№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Маргарэт Этвуд

Пенелапіяда (The Penelopiad)

Урыўкі з рамана

Пераклад з ангельскай Вольга Калацкая
"Амерыканка" - літаратурная серыя, што аб'ядноўвае кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Падтрымайце серыю, зрабіўшы перадзамову на краўдфандынгавай платформе "Талака"!
 


ІІІ. Дзяцінства

Ад чаго пачаць? Ёсьць толькі два варыянты: ад пачатку альбо не ад пачатку. Па-сапраўднаму ўсё пачалося са стварэньня сьвету, а далей пайшло-паехала. Але як на гэты конт меркаваньні разыходзяцца, я пачну са свайго нараджэньня.

Мой бацька — цар Спарты Ікарый, а маці — наяда. Дачок наядаў па тым часе было як расы: кінь палку ў сабаку — трапіш у наядку. І ўсё ж паўбоскае паходжаньне ніколі не зашкодзіць. Прынамсі, спачатку.

Калі я была яшчэ зусім маленькай, бацька загадаў кінуць мяне ў мора. За ўсё жыцьцё я так дакладна і не даведалася, чаму. Цяпер мне здаецца, прычына ў аракуле: ён прадказаў бацьку, што я буду ткаць яму пахавальнае покрыва. Магчыма, бацька думаў, што калі ён заб’е мяне раней, ягонае покрыва ніколі не сатчэцца і ён будзе жыць вечна. Я разумею ягоную лёгіку. У гэтым выпадку намер патапіць мяне тлумачыцца цалкам слушным жаданьнем абараніць сваё жыцьцё. Але, напэўна, ён недачуў — або недачула сама піфія: багі часта мармычуць нешта няўцямнае. Насамрэч вялося пра пахавальнае покрыва ня бацьку, а сьвёкру. Калі ў гэтым быў сэнс прароцтва, дык яно, безумоўна, спраўдзілася. Так, праз колькі гадоў мне вельмі дапамагло тканьне акурат памянёнага сувоя.

Я разумею, навучаць дзяўчат жаночым рамёствам больш ня модна, але, на шчасьце, у мой час было іначай. Яно вельмі выгодна, калі заўсёды ёсьць чым заняць рукі. Хто-небудзь адпусьціць непрыстойнасьць — а ты можаш зрабіць выгляд, што не пачула. І ня трэба адказваць.

А магчыма, мая здагадка наконт аракула і покрыва ня мае ніякіх падставаў. Магчыма, я яе проста прыдумала, каб стала лягчэй. Па лугох, па цёмных пячорах ходзіць столькі шэптаў, што часам цяжка зразумець, адкуль яны бяруцца: ад іншых ці з уласнай галавы. Пра “галаву” я кажу ў пераносным сэнсе. Тут, пад зямлёю, мы абыходзімся без галоваў як такіх.

Як бы там ні было, мяне кінулі ў марскую бездань. Ці памятаю я, як нада мною сышліся хвалі, ці памятаю, як выходзіла зь лёгкіх паветра, а ўвушшу гучалі званы, што, кажуць, чуюць тапельцы? Ані ня памятаю. Але мне ўсё расказалі: заўсёды знойдзецца якая-небудзь служка, ці рабыня, ці старая нянька, ці проста пляткарка, якая з радасьцю пацешыць дзіця жудаснай гісторыяй пра тое, што ўчынілі над ім бацькі, калі яно было яшчэ малое і не магло памятаць. Показка не з прыемных, і адносіны з бацькам у мяне ад яе не палепшыліся. Акурат гэтым здарэньнем — дакладней, тым, што я пра яго даведалася, — я і схільная тлумачыць сваю асьцярожлівасьць ды недавер да чужых намераў.

Аднак жа ў Ікарыя клёпкі ў галаве не ставала — хацеў патапіць дачку наяды! Вада — нашая стыхія, яна паводле права нараджэньня належыць нам. Хоць мы плаваем і горш за матуляў, але ўсё ж умеем трымацца на вадзе, маем сувязі сярод рыбаў і марскіх птушак. Мяне ўратавала і адбуксіравала на бераг чародка пурпуровапёрых качак. Што заставалася рабіць бацьку пасьля такога знаку? Ён прыняў мяне назад і даў новае імя, дакладней, мянушку: качаня. Несумненна, бацька адчуваў згрызоты сумленьня: ён пачаў да мяне ставіцца аж залішне ласкава.

