№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мішэль Луё

Мова ворага (La langue de l'ennemi)

Апавяданне

Пераклад з французскай Юлія Новік
Навошта, кажуць мне, навошта
Ты шукаеш іншыя парогі,
Нібы жонка пасля разводу?
Навошта бадзяешся ты, і гэты крык твой,
Жанчына, калі ўздыхі світання пачынаюць блукаць па пагорках?
 
Мухамед Дзіб, Дар Збітар
 

Прысвячаецца Джоэр Амхіс

 

Кроў, лужыны крыві, кроў, што бруіцца, нібы вада з фантана, кроў, што прасочваецца, кроў, што высыхае на сонцы, свежая кроў, кроў анемічная, прыліў крыві, перарэзаная аорта, пласты крыві, што перакрываюць адзін аднаго тысячагоддзямі, змешаная кроў, кроў ахвяры, кроў забойцы, кроў ворага, кроў сябра, кроў невінаватага, кроў фанатыка, адрэзаныя канечнасці, і куля, што трапляе роўна ў сэрца, і пляма, якую не вывесці, крывавая зорка на кашулі, што захоўваецца ў шафе, высокашаноўная кроў брата, бацькі, дзядулі, адрэзаныя палавыя органы прызыўніка, партызана, паўстанца, чалавека па-за законам, адсечаныя галовы манахаў, колькі раскіданых целаў без пахавання ў полі, столькі мёртвых птушак на зямлі, яе засяваюць, я даю табе сваю кроў, я праліваю сваю кроў дзеля цябе, о мая зямля, напоўненая сонцам, о мая краіна, о мая радзіма, крывавы сцяг, перфузія, пераліванне крыві, нашая кроў, вашая кроў, дарма хацелі іх падзяліць, усе рэкі крыві ўпадаюць у мора, mare nostrum, mare vostrum. Ці варта тады яшчэ і яшчэ прыносіць у ахвяру адных, каб выратаваць іншых?

Даўно мінуў той час, калі яе апанавала жаданне вывучыць мову ворага. Такое вызначэнне даў яе бацька. Ён называў яе таксама мовай каланістаў, мовай акупантаў, пазычанай мовай. Ці не з нейкай шалёнай апантанасцю яна рынулася яе вывучаць, устрымліваючыся, аднак, ад таго, каб выкарыстаць яе, нібы зброю, супраць місіянеркі, што навучыла яе асновам мовы. У той час як іншыя бессаромна скажалі французскую, яна гадзінамі паўтарала словы, пакуль не знікала нават самая незаўважная хрыпата ў танальнасці. З палкай стараннасцю яна прадзіралася праз калючыя зараснікі марфалогіі, праполвала пырнік сінтаксісу. Яна нават збіралася набыць сабе гэты французскі сад, ва ўсякім разе, атруціць яго, калі не каланізаваць. Яна адшліфоўвала, паліравала, выраўноўвала сваю гаворку, марыла пра тое, каб прымусіць гэтыя словы спяваць, як яны спявалі ў вуснах вучняў Карла Арлеанскага, паэта, зняволенага ў Лонданскай вежы, як яны бруіліся пад пяром Жэрара дэ Нэрваля. Дзева агню. Яна пазнавала сябе ў гэтым вобразе. Поўная запалу змагарка, ваярка. Столькі намаганняў, каб засвоіць мову афіцэра, што дапытваў яе бацьку, бо менавіта па-французску яму пагражалі, абражалі, катавалі. Здараліся і перыяды адступлення, калі яна не хацела болей чуць ніводнага гуку гэтай мовы. Яна паварочвалася да яе спінай, каб вярнуцца да гарачага і пяшчотнага спеву матчынай мовы. Але ад нянавісці яна адно толькі знясільвалася, замаўкаючы на недабрадайнай глебе, дзе болей нічога не расло, патанаючы ў доўгай зіме злапомнасці. Ёй здавалася, што яна ніколі болей не зможа паглядзець у вочы іншага без таго, каб яе позірк не азмрочыўся непрыязнасцю. Але вось адным ранкам яе апанавала жаданне пакаштаваць свежага інжыру. Яна рашуча расчыніла блакітныя аканіцы невялікага дома, што ўзвышаўся на пагорку. Птушкі пішчалі, дрок зіхацеў залатым на сонцы. Удалечыні паблісквала ціхае мора. Яна села ў першую машыну, якая пад’ехала. Цэлы дзень, схаваўшыся пад скалой, яна слухала перашэптванне хваляў. Яны расказвалі ёй пра гэтую краіну за морам, з якой яна сябе адчувала знітаванай насуперак сабе.

