№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Клайв Стэйплз Льюіс

Лісты Круцяля (The Screwtape Letters)

Урывак

Пераклад з ангельскай Францішак Корзун
Д. Р. Р. Толкіну
Найлепшы спосаб выгнаць д’ябла, калі ён не адступіць перад тэкстамі Пісання, — высмейваць і зневажаць яго, бо ён не можа сцярпець пагарды.
Марцін Лютэр
 
Д’ябал… ганарлівы дух… не можа вытрываць кпінаў.
Томас Мор

 Прадмова

Я не бачу неабходнасці тлумачыць, як трапіла ў мае рукі ліставанне, якое я цяпер прапаную ўвазе публікі.

У тым, што датычыць д’яблаў, чалавечы род можа стаць ахвярай дзвюх раўназначных і супрацьлеглых памылак. Адна з іх — не верыць у існаванне д’яблаў. Другая — верыць і адчуваць празмерную і нездаровую цікавасць да іх. Для саміх д’яблаў абедзве памылкі аднолькава прыемныя, і яны з захапленнем вітаюць як матэрыяліста, так і прыхільніка магіі. Сцэнар паводзінаў, апісаны ў гэтай кнізе, лёгкадаступны любому, хто хоць аднойчы паспрабаваў яго прытрымлівацца. Але душэўна няўстойлівым ці ўзбудлівым людзям не трэба вучыцца ад мяне таму, што можа ім пашкодзіць.

Я раю чытачам памятаць, што д’ябал — хлус. Не ўсё, што кажа Круцель, трэба ўспрымаць як праўду, нават калі глядзець на гэта ягонымі вачыма. Я не спрабаваў вызначыць ніводнага з тых людзей, якія згадваюцца ў лістах, але думаю, што наўрад ці партрэты, скажам, а. Джала альбо маці апекаванца выпісаныя праўдзіва. У пекле гэтак жа, як і на зямлі, жаданае выдаюць за сапраўднае.

На заканчэнне мушу дадаць, што я не імкнуўся высветліць храналагічны парадак лістоў. Нумар XVII быў, напэўна, напісаны да ўвядзення карткавай сістэмы. Але думаецца, што д’ябальскі метад датавання не мае дачынення да зямнога часу, і я нават не спрабаваў перадаць яго. Гісторыя Еўрапейскай вайны, відавочна, не цікавіць Круцяля, за выключэннем таго, наколькі тое, што адбываецца цяпер, уздзейнічае на духоўны стан канкрэтнага чалавека.

К. С. Льюіс

Каледж Магдалены

5 ліпеня 1941 году

I

МОЙ ЛЮБЕНЬКІ ЧАРНОБЛІК!

З тваіх словаў я зразумеў, што ты кіруеш чытаннем нашага апекаванца і сочыш, каб кола яго сяброў складалася з матэрыялістаў. Але ці не хварэеш ты на пэўную наіўнасць? Здаецца мне, ты думаеш, што аргументацыяй можна вырваць яго з кіпцюроў Ворага. Гэта было б магчыма, калі б ён жыў на некалькі стагоддзяў раней. У той час людзі яшчэ вельмі добра ведалі, што даказана, а што не, і калі нешта было даказана, яны сапраўды ў гэта верылі. Іх мысленне яшчэ было звязанае з дзеяннем, і ланцуг разважанняў мог падштурхнуць іх да змянення ладу жыцця. Але мы збольшага пераадолелі гэта з дапамогай штотыднёвай прэсы і іншай такой зброі. Твой апекаванец з дзяцінства прывык да таго, што тузін супярэчлівых філасофій адначасова таўчэцца ў яго галаве. Ён ацэньвае дактрыны ў першую чаргу не як “сапраўдныя” ці “памылковыя”, а як “тэарэтычныя” ці “практычныя”, “састарэлыя” ці “сучасныя”, “агульнапрынятыя” ці “перадавыя”. Балбатня, а не аргументацыя ёсць тваёй найлепшай хаўрусніцай у справе абароны яго ад Царквы. Не марнуй часу ў спробах пераканаць яго ў сапраўднасці матэрыялізму! Укладзі яму ў мазгі, што матэрыялізм — гэта сіла, гэта магутнасць, гэта рашучасць, адным словам, што гэта філасофія будучыні. Менавіта гэта для яго найважнейшае.