Мне было цяжка адказаць яму тым самым. Пастаўце сябе на маё месца. Гуляеш сабе, трымаючыся за руку нібыта прыязнага да цябе бацькі, уздоўж абрыву, ці берагу ракі, ці парапэту — і зьнячэўку прасьлізгвае думка: а што як яму раптам заманецца скінуць цябе ўніз ці прыбіць каменем? У такіх абставінах здавацца спакойнай — заданьне ня зь лёгкіх. Пасьля такіх шпацыраў я хавалася ў сябе ў пакоі і пралівала ручаіны сьлёз. (Цяпер можна і прызнацца, што залішняя сьлязьлівасьць — прыроджаная загана дачкі наяды. Сама мала чвэрць свайго зямнога жыцьця я толькі тым і займалася, што выплаквала вочы. На шчасьце, у мой час насілі вэлюмы — вельмі зручна, калі трэба схаваць чырвоныя ад сьлёз, прыпухлыя вочы.)

Як і ўсе наяды, мая маці была прыгожая, але халаднаватая сэрцам. Памятаю яе хвалістыя валасы, вільготныя вочы і пералівісты сьмех. І няўлоўнасьць. У маленстве я часта спрабавала яе абняць, але яна заўсёды высьлізгвала. Мне прыемна думаць, што гэта, магчыма, яна паклікала на дапамогу качак, аднак хутчэй за ўсё маці тут ні пры чым. Плаваць у рэчцы ёй падабалася больш, чым даглядаць малых дзетак, і яна часта выпускала мяне з памяці. Калі б бацька не загадаў кінуць мяне ў мора, ня выключана, што яна сама ўпусьціла б мяне ў ваду ў прыліве расьсеяньня ці раздражненьня. Маці не магла доўга засяроджваць увагу на нечым адным, і ў яе вельмі хутка зьмяняўся настрой. З таго, што я вам апавяла, відаць, што яшчэ ў раньнім дзяцінстве я засвоіла адну выдатную якасьць — калі толькі яна выдатная: самадастатковасьць. Я ведала: мне ў жыцьці давядзецца самой пра сябе клапаціцца. Разьлічваць на сям’ю ніяк не выпадала.

(…)

 

V. Асфадэлы

Як шмат хто адзначаў, тут цёмна. “Цёмнае царства сьмерці”, “змрочныя склепы Аіда”, і г. д., і да т. п. Так, тут пануе цямрэча, але і яна мае свае перавагі: прыкладам, калі ўбачыш кагосьці, з кім ня хочаш размаўляць, заўсёды можна зрабіць выгляд, што не пазнаў.

І, вядома, тут ёсьць лугі, дзе цьвітуць асфадэлы. Калі прыйдзе ахвота, можна па іх паблукаць. Там трохі сьвятлей, там увесь час нехта млява танчыць, але наагул яны не такія прыгожыя, як пра іх кажуць. У фразе “дзе цьвітуць асфадэлы” ёсьць нешта паэтычнае. Ды як на добры клёк, асфадэлы, асфадэлы, асфадэлы — хоць і досыць мілыя белыя кветачкі, аднак неўзабаве надакучваюць. Чаму было б не прыўнесьці нейкую разнастайнасьць — яркія колеры, некалькі зьвілістых сьцяжынак, прыгожыя далягляды, каменныя лавачкі і фантаны? Як на мяне, дык лепш ужо рэдкія гіяцынты і дробныя калюжынкі крокусаў — хіба я зашмат хачу? Але тут ніколі не бывае ні вясны, ні іншых пораў году. Міжволі здумляесься, якому дызайнеру прыйшоў у галаву гэткі праект.

Я не казала, што зь ежы тут — толькі асфадэлы?

Але я не наракаю.

У цёмных гротах цікавей — можна зьмястоўна пагутарыць, калі натрапіш на якога дробнага нягодніка: злодзея-кішэньніка, біржавога брокера, сутэнёра-недарэку. Мяне, як і большасьць наіўных дзяўчат-незачэпаў, заўсёды пакрыёма цягнула да такіх мужчынаў.

Аднак на самыя глыбіні я спускаюся рэдка. Там прызначаюць кару сапраўдным мярзотнікам — тым, хто не адпакутаваў сваё пры жыцьці. Я кепска пераношу іх крыкі. Але ўсе мукі — душэўныя, бо целаў мы ўжо ня маем. Улюбёная забава багоў — зьяўляць ахвярам шчодрыя бяседы: вялізныя споды зь мясам, горы хлеба, гронкі вінаграду — і ўвобмірг усё адбіраць. А яшчэ багі страшэнна любяць прымусіць каго-небудзь каціць на гару цяжэзныя камяні. Часам мне страшэнна хочацца туды сысьці: мо я б прыгадала, што значыць сапраўдны голад, сапраўдная зьнямога.