Адкуль тады ўзялася гэтая сіла, што ўзняла яе, нібы саломінку, і панесла далей з краіны? Яна рушыла не самалётам, а на караблі, каб працягнуць яшчэ крыху задавальненне ад чакання. У Марсэлі яна не адчула разгубленасці на чужыне. Ёй хацелася рухацца на поўнач, на ўсход, як мага далей. Падчас усёй вандроўкі яна была сама не свая. Нечаканыя відзежы. Галасы, што раздзіралі душу. Як давяраць гэтай краіне, якая адмовілася нават ад тых, хто рызыкаваў жыццём дзеля яе! Ці думала яна пра тое, што магла сама адрынуць сваіх? Ты заблукаеш, ні ўсход, ні захад не змогуць спалучыцца, — казаў Кіплінг, — тое ж самае пра поўнач і поўдзень. Людзі, якіх яна даўно не бачыла, былі грубымі з ёй. Іх галасы ўсё болей прыгняталі. Раздражнёны твар бацькі змяняўся засмучаным тварам маці, якая нічога не казала, што было яшчэ больш балюча. Маці маўчала, як маўчала тады, калі французскі афіцэр пытаўся ў яе, дзе хаваецца яе муж. Годнае маўчанне. Афіцэр не настойваў. Дзе ж падзеўся той агонь, што запальваў сэрца паўстанцаў пад зорным небам у гарах? Пра што маўчыць жалобная песня ? Яна не змагла б сказаць. Не магла заткнуць сабе вушы. Ці гэтага хацелі нашыя вызваліцелі? Таксама не магла забыцца на заклік, адрасаваны асабіста ёй. Сэрца разрывалася, і не было нікога, з кім пагаварыць, нікога тут, нікога там, нікога сярод жывых, нікога сярод памерлых. Аднак ці не выконвала яна цяпер пажаданне сваёй маці, якая цяжка працавала, каб яе дзеці займелі вышэйшае становішча? Або хаця б не забывалі. Яна пачала зноў размаўляць са словамі, прасіць у іх прабачэння, імкнучыся растлумачыць ім сваё рашэнне, спадзеючыся ўлагодзіць бацьку. Мы бралі шлях пад свой кантроль. Як магла яна заставацца неадчувальнай да хрыплага крыку, што вырываўся з нетраў зямлі? Яна працягвала размаўляць з ім пяшчотна, як размаўляла з ім там, у пакоі. Не мела сэнсу ісці на вясковыя могілкі на схіле пагорка. Не было нават дакладных звестак, ці яго цела там спачыла. Цярпенне і час у дапамогу, і ён бы зразумеў учынак сваёй дачкі. Шнары на твары, якія мы паказваем свету, не паспелі зарубцавацца, як новыя раны нанеслі нам нашыя ўласныя браты. Гэта яшчэ адна прычына зноў выправіцца ў дарогу. Не ўсе былі эксплуататарамі, — казала бабуля. — Шмат хто з іх любіў гэтую краіну, з якой яны былі вымушаныя бегчы. А некаторыя нават засталіся, каб ёй служыць. Насамрэч перашкоды былі такія, што яна не была ўпэўненая, што мае сілы іх пераадолець. Гасподзь Бог, як далёка ён быў, той, як далёка! [1].Яна вагалася паміж дзвюма цёмнымі водамі, пакінуўшы цвёрды бераг, ёй не ўдавалася дасягнуць іншага берага. У той момант, як надзея, здавалася, была ўжо страчаная, берагавыя лініі пачалі рухацца. Яна зноў з’явілася на паверхні, сабралася з думкамі і паглядзела вакол сябе. Там былі тысячы дрэваў, вырваныя з коранем са сваёй радзімы, якія не маглі ці не хацелі ўрастаць у прыёмную краіну. Лёс мужчын і асабліва жанчын яе кранаў. Цяпер яна згадвала сябе тую, якая была тут, але марыла жыць там, якая ўвесь час шкадавала, што не магла наважыцца з’ехаць, што вырашыла сысці і не вярнулася, тую, што знаходзілася там, але адсутнічала і падсілкоўвала сваю настальгію з дамешкам дакору, тую, што лічыла сябе алжыркай і мела ўсё ад парыжанкі, тую, што вырашыла ўстаць і застацца ў краіне, каб быць там карыснай, усіх тых, што то адкрывалі, то хавалі свае раны, яна магла б падпісацца пад кожным з гэтых варыянтаў, але ці не яна цяпер перажывае ўсе гэтыя этапы?

