№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мойшэ Кульбак

Панядзелак (מאנטאג)

Урывак з рамана

Пераклад з ідыша Сяргей Шупа

Прапануем вашай увазе фрагмент з “кароткага” рамана Мойшэ Кульбака “Панядзелак” (першае выданне — Варшава, 1926). Пераклаў з ідыша Сяргей Шупа. У рамане апісваюцца падзеі часоў расійскай рэвалюцыі ў нейкім дастаткова буйным, але дакладна не акрэсленым горадзе. Сам аўтар у тыя часы жыў у Мінску і Вільні. Пераклад рыхтуецца да выдання.

Маса

…Вылецела шэрая птушка, зрабіла пару кругоў нізка над палямі і змрочна ўскрыкнула. Пасля нязграбна пусцілася не да неба, а далёка, далёка праз лугі да краю мутнай раўніны. Худая звілістая рачулка раптам знерухомела і пасінела, хутка пачнецца навальніца. Воблак, буры і даўгі, выпаўз аднекуль збоку і гарачымі абвіслымі лахманамі памалу варушыў худыя дрэвы. Раптам вецер ірвануў наваколле, падагнуў галіны на дубах і накінуўся на маладыя алешыны, скруціў іх і прыгнуў да зямлі. Хмара, ужо растрапаная і гарачая, пачала ахапляць усё, ад яе аддзяляліся грузныя кавалкі аблокаў, адплывалі і абляплялі кусты, канавы і ямы на берагах ракі. Пырснула маланка, крывая, з вострымі краямі. Лес ззаду на імгненне раскрыўся сырой жудаснай глоткай, напханай леташнім лісцём, мохам і вывернутымі дрэвамі. У яго ўваліўся гром, і ён закрыўся. Пасля яго, гром, шырокі і звязаны, пакацілі некуды на цяжкім возе. Буйныя кроплі пачалі з грукатам скакаць па лістах. І пачалося…

……………………

Пралетарыят зацягнуў рэмень на жываце і а восьмай гадзіне пайшоў у гарадскі тэатр. Ён прыходзіў масамі. Ён хвалямі пазаймаў партэр, ложы і галёрку, пакуль там не запахла ботамі, целам і кажухамі. І падрыхтаваўся слухаць і слухаць.

На сцэне паміж асветленымі цяжкімі заслонамі і чырвонымі сталамі стаяў іскрысты срэбны званочак. Усяго толькі званочак.

А ў глыбіні залы было цёмна.

Пралетарыят цяжка павярнуў сваю тысячу галоваў, раскіданых унізе і ўверсе, і цяжка зашаптаўся, так цяжка, нібы вецер хадзіў між дрэваў.

І глянь ты, худы Мешчанін таксама прыйшоў. Ён забраўся ў куток цішэй травы і выміргваў адтуль са змроку сваімі цвікастымі вачыма. А яшчэ пракраўся з натоўпам даўгі чалавечак з чорнай бародкай, што нядаўна стаяў, прыляпіўшыся да сцяны, і тады яго было шкада, бо тады здавалася, што ён гэтак прастаіць усё сваё жыццё. І ўсё замоўкла ў цемры.

Пачалося.

Яна, Маса, глядзела асцярожна тысяччу вачэй, каб ёй раптам не зрабілі нешта злое, нешта дрэннае. Яна трымцела сваімі людзьмі ў калідорах гарадскога тэатра, а яе рукі, доўгія і валасатыя, што ўжо дрыжалі, тым часам учапіліся за балюстрады. Чалавечак з чорнай бародкай сядзеў недзе бледны са страхам у каленях, як нехта, хто раптам адчуў смерць, але ўжо не мог варухнуць ні рукой, ні нагой там, у цемры.

Ціха, і ціха.

Маса ад нечага адчувала да сябе салодкае шкадаванне. Ёй хацелася плакаць аб сваім горы. І галовы ўжо сапраўды паніклі. А ў некаторых ужо нават паказаліся слёзы ў вачах. Але раптам яна адчула сябе глыбока шчаслівай і ажно азвалася смехам недзе высока ўверсе, на галёрцы.

— Гэй ты, таварыш, чаго смяешся?.. Што тут смешнага?

І тады яна дзіка абурылася. Затупала нагамі. І ў яе вачах ужо засела шаленства і прага крыві. Яе абдурылі, і яна шукае помсты. Бліснулі бялкі вачэй, нібы людзі перакінуліся ка­штоўнымі камянямі ў цемры. Але. Але яна, Маса, зараз жа і супакоілася. Яна тут жа праставата ўсміхнулася, як дурань, які нічога не разумее.

На сцэну падняліся таварышы. Маса сурова глядзела. І разглядала таварышаў у скураных куртках. У ботах, з бародамі. Міша ў поўнай кавалерыйскай уніформе сеў каля самага званочка. Ён занепакоена разглядаў астатніх, што паволі рассаджваліся на сталах, на лавах, што закінулі нагу за нагу і з халоднай усмешкай на вуснах неяк пільна ўглядаліся ў змрок, дзе сядзела яна, Маса. І зрабілася ціха, ціха і нязвыкла страшна.

Міша ўстаў, роўны й нягнуткі. Бледна асветленым тварам нахіліўся да яе, да Масы, і пачаў. Ён сказаў ёй:

— Ты, Маса…

Ён гаварыў адрывіста гэткімі словамі, што выляталі з яго нечакана, як кавалкі сталі. Нібы страляў рэвальвер. Маса лавіла іх, апусціўшы тысячагаловую чупрыну. І сядзела яна, Маса, як баран.

