ў разлік (бо гэта было б толькі на шкоду дзецішчу Заменгофа). Эсперанта — еўропацэнтрычны і кан’юнктурны праект. Пры ўсім ягоным касмапалітызме Заменгоф — жывы прыклад яўрэйскай эмансіпацыі і ахвяра асіміляцыі. А яшчэ — прадукт старога еўрапейскага патрыярхату. Бо жанчына ў ідэальным свеце эспэранта — істота, якая будзе гаварыць той моваю, якой ёй скажуць; “сястрой” чалавек быць не можа, адно братам

Але яшчэ большае неразуменне ў АА мусілі выклікаць развагі пра сцены, якія эсперанта чамусьці мае прыбраць. Нібыта пабудаваныя чалавецтвам сцены — лёгкія, як кітайскія шырмы: адсунуў — і гатова.

Наогул, Сцяна для постсавецкага чалавека, якім ёсць АА, значыць зусім іншае, чым для чалавека эпохі Заменгофа. Сцяна — гэта паратунак ад навязлівага савецкага калектывізму, ад шуму таталітарнай (дый любой іншай дзяржавы) за ёй, гэта мяжа асабістай прасторы, якой АА і ўсім, хто жыў пры сацыялізме, так не хапала. Сцяна — мара эпохі камуналак, апошні рубеж свабоды, граніца прыватнага, на якую ўвесь час замахваецца і якую ўвесь час парушае дзяржава. Мы выраслі з марай пра надзейныя ўласныя сцены. “Савецкі Саюз распаўся, усе разышліся па сваіх нацыянальных кватэрах, адгарадзіліся сценамі…” — менавіта так гучаць нараканні настальгікаў па СССР, рыторыка плачу па вялікай імперыі абапіраецца на вобраз кватэраў, жытла, інтэрнатаў, сценаў, дамоў. АА не мае да савецкай імперыі сантыменту — але ён хоча стварыць сваю ўласную. Імперыю сваёй свабоды.

Сцяна. Калі прыбраць сцены, як заклікае Заменгоф, паваліцца ўвесь будынак. Сцены неабходныя, каб трымаць дах. Сцены важныя. Мы маем патрэбу ў сценах. Яны даюць творчасці тое, без чаго яна не можа адбыцца, — адзіноту. Месца, дзе творца застаецца сам-насам з сабой. “All in all you're just another brick in the wall” — але АА не збіраецца руйнаваць ніякіх сценаў. Больш за тое, без сценаў “змрочнай, задымленай, здымнай аднапакаёўкі ў горадзе М.”, свайго логава, сваёй штаб-кватэры, сваёй турмы, ён ніколі не прыдумаў бы бальбуту.

Магчыма, АА нават перакладае на бальбуту словы Заменгофа, каб праверыць, ці вытрымае яна столькі пафасу

“…Snistuzu strutika mizoju ujma sutejle, parous sutika okuzu u sutima sutima da usmautima…”

Не вытрымлівае. Скідвае лішняе. Пазбаўляецца ад баласту.

У бальбуце, якую стварае АА, няма словаў “мы” і “яны” — каб немагчыма было на іх спекуляваць. Бо як жа часта за “мы” і “яны” хаваецца жаданне зняць з сябе індывідуальную адказнасць, падзяліць людзей на правільных і няправільных. Кажы за сябе і не ўхіляйся ад выбару, мыслі крытычна, а не іерархічна, заклікае бальбута. Найвялікшай каштоўнасцю АА абвяшчае свабоду: bu samoje, будзь вольны! — так вітаюцца на бальбуце, і сама яна, паводле АА, balbuta samutima, мова свабоды. Як далёка ўсё гэта ад ідэалаў Заменгофа, ад ягонай мары пра, як пагардліва выказваецца АА, “оргію паразумення”. Заменгоф падараваў сваё вынаходніцтва ўсяму чалавецтву — АА спрабуе запячатаць сваю мову ў самога сябе, нібы джына.

Кожны канланг — таемны выклік богу. Тыя, хто будаваў вежу, хацелі “зрабіць сабе імя” — чаму б не ўспрымаць гэтыя словы ў лінгвістычным сэнсе: зрабіць сабе імя — значыць вынайсці сабе мову? АА будуе сваю Вавілонскую вежу асобна ад усіх — быццам дзіця, якое сыходзіць ад усіх у сваю пясочніцу і спрабуе адгарадзіць яе Вялікім кітайскім мурам пры дапамозе савочка й шуфліка.

Праўда, ёсць тут адна загваздка. У бога мізантроп і эгацэнтрык АА не верыць.

Ён ужо ні ў што не верыць, гэты доктар Дэсператыс, убогі Desperado мінскіх хрушчовак, нашчадак вялікага Заменгофа. Ён сядзіць у сваёй пракуранай аднапакаёўцы і напаўвуха слухае радыё. Лукашэнка. Пуцін. Трамп. Сірыя. Украіна. Мігранты. Футбол. Надвор’е. Рэклама.

Бог… У ягонай мове нават слова такога няма.

На ўсялякі вавілонскі выпадак.

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

1232