 Тое, што нам патрэбна, — гэта рука, што выцягнецца да нашай і выцягне нас на іншы бок. Як у сне, яна слухала гэтага чалавека, што нефармальна звяртаўся да разнамаснай публікі ў глыбіні залы страсбургскай кавярні, куды яна выпадкова зайшла. Дэзарыентаваныя… шукаць сваю дарогу… адкрыць сябе… пераадолець этап… перарэзаць вяроўку… уцёкі… унікнуць свайго лёсу… не адмаўляць чужынца ў сабе… разарваць кола… выйсці з ценю... Паглядзець па-новаму… пачакаць, пакуль расплюшчацца вочы. Словы адкрывалі перад выгнанніцай столькі выйсцяў. Яна адчувала, што яе сэрца надзьмуваецца. Не, гэта быў не сон. Мужчына ва ўзросце, але яшчэ моцны, сапраўды стаяў перад ёй і працягваў гаварыць. Так, як сеяць слова, як выгадаваць у сабе надзею, даць прычыну жыць гэтым істотам, што прыйшлі з іншага краю свету ці тут нарадзіліся, але больш не ведаюць, дзе яны, адкуль яны, куды яны ідуць, чаму яны разам. Яны падобныя да апалага лісця, што падпарадкоўваецца ў сваім руху волі вятроў, і, што б яны ні рабілі, замыкаліся на сваіх асаблівасцях ці раставалі ў масе, яны страчваюць сябе. Хто зможа зноў аб’яднаць гэтых заблукалых авечак? Як жыць з сабой і сваёй гісторыяй, як жыць з іншымі? Настаўнік, таму што яна яго такім прызнавала, задаваў балючыя пытанні, не жадаючы ім даць гатовыя адказы, і ёй гэта падабалася. Упершыню за доўгі час камень упаў з яе сэрца. Для дваіх ноч стане святлейшай. Яму падалося, што мяккі погляд на момант асвятліў яго твар.

