№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Італа Звева

Па-здрадніцку (Proditoriamente)

Апавяданне

Пераклад з італьянскай Аксана Данільчык

Калі сіньёр Маер выправіўся да сіньёра Рэвені, то яшчэ канчаткова не вырашыў, ці будзе прасіць падтрымкі і дапамогі. Яны ўсё жыццё былі добрымі сябрамі. Абодва, спачатку нічога не маючы, зарабілі сабе значны капітал нястомнай працай з ранку да вечара ў адзін і той жа час, але ў розных сферах, таму паміж імі ніколі нават на імгненне не ўзнікала нагоды для канкурэнцыі, аднак яны ніколі не вялі і ніякіх агульных справаў. Сяброўства між імі завязалася ў ранняй маладосці і засталося нязменным да пажылога веку. Нязменным, але без цеплыні. Іх жонкі не сустракаліся: яны ж бачыліся кожны дзень па чвэрці гадзіны на біржы. Цяпер абодвум ужо было за шэсцьдзесят.

Пасля бяссоннай ночы Маер напісаў старому сябру і папрасіў сустрэчы, але цяпер, накіроўваючыся да Рэвені, цьмяна ўяўляў, як пераканаць таго аказаць яму паслугу, якую ён хацеў прадставіць як справу зусім не рызыкоўную. Безумоўна, Маеру здавалася, што яму абавязаныя дапамагчы. Столькі гадоў сумленнай паспяховай камерцыі былі перакрэсленыя адным легкадумным імгненнем! З гэтым цяжка было змірыцца. Каб пашырыць поле сваёй дзейнасці, стары камерсант дазволіў затлуміць сабе галаву і падпісаць кантракт, які аддаваў яго ў рукі авантурыстаў, а яны не толькі скарысталіся ўсёй грашовай наяўнасцю, атрыманай дзякуючы яго подпісу, але і, больш за тое, збеглі з Трыеста, не пакінуўшы нічога, акрамя таннай мэблі. Маер вырашыў разлічыцца па ўсіх гэтых абавязках, як вымагаў гонар. Але цяпер яму здавалася несправядлівым быць вінным праз чужыя пазыкі. Калі Рэвені, вядомы як добры чалавек, згадзіўся б хоць частку іх часова прыняць на сябе, лёс Маера палагаднеў бы. Маер забыўся, як сам адмаўляў у такіх просьбах. Ён памятаў (і вельмі яскрава), што падпісанне гэтага кантракта было яшчэ (так яму здавалася) і доказам даверу да чалавецтва, але не ўспамінаў, што першапачаткова думка заключыць яго вынікала з жадання павялічыць свае прыбыткі.

Калі лёс захоча яму паспрыяць, то, безумоўна, Рэвені сам, без падказкі збоку, прапануе дапамогу. Маер чакаў ад лёсу гэтага падарунку. Толькі тады ён раскрыў бы свой план, а Рэвені, знаходзячыся ў адпаведным душэўным стане для такой рызыкі, адразу б яго прыняў. Зрэшты, Маеру здавалася, што рызыкі няма. Ён, па сутнасці, прасіў доўгатэрміновы крэдыт і ведаў, што заслугоўвае яго. Не зважаючы на старасць, ён быў працалюбам, і толькі адзін-адзінюткі раз дазволіў сябе падмануць: Маер мог бы спаслацца на сотню выпадкаў, калі ён пазбегнуў махляроў. Таму справы з ім можна было весці без аніякай рызыкі.