Прыкрасць аргументацыі палягае ў тым, што бой пераносіцца на тэрыторыю Ворага. Ён таксама можа аргументаваць. Аднак у той сапраўды дзейснай прапагандзе, якую прапаную я, Ён, як паказвае досвед стагоддзяў, значна саступае Айцу нашаму Найніжэйшаму. Самім актам аргументацыі ты абуджаеш розум апекаванца, а калі ён абуджаны, хто можа прадбачыць вынік? Нават калі думка ў пэўную хвіліну паверне так, што спрэчка скончыцца на нашую карысць, ты ўбачыш, што ўмацаваў у апекаванцу небяспечную звычку паглыбляцца ў сур’ёзныя праблемы і адцягнуў яго ўвагу ад павярхоўнай плыні пачуццёвых перажыванняў. Твая задача — спыніць яго ўвагу на гэтых перажываннях. Прывучы яго называць гэта “рэальным жыццём” і не дазваляй задумвацца над тым, што азначае тут слова “рэальнае”.

Памятай, што ён, у адрозненне ад цябе, — не бясплотны дух. Ты ніколі не быў чалавекам (вось яна, жахлівая перавага Ворага!) і не разумееш, наколькі людзі заняволеныя ўладай штодзённасці. Калісьці ў мяне быў апекаванец, перакананы атэіст, які часам наведваў бібліятэку Брытанскага музея. Аднойчы, калі ён сядзеў там за чытаннем, я заўважыў, што яго думкі пачалі браць небяспечны кірунак. Вораг, натуральна, адразу ж апынуўся побач. Не паспеў я апамятацца, як плён маёй дваццацігадовай працы пачаў трашчаць па ўсіх швах. Калі б я разгубіўся і пачаў шукаць аргументы, усё б рухнула. Але я быў не такі дурны. Я ўдарыў па той струне яго душы, якая знаходзілася пад маім найбольшым кантролем, і падказаў яму, што надышоў час абедаць. Вораг, напэўна, падказваў яму (ах, як хацелася б падслухаць, што дакладна Ён ім гаворыць!), што роздум, наадварот, важнейшы за абед. Без сумневу, так яно і было, таму што, калі я сказаў: “Правільна, гэтыя праблемы занадта важныя, каб імкнуцца развязаць іх да абеду”, — мой апекаванец павесялеў, а калі я дадаў: “Значна лепей будзе вярнуцца сюды пасля абеду і падумаць на свежую галаву”, — ён быў ужо напаўдарозе да дзвярэй. Калі ён выйшаў на двор, бой быў выйграны. Я паказаў яму хлапчука, які прадаваў газеты, выкрыкваючы дзённыя навіны, і аўтобус № 73, што праходзіў міма, і перш чым ён паспеў паставіць нагу на прыступку, у яго галаве ўжо моцна засела перакананне: якія б дзіўныя ідэі ні прыходзілі ў галаву чалавеку, што заглыбіўся ў роздум сам-насам з кнігамі, здаровай дозы “рэальнага жыцця” (пад якім меліся на ўвазе аўтобус і хлапчук з газетамі) дастаткова, каб паказаць, што “ўсё гэтае насланнё” не можа быць праўдай. Ён ведаў, што ледзь пазбегнуў небяспекі, і пазней любіў расказваць пра “амаль няўлоўнае пачуццё рэчаіснасці, якое надзейна гарантуе нам бяспеку ад аблудаў чыстае логікі”. Цяпер ён у надзейнай бяспецы ў доме Айца нашага.

Разумееш, да чаго я вяду? Дзякуючы працэсам, якія мы запусцілі некалькі стагоддзяў таму, для іх стала амаль немагчымым паверыць у нязвыклае, калі звыклае перад вачыма. Здушвай свайго апекаванца банальнасцю рэчаў. Перш за ўсё не спрабуй выкарыстоўваць навуку (я маю на ўвазе сапраўдную навуку) для абароны ад хрысціянства. Навука прывучае чалавека думаць пра рэальнасці, якія ён не можа пакратаць ці ўбачыць. Ёсць сумныя прыклады сярод сучасных фізікаў. Калі яму абавязкова трэба плёскацца ў навуцы, трымай яго на эканоміцы і сацыялогіі, не дазваляй яму адыходзіць ад гэтага неацэннага “рэальнага жыцця”. А лепш за ўсё не дапускай яго да навукі ўвогуле, а ўкладзі яму ў мазгі ўяўленне, быццам ён ведае ўсё на свеце, а тое, што часам вырывае з выпадковых гутарак і такога жа выпадковага чытання, і ёсць “вынікам сучасных даследаванняў”. Памятай, што ты там для таго, каб тлуміць людзям галовы. А то як паслухаеш некаторых з вас, маладых дэманаў, дык можна падумаць, што вас туды паслалі, каб іх вучыць!

З найсаладзейшай ласкай да цябе

твой дзядзька

КРУЦЕЛЬ

Урывак цалкам можна спампаваць у розных фарматах па спасылках вышэй і ніжэй.
Пераклад з ангельскай – Францішак Корзун © 2014

Чытайце таксама

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Культавы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай айчыннай вайны

1995