№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Францішак Карпінскі

Падарожжа па зачараваным краі (Podróż w kraju zaczarowanym)

Пераклад з польскай Мікола Хаўстовіч

Ледзь я пераправіўся праз Божую рэчку, што адасабляе зачараваны край ад рэшты зямлі, як неспадзявана пабачыў дзіўныя і жахлівыя відовішчы, больш праўдзівыя, чым падобныя на праўду.
 
1. Недзе праз гадзіну падарожжа, на адлегласці не больш за чвэрць мілі, зямля, якая ў гэтым месцы пакутавала, пэўна, ад нейкага гвалту, кідала вышэй дрэў якіясь камлыгі памерам у колькі локцяў і, узняўшы ў паветра на аднолькавую вышыню, апускала іх у тое самае месца, дзе брала.
 
2. Яшчэ на гэты глядзеў цуд, як новае відовішча прыцягнула маю ўвагу. Гурт людзей, з выгляду падобных на ліхадзеяў (можа, і ўбогасць, якую на іх бачыў, была прычынаю гэтага), ачапіў дом на маім шляху, відавочна, з мэтаю рабунку ды забойстваў. Адзін супраць столькіх разбойнікаў — я не мог ратаваць тых, хто трапіў у небяспеку, дык пра адно толькі марыў, каб жыхары як-небудзь уцяклі з свайго дому; аднак усё сталася інакш: дом пад выкрыкі тых лотраў (дзіўная рэч!) уцёк, а злоўленых жыхароў яны жахліва мардавалі ў мяне на вачах.
 
3. Устрывожаны гэтаю лютасцю, я з’язджаў як можна хутчэй з тае дзікае мясціны ды тут убачыў чалавека, што скакаў на кані насустрач мне. За ім роўным конскаму бегу крокам гнаўся нейкі чорны волат на такой жа чорнай жывёліне, якая разам з вершнікам каля дваццаці, можа, локцяў мела ў вышыню. Гэты нешчаслівы на такога таварыша свайго падарожжа, пэўна, не зважаў, а вось у мяне тая аграмадная здань яшчэ дасюль не выйшла з думак.
 
4. Ужо прыйшоў час растрывожанаму столькімі жахлівымі відовішчамі шукаць начлег, і я знайшоў яго ў доме нібыта гасцінным, але з прычыны ўсеагульнае ў гэтым краі нядолі таксама жудасным. Начаваць давялося ў вялікім пакоі, дзе апрача агню ў куце ды пеўня, які часам пранізліва спяваў, не было бачна аніводнае жывое душы. Больш за гадзіну, пакуль сяк-так заснуў, даносіліся да мяне праз загароджаныя ў другі пакой дзверы толькі два галасы. Там якісь раз’юшаны кат мучыў нявінную, пэўна, ахвяру. Чуў я адно слова “gehar”, грозна паўтаранае тым вылюдкам сотні разоў, і за кожным разам пакутнік плачлівым голасам прамаўляў колькі выразаў на незразумелай мове. Я, што шмат у жыцці адпакутаваў і маю сэрца схільнае да літасці, хацеў дапамагчы прыгнечанаму, але затрымала мяне думка, у якім гэта я краі знаходжуся, што неспадзявана пабачыў і што са мною самім можа яшчэ здарыцца, дык чакаў у неспакоі дня, які рыхтаваў для мяне яшчэ большыя жахі.
 
5. Пасля начлегу праз нейкую гадзіну падарожжа я ўбачыў надзвычай жахлівага чалавека, які труп маці, што ягоных дзяцей карміла, рассякаў сякераю напалам ды, пэўна, ад шалу грыз дрэва, і слёзы ліліся з ягоных вачэй. Колькі чалавек, што блізка каля яго стаялі, не толькі не перашкаджалі яму займацца бязбожнаю справаю, але яшчэ, здавалася, мелі нейкае задавальненне з гэтага. Гаротны край, падумалася, як жа тут далёка дзікунства, як далёка няўдзячнасць зайшла між людзьмі!
 
6. Як мага далей уцякаў я з тае мясціны, але мне перагарадзіла шлях рэчка з паромам — і зноў новае відовішча! Каля самага парома праз рэчку — мост, па якім штогод ідуць тысячы асуджаных на смерць бязвінных ахвяраў. І мост гэты тут пабудаваны толькі дзеля такіх вось бяздольных. Шчаслівы, што мне дазволілі пераехаць, я ніколі, як у гэты час, так ахвотна не плаціў за перавоз. На другім баку, ля самага берага рэчкі, на гары, наўмысна, напэўна, насыпанае кімсьці ў даўнія часы, стаіць заклятая святыня, зайсці ў якую тамтэйшы жыхар не жадае. Але калі ў ёй славілі Бога, што з’яўляецца Богам усіх людзей, я ўшанаваў гэтае святое месца.
 