Ён падняўся па лесвіцы дома ў цэнтры горада і з таго моманту, як лёкай адкрыў яму дзверы, не адчуваў нічога, акрамя зайздрасці. Маер таксама пакуль яшчэ меў габелены ў прасторным шыкоўным вестыбюлі і нават такую ж гасцёўню, высланую дыванамі, у якой Рэвені з жонкай чакалі яго, каб пачаставаць кубачкам кавы. Але так будзе нядоўга: яго няшчасная жонка ўжо шукала значна меншую і нашмат больш сціплую кватэрку, а тут усё мела трывалы і надзейны выгляд жытла, якое існуе даўно і яшчэ доўга будзе існаваць. У Маера ж усё было гатовае ўзляцець у паветра: усё было на сваіх месцах, акрамя каштоўнасцяў жонкі, але здавалася, што ўсе рэчы вось-вось ірвануць з месца і збягуць прэч.

Рэвені быў таўсцейшы за яго і меў больш сівых валасоў, хоць яны былі равеснікамі. Ён уладкаваўся ў вялікім фатэлі, а Маер сядзеў насупраць у такім самым фатэлі, але сціпленька, на самым краі, і яму здаваўся агромністым чалавек, які збіраў, збіраў, збіраў і ні разу не дазволіў затлуміць сабе галаву і падпісаць паперу, падобную да той, што стала прычынай банкруцтва Маера.

Сіньёра Рэвені падала каву. Яна была з тых жанчын, якія і дома апранаюцца з пэўнай раскошай, уся ў карункавай ранішняй сукенцы. Сукенка была б нават чароўнай, калі б яе насіла прыгажэйшая і маладзейшая асоба.

Маер пачаў маленькімі глыткамі піць каву, думаючы: “Ці пакіне яна нас адных?”.

Здавалася, сіньёра адразу адчула неабходнасць папярэдзіць, што сам-насам яна іх не пакіне.

Яна сказала, што яе Джавані ўжо некалькі дзён пачуваецца нядобра і што пасля абеду застаецца дома пад яе наглядам.

Маеру падалося дзіўным, што здаровы з выгляду мужчына, які толькі падняўся з-за стала пасля сняданку, мог мець патрэбу ў тым, каб не проста сядзець дома, але і знаходзіцца пад пільным наглядам жонкі. Маер прыйшоў да высновы, што муж і жонка Рэвені ўжо, мабыць, вырашылі не даваць яму ніякіх грошай. Ён прыгадаў, што ў гэтай сям’і чарсцвейшай была жонка, і сам Рэвені аднойчы расказаў, як яна здолела вызваліць яго ад аднаго беднага сваяка, што надакучваў яму просьбамі пазычыць грошай. Вось і цяпер яна адразу кінулася на дапамогу, як толькі пачула, што Маер прасіў гэтай сустрэчы.

Ён адчуў сябе прыніжаным, нават пакрыўджаным. Ён лічыў, што яго не могуць параўноўваць з бедным надакучлівым сваяком, больш за тое — ён прыйшоў з выгаднай прапановай, і калі б Рэвені вырашыў паўдзельнічаць у яго камбінацыі, то атрымаў бы не абы-які прыбытак. Маер захацеў выпрастацца, пазбавіцца ўсякага адчування прыніжанасці. І ён таксама раскінуўся ў фатэлі, імітуючы позу Рэвені. Лёгкім кіўком галавы падзякаваў сіньёры, што паставіла перад ім кубачак кавы. Яго намаганні былі настолькі ўдалымі, што ён адчуў сябе пазбаўленым усякай прыніжанасці. Ён нічога не збіраецца прапаноўваць Рэвені. Ён зробіць выгляд, што папрасіў гэтай сустрэчы з зусім іншай прычыны. Якой? Яе цяжка было знайсці, бо па справах яны ніколі не сутыкаліся. Значыць, пра справы гаварыць нельга. Але ў якой іншай сферы парада Рэвені магла мець для яго значэнне? Ён згадаў, што за некалькі тыдняў да гэтага адзін сябар няпэўна папытаўся ў яго, ці згадзіўся б ён на пасаду муніцыпальнага саветніка. Магчыма, ён мог бы спытацца парады.

Але раптоўна Рэвені сам загаварыў пра тое, што прывяло да яго Маера.