 Ён жа таксама з’ехаў, а пасля вярнуўся. Ён яшчэ не ведаў, дзе яго месца, блукаў па горадзе, пачынаў гаварыць паміж працяглымі паўзамі, няважна дзе, у кавярні, на лаўцы, у парку, на беразе рэчкі ці на мастку паміж двума берагамі. Чалавек памежны, я імкнуся да дня, калі спыняцца міжусобныя бойкі, якія аслабляюць краіну. Але колькі тых, каму неабыякавы яе лёс? Я хацеў бы без аніводнай ілюзіі, каб саюзныя сілы ўзялі верх над тэндэнцыямі падзелу. Як можна патрабаваць ад тых, хто нядаўна прыбыў, каб яны шанавалі краіну, у той час як патрыятычнае пачуццё зганьбаванае многімі з тых, хто нарадзіўся ў гэтай краіне і чые продкі пралівалі кроў і пот у траншэях Вердэна? Нібыта старадаўняя песня, якую ён напяваў для сябе. У адрозненне ад французаў унутры краіны, якія выбіраюць пазіцыі згодна з Дваром, з Каралём, з цэнтральнай уладай, або каб яго падтрымаць, далучыцца да яго, або каб яго перамагчы, чалавек памежны вызначаецца ў залежнасці ад вонкавай небяспекі. Пасля працяглага маўчання ён абвёў вачыма рэдкіх слухачоў. Я веру ў неабходнасць адчуваць сваю прыналежнасць, я зашмат пакутаваў ад страты каранёў, каб узвесці гэта ў дабрадзейнасць, нават калі я ведаю, што з цягам часу чалавек імкнецца аддзяліцца. Пацвярджалася ўражанне таго, што, не зважаючы зусім на яе, ён гаварыў менавіта для яе. Ён лічыў сябе эмігрантам з унутранай краіны, што існуе, задыхаючыся ў ізаляцыі. Пастаянная грамадзянская вайна, якая супрацьпаставіла Блакітных, Белых і Чырвоных, здаецца, стала вайной словаў і падавалася яму невыноснай. Тое, што гучала некалькі разоў, нібы балючы рэфрэн, закранула яе. Ён таксама пакутаваў, ён таксама быў нібы заціснуты капылам. У яго аповедзе яна прачытвала сваю гісторыю. Аднойчы пасля абеду, калі не засталося больш нікога, каб паслухаць таго, каго малады наведнік прыняў за старога зануду, зусім нікога, акрамя яе, яна наважылася падысці да яго. Яе здзівіла тое, што ён змог захаваць у сваёй адрынутасці паставу, якая ўзрушыла яе, нагадаўшы аднаго апавядальніка з яе вёскі. Кожны павінен адмовіцца ад сваіх ілюзій, якія ён захоўвае наконт самога сябе, каб мець магчымасць раскрыцца перад іншым. Ён не быў здзіўлены, такое ўражанне, што ён яе чакаў. Ёсць сустрэчы, у якія, калі яны здараюцца, верыш, што яны былі наканаваныя спакон. Ён гаварыў нізкім голасам, сівым голасам, ледзь чутным, нібы хрыпеў, разбіваючы ёй сэрца. Выказаўшыся за Францыю ў 1871 годзе і страціўшы ўсю сваю маёмасць, яго дзядуля пасля далучэння Эльзаса паехаў жыць у Алжыр. Пасяленец, як і іншыя, ён змог зрабіць урадлівай зямлю, адабраную ў кабільскіх паўстанцаў, забітых або пасаджаных у астрог. Мой бацька да смерці не мог дараваць Францыі таго, што яна адрынула Алжыр, адмовілася ад Алжыра, які ён заўсёды лічыў французскім. Мне не ўдалося яго пераканаць, што Алжыр не яшчэ адзін Эльзас і Латарынгіяй, якія вырвала ў Францыі пераможніца Германія. Наадварот, Францыя прыўлашчыла Алжыр, а з яго жыхароў зрабіла прыслужнікаў. Такая дарога пройдзеная, каб у выніку пачуць скаргу іншага, але яна не шкадавала пра гэта. Я хацеў вярнуцца туды, адкуль з’ехалі мае продкі. Ён запрасіў яе ў канец стала, пачаставаў яе хлебам, намачыўшы яго ў аліўкавым алеі. Яна не магла стрымаць слёз радасці, што цяклі па шчоках.

 Я, здаецца, зразумеў, што вы хацелі “спаліць Мальера”, як ваш выбітны пісьменнік.