Раз-пораз у туманох зьяўляецца прагал, і тады можна ўгледзець які драбок таго сьвету — сьвету жывых. Гэта як пальцам расчысьціць сабе “вочка” на заледзянелай шыбе. Бывае, што заслона зьнікае, і мы можам выйсьці трохі пагуляць. Нас ахоплівае ўзрушэньне — віск стаіць такі, што не перадаць.

Ёсьць розныя спосабы вырвацца на прагулянку. Даўным-даўно, калі хто хацеў нешта ў нас запытацца, ён пераразаў горла авечцы, карове ці сьвіньні так, каб кроў сьцякала ў ярок. Пачуўшы кроў, мы напрасткі ляцелі на яе, як мухі на труп. Мы шчабяталі, мітусіліся, віліся наўкол, як сьмецьце з гіганцкай урны, падхопленае сьмерчам. А герой-самазванец перакрываў нам шлях аголеным мячом, пакуль ня зьявіцца той, каму ён хацеў задаць пытаньне. Далей ішлі два-тры цьмяныя прароцтвы — мы вывучыліся прамаўляць няўцямна. Навошта казаць усё? Трэба, каб яны вярталіся зноў і зноў, з авечкамі, каровамі, сьвіньнямі... ну і гэтак далей.

Як толькі герой атрымліваў сваю порцыю прадказаньняў, нам усім дазвалялася папіць зь ярка. Пра этыкет у такіх выпадках не магу знайсьці ніводнага добрага слова. Усе штурхаюцца, піхаюцца, смокчуць, чвякаюць, абліваюцца. Падбародзьдзі пунсовыя ад крыві. Але якое гэта было шчасьце — хоць на імгненьне зноў адчуць, як у няісных венах пульсуе кроў.

Часам мы маглі зьяўляцца жывым у снох, але радасьці ад гэтага куды як менш. Былі і тыя, хто захрас на тым беразе, бо іх не пахавалі як належыць. Нябогі, яны блукалі ў глыбокай роспачы — і ня там, і ня тут — ды чынілі нам столькі клопату.

А потым, праз сотні, а мо й тысячы гадоў (тут цяжка весьці адлік часу, бо яго як такога няма), завядзёнкі зьмяніліся. Жывыя практычна перасталі сыходзіць у падземнае царства, дый нашае сьціплае месца жыхарства саступіла ў відовішчнасьці іншай установе. Вунь яна там, далей: вогненныя катлы, плач і скрыгаценьне зубоў, дэманы зь віламі — спэцэфэкты на любы густ.

І ўсё ж нас раз-пораз выклікалі чарадзеі ды ведзьмакі — тыя, хто заключыў дамову з інфэрнальнымі сіламі, — а тады й увогуле абы-хто: аматары выклікаць духаў, мэдыюмы, экстрасэнсы, іншыя такія тыпы. Якое прыніжэньне — ты мусіш матэрыялізоўвацца ў накрэсьленым крэйдай коле ці ў абабітым аксамітам кабінэце, бо некаму проста прыйшла ахвота на цябе паўзірацца. Але гэта дазваляла нам неяк быць у курсе падзеяў там, сярод яшчэ жывых. Мяне, напрыклад, вельмі зацікавіла вынаходзтва электралямпачкі і папулярныя ў ХХ стагодзьдзі тэорыі пра пераход матэрыі ў энэргію. Апошнім часам некаторыя з нас навучыліся пранікаць у акіян этэрных хваляў, што цяпер абымае ўсю Зямлю, і пераносіцца разам зь імі, пазіраць на сьвет праз пляскатыя зыркія прастакутнікі, якія цяпер служаць хатнімі алтарамі. Мабыць, тады, даўным-даўно, нешта такое мелі багі, бо як бы іначай яны гэтак хутка зьяўляліся і зьнікалі?

