№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Айн Рэнд

Новаму інтэлектуалу (For the New Intellectual)

Урыўкі з кнігі

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута

Прадмова

 

Гэтая кніга прызначаная тым, хто хоча ўзяць на сябе адказнасць быць новымі інтэлектуаламі. Яна ўтрымлівае асноўныя філасофскія вытрымкі з маіх раманаў і падае кароткі змест новай філасофскай сістэмы.

 

За дадзенымі ўрыўкамі (асабліва гэта датычыць прамовы Галта) хаваецца ўся сістэма, аднак дзеля таго, каб акрэсліць яе асновы, неабходна дэтальна і сістэматычна асэнсаваць яе ў асобнай філасофскай працы, што патрабуе больш часу. Напісаннем такой працы я цяпер і займаюся — у ёй найперш разглядаецца пытанне пра эпістэмалогію (якое толькі злёгку закранаецца ў прамове Галта) і прапануецца новая тэорыя прыроды, крыніц і легалізацыі ідэяў. Напісанне такой працы займае некалькі гадоў, і таму, пакуль яна не скончаная, у якасці дапаможніка альбо даведніка, дзе робіцца агульны агляд створанага раней, я прапаную гэтую кнігу. Яна можа разглядацца як канспект асноўных ідэяў і паказаць неабходныя кірункі, аднак толькі пры ўмове, што чытачы здольныя дабрацца да самай сутнасці справы і зразумець, які сэнс стаіць за кожным з гэтых урыўкаў.

 

Мяне часта пытаюць, хто я найперш — раманіст ці філосаф. На гэта можна адказаць: і тое, і тое. У пэўным сэнсе кожны раманіст — філосаф, бо немагчыма стварыць карціну чалавечага быцця, не маючы сваёй філасофскай сістэмы поглядаў. Гэтая сістэма поглядаў можа выяўляцца ў творы наўпрост ці ўскосна; раманіст можа ўсведамляць яе ці не і прытрымлівацца сваіх поглядаў свядома ці несвядома. Адсюль вынікае неабходнасць выбіраць: будзе ў творы выяўленае індывідуальнае ўспрыняцце пісьменніка наяўных філасофскіх ідэяў ці ён створыць уласную філасофскую сістэму. Я выбіраю другі варыянт. Стварэнне філасофскай сістэмы не ёсць адмысловай задачай раманіста, аднак я павінная яе стварыць, бо мае погляды на чалавека і яго быццё супярэчаць большасці існых філасофскіх тэорыяў. Дзеля таго, каб акрэсліць, растлумачыць і паказаць маю канцэпцыю чалавека, мне неабходна зрабіцца філосафам у поўным значэнні гэтага слова.

 

Для тых, хто цікавіцца развіццём маіх поглядаў у часе, я ўлучыла ў кнігу ўрыўкі з усіх чатырох маіх раманаў. Так можна назіраць змяненне агульнай скіраванасці твораў: ад палітычнай у рамане “Мы — жывыя” да метафізічнай у рамане “Атлант расправіў плечы”.

 

Усе гэтыя ўрыўкі сцісла выкладаюць асноўную думку — больш поўна яна выяўляецца ў кожным рамане праз апісанне падзеяў. Падзеі ў дадзеным выпадку выконваюць функцыю канкрэтызацыі і дэталізацыі, а ў прамовах герояў робіцца адцягненае падсумаванне.

 

Калі я кажу, што гэтыя ўрыўкі — толькі кароткі змест, я не маю на ўвазе, што агулам мая сістэма ўсё яшчэ патрабуе акрэслення і вывучэння. Я акрэсліла яе перад тым, як пачала пісаць раман “Атлант расправіў плечы”, і прамова Галта — яе кароткае падагульненне.

Пакуль я не скончыла апісанне маёй філасофіі ў поўнай форме, гэтая кніга можа быць яе кароткім зместам, альбо праграмай, альбо маніфестам.

 

З прычынаў, якія зробяцца зразумелымі на наступных старонках, мая філасофія называецца аб’ектывізмам.

 

кастрычнік 1960

 

 

 

З рамана “Крыніца”

 

Прырода другаснікаў

 

Гэта ўрывак з размовы паміж Говардам Роркам і яго сябрам Гейлам Ўайнандам, у якой Рорк тлумачыць сваё разуменне псіхалогіі тых, чыя матывацыя дзеянняў акурат супрацьлеглая яго матывацыі.

 

Гэта акурат тое, што я цягам доўгага часу не мог у людзях зразумець. Яны не маюць свайго эга. Яны карыстаюцца эга іншых. Яны жывуць нібыта праз другія рукі. Паглядзі на Пітэра Кітынга... Я бачыў яго — тое, што ад яго засталося, — і гэта дапамагло мне зразумець. Ён расплачваецца за гэтую загану, і здзіўляецца, і гаворыць сабе, што быў занадта эгаістычным. Але які яго ўчынак ці думка хоць калі-небудзь былі эгаістычнымі? Якую мэту мае ён у жыцці? Веліч — у вачах іншых людзей. Слава, прызнанне, зайздрасць — усё, што ідзе ад іншых. Іншыя навязваюць яму свае погляды, якіх ён не трымаецца, але задаволены тым, што іншыя думаюць, нібыта ён трымаецца іх. Іншыя — гэта сіла, якая ім рухае, імі ён цікавіцца найперш. Ён не хоча быць велічным, але хоча, каб яго такім лічылі. Ён не хоча ствараць, але хоча, каб яго прызнавалі стваральнікам. Ён пазычае меркаванні ў іншых людзей, каб уразіць іх. Гэта і ёсць тое самае сапраўднае самаадмаўленне. Менавіта свайму “я” ён здраджвае, менавіта ім ахвяруе. Але ўсе называюць яго эгаістам...

 

Ці ж не тут ляжаць карані любога агіднага ўчынку? Не ў эгаізме, а акурат у адсутнасці эга. Паглядзі на іх. Чалавек, які падманвае і махлюе, але захоўвае вонкава прыстойны выгляд. Ён ведае пра сваю несумленнасць, але ўсе астатнія думаюць, што ён сумленны, — і гэты факт дае яму падставу паважаць сябе; гэта павага праз другія рукі. Чалавек, які заваяваў давер дзякуючы подзвігу, якога не здзейсніў. Ён ведае пра сваю пасрэднасць, але ён вялікі ў вачах іншых. Падмануты ў сваіх надзеях няшчасны, які робіць выгляд, што любіць тых, што стаяць ніжэй за яго, і чапляецца за тых, што менш забяспечаныя, каб праз параўнанне сцвердзіць сваю перавагу... Яны — другаснікі...

 

Яны не цікавяцца фактамі, ідэямі, працай. Яны зацікаўленыя толькі ў людзях. Яны не пытаюць: “Гэта праўда?” Яны пытаюць: “Ці лічаць гэта праўдай іншыя?” Не рабіць высновы, а паўтараць. Не вырабляць, а рабіць выгляд, што вырабляюць. Не ствараць, а выстаўляцца. Не заслужыць, а сцягнуць. Мае значэнне не здольнасць, а стасункі з іншымі. Што здарылася б са светам, калі б не было тых, хто вырабляе, думае, працуе, стварае — калі б не было эгаістаў? Нельга думаць чужой галавой і працаваць чужымі рукамі. Адмаўляючыся разважаць самастойна, адмаўляешся ад самаўсведамлення; перастаеш усведамляць сябе — перастаеш жыць. Другаснікі не ўспрымаюць рэальнасць. Іх рэальнасць знаходзіцца не ўнутры іх саміх, а недзе ў той прасторы, якая аддзяляе адно чалавечае цела ад другога: не нешта істотнае, а сувязь — з нічым, з пустатой. Я не магу зразумець у людзях менавіта гэтай пустаты. Яна спыняла мяне ўвесь час, калі я сутыкаўся з любой камісіяй. Людзі без эга. Меркаванне без мысленчага працэсу. Рух без тармазоў і матору. Сіла без адказнасці. Другаснік дзейнічае — але прычыну яго дзеяння можна шукаць у любым іншым чалавеку на зямлі. Яна паўсюль і нідзе — і ўпэўніць яго ў чымсьці немагчыма. Ён не бачыць здаровага сэнсу. З ім немагчыма гаварыць — ён не зможа пачуць. Ты шчыруеш перад пустой лавай. Сляпая маса накінецца на цябе, каб раздушыць — без аніякага сэнсу ці мэты...

 

Заўваж, як яны згодныя прыняць усё — апроч выдатнага чалавека, чалавека, што лепшы за іх. Яны пазнаюць яго адразу ж... Яны ненавідзяць яго асаблівай, падступнай нянавісцю. Яны прабачаюць злачынцам. Яны захапляюцца дыктатарамі. Злачынства і гвалт — гэта вязьмо. Свайго роду ўзаемазалежнасць. Ім трэба быць звязанымі. Ім неабходна навязаць свае нікчэмныя маленькія індывідуальнасці кожнаму асобнаму чалавеку, якога яны сустрэнуць. Незалежная асоба забівае іх — бо ўнутры яе іх не існуе, а гэта адзіная вядомая ім форма існавання. Заўваж гэтае зласлівае абурэнне любой ідэяй, якая закранае незалежнасць. Заўваж гэтую злосць да любога незалежнага чалавека...

