№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Арнэ Лігрэ

Пакінь сябе ў спакоі (La deg være)

Урывак з п'есы

Пераклад з нарвежскай Лідыя Ёхансэн
Сябар
Ён спіць, а я ляжу побач і гляджу на яго. Мне радасна — прынамсі, я адчуваю радасць. Я цягнуся па тэлефон і фатаграфую яго.
Я думаю: “Сёння ўночы спаць не буду”. Я думаю: “Пасплю, калі ён паедзе”.
Я засынаю.
Прачынаюся раніцай. У ложку, акрамя мяне, нікога. Я думаю: “Цяпер усё як раней”.
Ён сядзіць там, дзе мы сядзелі ўчора ўвечары, на парослым травой схіле непадалёк ад пляжа. Ён гаворыць: “Мне трэба хутка ехаць”. Кажа: “Я чакаў, пакуль ты прачнешся”. Кажа: “Я напішу табе”. Я кажу: “Напішы”. Кажу: “Дзякую за клопат”. Кажу: “Асцярожна на дарозе”.
Я не кажу: “Я хворы”. Я не кажу: “Я буду па табе сумаваць”. Я не кажу: “Застанься яшчэ на дзень”.
Я кажу толькі: “Добрай дарогі”.
І ён з’язджае.
Я думаю: “Ён, напэўна, больш ніколі не з’явіцца”.
Сяджу. Яшчэ крыху. І яшчэ некалькі хвілін, а пасля раптам падымаюся, іду да машыны, саджуся за стырно і еду за ім. Выбіраю тую дарогу, якою, мяркую, ён рушыў. Не ведаю, чаму і навошта, але еду далей, дадаю хуткасці, абганяю машыны і спадзяюся, што набліжаюся, што яшчэ крыху — і наганю яго яшчэ да мяжы, думаю і ўяўляю, як бачу яго машыну наперадзе, набліжаюся, мяняю паласу, прыстройваюся да яго збоку, стрымана сігналю, ківаю, выкручваю стырно і падразаю яго, рызыкуючы сваім і ягоным жыццём.
Проста падумалася.
Я збаўляю хуткасць і збочваю з трасы, іншаю шашою еду назад. Хочацца есці, думаю, дома амаль ніякага харчу, думаю і спыняюся ля крамы. Выходжу з машыны. Заўважаю знаёмую ля машыны непадалёк, яна бачыць мяне не адразу, і я спрабую ўцячы, намагаюся схавацца ў машыне, але позна, яна набліжаецца, ківае галавою, і я ў апраўданне выціскаю з сябе ўсмешку.

Знаёмая
Ты ці не ты, думаю.

Сябар
Я.

Знаёмая
Не заўважыў мяне?

Сябар
Не.

Знаёмая
А хоць пазнаў?

Сябар
Пазнаў. 

Знаёмая
Як справы?

Сябар
Нічога. Як і мае быць.
Хаця...

Знаёмая
Нешта здарылася?

Сябар
Я хворы. 

Знаёмая
А.

Сябар
Невылечна.

Знаёмая
Шкада.

Сябар
І мне.

Знаёмая
Думаю: Навошта да яго падыходзіла?
Кажу табе: Выглядаеш добра.

Сябар
Нядаўна захварэў. Усяго пару тыдняў таму даведаўся. Нікому не расказваў.

Знаёмая
Нікому?

Сябар
У мяне не так шмат знаёмых.
Неяк не надаралася, пакуль не сустрэў цябе.

Знаёмая
Можа, так і лепей, спачатку падзяліцца з малазнаёмым.

Сябар
Папрактыкавацца нібыта. Так.

Знаёмая
Разумею.

Сябар
Ну, я паеду. Дадому. Спачатку думаў заскочыць у краму, але не набраўся сілы.

Знаёмая
Я буду думаць пра цябе.

Сябар
Дзякую.

Знаёмая
Думаю: Хутка яго не стане.

Сябар
Я адчыняю дзверкі і саджуся ў машыну. Заводжу матор і еду дадому. Паркуюся, але ў хату не спяшаюся. Уладкоўваюся на тэрасе, сяджу і гляджу на мора.
Я думаю: “Больш няма чаго выглядваць”. Думаю: “Больш няма чаго рабіць”. Думаю: “Больш няма нікога, з кім можна разам нічога не рабіць”.
Я дастаю тэлефон. Знаходжу акаўнт мужчыны.

Незнаёмец
Ты лазіш па акаўнтах і я, усе лазяць па акаўнтах. Праглядаем профілі.

Сябар
Прывабіла нечым тваё фота.
Я думаю: Можа, ён?

Незнаёмец
Ты нічога мне не напісаў.

Сябар
Вагаюся.