— Гэты Барабіч! — усклікнуў ён. — Нашчадак добрай і старажытнай трыесцінскай сям’і, а дазволіў уцягнуць сябе ў такую справу! І дзе ён цяпер? Кажуць, што ўжо даімчаў да Корфу.

Маеру гэта зусім не падалося пачаткам прапановы аб дапамозе, якой ён чакаў ад лёсу. Наадварот! Здавалася, Рэвені больш шкадаваў жуліка, чым беднага абрабаванага Маера.

Маер зручней уладкаваўся ў фатэлі, стараючыся ўтрымаць у не надта ўпэўненых руках кубачак з кавай. Зрабіў намаганне і рашуча надаў сабе абыякавы выгляд:

— Зразумела, я мусіў заявіць на яго. І цяпер мне ўсё роўна, што ён уцякае ад рук правасуддзя.

Сіньёра наліла кавы і падала яе мужу. Не выпускаючы кубачак з-пад увагі, яна зрабіла некалькі крокаў, неабходных, каб падысці да Рэвені, і адразу ж звярнулася да Маера:

— У яго яшчэ ёсць маці! — сумна сказала яна. Як і ў сваю вопратку, голас і ў кожны свой рух, сіньёра імкнулася ўкласці ў сэнс сваіх словаў надзвычайную пяшчоту. Менавіта таму ў сувязі з падзеямі, якія нішчылі Маера, у першую чаргу згадвала маці махляра. Падумаць толькі, яна, са сваімі манерамі дамы найышэйшага свету, у маладосці была спявачкай у вар’етэ і раздзявалася перад кожным, калі справа была таго вартай. Можа, яна недалюблівала Маера, бо ў свой час ён спрабаваў перашкодзіць Рэвені ўзяць з ёю шлюб?

У Маера больш не засталося моцы здавацца абыякавым. Чырвоны ад злосці, горка ўсміхаючыся, ён усклікнуў:

— Мяне зусім не хвалюе тая маці, бо праз выкрутасы яе сына будзе цяжка пакутаваць іншая маці — мая жонка!

— Бачу, бачу! — прамармытала гэтаксама пяшчотна сіньёра Рэвені і прысела на крэсла побач са столікам, напаўняючы з гарачага кавярніка свой кубачак.

Яна, здавалася, нешта зразумела, але не ўсё, бо калі б зразумела ўсё, то мусіла б сказаць, гатовыя яна і яе муж яму дапамагчы або не хочуць пра гэта нават слухаць.

Загаварыў Рэвені. Здавалася, ён зразумеў, што да гэтай гісторыі неабходна ставіцца толькі з аднаго пункту гледжання — свайго беднага сябра. Ён неспакойна пакруціўся ў фатэлі, паглядзеў угару і прамармытаў:

— Дрэнныя справы, вельмі дрэнныя справы! — уздыхнуў і дадаў, нарэшце пазіраючы ў твар Маеру: — З табой здарылася вельмі непрыемная гісторыя!

Гэтыя словы насамрэч значылі наступнае: гісторыя настолькі непрыемная, што ніхто і не думае ўмешвацца, каб нешта паправіць. Значыць, дапамогі не будзе, і Маер можа абысціся без прыніжальнай просьбы аб ёй. Маер падняўся, паставіў свой кубачак, які асушыў, не адчуваючы смаку кавы, і, зноў сеўшы ў фатэль, сказаў, удаючы абыякавасць:

— Гаворка, урэшце, пра грошы, пра вялікія грошы, але не пра ўсе. Мне шкада, што мая маёмасць паменшылася і мой сын атрымае меншую спадчыну, але ў любым выпадку пасля маёй смерці ў яго будзе болей грошай, чым я атрымаў пасля смерці бацькі.