 

Пасля таго, як людзям стагоддзямі ўбівалі ў галаву, што альтруізм — гэта найвышэйшая ідэя, яны прынялі яе, але прынялі адзіна магчымым чынам: шукаючы самапавагі ў іншых. Жывучы, набыўшы сябе праз другія рукі. І гэта адчыніла дзверы любым жахам. Гэта зрабілася страшнай формай эгаізму, якую ніколі не зразумее сапраўды эгаістычны чалавек. І цяпер дзеля таго, каб вылечыць свет, які гіне ад самаадмаўлення, нам кажуць знішчыць эга. Паслухай гэтыя сучасныя казані. Паглядзі на людзей вакол нас. Ты здзіўляешся, чаму яны пакутуюць, чаму шукаюць шчасце і ніколі не знаходзяць яго? Спыніся любы з іх і спытай сябе, калі ён апошні раз адчуваў сваё, сапраўднае жаданне, — ён не адказаў бы на гэтае пытанне. Ён зразумеў бы, што ўсе яго жаданні, яго намаганні, яго мары, яго імкненні матываваныя іншымі людзьмі. Насамрэч ён не змагаецца нават за матэрыяльнае багацце, ён змагацца за ілюзію, набытую праз другія рукі, — за прэстыж. За таўро “Ухвалена!”, за чужое таўро. Барацьба не дае яму ніякае радасці, і калі ён дасягае свае мэты, ён таксама не радуецца. Няма таго, пра што ён мог бы сказаць: “Вось тое, чаго я хацеў, бо я хацеў гэтага для сябе, а не дзеля таго, каб на мяне ўтаропліваліся суседзі”. І пасля ён дзівіцца — а чаму гэта я такі нешчаслівы? Шчасце ў любой сваёй форме — рэч прыватная. Самыя значныя моманты ў нашым жыцці — толькі нашыя, для нас і больш ні для кога. Самае для нас дарагое і недатыкальнае — тое, што мы выбіраем, адмаўляючыся ад непераборлівасці. Але цяпер нас вучаць выставіць усё, што маем, на публічны агляд, і кожны можа гэта абмацаць. Нас вучаць шукаць радасці ў людных месцах. Мы нават не прыдумалі слова, каб дакладна вызначыць якасць, пра якую я думаю, — самадастатковасць чалавечага духу. Не хочацца называць гэта сябелюбствам ці эгаізмам, бо сэнс гэтых словаў скажоны, яны вызначаюць цяпер асобу Пітэра Кітынга. Гейл, я думаю, што адзінае, найвялікшае зло на зямлі — гэта быць найперш зацікаўленым у іншых. Я заўсёды шукаў асаблівую якасць у людзях, якія мне падабаюцца. Я заўсёды заўважаю яе з першага погляду, і гэтая адзіная чалавечая якасць, якую я паважаю. Так я выбіраю сяброў. Цяпер я ведаю, што гэта такое. Самадастатковае эга. Усё астатняе не мае значэння.

 

 

 

Душа калектывіста

 

Гэта ўрывак са споведзі антыпода і галоўнага ворага Рорка Інварта Тухі, сацыёлага і архітэктурнага крытыка, які ўсё жыццё працаваў на ўсталяванне калектывісцкага грамадства. Споведзь звернутая да адной з яго ахвяраў.

 

Менавіта так я заўсёды казаў. Дакладна, адназначна і адкрыта. Не мая віна, што ты не мог гэта пачуць. Безумоўна, ты мог. Але ты не хацеў. А для мяне гэта яшчэ зручней, чым калі б ты быў глухі. Я казаў пра тое, што хачу кіраваць. Хачу, як і ўсе мае духоўныя папярэднікі. Аднак мне пашчасціла болей, чым ім. Я атрымаў у спадчыну ўсе іх здабыткі і зрабіўся адзіным, хто ўбачыць ажыццяўленне вялікае мары. А яна сёння пачынае ажыццяўляцца. Я бачу гэта. Мне гэта не падабаецца — але ніхто і не чакае, што гэта будзе падабацца. Задавальненне — не мой лёс. Нейкую асалоду я, безумоўна, атрымаю, калі мае здольнасці дазволяць гэта. Я буду панаваць...

 

Пытанне палягае толькі ў тым, каб знайсці рычаг. Калі навучышся кіраваць душой аднаго чалавека — усё чалавецтва тваё. Адна душа, Пітэр, адна душа. Не бізун, не меч, не кулямёт. Вот чаму ўсе гэтыя цэзары, атылы, напалеоны былі дурнямі і доўга не пратрымаліся. Мы — пратрымаемся. Душой, Пітэр, кіраваць немагчыма. І мы гэта выправім. Убі ў душу клін, прасачыся туды — і чалавек твой. Навошта тады бізун — чалавек яго сам прынясе і папросіць, каб яго адхвасталі. Выверні яго — і яго ўнутраны механізм зробіць за цябе ўсю працу. Прымусь яго пайсці супраць сябе. Хочаш ведаць, як гэта робіцца? Паглядзі — я калі-небудзь маніў табе? Калі ты не слухаў усе гэтыя гады, калі ты не хацеў чуць — гэта твая віна, а не мая. Існуе шмат спосабаў, і гэты — адзін з іх. Прымусь чалавека адчуць сябе дробным. Прымусь адчуць сябе вінаватым. Забі яго мару, забі яго цэльнасць. Гэта складана. Нават найгоршыя сярод вас усё ж намацваюць свой пакручасты шлях да ідэалу. Забі цэльнасць, разбэсціўшы душу чалавека. Прымусь яго душу пайсці супраць сябе. Скіруй яго да мэты, якая разбурыць яго цэльнасць. Усхваляй самаахвярнасць. Скажы чалавеку, што ён павінен жыць дзеля іншых. Скажы яму, што альтруізм — гэта ідэал. Ніхто і ніколі не зможа дасягнуць гэтага ідэалу. Інстынкт самазахавання любога чалавека паўстане супраць гэтага. Але ці разумееш ты, чаго дабіўся? Чалавек усведамляе, што ён не здольны дасягнуць таго, што выбраў сабе за найвысакароднейшую мэту — і гэта прымушае яго адчуць сябе вінаватым, заганным, непаўнавартасным. Яго найвышэйшы ідэал будзе недасягальны, і ўрэшце ён здрадзіць усім сваім ідэалам, марам, адчуванню ўласнай каштоўнасці. Ён пачынае лічыць сябе абавязаным усхваляць тое, чаго сам не можа дасягнуць. Але нельга быць напалову дабрадзейным альбо амаль сумленным. Цэльнасць здабываецца ў цяжкім змаганні. А навошта змагацца за тое, што здаецца сапсаваным? Ён перастае паважаць сябе. Цяпер ён належыць табе. Ён паслухмяны. Ён рады быць паслухмяным — бо давяраць сабе болей не можа, бо адчувае сябе няўпэўненым і амаральным. Гэта адзін спосаб. Ёсць і другі. Знішчы маральныя крытэры чалавека. Знішчы яго здольнасць бачыць вялікае ці дасягаць яго. Нельга кіраваць вялікімі людзьмі. Нам вялікія людзі не патрэбныя. Не адмаўляй велічы. Разбурай яе знутры. Вялікае — рэдкасць, выключэнне, бо дасягнуць яго складана. Прыдумай такія крытэры, згодна з якімі дасягнуць велічы можа кожны, нават самы нязначны, нават самы няздольны чалавек, — і ты знішчыш імпэт да дзеянняў любога чалавека, вялікага і дробнага. Ты знішчыш жаданне быць найлепшым, выключным, дасканалым... Не пачынай з разбурэння святыняў — так ты толькі напалохаеш людзей. Услаўляй пасрэднасць — і святыні будуць зрынутыя. Ёсць яшчэ адзін спосаб. Забівай смехам. Смех — інструмент чалавечай радасці. Навучыся выкарыстоўваць яго дзеля разбурэння. Ператвары смех у кпіны. Гэта проста. Парай ім смяяцца з усяго. Скажы ім, што пачуццё гумару — гэта абсалютная цнота. Хай у чалавечай душы не застанецца нічога святога — тады ўласная душа перастане быць святой. Забі павагу — і ты заб’еш у чалавеку героя. Нельга шанаваць нешта, хіхікаючы. Ён будзе паслухмяны, і паслухмянасць гэтая будзе бязмежная — усё мінае, няма нічога сур’ёзнага. І яшчэ адзін спосаб, самы важны. Не дазваляй чалавеку быць шчаслівым. Шчасце незалежнае і самадастатковае. Шчасліваму чалавеку няма да цябе ні справы, ні часу. Шчаслівыя людзі — свабодныя. Забі радасць у іх жыцці. Адбяры ў іх дарагое і важнае. Не дазваляй ім атрымаць тое, чаго яны хочуць. Прымусь іх паверыць, што сам факт жадання — загана. Давядзі іх да такога стану, пры якім натуральнае права сказаць “Я хачу” ператвараецца ў ганебнае дапушчэнне. У гэтым вельмі дапамагае альтруізм. Нешчаслівы чалавек прыйдзе да цябе. Такім людзям ты патрэбны. Яны шукаюць суцяшэння, падтрымкі, збавення. Прырода не дазваляе пустаты. Калі чалавечая душа пустая, можна запоўніць яе чым заўгодна. Не разумею, што цябе так уразіла, Пітэр. Гэты спосаб — самы старажытны. Успомні гісторыю. Успомні любую вялікую этычную сістэму, пачынаючы з усходніх. Ці не ўсхвалялі яны ўсе ахвяраванне ўласным шчасцем? Ці не хаваўся пад усім іх шматслоўем адзіны лейтматыў: ахвяраванне, выраканне, самаадмаўленне? Ці не здолеў ты ўхапіць іх адвечную песню: “Ахвяруй, ахвяруй, ахвяруй, ахвяруй”? Зірні на сённяшняе маральнае становішча. Усё прыемнае, ад цыгарэтаў да сэксу, амбіцыяў, прагі выгодаў, лічыцца дрэнным і заганным. Толькі давядзі, што рэч робіць чалавека шчаслівым, — і яна асуджаная. Вось як далёка мы зайшлі. Мы звязалі шчасце і віну. Мы ўзялі чалавецтва за горла. Кінь свайго першынца ў ахвярную печ, ляж на цвікі, ідзі ў пустэльню, каб утаймоўваць плоць, не танчы, не хадзі ў нядзелі ў кіно, не спрабуй разбагацець, не куры, не пі. Усё гэта забароны з аднаго шэрагу. Вялізнага шэрагу. Дурні лічаць такія табу нейкім абсурдам. Старамоднымі перажыткамі. Аднак абсурд заўсёды на нешта скіраваны. Дурняў распытваць не варта — лепей спытай у сябе, да чаго ўсё гэта прывяло. Любая этычная сістэма, што ўсхваляла ахвяры, набывала ўладу над светам і кіравала мільёнамі людзей. Безумоўна, такую сістэму трэба крыху аздобіць. Трэба сказаць людзям, што яны дасягнуць найвышэйшага шчасця, здрадзіўшы ўсяму, што робіць іх шчаслівымі. Зусім неабавязкова тлумачыць, што ты маеш на ўвазе. Ужывай заблытаныя, няўцямныя выразы. “сусветная гармонія”, “спрадвечны дух”, “Боская мэта”, “нірвана”, “рай”, “расавая перавага”, “дыктатура пралетарыяту”. Унутранае разбэшчванне, Пітэр. Такі спосаб — самы старажытны. Гэты фарс цягнецца ўжо доўгія стагоддзі, і людзі дагэтуль на яго западаюць. Хаця ўсё вельмі проста выявіць: калі, слухаючы любую казань, пачуеш слова “ахвяра” — уцякай. Уцякай хутчэй, чым ад чумы. Розум падказвае, што там, дзе ёсць ахвяраванне, ёсць і той, хто гэтае ахвяраванне прымае. Там, дзе ёсць служэнне, ёсць і той, каму служаць. Чалавек, які гаворыць пра ахвяраванне, гаворыць пра рабоў і ўладароў. І сам збіраецца зрабіцца ўладаром. Але калі ты пачуеш чалавека, які гаворыць, што ты павінен быць шчаслівым, што гэта тваё натуральнае права, твой абавязак перад сабой, ведай: гэтаму чалавеку не трэба валодаць тваёй душой. Яму нічога ад цябе не трэба. Аднак прыслухайся да яго словаў — і ты пачнеш лямантаваць пра сваю пустую галаву і крычаць, што ён эгаістычная пачвара. Доўгія стагоддзі для многіх шантаж быў значна больш бяспечны. Але тут варта заўважыць наступнае. Я сказаў: “Розум падказвае”. Бачыш? Чалавек мае супраць цябе зброю. Розум. Таму трэба ўпэўніцца, што ты гэтую зброю абясшкодзіў. Выбі з-пад яго апоры. Але будзь асцярожны. Адкрыта розум не адмаўляй. Ніколі і нічога не адмаўляй адкрыта, бо так ты сам сябе выкрыеш. Не кажы, што розум — гэта зло, хаця некаторыя змаглі, сцвярджаючы гэта, пайсці вельмі далёка і дасягнуць надзвычайных поспехаў. Проста кажы, што розум абмежаваны. Што існуе нешта, вышэйшае за яго. Што? Гэтага таксама можна не ўдакладняць. Варыянтаў тут бясконца шмат. “Інстынкт”, “адчуванне”, “адкрыццё”, “Боская інтуіцыя”, “дыялектычны матэрыялізм”. Калі надыдзе пераломны момант і хтосьці скажа, што твая тэорыя не мае сэнсу, — ты будзеш гатовы на гэта адказаць. Ты скажаш яму, што ёсць нешта, вышэйшае за сэнс. Што тут не варта нават і спрабаваць думаць — трэба адчуць. Трэба верыць. Выключы яго розум — і ты з шалёнай хуткасцю выйграеш гэтую гульню. Усё будзе так, як ты захочаш і калі захочаш. Ён твой. Ці можна кіраваць разумным чалавекам? Нам не патрэбныя разумныя людзі...