Чарадзеі выклікалі мяне рэдка. Так, я была знакамітасьцю — каго заўгодна спытайце, — але яны чамусьці не хацелі мяне бачыць. Затое мая стрыечная сястра Алена заўсёды карысталася вялікім попытам. Гэта несправядліва — я нічым не заслужыла ганебнай славы, і менш за ўсё распустай, а яна калі за што і сталася пагалоскай на языкох, дык толькі за бессаромнасьць. Вядома, яна была вельмі прыгожая. Кажуць, яна зьявілася на сьвет зь яйка, бо Зэўс згвалціў яе маці, абярнуўшыся лебедзем. Бачылі б вы, як Алена праз тое нос высока несла!

Цікава, хто з нас сапраўды верыў у гэтыя байкі пра згвалтаваньне лебедзем? Тады па сьвеце хадзіла шмат такіх гісторыяў: багі, здавалася, так і цягнулі рукі, лапы ці дзюбы да сьмяротных жанчынаў, вечна гвалцілі ня тую, дык іншую.

Так ці іначай, чарадзеі ўпарта выклікалі Алену, і яна не магла ім адмовіць. Для яе гэта як вяртаньне ў добрыя старыя часы — зноў на яе таропілі вочы сьціжмы мужчынаў. Алена любіла зьяўляцца ў траянскіх строях, як на мяне, дык залішне аздобленых, але chacun à son goût [1]. Яна ўмела гэтак павольна павярнуцца, потым нахіліць галаву і зірнуць у твар таму, хто яе выклікаў, усьміхнуцца сваёй фірмовай інтымнай усьмешкай — і ён зваяваны. Або зьяўлялася ў тым жа абліччы, што і перад сваім угневаным мужам Мэнэлаем, калі палала Троя, а той, перапоўнены помстай, прагнуў працяць яе мячом. Алена проста агаліла незраўнанай прыгажосьці грудзі — і ўсё: Мэнэлай упаў перад ёю на калені, і закаціў вочы, і пачаў упрошваць яе вярнуцца.

А я… Ну, мне казалі, што я прыгожая, ды толькі чыста з абавязку, бо я была царэўнай, а потым царыцай. Аднак праўда ў тым, што я хоць і не калека, і не пачвара, але і хараством не вылучалася. Зь іншага боку, я была разумная — як на свой час, дык вельмі разумная. Здаецца, розумам я і праславілася. Толькі гэтым, ды яшчэ ткацтвам, вернасьцю мужу і абачлівасьцю.

Калі б вы былі чарадзей, і гарэзілі б з чорнай магіяй, і рызыкавалі б душой, вы б захацелі выклікаць непрыгожую, затое разумную жонку, добрую ткачыху, якая ніколі не зграшыла, замест жанчыны, ад пажады да якой звар’яцелі сотні мужчынаў, жанчыны, празь якую загінуў у полымі вялікі горад?

Вось-вось, і я таксама.

Алена так і засталася беспакаранай. Абсалютна. Цікава, чаму? Іншых задушылі марскія зьмеі, патапілі ў шторм, ператварылі ў павукоў, застрэлілі з лука за куды як меншыя злачынствы. Ну, зьелі яны ня тую карову, ну, хваліліся — што тут такога? Здавалася б, за ўсе няшчасьці ды пакуты, што Алена прынесла сьціжмам іншых людзей, ужо добрага бізуна яна заслужыла. Ані.

Ды не, я не наракаю.

Дый не наракала.

У жыцьці мне й так ставала пра што думаць.

Тут мы й падышлі да майго шлюбу.

__________________________________

[1] Кожнаму сваё (фр.).

 
Прачытайце іншыя ўрыўкі з выданняў  літаратурнай серыі "Амерыканка":
 
Чарлз Букоўскі, Чытво. Пераклаў Ігар Кулікоў. 
Кен Кізі, Палёт над гняздом зязюлі. Пераклаў Аляксей Знаткевіч. 
Чак Паланюк, Байцоўскі клуб. Пераклаў Сярж Мядзведзеў. 


Пераклад з ангельскай – Вольга Калацкая © 2017

Чытайце таксама

Томас Стэрнз Эліят

Томас Стэрнз Эліят

Амерыканска-ангельскі паэт, драматург і літаратурны крытык, прадстаўнік мадэрнізму ў паэзіі. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў XX ст.

Сашко Ушкалаў

Сашко Ушкалаў

Паэт, драматург, перакладчык з Харкава

Міхаіл Кузмін

Міхаіл Кузмін

Рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар

Вячаслаў Купрыянаў

Вячаслаў Купрыянаў

Рускі паэт, празаік, перакладчык паэзіі з нямецкай мовы

2101