О, яна раптам пранялася да яго павагай. Што калі ён, Міша, будзе злавацца. І Міша злаваўся, але не на яе, падвальную і гаротную. Ён запатрабаваў ад яе:

— Ад цябе будзе патрабавацца, Маса!..

І яна слухала яго ўсімі сваімі валасатымі, цвёрдымі вушамі. Яна, што ляжала, скруціўшыся, як чарвяк у кары. Нешта выкрыкнуў селянін, што прыйшоў у горад у Савет дэпутатаў, але Маса праглынула яго, і ён знік у ёй недзе ў змроку. Нізкія лабочкі абліваліся потам, а вочы, вочы распаўзаліся навокал, як светлякі ў лесе.

Міша замоўк. Раптам. Сеў. Маса зараўла тупа і адусюль, быццам крыкі адрываліся ад сценаў. Маса раўла ўсімі сваімі ратамі, і рукі ейныя торгаліся няспынна, і з радасцю гучала, грымела з цемры:

— Рэвалюцыя, рэвалюцыя!

І цішыня.

Да стала мерным дробным крокам падышоў нізенькі прамоўца ў акулярах з вялізнай аправай. Ён ужо аднойчы ўначы на парадным пляцы нешта рашуча загадваў Масе. Таварыш Р. Ён холадна спыніўся, узняў гладка паголены твар і склаў рукі на грудзях. Таварыш Р. пачакаў. Праз акуляры віднеліся яго цяжкія зрэнкі, сінія, як лёд. Ён чакаў, і там, у цемры, разыходзіўся тонкі, далікатны халадок. Маса, хліпнуўшы, змоўкла.

— Таварыш, паслухай, што ты адкажаш буржуазіі!

І ён пачакаў.

— Таварыш, ты скажаш: Я стаю з нажом у руцэ, і ты стаіш з нажом у руцэ. Класавая барацьба! Толькі ты з іншага мяса, ты грудзінка, а я азадак, але пабачыш, мая возьме. Буржуазія, ты ходзіш і ходзіш паўсюль, як злодзей уначы, а я іду табе насустрач. Я выстаўляю табе грудзі: бі! Але ж ты не хочаш. Чаму ты не хочаш?

Глядзі, у цябе мяккія рукі, а ў мяне грубыя і валасатыя, таму ў цябе плех на галаве, а ў мяне густыя патлы. Ты генерал, а я іван. Ты ідзеш на вайну, а я паміраю. Ты кахаеш, а я раўную. Ты ясі, а плачý я, — але я не хачу! Цяпер класавая барацьба! Я стаю з нажом у руцэ, і ты стаіш з нажом у руцэ.

Ён спыніўся, застыў у маўчанні і проста застаўся стаяць як стаяў. Цемра перад ім выглядала нібы сырая пячора, дзе пішацца фасфарычнымі літарамі нейкі змест, які мусіць застацца ў вечнасці. Там стаяла задуха. На каленях сціскаліся кулакі, як камяні, у крыві разліваўся змрочны кіпень. Бо нехта даўгімі сінімі пальцамі намацваў і сціскаў тысячу валасатых шыяў Масы. А яна шчэрыла тупыя зубы і маўчала.

— Ты скажаш: хто ты такая, буржуазія, што думаеш, быццам ты роўная мне? Я вынайшаў рэкі. Я збудаваў гарады. Я ўзвёў фабрычныя муры. Я праклаў дарогі. Я перакінуў масты. Я пусціў цягнікі. Я плаваў па морах. Я капаў пад зямлёй. Я араў, садзіў, сеяў, палоў, а ты? Хто ты такая, што думаеш, быццам ты роўная мне. Але паглядзі: што я збудаваў — ты вартавала, што я прынёс — ты назапасіла, што я напрацаваў — ты забрала. А я не хачу, цяпер класавая барацьба! Я стаю з нажом у руцэ, і ты стаіш з нажом у руцэ.

І тады паміж крэслаў паволі высунулася цвёрдая, цяжкая рука, у тым самым месцы, дзе сядзеў сухі чалавечак з чорнай бародкай. Ніхто гэтага не ўбачыў. Яна асцярожна ззаду ўзяла сухога чалавечка за даўгую шыйку і павольна, павольна зацягнула яго пад крэслы. Ледзь заўважна і памаленьку яна абхапіла яго там за ўсю шыйку і моцна прыціснула носам да падлогі. А вочы Масы былі прыкаваныя да асветленай сцэны. Чалавечак тым часам высунуў язык, які зрабіўся цвёрды, як дошчачка. І выцягнуўся, выпруціўшы ногі, пад крэсламі. Тады рука паволі ўзнялася назад. Цяжкая, яна ляжала на балюстрадзе і трошкі падрыгвала.

— Ты, Маса! Хто пайшоў у пустыню будаваць піраміды? Хто асушыў балоты Вавілона? Каго Ганібал вадзіў на Рым? Хто збудаваў Лондан? Парыж? Берлін? Маскву? Хто хадзіў з Напалеонам заваёўваць свет? Хто абнёс мяжой Расію? Хто пратаптаў яе дарогі? Хто выпеставаў яе, дарагую маці? Я! А цяпер я не хачу. Цяпер класавая барацьба! Я стаю з нажом у руцэ, і ты стаіш з нажом у руцэ.

І ён сышоў са сцэны сваім халодным мерным крокам. І там, у зале, зрабілася ціха, як у калодзежы.
Пераклад з ідыша – Сяргей Шупа © 2018

Чытайце таксама

Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Беларуская паэтка, журналістка.

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

Джэйн Остэн

Джэйн Остэн

“Першая лэдзі” ангельскай літаратуры, якая запачаткавала сямейны раман

2361