 

Пітэр, ты ўсё гэта чуў. Ты дзесяць гадоў глядзеў, як я займаюся менавіта гэтай справай. Ты бачыў гэта ва ўсім свеце. Тады чаму ты гідзішся? Ты не маеш права сядзець тут і пазіраць на мяне з выразам уражанай дабрадзейнасці. Ты ўдзельнічаў у гэтым. Ты рабіў сваю частку працы і будзеш рабіць яе далей. Табе страшна зразумець, да чаго гэта ўсё вядзе. Мне — не. Я раскажу табе пра свет будучыні. Пра свет, якім я хачу яго бачыць. Свет паслухмянасці і адзінства. Свет, дзе думкі асобнага чалавека не будуць яго ўласнымі думкамі, а толькі спробай адгадаць, якія думкі месцяцца ў галаве суседа, што таксама не будуць яго ўласнымі думкамі, а толькі спробай адгадаць, пра што думае наступны сусед, які таксама не думае, і гэтак далей, Пітэр, па ўсім зямным шары, пакуль усе з усімі не пагодзяцца. Свет, дзе ніводны чалавек не будзе мець уласных жаданняў, а скіруе ўсе свае сілы на тое, каб задаволіць жаданні суседа, які таксама не будзе мець сваіх жаданняў, апроч жадання задаволіць жаданні наступнага суседа, які ізноў не будзе нічога жадаць, — па ўсім зямным шары, Пітэр, пакуль усе не пачнуць служыць усім. Свет, дзе ніводны чалавек не будзе працаваць дзеля такой чыстай мэты, як грошы, а толькі дзеля бессэнсоўнае пачвары — прэстыжу. Дзеля ўхвалення таварышаў і іх добрага меркавання — меркавання людзей, якім дазволяць не мець ніякіх меркаванняў. Спрут, які абхапіў свет шчупальцамі — і ніякіх мазгоў. Правасуддзе, Пітэр? Ніякага правасуддзя, а толькі народнае галасаванне. Пасрэднасць рухаецца ў кірунку нуля — і любая індывідуальнасць забароненая. Свет з выключаным рухавіком і сэрцам, якое не можа пампаваць кроў без дапамогі чужой рукі. Маёй рукі — і рук вузкага, вельмі вузкага кола падобных да мяне. Тых, што ведаюць, дзякуючы чаму пульсуе сэрца: гэтая вялікая, цудоўная пасрэднасць, усе тыя, хто раз’юшана не паўстаў, калі іх назвалі пасрэднасцю, маленькія, сціплыя людзі, якім падабаецца такое найменне. Вас узнясуць, будуць песціць і мілаваць, вы, маленькія людзі, натоўп, абсалютны ўладар, побач з якім усе былыя ўладары зарыпяць зубамі ад зайздрасці, абсалютны, неабмежаваны ўладар, Бог, Прарок Яго і Цар адначасова. Vox populi. Пасрэднасць, звычайная і ўсеагульная. Ведаеш, што ёсць антонімам да эга? Банальнасць, Пітэр. Улада банальнасці. Аднак нават збітыя формы трэба час ад часу разбаўляць арыгінальнасцю. Гэтым мы і зоймемся. Vox dei. Мы будзем карыстацца неабмежаванай пакораю тых, што здольныя толькі на пакору. Мы назавем гэта “служэннем”. Мы выпусцім свае медалі за служэнне. А вы будзеце са скуры вылузвацца, каб служыць лепей і болей за ўсіх. Іншыя адрозненні не будуць патрэбныя. Больш ніякіх уласных дасягненняў. Ты бачыш на гэтай карціне месца для Говарда Рорка? Не? Тады не губляй час на дурныя пытанні. Усе, хто не падпарадкуецца, павінныя будуць сысці. А калі час ад часу ў народжаных будуць заўважаныя нейкія дзівацтвы, яны не дажывуць да дванаццаці гадоў. Калі іх мазгі пачнуць працаваць, яны адчуюць ціск і адбудзецца выбух. Гэта будзе ціск пустаты. Ведаеш, што адбываецца з глыбакаводнымі істотамі, якія трапляюць на яркае сонца? Тое самае будзе і з Роркам. Астатнія будуць усміхацца і падпарадкоўвацца. Ты заўважыў, што ідыёты заўсёды ўсміхаюцца? Калі чалавек першы раз насупіўся, значыць, Бог дакрануўся да яго ілба. Гэты Бог — думка. Але ў нас ніколі не будзе ні Бога, ні думак. Толькі галасаванне ўсмешкамі. Аўтаматычныя шалі — усе галасуюць “за”... Быў бы ты больш кемлівым, як, напрыклад, твая былая жонка, ты б спытаў цяпер: а што вам, кіраўнікам? Што табе, Інварт Монктан Тухі? І я адказаў бы: сапраўды, ты маеш рацыю. Я атрымаю не больш, чым ты. Адзіная мая мэта — тваё задавальненне. Падманваць цябе, ліслівіць, усхваляць, раздзімаць тваю пыху. Прамаўляць пра людзей і ўсеагульную карысць. Пітэр, бедны мой стары сябра, ды я ж самы неэгаістычны чалавек, якога ты ведаеш! Ды ў мяне менш свабоды, чым у цябе, якога я прымусіў прадаць сваю душу! Ты, прынамсі, выкарыстоўваеш людзей дзеля той карысці, якую можаш з іх атрымаць. Мне ж нічога не трэба. Я выкарыстоўваю людзей дзеля той карысці, якую яны могуць атрымаць ад мяне. Гэта адзінае маё прызначэнне і задавальненне. У мяне няма ўласных мэтаў. Я хачу ўлады. Я хачу стварыць свой свет. Каб усе жылі дзеля ўсіх. Каб усе ахвяравалі і ніхто не меў з гэтага карысці. Каб усе пакутавалі і ніхто не радаваўся. Каб перарваўся прагрэс. Каб усё спынілася. Толькі так можна дасягнуць роўнасці. Усе паслухмяныя волі ўсіх. Сусветнае рабства — нават без ценю гаспадара. Рабства дзеля рабства. Замкнёнае кола — і ўсеагульная роўнасць. Вот ён, свет будучыні...