7. Едучы далей, калі сонца заходзіла і набліжаўся змрок — ужо сам па сабе сумны, а пасля столькіх страшных відовішчаў яшчэ больш трывожны для мяне — я заўважыў найпрыгажэйшую мясціну, але былі на ёй жахлівыя знакі моцы Боскае і нікчэмнасці чалавека. Мноства людзей, быццам тут іх застаў найвышэйшы вырак, перамяніліся ў камні. Гэты — рукі працягваючы да свайго, можа, сябра, той — угору вочы ўзняўшы, нібы літасці просіць, іншы — граючы весела, іншыя — у пакутах нараджаючы, — усе былі ператвораны ў камень. Непадалёку ад месца гэтага жахлівага перамянення ўзносіцца нейкая святыня ці аграмадны гмах, заведзены ў які па шматлікіх прыступках сходаў, я пакланіўся мясцовай багіні. Паўсюль, куды ні зірнуў, — мармур, крышталь ды золата, а гледзячы на багіню, мне здалося (бо начытаўся ў маладосці), што ўбачыў Юнону. Тым, хто ля яе стаяў, раздавала яна парады, загады альбо зняважлівую лаянку, але ніхто ёй не адказваў, а толькі — ці яго хвалілі, ці ганілі — аднолькава пакорліва кланяўся багіні. І хоць бавячыся там, я аніякае прыкрасці не зазнаў і нават з пэўнаю прыхільнасцю адносіліся да мяне, аднак нічога нікому не кажучы, пакінуў і багіню, і ейную святыню.
 
8. Нарэшце прыехаў у месца пошасці, з якога насустрач мне мноства вазоў вывозіла трупы. Нават тыя, хто іх вёз, былі такія хворыя, што самі ківаліся ды чакалі такое ж смерці. Змушаны маім абавязкам ехаць у гэтае месца, перадусім, стараўся засцерагчыся, а трапіў у такі спакой, дзе цэлымі днямі апрача птаства на дрэвах ды сабакі, які часам абзавецца, не чуў аніякага голасу. Усё там абудзілася толькі пасля заходу сонца, калі, як звычайна, прачнулася гаспадыня таго дому. Бачыць яе можна толькі пры начным асвятленні. Але за страчаныя дні яна ўзнагароджвае людзей, што з ёю бавяцца, прыветнасцю, а яшчэ болей — выдатнаю музыкай, слухаючы якую штоначы, я забыўся пра мае няшчасці і пра мае няспраўджаныя надзеі.
 
 
Тлумачэнне гэтага падарожжа
 
Едучы з Пулаў на Валынь, я пераправіўся ў Владаве праз Буг, і гэта Божая рэчка, якую, пэўна, славяне-паганцы шанавалі як Бога.
 
ПЕРШЫ МАЛЮНАК, нібыта кіданае ўгору і апусканае ў тым жа месцы зямлі, — гэта ветраны млын, якога я цалкам не бачыў, толькі па-над лесам, за якім быў гэты млын, заўважыў здалёк ягоныя крылы, што на аднолькавую вышыню ўзнімаліся ў паветры.
 
ДРУГІ. Людзі, што ачапілі дом ля дарогі, — гэта сяляне, якія сеткаю лавілі ў сажалцы рыбу.
 
ТРЭЦІ. Чалавек і чорны велікан за ім — гэта вершнік, што скакаў перад захадам сонца ды меў аграмадны цень, які бег за ім.
 
ЧАЦВЁРТЫ. Начлег за Любомлем, дзе ў другім пакоі карчмы бельфэр вучыў чытаць хлопчыка-габрая, які са страху прамаўляў усяго па некалькі словаў, а бельфэр, калі хлопец замаўкаў, бесперастанна паўтараў слова “gehar”, што па-габрайску значыць «хутчэй».
 
ПЯТЫ. Чалавек, які напалам рассякаў труп маці, — гэта селянін, што забіў сваю старую карову, разбіраў яе ды паліў люльку, дым з якое выціскаў яму слёзы з вачэй.
 
ШОСТЫ. Фатальны мост і святыня ў вёсцы Чэкня каля перавозу праз рэчку Стыр. Перавоз там — гэта паром, мост побач — толькі для валовых статкаў, якія штогод гоняць па ім у Владаву. Заклятая святыня — гэта царква на гары ля берага, у якую Масква ўвяла “благочестие”, але сяляне, трымаючыся Уніі, пабудавалі сабе іншую царкву.
 
СЁМЫ. Скамянелыя людзі — гэта каменныя статуі ў пекным парку жамойцкае старасціхі Хадкевічавае ў Млынаве. Там і найпякнейшы палац яе, багата абстаўлены ўнутры; гаспадарлівая пані дом свой і лёкаяў утрымлівае ў найвялікшым парадку.
 
ВОСЬМЫ. Месца пошасці — мястэчка Тэафільполь княгіні крайчае Сапегі. З мястэчка з рынку вярталіся п’яныя сяляне, а іншыя трупамі ляжалі на вазах. Княгіня звычайна прачынаецца толькі пасля заходу сонца і цэлую ноч любіць бавіцца. Вось і знік міраж гэтага зачараванага падарожжа, калі глянуць на яго з іншага боку. 


Пераклад узяты з сайта кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ: 
http://khblit.narod.ru/arhiu/lib/karpinski.htm






Пераклад з польскай – Мікола Хаўстовіч © 2014

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Артур Конан Дойл

Артур Конан Дойл

Шатландскі фізік і пісьменнік, аўтар дэтэктываў пра Шэрлака Холмса

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

946