Рэвені перамяніў безуважны выраз твару чалавека, які не жадае чуць болей, чым яму выгадна, і са шчырым радасным імпэтам усклікнуў:

— Значыць, я правільна думаў! Ты пацярпеў ад гэтай брыдкай гісторыі не так, як кажуць па ўсім горадзе. Дазволь мне паціснуць табе руку, мой добры сябар. Я радуюся так, быццам сам атрымаў невядома які прыбытак.

Цяпер Рэвені ажывіўся. Ён ужо амаль стаяў, нават прыўзняўся з фатэля, каб паціснуць руку Маеру. Той ледзь здолеў надаць твару выраз кволай удзячнасці на такую бурную праяву радасці, аднак яго рука нерухома застыла ў руцэ сябра, і той вярнуўся назад у фатэль. Маер падумаў: “Далучаюцца да маёй радасці, але ніяк не могуць далучыцца да маёй бяды”. Ён згадаў на імгненне разлікі, зробленыя ў той дзень: уся яго маёмасць была цалкам укладзеная ў гэтую авантуру, уся цалкам, уся — і ён нават не быў упэўнены, што ў якой-небудзь шуфлядзе не хаваюцца іншыя пазыкі, якія ён ужо не мог вярнуць. Яго сын не атрымае ў спадчыну нічога, калі Маер не будзе напружана працаваць той кароткі адрэзак жыцця, які яму яшчэ застаўся. Аднак Маер мог рабіць разлікі і прыходзіць да дакладных высноваў толькі на адзіноце. Цяпер, у прысутнасці сябра, сітуацыя бачылася яму не так ясна. Ці не лепей было б схаваць сапраўднае становішча, каб атрымаць пазыку, у якой Маер меў патрэбу, каб працягваць сваю працу? Гэтая выдатная стратэгічная думка, яшчэ добра не ўсвядомленая, ажывіла і яго. Сіньёра, каб падкрэсліць сваю радасць ад добрай навіны, прапанавала Маеру яшчэ адзін кубачак кавы, і ён згадзіўся з прыязнай усмешкай, якая каштавала яму вялікіх намаганняў. Каб паказаць сваю ўдзячнасць, ён праглынуў усю каву — як на яго звычку, дык і залішнюю.

Рэвені здалося, што цяпер, калі стала вядома, што ўгода не была такой ужо стратнай для Маера, можна гаварыць пра гэта больш адкрыта:

— Прызнаюся табе, што я ніколі б не даверыўся Барабічу. Я даведаўся пра вашую ўгоду толькі калі яна ўжо адбылася. Аднак увесь Трыест ведаў, што ўсе справы, якія раней пачынаў Барабіч, скончыліся дрэнна.

— Так! Але не настолькі! — запратэставаў Маер. — Здавалася, ён заўсёды добра спраўляўся, але усе яго ўгоды напаткаў нядобры лёс.

Рэвені з сумневаў адказаў:

— Я не давяраю чалавеку, які шмат разоў усплываў і шмат разоў ішоў на дно. Ясна, што ён не ўмее плаваць. Пра Барабіча загаварылі гадоў дзесяць таму ў сувязі з той справай з пастаўкамі кітайскага рысу. Колькі грошай тады выкінулі на вецер! Пасля ён раптам заняўся прамысловасцю. Хоць і праўда, што заснаваныя ім фірмы часткова нават былі паспяховымі, але ўжо без яго, бо ў пэўны момант рабілася відавочнай неабходнасць яго пазбавіцца. Пра Барабіча не гаварылі дрэнна, больш за тое, шмат кажуць пра яго сумленнасць, але ніхто не можа сказаць, чаму ў выніку ад яго паслуг адмаўляліся. І на што ён потым жыў? Пакуль не падчапіў цябе, ён толькі і рабіў, што гаварыў ды гаварыў! Гаварыў пра засяленне Аргентыны, пра засяленне Кландайка, пра ўсе тыя справы, якія не маглі прынесці яму прыстойны прыбытак, раз ён іх кінуў. Потым ён адкрыў іншую далёкую краіну — будаўніцтва аўтамабіляў, і здавалася неверагодным, што чалавек з тваім вопытам захацеў рушыць туды за ім.