 

Азірніся навокал. Вазьмі любую газету і пераглядзі загалоўкі. Хіба гэта не надыходзіць? Хіба яно не блізка? Усё тое, пра што я табе казаў. Хіба Еўропа не злавілася ўжо на жыўца, а мы толькі спрабуем яе дагнаць? Усё, што я апісваў, можна назваць адным словам — калектывізм. Хіба не ён — бог нашага стагоддзя? Дзейнічаць — разам. Думаць — разам. Адчуваць — разам. Яднацца, пагаджацца, падпарадкоўвацца. Падпарадкоўвацца, служыць, ахвяраваць. Раздзяляй і заваёўвай — гэта раз. Але потым — аб’ядноўвай і кіруй. Нарэшце мы гэта зразумелі. Памятаеш рымскага імператара, які сказаў калісьці, што ён хоча, каб усё чалавецтва мела адну шыю, — перарэзаць яе? Стагоддзямі людзі смяяліся з яго. Аднак апошнімі смяяцца будзем мы. Мы дасягнулі таго, чаго не дасягнуў ён. Мы навучылі людзей яднацца. Мы падрыхтавалі ланцуг для адной шыі. Мы вынайшлі чароўнае слова. Калектывізм. Зірні на Еўропу, дурань! Няўжо ты не бачыш, што стаіць за гэтай пустой балбатнёй, няўжо не разумееш сутнасці?! У адной краіне прызналі законам, што ў чалавека няма правоў, што калектыў — гэта ўсё. Асоба там лічыцца злом, маса — Богам. Не дазволена ніякіх цнотаў і стымулаў для дзеяння, апроч служэння пралетарыяту. Але гэта толькі адзін з варыянтаў. Ёсць і другі. У іншай краіне прызналі законам, што ў чалавека няма правоў, што Дзяржава — гэта ўсё. Асоба там лічыцца злом, раса — Богам. Не дазволена ніякіх цнотаў і стымулаў для дзеяння, апроч служэння расе. Можа, я трызню — альбо гэта непрыхаваная рэальнасць, рэальнасць двух кантынентаў? Паназірай за рухамі клюшні. Калі цябе ванітуе ад першага варыянту, паспрабуй другі. Мы ўпэўнім цябе прыняць яго. Мы зачынім дзверы. Манета завісне ў паветры. Наперадзе калектывізм і ззаду калектывізм. Спрэчка паміж тэорыяй, якая забівае асобу, і тэорыяй, якая забівае асобу. Ахвяруй сваю душу супольнасці альбо кіраўніку. Але ахвяруй, ахвяруй, ахвяруй. Мая методыка, Пітэр. Прапануй атруту замест ежы і атруту замест супрацьяддзя. Прыдумляй аздобу дзеля прынады, але трымайся галоўнай мэты. Дай дурням выбар, дай ім забавіцца — аднак не забывай пра тое, да чаго імкнешся. Забі асобу. Забі чалавечую душу. Астатняе атрымаецца само.

 

 

 

Душа індывідуаліста

 

Гэта абарончая прамова Говарда Рорка на судзе, дзе яго абвінавацілі ў падрыванні жылога комплексу, які будаваўся дзяржавай. Гэты комплекс быў спраектаваны Роркам дзеля іншага архітэктара, Пітэра Кітынга, з умовай, што комплекс будзе ўзведзены ў поўнай адпаведнасці з праектам. Аднак дзяржаўныя ведамствы перашкодзілі выкананню гэтай умовы, а два архітэктары не маглі ні абараніць сябе згодна з законам, ні падаць на дзяржаву ў суд.

 

Тысячы гадоў таму першы чалавек адкрыў спосаб здабыць агонь. Мабыць, ён быў спалены на вогнішчы, якое навучыў сваіх братоў запальваць. Яго палічылі грэшнікам, што стасуецца з дэманам, якога ўсе баяліся. Аднак з таго часу людзі запальвалі агонь, каб сагрэцца, прыгатаваць ежу, асвятліць пячору. Грэшнік пакінуў ім дар, які яны не маглі зразумець, і першым прынёс на зямлю святло. Стагоддзямі пазней першы чалавек вынайшаў кола. Мабыць, яго закатавалі на дыбе з дапамогай механізма, які ён сам навучыў сваіх братоў рабіць. Яго палічылі ерэтыком, што насмеліўся прабрацца на забароненую тэрыторыю. Аднак з таго часу людзі маглі падарожнічаць да ўсё новых даляглядаў. Ерэтык пакінуў ім дар, які яны не маглі зразумець, і адкрыў дарогі свету.

 

Такі чалавек, непакорлівы і першы, стаяў на парозе кожнай легенды, якую чалавецтва склала пра свой пачатак. Праметэй быў прыкуты да стромы і яго раздзіралі грыфы — за тое, што ён скраў у багоў агонь. Адам быў асуджаны на пакуты — за тое, што паспытаў плод з дрэва пазнання. Любыя легенды, гэтыя закуткі людское памяці, сведчаць пра тое, што чалавецтва ведае: росквіт яго пачаўся з аднаго чалавека, і гэты чалавек плаціў за сваю мужнасць.

 

Цягам стагоддзяў з’яўляліся людзі, што рабілі першыя крокі на новых дарогах, не ўзброеныя нічым, апроч свайго бачання свету. Яны ставілі перад сабой розныя мэты, аднак іх аб’ядноўвала тое, што крокі іх былі першыя, дарогі — новыя, бачанне свету — уласнае; адказам ім была нянавісць. Супраць вялікіх творцаў — мысляроў, мастакоў, навукоўцаў, вынаходнікаў — паўставалі людзі іх часу. Кожная вялікая новая думка адмаўлялася. Кожнае вялікае новае вынаходніцтва асуджалася. Першы матор лічыўся непатрэбным. Аэраплан лічыўся немагчымым. Электрычны ткацкі станок лічыўся кепскім. Анестэзія лічылася заганнай. Аднак людзі з уласным бачаннем свету ішлі наперад. Яны змагаліся, пакутавалі і плацілі. Але яны перамагалі.

 

Ніводнага творцу не натхняла жаданне служыць сваім братам, бо яго браты не прызнавалі дару, які ён ім прапаноўваў, — гэты дар разбураў млявую штодзёншчыну іх жыцця. Адзіным яго матывам была ісціна. Яго ўласная ісціна і яго ўласная праца дзеля яе дасягнення — яго ўласным спосабам. Сімфонія, кніга, рухавік, філасофская сістэма, аэраплан, будынак — гэта было яго мэтай і яго жыццём. Не тыя, хто слухае, чытае, запускае, верыць, ляціць ці насяляе тое, што ён стварыў. Стварэнне, а не яго карыстальнікі. Стварэнне, а не тая карысць, якую іншыя з яго атрымаюць. Стварэнне, якое надае форму яго ісціне. Ён ставіў гэтую ісціну вышэй за ўсё ў свеце — вышэй за ўсіх людзей.

 

Сваё бачанне, сваю сілу, сваю мужнасць ён чэрпаў са свайго духу. Чалавечы дух — гэта яго “я”. Тая самая яго сутнасць, якой ёсць свядомасць. Думаць, адчуваць, меркаваць, дзейнічаць — усё гэта функцыі яго эга.

 

Творцы не бескарыслівыя. Сакрэт іх сілы ў тым, што яны — самадастатковыя, самаматываваныя, самаствораныя. Яны самі — першапрычына, крыніца энергіі, жыццёвая сіла, яны — Першарухальнікі. Творца нікому і нічому не служыць. Ён жыве дзеля сябе. І толькі жывучы дзеля сябе, ён здольны дасягнуць таго, што зробіцца славай чалавецтва. У гэтым — прырода дасягненняў.