 Ён не хацеў паміраць да таго, як не перадасць ёй усё, што ведаў пра гэтую мову, на якой размаўляў і на якой пісаў з лёгкай вытанчанасцю. Ён вельмі хацеў звярнуць яе ўвагу на тое, што яе продкі гаварылі на іншай мове, алеманскім дыялекце, які паступова забывалі ў Алжыры, замяняючы французскай мовай. У сваю чаргу, яна паглыбілася да драбніцы ў гэтую мову, вывучаючы безупынна старую французскую, лацінскую і нават грэцкую, наталяючы прагу ў вытоках гэтай міжземнаморскай культуры, што абмывала абодва берагі, чытаючы Рутбёфа, Віёна, Шэнье, Верлена, Элюара, паэтаў, чые песні сплаўляліся ў ёй. Куды сышла маладая Таранціна, дзе леташнія снягі, мая адзіная зорка памерла, мілая, няхай надыдзе ноч, праб’е гадзіннік, пойдзем глядзець на дождж над горадам, у маім школьным сшытку я пішу тваё імя. Ці можа быць так, што гэтая мова, да якой яшчэ нядаўна адчувалася нянавісць, сталася мовай збавення, ці, яшчэ лепей, мовай сябра? Вядома, яна была пазбаўленая пранізлівага гучання матчынай мовы, яна была няздольная востра перадаць сілу эмоцый і яркасць выяваў, гэта была мова тых, хто шыў і праў, мова песняў і баладаў, мова, здольная абазначыць тысячу і адно адценне закаханасці. Яна прачытала з ім “Раман пра ружу”. Куртуазнае каханне несла ўздзеянне, ажыўленне, месца сустрэчы. З гарачым сэрцам чытала яна “Федру” па матывах антычных трагедый, калі народ быў яшчэ больш апантаны. Не, прорва была не такая глыбокая, як некаторыя кажуць. Вятры дзьмулі над морам. Выявы, што змяняюць адна адну, моцныя пахі, рэзкі смак — усё гэта прынеслі вашыя пісьменнікі, не баючыся паламаць сінтаксічную структуру і ўзбадзёрваючы літаратуру, што чэзне. Нібыта мы больш уважлівыя да іх традыцыі, чым яны самі! Вы нам вяртаеце ў сто разоў болей, чым атрымалі. Яны гутарылі няважна дзе, няважна калі. Яны любілі адно аднаго. Яна спявала для яго, ён пісаў для яе. Жыццё — гэта кола, якое не замыкаецца, смерць — усяго толькі адчыненыя дзверы. Бясстрашна ён перайшоў у іншы свет. І менавіта яна закрыла яму вочы.

 Я хацела б сесці побач з вамі пад аліўкавым дрэвам. Натуральна, яна вярнулася ў краіну, нібы жадаючы выканаць апошнюю волю Настаўніка. Ёй здавалася, што яна вярталася разам з ім. Яна выпраўлялася зноў да дома бабулі, яна б збірала аліўкі, рыхтавала варэнне са смоквы, вырошчвала бараноў, прала воўну. Як толькі яна ступіла на гэтую зямлю, як краіна сама проста прывяла да яе вытокаў. Гэтая вандроўка выявіла яе сапраўдны твар. Глыбока ўнутры яе нараджалася песня. Крык, які вырываўся з яе на тэрасе дома. Вясновым днём яна выйшла, апранутая ў бабуліну жоўта-зялёную сукенку, упрыгожыўшы сябе яе срэбным калье з аправай з каралаў, яна прайшла, узняўшы рукі, адкрыўшы далоні, уздоўж вулак, і ўсе стоўпіліся вакол яе, я аліўкавае дрэва, мае карані паглыбляюцца ў нетры кантыненту, развінаюцца да пустыні і праз мора да гэтай краіны, якую я не здолела ненавідзець, голас праходзіў скрозь сцены, узрушваў снег на градзе гор, я голуб, самум падымае крылы з пяску і нясе мяне да поўначы па-над пенай, паміж хвалямі, голас, які быў адначасова яе і ішоў аднекуль, адна за адной барвовыя зоркі падалі і знікалі ў глыбіні мора, я паходня, я палымнею, нібыта агні, што запальвалі некалі продкі на вяршынях нашых пагоркаў, каб папярэдзіць братоў пра набліжэнне небяспекі, яна цяпер хадзіла з горада ў горад, распаўсюджвала пасланні, паказвалася, выступала па радыё і тэлебачанні, не ашчаджаючы сябе, ідучы да мяжы сваіх сіл, няхай рэкі і рэчкі цякуць назад, і мора крыві, што з’яўляецца, няхай знікне і няхай вясёлка разгорнецца з адной зямлі да другой! “Вясёлка”. Яна прамаўляла гэтае слова, сваё апошняе слова. Прамовіўшы яго на адным дыханні на трох мовах, па-арабску, па-французску, па-кабільску, яна, радасная, выпусціла дух.

 

8 красавіка 2012

Пераклад з французскай – Юлія Новік © 2014

Чытайце таксама

Алег Шынкарэнка

Алег Шынкарэнка

Нарадзіўся ў Запарожжы

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Караль Жэра

Караль Жэра

Беларуска-польскі пісьменнік і педагог

Дайва Чапаўскайтэ

Дайва Чапаўскайтэ

Літоўская паэтка, аўтарка драматычных твораў.

981