Маеру было жудасна ад праўдзівасці гэтых словаў. Ён памятаў, як папаўся ў прадбачанні хуткіх агромністых прыбыткаў. Але каб абараніцца, прыгадаў таксама, якую прыязнасць адчуваў да гэтага нашмат маладзейшага за сябе чалавека, такога ў сабе ўпэўненага, з шырокімі ведамі, дзякуючы якім ён здаваўся інжынерам. І Маер захацеў успомніць толькі гэтую прыязнасць.

— Мною рухала найперш жаданне дапамагчы Барабічу. Мне было шкада, што такі адораны чалавек мусіць заставацца ў такім пасрэдным становішчы.

Рэвені памаўчаў хвіліну, быццам сумняваўся, што адказаць. Пасля дапытліва паглядзеў на Маера, нібыта каб пераканацца, што той сур’ёзна. Урэшце згадаў нешта такое, што яго змусіла рашыцца, і загаварыў, смеючыся, але з дарэмным імкненнем рассмяшыць суразмоўцу:

— Памятаеш старога Альмені? У сувязі з ім мы першы і апошні раз супрацоўнічалі. Не памятаеш? Дзякуючы яго настойлівасці сабраліся разам я, ты і яшчэ два нашыя сябры на паседжанне, каб вырашыць ці даваць яму грошы на бар у цэнтры горада, дзе б гаспадарылі ён і яго сын. Гэта трэба было рабіць з вялікай раскошай, а таму і з вялікімі выдаткамі, бо толькі ў такім разе быў бы магчымы поспех. Ні я, ні ты не разумелі як след наступствы такой угоды, але адзін з нашых магчымых кампаньёнаў усё нам патлумачыў, вельмі сумняваючыся, што ў нашым горадзе такое чакае добры вынік. А ў канцы дадаў, што найлепшы бок угоды заключаўся ў вялікай дапамозе, якую б такім чынам аказалі Альмені, старому высакароднаму чалавеку з вялікай сям’ёй, які, не зважаючы на шматлікія добрыя якасці, не здолеў узбіцца на хоць які дабрабыт. Тады ўмяшаліся мы абодва, то бок я і ты, і адразу пагадзіліся, што ў гэтым свеце трэба займацца справамі, але трэба рабіць і добрыя ўчынкі. Аднак добры ўчынак ў выглядзе ўгоды несумненна ёсць дрэннай угодай, бо не ўжо не добры ўчынак. Скончылася тым, што мы ўсе пагадзіліся даць старому невялікую дапамогу, якую ён заслугоўваў, і не больш. Я цудоўна памятаю твае разважанні, і мяне здзіўляе, што ты сам пра гэта забыўся.

Маер з вялікім імпэтам пажадаў абараніцца. Тое, што Рэвені не хоча дапамагчы яму і нават прэтэндуе на тое, каб мець рацыю, было занадта.

— Безумоўна, паміж Альмені і Барабічам вялікая розніца: Альмені быў стары дурань, а Барабіч — упарты і адукаваны малады чалавек з адзінай заганай — ён жулік.

Маер сказаў гэтыя словы з такой жарсцю, яго твар так хутка і так моцна пачырванеў ад крыўды, што сіньёра Рэвені палічыла за лепшае ўмяшацца, каб пазбегнуць сваркі. За дзень да гэтага яна сустрэла сіньёру Маер з дачкой.

— Такая мілая вашая дачушка, яе вочы нявінныя, як у газелі, — газель была жывёлінай пяшчотнай, таму сіньёра Рэвені мела гэтае слова ў сваім лексіконе.