 

Чалавек не можа выжыць інакш, чым выкарыстоўваючы ўласны розум. Чалавек прыходзіць на зямлю нічым не ўзброеным. Яго мозг — вось яго адзіная зброя. Жывёлы здабываюць ежу з дапамогай сілы. У чалавека няма ні кіпцюроў, ні іклоў, ні рагоў, ні нават вялікай сілы ў цягліцах. Ён мусіць вырошчваць сабе ежу альбо паляваць на яе. Каб вырасціць, ён павінен думаць. Каб упаляваць, яму патрэбная зброя, а каб зрабіць зброю — зноў жа думаць. Ад найпрасцейшых патрэбаў да самых складаных рэлігійных абстракцый, ад кола да хмарачоса, усё, чым мы ёсць і што мы маем, — усё гэта выцякае з адзінай здольнасці чалавека — здольнасці мысліць.

 

Аднак мысленне — гэта здольнасць асобы. Не існуе такога паняцця, як калектыўны розум. Не існуе калектыўнай думкі. Згода, да якой прыходзіць група людзей, — гэта толькі кампраміс альбо сярэдняе арыфметычнае, выведзенае з думак пэўнай колькасці асобаў. Гэта другасны вынік. А першаснае дзеянне — працэс мыслення — павіннае здзяйсняцца кожным чалавекам самастойна. Ежу можна падзяліць на некалькі чалавек. Аднак нельга засвоіць яе калектыўным страўнікам. Ніхто не можа дыхаць за іншага. Ніхто не можа думаць за іншага. Усе функцыі цела і духу маюць прыватны характар. Іх нельга дзяліць альбо перадаваць.

 

Мы наследавалі вынікі працэсу мыслення іншых людзей. Мы наследавалі кола. Аднак самі пабудавалі воз. Пасля воз зрабіўся аўтамабілем, аўтамабіль — аэрапланам. Але ўсё, што мы атрымалі ад іншых, — гэта толькі канцавы прадукт іх мыслення. Рухальная сіла нашай стваральнай здольнасці палягае ў тым, каб узяць гэты прадукт у якасці матэрыялу і, выкарыстоўваючы яго, зрабіць наступны крок. Здольнасць ствараць не можа быць узятай ці дадзенай, раздзеленай ці пазычанай. Яна належыць аднаму асобнаму чалавеку. Створанае належыць стваральніку. Людзі вучацца адно ў аднаго. Але навучанне — гэта толькі абмен матэрыялам. Ніхто не можа даць іншаму чалавеку здольнасць думаць. Аднак гэтая здольнасць — адзіны наш спосаб выжыць.

 

Нічога не даецца чалавеку на зямлі. Усё, што яму патрэбна, ён павінен вырабіць. Тут перад чалавекам паўстае самы галоўны выбар: ён можа выжыць толькі адным з двух спосабаў: з дапамогай незалежнай працы ўласнага розуму альбо як паразіт, які корміцца з дапамогай чужых розумаў. Творца стварае. Паразіт пазычае. Творца сутыкаецца з прыродай твар да твару. Паразіт сутыкаецца з прыродай праз пасярэдніка.

 

Творца зацікаўлены ў заваяванні прыроды. Паразіт зацікаўлены ў заваяванні людзей.

 

Творца жыве дзеля сваёй працы. Іншыя людзі яму не патрэбныя. Яго найвышэйшая мэта — унутры яго. Паразіт жыве праз другія рукі. Яму патрэбныя іншыя. Іншыя — яго найпершы матыў.

 

Асноўная патрэба творцы — незалежнасць. Розум, здольны да мыслення, не можа працаваць пад прымусам любое формы. Ім нельга ахвяраваць, яго нельга стрымаць ці падпарадкаваць з якіх бы там ні было прычынаў. Яму патрэбная поўная незалежнасць дзеяння і выбару мэты. Усе стасункі з іншымі людзьмі для творцы маюць другасны характар.

 

Асноўная патрэба другасніка — забяспечыць сабе сувязі з іншымі людзьмі, якія будуць яго карміць. Стасункі ў яго стаяць на першым месцы. Ён сцвярджае, што людзі існуюць дзеля служэння адно аднаму. Ён усхваляе альтруізм. Альтруізм — гэта тэорыя, якая патрабуе, каб людзі жылі дзеля іншых і ставілі іх вышэй за сябе.

 

Ніводны чалавек не можа жыць дзеля іншага. Ён не можа раздзяліць з ім яго дух, як не можа раздзяліць яго цела. Аднак другаснікі выкарыстоўвалі альтруізм у якасці зброі дзеля эксплуатацыі і ставілі з ног на галаву асноўныя маральныя прынцыпы чалавецтва. Чалавека вучылі знішчаць творцаў. Чалавека вучылі, што залежнасць — гэта цнота.

 

Чалавек, які спрабуе жыць дзеля іншых, — залежны. Паводле сваіх матываў ён паразіт і робіць паразітамі тых, каму служыць. Такія стасункі не прыносяць нічога, апроч узаемнага разбэшчвання. Гэта немагчыма ў прынцыпе. У рэальнасці бліжэй за ўсё да гэтага стану дайшоў раб. Аднак калі фізічнае рабства — з’ява агідная, наколькі больш агіднае рабства духоўнае? У пераможанага раба застаецца хаця б крупінка гонару. Яго заслуга — спроба супраціву і стаўленне да свайго стану як да заганнага. Але чалавек, які ў імя любові добраахвотна сябе запрыгоньвае, — самая нізкая з усіх істот. Ён прыніжае чалавечую годнасць і само паняцце любові. Але менавіта ў гэтым сутнасць альтруізму.

 

Чалавека вучылі, што найвышэйшая цнота — не дасягаць, а даваць. Аднак нельга даць тое, што не было створана. Стварэнне адбываецца раней за раздачу, інакш не будзе чаго раздаваць. Патрэба ствараць узнікае раней за патрэбу ў тым, каго можна ашчаслівіць. Аднак нас вучаць захапляцца другаснікам, які раздае падарункі, створаныя не ім самім, а тым, хто даў яму такую мажлівасць. Мы ўсхваляем дабрачыннасць. Мы паціскаем плячыма, калі гаворка ідзе пра дасягненне.

 

Чалавека вучылі, што яго першы абавязак — раздзяляць пакуты іншых. Але пакуты — гэта хвароба. Варта з імі сутыкнуцца, як тут жа пачынаеш спрабаваць дапамагчы іншым і палегчыць іх лёс. Рабіць гэта найвышэйшай праверкай на цноты — тое самае, што лічыць пакуты найважнейшай часткай жыцця. Бо тады чалавек павінен жадаць чужых пакутаў — дзеля таго, каб быць дабрадзейным. У гэтым — прырода альтруізму. Творцу ж няма справы да хваробы, яго цікавіць жыццё. Аднак праца творцы лячыла адну хваробу за адной, хваробы цела і духу, і прыносіла болей палёгкі, чым любы альтруіст можа сабе ўявіць.

 

Чалавека вучылі, што згаджацца з іншымі — дабрадзейна. Аднак творца — гэта той, хто не згаджаецца. Чалавека вучылі, што плысці па цячэнні — дабрадзейна. Аднак творца — гэта той, хто плыве супраць цячэння. Чалавека вучылі, што трымацца разам — дабрадзейна. Аднак творца — гэта той, хто трымаецца сам па сабе.

 

Чалавека вучылі, што эга — сінонім заганы, а неэгаістычнасць — ідэал цноты. Аднак творца — эгаіст у поўным сэнсе гэтага слова, а неэгаістычны чалавек — гэта той, хто не думае, не адчувае, не мяркуе, не дзейнічае; усё гэта — функцыі чалавечага “я”.

 

Перастаноўка асноўных паняццяў тут — сапраўды смяротная. Сама праблема ставіцца перад чалавекам у скажоным выглядзе — і ў яго ўжо няма выбару, а ў выніку і альтэрнатывы. Выбар паміж эгаізмам і альтруізмам прапанаваны яму як выбар паміж дабром і злом. Эгаізм азначаў ахвяраванне іншымі дзеля сябе. Альтруізм — ахвяраванне сабой дзеля іншых. У любым выпадку гэта прывязвала чалавека да іншых людзей; ён мог выбраць толькі род болю: боль ад ахвяравання сабой у імя іншых альбо боль ад нанясення шкоды іншым дзеля сябе. А калі да гэтага далучалася яшчэ неабходнасць радавацца, прыносячы сябе ў ахвяру, пастка зачынялася. Чалавека прымушалі выбраць сваім ідэалам мазахізм пад пагрозай таго, што ў адваротным выпадку ён зробіцца садыстам. Гэта найвялікшы падман чалавецтва за ўсю яго гісторыю.

 

Менавіта такім чынам залежнасць і пакуты замацаваліся на вякі ў якасці асноваў жыцця.

 

Аднак выбар не палягае ў ахвяраванні альбо панаванні. Выбіраць трэба паміж незалежнасцю і залежнасцю. Паміж кодэксам творцы і кодэксам другасніка. Вот асноўнае пытанне. Ён заснаваны на выбары паміж жыццём і смерцю. У аснове кодэкса творцы ляжаць патрэбы розуму, здольнага мысліць, які дае чалавеку мажлівасць выжыць. У аснове кодэкса другасніка ляжаць патрэбы розуму, няздольнага выжыць. Усё, што зыходзіць з незалежнага эга чалавека — дабро. Усё, што зыходзіць з чалавечай залежнасці, — зло.