Незнаёмец
Я не вагаюся. Я пішу: Як маешся?

Сябар
Я пішу: Добра.

Незнаёмец
Я пішу: Каго ты шукаеш?

Сябар
Я пішу: Сам не ведаю.

Незнаёмец
Я пішу: Зусім?

Сябар
Я пішу: Няхай будзе спадчынніка.

Незнаёмец
Я пішу: Каго?

Сябар
Я пішу: Чалавека, які пагодзіцца пераехаць да мяне, захоча пражыць са мною рэшту адведзенага мне часу і які ў самыя апошнія тыдні майго жыцця не пакіне мяне, а пасля прыме ў спадчыну ўсё, чым я валодаю: дом, мае рэчы, грошы.
Я пішу: Можа, ты пагодзішся?

Незнаёмец
Я пішу: Ха-ха.

Сябар
Я пішу: Не ха-ха.

Незнаёмец
Я думаю: Ой.

Сябар
Доўга думаеш.

Незнаёмец
Не.

Сябар
Тады адкажы.

Незнаёмец
Я пішу: Ты хворы?

Сябар
Я пішу: Хутка кранты.
Я пішу: Гэтым летам. Або ўвосень. Самае доўгае — на пачатку зімы.

Незнаёмец
Я пішу: Хочаш, я табе патэлефаную?

Сябар
Я пішу: А ты сам гэтага хочаш?

Незнаёмец
Я набіраю нумар. Я кажу: Прывітанне.

Сябар
Ты добра выглядаеш. На фота. Прыгожая ўсмешка.
Я думаю: Прыгожая ўсмешка ў наш час вырашае ўсё.

Незнаёмец
Ты маладжава выглядаеш.

Сябар
Я не такі і стары.

Незнаёмец
Я таксама.

Сябар
Бачу.

Незнаёмец
Можа, паспрабуем быць разам?

Сябар
У цябе прыемны голас.

Незнаёмец
Ты так лічыш?

Сябар
Так.

Незнаёмец
Я рады.

Сябар
І я рады. Нават калі ў канцы не застанецца для суцяшэння нічога, акрамя слыху.

Незнаёмец
Можа, я прыеду.

Сябар
А ты зможаш?

Незнаёмец
А ты хочаш?

Сябар
Я плачу.

Незнаёмец
Не плач.

Сябар
Я шапчу: Мне так страшна.

Незнаёмец
Я буду цябе даглядаць.

Сябар
Праўда?

Незнаёмец
Я надзейны. Даверся мне.

Сябар
Давер — гэта важна.

Незнаёмец
І надзейнасць.

Сябар
Так. Надзейнасць. Надзейнасць. Надзейнасць.

Незнаёмец
Я хачу, каб табе было добра.

Сябар
Ты кажаш: Я прыеду.

Незнаёмец
Магу прыляцець.

Сябар
Так.

Незнаёмец
Я чужы — і я імпульсіўны.

Сябар
Я твой новы сябар — і я паміраю.

Незнаёмец
Я хачу, я ўпэўнены, што хачу.

Сябар
І я ўпэўнены, што хачу. Я так думаю.

Незнаёмец
Там, дзе я цяпер, няма нічога, што я не мог бы пакінуць.

Сябар
Я думаю: Я ўсё пакіну.
Я самотны. Я стаміўся. Ніякіх сіл больш няма. Мне застаецца адно сядзець на тэрасе пасля нашай размовы, пасля таго як мы скажам “бывай”, пасля таго як скажам: Яшчэ сазвонімся.
Я засынаю ў крэсле.

Вораг
Я пішу: Патэлефануй мне.

Сябар
Неўзабаве я прачынаюся. Гляджу ў тэлефон.

Вораг
Я напісаў: Патэлефануй мне.

Сябар
Ты тэлефануеш.

Вораг
Шмат часу прайшло.

Сябар
Так.

Вораг
Ты хоць бы заехаў калі. Маці зусім слабая.

Сябар
Не веру.

Вораг
Мы твае бацькі.

Сябар
Я табе больш не бацька, сказаў ты неяк.

Вораг
Я нічога такога не меў на ўвазе.

Сябар
Можна падабраць новыя словы пазней, але старыя не сцерці.

Вораг
Хутка толькі мы з табой тут застанёмся.

Сябар
Мяне там няма.

Вораг
Я меў на ўвазе ў нашай сям’і.

Сябар
Так.

Вораг
Я табе не вораг.

Сябар
Я табе не сябар.

Вораг
Ведаю.

Сябар
Колькі разоў я казаў табе: пакінь мяне ў спакоі.

Вораг
Маці пытаецца, як ты.