Але Маер не змякчыўся б, нават калі б яго самога назвалі імем далікатнай жывёліны. Успамін працяў яго. Ён не толькі памятаў эпізод з тым Альмені — яму яшчэ і здавалася, ён быў упэўнены, што гэта менавіта тады агучыў разважанні, якія Рэвені выдаваў за свае. Якім відушчым ён быў тады, а цяпер пра яго розум яму нагадвалі толькі каб мацней папракнуць за памылку.

І, расчулены жалем да самога сябе, нават са слязьмі на вачах, ён сказаў Рэвені:

— Жыццё доўгае, надта доўгае і складаецца са шматлікіх дзён, у кожным з якіх ёсць час на памылку, што перакрэсліць усё дасягнутае дзякуючы розуму і настойлівасці за іншыя дні. Усяго адзін дзень… супраць усіх астатніх.

Рэвені глядзеў некуды ўдалячынь — можа быць, на ўласнае жыццё, каб знайсці ў ім дзень, калі і ён зрабіў памылку, якая магла б перакрэсліць справы ўсіх іншых дзён. Ён кіўнуў на знак згоды, але толькі каб супакоіць сябра. Здавалася, яго не расхвалявала думка пра небяспеку, што пагражала ці магла яму пагражаць. Ён вымавіў:

— Жыццё доўгае, так, вельмі доўгае і вельмі небяспечнае.

Маер зразумеў, што сябар не здолее адчуць сябе ў яго скуры, і не раззлаваўся, бо ўсе ведаюць, як цяжка нават уявіць сабе холад, ад якога пакутуюць іншыя, чалавеку, што сядзіць у пяшчотным цяпле. Тым не менш ён заўважыў, што ў той час, як Рэвені гаварыў, яго жонка пазірала на яго даверлівым адданым позіркам. Здавалася, яна казала: “Цікавае дапушчэнне! Не! Ты не ўмееш памыляцца!”

І таму яго непрыязнасць да гэтай дамы вырасла настолькі, што Маер не захацеў больш знаходзіцца побач з ёю. Ён устаў і змусіў сябе ветліва развітацца з жанчынай. Маер падаў ёй руку і сказаў, што тэрміновая справа вымушае яго сыходзіць. Ён вырашыў прыйсці на наступны дзень у кантору Рэвені і больш не прасіць у яго дапамогі, а ўсяго толькі пераканаць, што жыццё доўгае і не варта выносіць прысуд чалавеку, які аднойчы, толькі аднойчы, быў такім безразважным. Падаючы руку сіньёры, ён павярнуўся спінай да Рэвені, які раптоўна выдаў нейкі дзіўны гук. Больш нізкім, чым звычайна, голасам, як вельмі спакойна ён вымавіў неразборлівае слова. Маер пасля намагаўся ўспомніць яго, але не здолеў, бо цяжка згадаць паслядоўнасць складоў, пазбаўленых сэнсу. Ён з цікаўнасцю павярнуўся, а сіньёра падбегла да мужа і спалохана запыталася:

— Што з табой?

Рэвені цяжка адкінуўся ў фатэлі. Але праз імгненне, быццам яму палепшала, яшчэ здолеў разборліва адказаць жонцы: “Мне баліць вось тут!”. Паварушыў рукою, якая не здолела зрабіць жаданы знак, а толькі ўзнялася над падлакотнікам. І больш нічога: ён ляжаў нерухомы, а галава ўпала на грудзі. Сіньёра трымала яго галаву і крычала на вуха:

— Джавані! Джавані, што з табой?!

Маер выцер з вачэй слёзы, што выступілі ад жалю да сябе, і звярнуўся да сябра. Ён адразу зразумеў, у чым рэч, але ўсё яшчэ быў настолькі захоплены ўласнымі клопатамі, што яго першай думкай стала: “Ён адыходзіць! Цяпер нават пры ўсім жаданні ён не зможа мне дапамагчы”.

Яму давялося зрабіць намаганне, каб мужна вызваліцца ад мярзотнага эгаізму. Маер падышоў да сіньёры Рэвені і мякка сказаў ёй:

— Не палохайцеся, сіньёра, гэта ўсяго толькі страта прытомнасці. Паклікаць доктара?