 

Эгаіст у поўным сэнсе гэтага слова не ёсць чалавекам, які ахвяруе іншымі. Ён стаіць вышэй за неабходнасць любым чынам выкарыстоўваць іншых. Ён не дзейнічае праз іншых. Ва ўсіх галоўных пытаннях яму няма да іх справы — ні ў выбары мэтаў, ні ў выбары матываў, ні ў працэсе мыслення, ні ў жаданнях, ні ў выбары крыніц энергіі. Ён існуе не для іншых — і не просіць іншых існаваць дзеля яго. І гэта адзіная форма братэрства і ўзаемапавагі, магчымая сярод людзей.

 

Узровень здольнасцяў чалавека можа адрознівацца, аднак асноўныя прынцыпы застаюцца тымі самымі: ступень незалежнасці чалавека, яго ініцыятыўнасць і любоў да ўласнай працы вызначаюць яго працоўны талент і чалавечую вартасць. Незалежнасць — адзіны паказнік цнотаў і каштоўнасці чалавека, таго, чым ён ёсць і як сябе стварыў, а не што ён зрабіў ці не зрабіў для іншых. Нічым нельга замяніць уласную годнасць. Няма крытэру ўласнай годнасці, апроч незалежнасці.

 

Любыя вартыя стасункі выключаюць якое б там ні было ахвяраванне. Архітэктару патрэбныя кліенты, аднак ён не падпарадкоўвае сваю працу іх жаданням. Архітэктар патрэбны кліентам, аднак яны не замаўляюць яму праект толькі дзеля таго, каб ён не сядзеў без працы. Людзі абменьваюцца вынікамі сваёй працы ў адпаведнасці са свабодным і ўзаемным жаданнем узаемнай карысці ў тым выпадку, калі іх прыватныя інтарэсы супадаюць, і яны прагнуць гэтага абмену. Калі ж яны не хочуць мяняцца, ніхто не прымушае іх гэта рабіць. Яны шукаюць далей. Гэта адзіная магчымая форма стасункаў паміж роўнымі. Усё астатняе — стасункі паміж рабом і ўладаром альбо паміж ахвярай і катам.

 

Ніякая справа ніколі не рабілася калектыўна, рашэннем большасці. Любая творчая праца магчымая толькі пад кіраўніцтвам думкі адной асобы. Архітэктару патрэбна шмат людзей дзеля таго, каб пабудаваць гмах. Аднак ён не просіць іх прагаласаваць за яго праект. Яны працуюць разам паводле свабоднага пагаднення, і кожны з іх — свабодны, калі робіць сваю справу. Архітэктар выкарыстоўвае сталь, шкло, бетон, вырабленыя іншымі. Аднак матэрыялы гэтыя застаюцца сталлю, шклом, бетонам толькі да таго моманту, пакуль ён да іх не дакранецца. Тое, што ён з імі зробіць, — яго прыватны выраб і яго прыватная ўласнасць. Гэта адзіны ўзор вартага супрацоўніцтва паміж людзьмі.

 

Найпершае права на зямлі — гэта права чалавечага “я”. Перш за ўсё чалавек павінен сабе самому. Яго маральны закон — ніколі не звязваць сваю найвышэйшую мэту з іншай асобай. Яго маральны абавязак — рабіць тое, што ён хоча, але толькі калі яго жаданне ў сваёй аснове не залежыць ад іншага чалавека. Сюды можна ўключыць усе яго творчыя здольнасці, яго мысленне, яго працу. Аднак нельга ўключыць сюды гангстара, альтруіста і дыктатара.

 

Чалавек мысліць і працуе сам. Аднак ён не можа сам рабаваць, эксплуатаваць альбо ўладарыць. Рабаўніцтва, эксплуатацыя і ўладаранне патрабуюць ахвяраў. Яны маюць пад сабой залежнасць. Яны — сфера кампетэнцыі другаснікаў.

 

Уладары — не эгаісты. Яны нічога не ствараюць. Іх існаванне цалкам залежыць ад іншых людзей. Іх мэта — падпарадкаванне, сам працэс запрыгоньвання. Яны ў такой жа ступені залежныя, як жабрак, сацыяльны работнік і бандыт. Форма залежнасці значэння не мае.

 

Аднак чалавека вучылі ставіцца да другаснікаў — тыранаў, імператараў, дыктатараў — як да эгаістаў. Рабілася гэта дзеля таго, каб разбурыць “я”, і іх, і іншых людзей. Мэта такога падману — знішчыць творцаў. Альбо зацугляць іх. Розніцы тут ніякай няма.

 

З самага пачатку гісторыі пачалася барацьба паміж двума супернікамі — творцам і другаснікам. Калі першы творца вынайшаў кола, першы другаснік не сумеўся. Ён вынайшаў альтруізм.

 

Творца, якому перашкаджалі, якога адмаўлялі, пераследавалі, эксплуатавалі, працягваў сваю справу, рухаўся наперад і сваёй энергіяй падтрымліваў чалавецтва. Унёсак другасніка не ўяўляў сабой нічога, апроч перашкодаў. Такое супрацьстаянне можна назваць і інакш — асоба супраць калектыву.

 

Любая тыранія, якая толькі ўсталёўвалася сярод людзей, патрабавала і апраўдвала “грамадскую карысць” калектыву — расы, класа, дзяржавы. Усё самае жахлівае ў гісторыі чынілася ў імя нейкай альтруістычнай мэты. Аднак ці пацягнула хоць адно эгаістычнае дзеянне такую бойню, якую неаднаразова распачыналі прыхільнікі альтруізму? Вінаватая тут чалавечая двудушнасць — ці прычына палягае ў самой прыродзе прынцыпу? Самыя страшныя мяснікі былі звычайна самымі шчырымі. Яны верылі ў дасканалае грамадства, якога можна дасягнуць з дапамогай гільятыны і расстрэльнай каманды. Ніхто не аспрэчваў іх права забіваць, бо яны забівалі дзеля альтруістычнай мэты. Людзі згаджаліся з тым, што чалавекам можна ахвяраваць дзеля іншых. Змяніліся акторы, аднак сама сутнасць трагедыі засталася нязменнай: гуманіст пачынае са сцверджання сваёй любові да чалавецтва і заканчвае морам крыві. Гэта працягваецца і будзе працягвацца да таго часу, пакуль людзі вераць, што ўчынак добры, калі ён неэгаістычны. Гэта дазваляе альтруісту дзейнічаць і прымушаць сваіх ахвяраў прыняць такі пункт гледжання. Лідары калектывісцкіх рухаў нічога не просяць для сябе. Аднак паглядзіце на вынікі.

 

Адзіная добрая справа, якую людзі могуць зрабіць адно для аднаго, і адзінае сцверджанне вартасці іх узаемаадносінаў — неўмяшальніцтва.

 

Паглядзіце на вынікі развіцця грамадства, пабудаванага згодна з прынцыпам індывідуалізму. Гэтага грамадства, нашай краіны. Найвысакароднейшай краіны за ўсю гісторыю чалавецтва. Самай квітнеючай і свабоднай краіны найвышэйшых дасягненняў. Жыццё ў гэтай краіне заснаванае не на бескарыслівым служэнні, ахвяраванні, адмаўленні альбо на якой іншай форме альтруізму. Яно заснаванае на прызнанні права чалавека здабываць сваё шчасце. Яго ўласнае шчасце. Не чыёсьці яшчэ. Прыватнае, уласнае, эгаістычнае пабуджэнне. Зірніце на вынікі. Зазірніце ва ўласную свядомасць.

 

Гэта старажытны канфлікт. Людзі набліжаліся да ісціны, аднак з кожным разам яна знішчалася, і цывілізацыя знікала за цывілізацыяй. Цывілізацыя — гэта рух да грамадства прыватнасці. Толькі існаванне дзікуноў мае публічны характар і падпарадкоўваецца законам племені. Цывілізацыя — гэта працэс вызвалення чалавека ад улады іншых людзей.

 

Цяпер, у наш час, калектывізм, гэтае панаванне другаснікаў і пасрэднасці, гэтая старажытная пачвара, вырваўся на волю і ашалеў. Ён давёў людзей да стану неймавернай разумовай разбэшчанасці. Ён дасягнуў беспрэцэдэнтна жахлівай ступені. Ён атруціў кожны розум. Ён заглынуў Еўропу. Ён паступова засмоктвае нашую краіну.

 

Я архітэктар. Я ведаю, што значыць сутыкнуцца з тым прынцыпам, які ляжыць у аснове калектывізму. Мы стаім на парозе таго свету, у якім я не магу дазволіць сабе жыць. Цяпер вы ведаеце, чаму я ўзарваў Кортланд.

 

Я спраектаваў Кортланд. Я даў яго вам. Я разбурыў яго.

 

Я разбурыў яго таму, што не дазволіў яму існаваць. Ён зрабіўся двойчы пачварай. Па форме і па ідэі, якую выяўляў. Я ўзарваў і тое, і тое. Форму скалечылі двое другаснікаў, якія прысабечылі права выпраўляць тое, што было створана не імі і чаго яны ніколі не дасягнуць. Зрабіць гэта ім дазволіла ідэя, згодна з якой альтруістычнае прызначэнне будынка адмяняе ўсе на яго правы, і я не магу супраць гэтага выступіць.