Сябар
Раней я пытаўся, як яна. А ты казаў: Яна цалкам са мною згодная.
Я табе не верыў. Гэта ён усім кіруе, думаў я, а яна скарылася. Гэта не тая маці, якую я ведаў, думаў я. Гэта не тыя людзі, на якіх варта марнаваць час, думаў я.
І я забыў яе. Вас.
Мне больш няма чаго сказаць.

Вораг
Ты кладзеш слухаўку. Я зноў набіраю твой нумар.

Сябар
Я не адказваю.

Вораг
Я паспрабую іншым разам.

Сябар
Я і тады не адкажу.

Вораг
Я знайду твой адрас, прыеду да цябе і буду званіць у дзверы.

Сябар
Я не адамкну.

Вораг
Не адамкнеш.

Сябар
Можа, хто іншы і адамкне.

Вораг
Іншы?

Сябар
Можа. Адзін мужчына.

Вораг
У цябе дома?

Сябар
Так.

Вораг
Як шмат мы адзін пра аднаго не ведаем.

Сябар
Ты не хочаш ведаць. Я не хачу расказваць.

Вораг
Я паспрабую. Іншым разам. Настойліва. І заўсёды мне будзе трапляцца той мужчына, а не ты?

Сябар
Не я.

Вораг
Я нарэшце кіну.

Сябар
Не сумняваюся.

Вораг
Я люблю цябе. Дакладней, мы. Маці таксама. Цябе любіць.

Сябар
Я цябе не чую. Я паклаў слухаўку.
Я думаю пра вас.

Знаёмая
Я званю ў дзверы.

Сябар
Я іду ў вітальню. Адчыняю.

Знаёмая
Я не магла цябе так проста адпусціць. Я знайшла твой адрас. Купіла табе паесці. Усё роўна амаль па дарозе. Я падумала: Крыху сардэчнай цеплыні не зашкодзіць.

Сябар
Дзякуй.

Знаёмая
Некалі ты мяне параніў.

Сябар
Так.

Знаёмая
Ты быў благім чалавекам.

Сябар
Так.

Знаёмая
Я прабачыла табе.

Сябар
Добра.

Знаёмая
Ты прапануеш мне ўвайсці. Я дзякую і адмаўляюся.

Сябар
Цёплы вечар выдаўся. Бадай, з найцяплейшых гэтым летам. Можам ўладкавацца на тэрасе, гавару я.

Знаёмая
Не, дзякую.

Сябар
Ты сыходзіш.

Знаёмая
Ты стаіш на прыступках і глядзіш мне ўслед. Я не адводжу вачэй ад твайго адбітку ў люстэрку задняга агляду, аж пакуль дарога не паварочвае і ты не знікаеш.
Я думаю: Вось цяпер усё.

Сябар
Я абуваюся, іду да смеццевага бака і выкідваю пакет з прадуктамі, які мне прывезлі, я думаю: Добрыя людзі.

Знаёмая
Я еду ў горад.
Заходжу ў бар. Замаўляю келіх віна. Месца выбранае невыпадкова, тут можна адасобіцца, пабыць сам-насам з сабою або перакінуцца некалькімі словамі з барменам, з ім прыемна пагаварыць, пакрысе я пачала разумець яго нават лепей, чым мне спачатку здавалася, бо я часта ўладкоўвалася на тым самым месцы, бо ён часта прапаноўваў мне зайсці да яго, калі бар закрываўся. Я думаю: Сёння ўвечары я зноў буду тут. Ён кажа: Рады цябе бачыць. Ён кажа: Колькі часу прайшло! Ён кажа: Я сумаваў па табе. Я не адразу адказваю на яго кампліменты, але ўсміхаюся, яму падабаецца, што я прыйшла, мне падабаецца, што ён тут, часам акрамя гэтага больш нічога не трэба, прынамсі, гэтым разам, калі я толькі што выкінула з галавы чалавека, якога так доўга ненавідзела, і мне не давядзецца сядзець дома адной.
Позна ўвечары мы разам пераадольваем некалькі сотняў метраў да яго кватэры.
Я думаю: Гэта не любоў.

© Arne Lygre / Aschehoug Agency
Пераклад з нарвежскай – Лідыя Ёхансэн © 2017

Чытайце таксама

Марыя Канапніцкая

Марыя Канапніцкая

Польская паэтка, празаік, літаратурны крытык, публіцыст і перакладчыца

Генрых фон Кляйст

Генрых фон Кляйст

Нямецкі драматург, паэт і празаік

Джордж Оруэл

Джордж Оруэл

Ангельскі пісьменнік і публіцыст. Сапраўднае імя — Эрык Артур Блэр

Марыс Леблан

Марыс Леблан

Французскі пісьменнік, аўтар дэтэктыўных раманаў пра Арсэна Люпэна

1471