Яна стаяла, укленчыўшы перад мужам. Павярнула да Маера вільготны ад слёз твар, які асвятліўся надзеяй.

— Так, так! Паклічце! — і назвала нумар тэлефона.

Маер паспяшаўся туды, дзе стаяў раней, але сіньёра, усё яшчэ кленчачы, закрычала:

— У іншы бок!

Крык, прыглушаны ўсхліпам, прагучаў не так рэзка. Маер адчыніў супрацьлеглыя дзверы і апынуўся ў сталовай зале, дзе мітусіліся дзве пакаёўкі, прыбіраючы са стала. Ён сказаў ім спяшацца на дапамогу сіньёры і на тэлефонным апараце, які знайшоў адразу ж, набраў названы сіньёрай нумар.

Яго не адразу злучылі, і ў прыступе нецярпення Маер тужліва запытаўся ў сябе: “Ён памірае ці ўжо памёр?”

Пасля імгненні чакання напоўніліся сапраўдным спачуваннем: “Так, так, памірае!”. І потым Маер падумаў: “Ён не зможа больш ні дапамагчы, ні адмовіць у дапамозе”.

Доктар паабяцаў прыйсці адразу ж, і Маер паклаў слухаўку, але не спяшаўся вярнуцца да сіньёры Рэвені. Ён агледзеўся: якая раскоша! Яго стасункі з Рэвені вельмі аслабелі пасля жаніцьбы апошняга, а іх жонкі сувязяў не падтрымлівалі. Ён упершыню бачыў гэтую сталовую залу, вельмі светлую дзякуючы святлу, што запаўняла яе праз вялікія вокны і адбівалася ў мармуры сценаў, у залатым аздабленні дзвярэй, у крышталёвым посудзе, які ўсё яшчэ стаяў на стале. Усе рэчы былі на сваіх месцах, таму што нябога ў суседнім пакоі ніякіх глупстваў не нарабіў і ўжо не наробіць.

“Каму цяпер лепш — мне ці яму?”

З дапамогай пакаёвак сіньёра Рэвені паклала цела мужа на сафу. Яна яшчэ мітусілася вакол яго, змочвала воцатам твар і трымала каля носа шкляначку з соллю. Відавочна, Рэвені быў ужо трупам. Вочы заплюшчыліся самі сабой, але быў бачны левы вочны яблык.

Адчуваючы сябе асабліва чужым гэтай жанчыне, Маер не адважваўся загаварыць. Ён прыгадаў адрас іх дачкі і хацеў быў вярнуцца да тэлефона, але перадумаў і вырашыў пайсці і паклікаць яе. Яна жыла недалёка

— Я думаю, — няўпэўнена сказаў ён сіньёры Рэвені, — што лепей я сам пайду папярэджу сіньёру Алічэ, што яе бацька захварэў.

— Так, так, — усхліпнула сіньёра.

Ён хутка выйшаў. Не таму, што спяшаўся, бо Рэвені ўжо ніхто не мог дапамагчы, але каб адысці як мага далей ад трупа.

І дарогаю бясконца задаваў сабе пытанне: “Каму лепш: мне ці яму?” Які ён быў ціхамірны на гэтай сафе! Дзіўна! Ён больш не хваліўся ўласным поспехам, які здаваўся яшчэ большым на фоне памылак Маера. Рэвені вярнуўся ў нябыт і адтуль глядзеў на свет сваім бачным вочным яблыкам, пазбаўленым радасці ці болю. Жыццё працягвалася, але гэтая падзея паказала яго поўную нікчэмнасць. Тое, што здарылася з Рэвені, пазбаўляла ўсякага значэння тое, што здарылася з Маерам.

Пераклад з італьянскай – Аксана Данільчык © 2018

Чытайце таксама

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

1047