 

Я пагадзіўся спраектаваць Кортланд дзеля таго, каб убачыць яго ўзведзеным менавіта ў такім выглядзе, у якім я яго спраектаваў, — і больш не дзеля чаго іншага. Такой была цана, якой я патрабаваў за сваю працу. Мне не заплацілі.

 

Я не абвінавачваю Пітэра Кітынга. Ён не мог нічога зрабіць. Ён падпісаў кантракт са сваімі наймальнікамі. Яго ўмовы праігнаравалі. Яму паабяцалі, што прапанаваны ім будынак будзе ўзведзены ў адпаведнасці з праектам. Абяцанне не было выкананае. Любоў чалавека да цэльнасці сваёй працы і яго права захаваць яе лічацца цяпер чымсьці невыразным і неістотным. Вы чулі, як пра гэта казаў пракурор. Навошта знявечылі пабудову? Ды без падставы! Такія дзеянні ніколі не маюць падставы, гэта хіба толькі пыха асобных другаснікаў, што палічылі, нібыта яны маюць права на чужую ўласнасць, духоўную ці матэрыяльную. Хто дазволіў ім гэта зрабіць? Ды ніхто канкрэтны сярод усіх гэтых чыноўнікаў! Ніхто не паклапаціўся пра тое, каб дазволіць ім гэта ці забараніць. Ніхто за гэта не адказвае. Нікога нельга прыцягнуць да суду. Вот у чым прырода калектыўных дзеянняў.

 

Я не атрымаў платы, якой патрабаваў. Аднак уладальнікі Кортланда атрымалі ад мяне тое, што было ім патрэбна. Яны хацелі план, згодна з якім дом узводзіцца найтанней. Яны не знайшлі нікога іншага, хто мог бы іх задаволіць. Я мог і я зрабіў. Яны атрымалі карысць з маёй працы і прымусілі мяне ахвяраваць ёй, падарыць яе ім. Але я не альтруіст. Я не раблю падарункаў такога кшталту.

 

Гавораць, што я разбурыў дом бедных, забываючы, што калі б не я, яны маглі б і не мець гэтага самага дома. Тыя, што хвалююцца пра бедных, павінныя былі прыйсці да мяне, які ніколі пра бедных не хваляваўся, каб я ім дапамог. Лічыцца, што беднасць будучых насельнікаў давала ім права на маю працу. Што іх патрэба абгрунтоўвае іх прэтэнзію на маё жыццё. Менавіта гэтае перакананне другаснікаў пануе цяпер ва ўсім свеце.

 

Я прыйшоў сюды, каб сказаць, што я не прызнаю нічыйго права на хаця б адну хвіліну майго жыцця. Ні на адну частку маёй энергіі. Ні на любое маё дасягненне. Няважна, хто гэтага патрабуе, колькі іх і якая вялікая іх патрэба.

 

Я пажадаў прыйсці сюды і сказаць, што я — чалавек, які не жыве дзеля іншых.

 

Гэта мусіла прагучаць. Бо свет гіне ў вакханаліі самаахвяравання.

 

Я пажадаў прыйсці сюды і сказаць, што цэльнасць чалавечай творчасці мае большае значэнне, чым любая спроба дабрачыннасці. І тыя сярод вас, што не разумеюць гэтага, разбураюць свет.

 

Я пажадаў прыйсці сюды і паставіць свае ўмовы. Я не збіраюся жыць дзеля іншых.

 

Я не прызнаю іншых абавязкаў перад людзьмі, апроч аднаго: паважаць іх свабоду і адмаўляцца жыць у грамадстве рабоў. Што да маёй краіны, я б хацеў аддаць ёй тыя дзесяць гадоў, якія правяду ў вязні, калі маёй краіны болей не існуе. Я правяду іх у знак памяці і ўдзячнасці за тое, якой была мая краіна. У гэтым — мая вернасць, маё адмаўленне жыць ці працаваць там, што ўтварылася на яе месцы.

 

У гэтым — мая вернасць кожнаму творцу, які калі-небудзь жыў на зямлі і якога прымусіла пакутаваць тая самая сіла, што нясе адказнасць за ўзарваны мной Кортланд. Усім пакутным гадзінам адзіноты, адмаўлення, расчаравання, абразаў, што выпалі на яго долю, — і ўсім бітвам, у якіх ён перамог. Кожнаму творцу, чыё імя вядомае — і кожнаму, хто жыў, змагаўся і гінуў непрызнаным яшчэ да таго, як змог скончыць сваю справу. Кожнаму творцу, які быў знішчаны — фізічна ці духоўна. Генры Кэмерану. Стывену Мэлары. Чалавеку, які не хоча, каб яго імя было названае, аднак які сядзіць у гэтай судовай зале і ведае, што я гавару пра яго.

 

 

 

З рамана “Атлант расправіў плечы”

 

Пакуты вытворцаў

 

Гэта ўрывак з размовы паміж Франсіска д’Анконія і Хэнкам Рэардэнам, чалавекам, які сам сябе стварыў і зрабіўся найбуйнейшым вытворцам сталі.

 

— Вы, каго не зламалі складанасці, хто падпарадкаваў прыроду і прымусіў яе служыць сваёй радасці і камфорту, — чаму вы падпарадкаваліся, якой чалавечай сіле? Вы, хто з уласнага досведу ведае, што чалавека караюць толькі тады, калі ён робіць нешта няправільна, — што вы цяпер гатовыя цярпець і дзеля чаго? Усё жыццё вы чуеце, як вас асуджаюць, але не за вашую віну, а за вашыя найвышэйшыя цноты. Вас ненавідзяць, але не за вашыя памылкі, а за вашыя дасягненні. Вамі пагарджаюць за тыя якасці характару, якімі вы найбольш ганарыцеся. Вас называюць эгаістычнымі за мужнасць дзейнічаць згодна з уласным меркаваннем і браць на сябе персанальную адказнасць за сваё жыццё. За ваш незалежны розум вас называюць фанабэрыстым. За вашую непарушную цэльнасць вас называюць жорсткім. За вашую празорлівасць, якая дазволіла вам рызыкаваць, шукаючы шчасця на нязведаных дарогах, вас называюць ворагам грамадства. За вашую сілу і самадысцыпліну ў імкненні да сваёй мэты вас называюць бязлітасным. За вашую дзівосную здольнасць ствараць багацце вас называюць сквапным. Вас, які затраціў неверагодную колькасць энергіі, называюць паразітам. Вас, які стварыў раскошу і дастатак там, дзе раней не было нічога, апроч пустых земляў і бездапаможных, галодных людзей, называюць рабаўніком. Вас, які дапамог усім ім выжыць, называюць эксплуататарам. З вас, самага чыстага і маральнага чалавека сярод іх усіх, насміхаюцца як з вульгарнага матэрыяліста. Чаму вы не спытаеце: згодна з якім правам? Згодна з якім маральным кодэксам? Згодна з якімі нормамі? Не, вы церпіце ўсё гэта і маўчыце. Вы кіруецеся іх кодэксам і ніколі не абараняеце свой. Вы ведаеце, якая бездакорная мараль неабходная, каб вырабіць хаця б адзін металёвы цвік, аднак вы дазваляеце ім ставіць на сабе таўро: амаральны. Вы ведаеце, што чалавеку патрэбная самая строгая сістэма каштоўнасцяў, каб мець справу з прыродай, аднак вы думаеце, што такая сістэма непатрэбная ў стасунках з людзьмі. Вы далі ў рукі сваім ворагам самую страшную зброю, зброю, якой ніколі не зразумееце і пра якую нават не здагадваецеся. Гэтая зброя — іх маральны кодэкс. Запытайцеся ў сябе, як глыбока, як жахліва глыбока вы ў ім захраслі. Запытайцеся ў сябе, што маральны кодэкс дае чалавеку і чаму чалавек не можа без яго існаваць, а таксама што здарыцца з ім, калі ён прыме няправільныя нормы, згодна з якімі зло — гэта дабро. Сказаць, чаму вас цягне да мяне, нягледзячы на вашую ўпэўненасць у тым, што мяне трэба праклінаць? Ды проста я першы чалавек, які ставіцца да вас так, як павінен ставіцца цэлы свет, і такога стаўлення да сябе вы мусіце патрабаваць ад любога, хто захоча стасавацца з вамі, — з павагай да вашае маралі…

 

Вы вінаватыя ў страшным граху, містэр Рэардэн, і вашая віна горшая за тую, пра якую ўсе яны крычаць, аднак яна зусім іншага кшталту. Самая страшная віна — гэта прызнаваць незаслужаную віну, а вы робіце гэта ўсё жыццё. Вы плаціце шантажыстам не за свае заганы, а за свае цноты. Вы згодныя несці цяжар незаслужанага пакарання і дазваляеце яму рабіцца ўсё цяжэйшым — чым вышэйшымі робяцца вашыя цноты. Але вашыя цноты — гэта цноты, якія захоўваюць жыццё людзей. Маральны кодэкс, згодна з якім вы жывяце, аднак ніколі не спрабуеце яго сцвердзіць, прызнаць ці абараніць, — гэта кодэкс, які дазваляе чалавеку выжыць. Калі вас караюць за яго, то якая ж натура тых, хто карае? Ваш кодэкс — гэта кодэкс жыцця. Які ж тады іх кодэкс? Якая сістэма каштоўнасцяў ляжыць у яго аснове? Якая яго найвышэйшая мэта? Вам здаецца, што тое, з чым вы сутыкаецеся, — гэта проста падман з мэтай адабраць вашае багацце? Вы, хто ведае крыніцу багацця, мусіце ведаць і тое, што ўсё значна горш і ідзе значна далей. Вы спыталі мяне, якая сіла рухае чалавекам. Гэтая сіла — маральны кодэкс. Запытайцеся ў сябе, куды вядзе вас іх кодэкс і што ён прапануе ў якасці канцавой мэты. Больш агіднае зло, чым забіць чалавека, — гэта пераканаць яго, што самазабойства — акт найвышэйшай дабрадзейнасці. Больш агіднае зло, чым кінуць чалавека ў ахвярную печ, — гэта патрабаваць, каб ён сам туды скочыў, згодна з уласным жаданнем, ды і пабудаваў яе, дарэчы. Згодна з іх меркаваннем, вы ім патрэбны, але ім няма чаго даць вам узамен. Згодна з іх меркаваннем, вы мусіце забяспечваць іх, бо інакш яны не выжывуць. Ацаніце гэтую непрыстойнасць — апраўдваць вашае катаванне сваёй слабасцю і патрэбай, патрэбай у вас. Вы гэтага хочаце? Хочаце зарабіць — цаной сваёй бязмернай цягавітасці, цаной сваёй агоніі — задавальненне патрэбаў сваіх разбуральнікаў?..

 

Калі б вы ўбачылі Атланта, гіганта, які трымае свет на сваіх плячах, калі б вы ўбачылі, як ён стаіць і як кроў сцякае па яго грудзях, як падгінаюцца яго ногі, як дрыжаць рукі, але ён усё яшчэ спрабуе з апошняе сілы ўтрымаць свет там, наверсе, і чым больш ён напружваецца, тым цяжэй свет цісне на яго плечы, — што б вы прапанавалі яму зрабіць?

 

— Я… не ведаю. А што… можа ён зрабіць? Што прапанавалі б яму вы?

 

— Расправіць плечы.

 

 

 

Прырода мастака

 

Гэта ўрывак з размовы паміж Дагні Тагарт, гераіняй рамана, і Рычардам Хейлі, вялікім кампазітарам, які бастуе.

 

Міс Тагарт, для колькіх людзей там мае творы маюць такое ж значэнне, як для вас?.. Гэта плата, якой я патрабую. Мала хто можа яе сабе дазволіць. Я не маю на ўвазе ні асалоду, ні эмоцыі — да чорта эмоцыі! — я маю на ўвазе вашае разуменне і тое, што вашая асалода мае тую ж прыроду, што і мая, што яна мае тую самую крыніцу: развага, свядомая ацэнка розуму, здольнага ацаніць мае творы паводле таго самага крытэру каштоўнасцяў, якім я кіраваўся падчас іх напісання. Я маю на ўвазе не тое, што вы адчуваеце, а тое, што вы адчуваеце менавіта так, як я хацеў, каб вы адчулі, не тое, што вы захапляецеся маімі творамі, а тое, што вы захапляецеся імі так, як я хацеў, каб вы захапляліся... Ёсць толькі адно моцнае пачуццё, у якім мастакі яшчэ больш нястрыманыя, чым у жаданні, каб іх творамі захапляліся, — гэта страх вызначыць сапраўдную прыроду таго захаплення, якое яны выклікаюць. Але мне такі страх ніколі не быў уласцівы. Я не падманваю сябе ні адносна сваіх твораў, ні адносна пажаданага водгуку, бо вельмі высока цаню і першае, і другое. Мяне не цікавіць беспрычыннае, эмацыйнае, інтуітыўнае, інстынктыўнае альбо сляпое захапленне. Мяне не хвалюе ні слепата ў любой форме — бо мне ёсць шмат чаго паказаць, ні глухата — бо мне ёсць шмат чаго сказаць. Я не хачу, каб мной захапляліся сэрцам, а толькі розумам. І калі я знаходжу слухача, якія мае гэтую бясцэнную здольнасць, тады паміж намі адбываецца ўзаемавыгадны абмен. Мастак — гэта гандляр, міс Тагарт, самы патрабавальны і самы суровы сярод усіх гандляроў...

 

Вы разумееце, чаму я памяняю тры тузіны сучасных мастакоў на аднаго бізнэсоўца?.. Любая праца, не мае значэння, будзе гэта напісанне сімфоніі ці выпрацоўка вугальнай шахты, — гэта акт творчасці, які мае адну і тую ж крыніцу: непарушную здольнасць бачыць на свае ўласныя вочы, то бок асэнсоўваць і размяжоўваць — а гэта значыць, бачыць, звязваць і ствараць тое, што раней не бачылі, не звязвалі і не стваралі. Гавораць, што аўтары сімфоній і раманаў маюць цудоўны дар бачання, але ці ж не той самы дар рухае людзьмі, якія вынаходзяць, як можна новым чынам выкарыстоўваць нафту, як кіраваць капальняй ці як пабудаваць электрарухавік? Гавораць, што ў душы музыкаў і паэтаў гарыць святы агонь, але ці не той самы агонь прымушае прамыслоўца кідаць выклік усяму свету дзеля свайго новага металу — як праз усе стагоддзі гэта рабілі вынаходнікі аэраплана, будаўнікі чыгунак, даследчыкі новых бактэрый ці новых кантынентаў?.. Непераадольнае жаданне шукаць ісціну, міс Тагарт? Ці чулі вы, як маралісты і аматары мастацтва стагоддзямі гавораць пра непераадольнае жаданне мастака шукаць ісціну? Аднак назавіце мне больш яскравы прыклад такога жадання, чым у чалавека, які сказаў, што зямля круціцца, альбо чалавека, які сказаў, што сплаў сталі і медзі мае ўласцівасці, якія даюць мажлівасць пэўным чынам яго выкарыстоўваць, што так яно і ёсць, — і дазвольце свету катаваць яго ці знішчыць, ён усё адно не будзе ілжыва сведчыць супраць доказаў свайго розуму. Вось дух, міс Тагарт, вось смеласць і любоў да ісціны — у адрозненне ад неахайнага бадзягі, які ганарліва запэўнівае вас, што ён амаль дасягнуў дасканаласці ў вар’яцтве, бо ён мастак, які не мае ніякага ўяўлення пра тое, чым ёсць яго творы і што яны значаць, які не абмяжоўваецца такімі нізкімі паняццямі, як “сутнасць” і “значэнне”, які ёсць пасярэднікам нейкай найвышэйшай таямніцы, які не ведае, як ён стварае і навошта, — усё вывяргаецца з яго само, як ваніты пасля перапою, які не думае, не апускаецца да таго, каб думаць, бо ён проста адчувае, усё, што яму трэба — гэта адчуваць, і ён адчувае, гэты мяккацелы, распусны, хітравокі, пусты, баязлівы, адмарожаны вырадак! Я ведаю, якой дысцыпліны, якіх разумовых высілкаў, якога жорсткага напружання, якой дакладнасці мыслення патрабуе стварэнне мастацкага твора, ведаю, што ў параўнанні з гэтым праца вязняў, скаваных ланцугом, падаецца адпачынкам, а такой суровасці не ведае ніякі садыст ад арміі, што муштруе салдат, — а таму шахцёра я стаўлю вышэй за любога пасярэдніка найвышэйшых таямніцаў. Шахцёр ведае, што не яго пачуцці рухаюць пад зямлёй ваганеткі з вугалем, ён ведае, што іх рухае. Пачуцці? Безумоўна, адчуваем, ён, вы і я — па сутнасці, мы адзіныя, хто здольны адчуваць, — і мы ведаем, адкуль бяруцца нашыя пачуцці. Але чаго мы не ведаем і вывучэнне чаго так доўга адкладалі на потым, — гэта прырода тых, што сцвярджаюць, нібыта не могуць патлумачыць свае пачуцці. Цяпер мы ўсё зразумелі. Гэта памылка дорага нам абышлася. Тыя, хто больш за ўсіх у гэтым вінаваты, заплацяць даражэй — па справядлівасці, як і павінныя. А больш за ўсіх у гэтым вінаватыя сапраўдныя мастакі, якія зразумеюць, што іх знішчаць першымі, што яны самі падрыхтавалі трыюмф сваіх знішчальнікаў, дапамагаючы разбураць сваіх адзіных абаронцаў. Бо калі і ёсць дурань больш трагічны, чым бізнэсовец, які не ведае, што менавіта ён валодае найвышэйшым чалавечым стваральным духам, то гэта мастак, які лічыць бізнэсоўца сваім ворагам.

 

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2013

Чытайце таксама

Вальтэр Скот

Вальтэр Скот

Вядомы празаік, паэт і гісторык, шатландзец з паходжання, знакаміты перадусім сваімі гістарычнымі раманамі

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

Марцін Святліцкі

Марцін Святліцкі

Польскі паэт, празаік, журналіст, вакаліст гурта Świetliki

Янка Запруднік

Янка Запруднік

Беларуска-амерыканскі гісторык і публіцыст, актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

1024