№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Антон Рудак

Плошча Свабоды



Спіс кніг пра Менск, якія варта прачытаць, бадай, неасяжны. Я вышукваю і чытаю такія кнігі пачынаючы з сямі гадоў і ўсё ніяк не магу спыніцца. Першая кніжка па гісторыі Менска трапіла мне ў рукі на некалькі гадоў раней за "Адкуль наш род" Уладзіміра Арлова. Разам з патрыятызмам беларускім, які ўва мне мэтанакіравана выхоўваў вясковец-беларус бацька, пакрыёма ўзрастала і абсалютна несвядома ўзгадаваная гарадскім дзедам, сынам тутэйшага паляка і адэскай габрэйкі, любоў да Менска.

Дзед Валодзя Доўнар нарадзіўся ў снежні 1941 году ў двары на плошчы Свабоды, за музычнай школай, у будынку якой калісьці быў ЦВК БССР, перад тым — дом губернатара, а яшчэ раней — езуіцкі калегіюм. У пачатку мінулага стагоддзя тамтэйшыя жыхары часам так і пісалі свой адрас: "Дом губернатора, во дворе". Сэрцам дзедавага дзяцінства, яго галоўным успамінам быў Касцёл — менская катэдра. Тут яго хрысцілі ў снежні 1941-га, што само сабой было цудам — маці не трапіла ў гета, невядомым чынам здолела пражыць усю акупацыю з сям'ёй пад самым носам у паліцыі, СС і генеральнага камісарыята. Нешта дэтэктыўнае ёсць у гэтай гісторыі, але факт застаецца фактам. Дзед застаўся хрышчаным у каталіцтва і палякам паводле пашпарту. На іншы бок ад касцёла стаяў будынак са званіцай, які ў тагачасным Менску ўпарта называлі ратушай. Яго зруйнавалі ў 1951-м, уночы, падступна парушыўшы спакой яшчэ не да канца прыціхлага паваеннага Менска. Цыферблат гарадскога гадзінніка нехта адразу ж сцягнуў, каб здаць на каляровыя металы.

Дзед згадваў, што ваколіцы плошчы Свабоды ў тыя часы былі густа ўсеяныя гісторыяй, якая валялася проста пад нагамі: вецер мёў па бруку нікому не патрэбныя аркушы старадаўніх кніг, маркі, паштоўкі і падобнае. На гарышчы той самай музычнай школы захоўваліся медныя трубы, нейкія фантастычныя сцягі і харугвы царскіх часоў. Аднойчы, у тым самым 1951-м, калі касцёл канчаткова закрылі і пачалі рэканструяваць пад дом фізкультурніка, аддадзены таварыству "Спартак", дзед з сябрамі знайшоў у друзе пры бакавой сцяне храма скарб з залатых манет. Па адной пакінулі сабе на памяць (дзед потым сваю ўсё адно згубіў), а астатняе аднеслі бацькам. За гэтае золата іх сем'і вырашылі набыць так неабходнае ў тыя гады адзенне. А скарбаадшукальнікам дасталіся ва ўзнагароду жаданыя лыжы.

Але ўсё гэта не магло заглушыць горычы ад страты Касцёла. Нібыта развітваючыся, храм аддаваў малым суседзям усё, што меў. Дзед мог гаварыць пра касцёл і ягоную прыгажосць бясконца, кленучы ягоных руйнавальнікаў, хоць і не быў ні на каліва пабожным. Камуністы абрубілі вежы і прыбудавалі да катэдры бездапаможны псеўдакласічны фасад, які не запамінаўся нічым, і толькі некранутыя апсіда і капліцы ў двары ўражвалі выпадковых мінакоў. Дом дзедаў неўзабаве таксама зруйнавалі, сям'я пераехала. Працуючы на авіярамонтным заводзе і жывучы на паўднёвай ускраіне, дарослым ён ужо нячаста бываў у цэнтры, у дварах свайго маленства. Крыху чуў на пачатку дзевяностых, што каталікі змагаюцца за будынак. Якім жа было дзедава здзіўленне, калі ў 1997-м, праязджаючы са шваграм на машыне паўз плошчу, ён пабачыў Касцёл сваіх хлапечых гадоў.

Але я захапіўся. Рэч у тым, што, толькі пачаўшы пісаць гэты агляд, я згадаў кнігу, у якой дзед мне ўпершыню паказваў абрысы Касцёла, які ён тады яшчэ лічыў назаўжды страчаным. Гэтая кніга, якая ў свае часы магла падацца некаму няважнаю, цяпер таксама зрабілася гістарычнай крыніцай. Яна выйшла ў 1993 годзе і называлася "Увесь Мінск" — такі сабе вялікі гарадскі даведнік, у якім, між іншага, быў змешчаны цікавы гістарычны нарыс "Менск: Горад і Час", напісаны Алегам Дзярновічам, з малюнкамі Сяргея Харэўскага. У канцы кнігі быў змешчаны фотаальбом, у якім і паказваў мне дзед тую самую літаграфію Барталамея Лаверня 1840 году з выявай Высокага рынку. Зімовая плошча патанала ў снезе, сярод якога ехалі конныя сані, ішлі ці тоўпіліся на пляцы старасвецкія месцічы, стаялі ў скверы стромкія дрэвы, а над усім гэтым узвышаліся велічныя вежы Касцёла, які ў гэтыя дні, калі мы разглядалі яго на малюнку, ужо пачаў вяртаць сабе свой першапачатковы барокавы выгляд.

Наступнай кнігай, якая на доўгія гады вызначыла маю зацікаўленасць гісторыяй горада і кірунак для яго даследаванняў, была праца Захара і Соф'і Шыбекаў "Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада". Яе мы з маці набылі ў 1996 годзе, калі мне было сем, акурат падчас святкавання Дня горада, на замчышчы. Гэта быў мой першы сапраўдны падручнік па менсказнаўстве. Ад 1990 году кніга вытрымала некалькі перавыданняў пад рознымі назвамі на абедзвюх дзяржаўных мовах і, мяркую, запатрабаваная будзе заўсёды. Найноўшае выданне пад назвай "Минскъ сто гадоў таму", складаецца з дзвюх частак, першая з якіх называецца "З архіву менскага жыцця" і апавядае пра дарэвалюцыйны губернскі цэнтр, яго насельнікаў і іх паўсядзённасць. Другая частка прысвечаная размаітым установам і прадпрыемствам з указаннем іх дакладных адрасоў, якія не дадуць вам заблукаць у дарэвалюцыйным горадзе. Кніга багата аздобленая старымі фотаздымкамі і рэканструкцыяй тагачаснай карты горада, што робіць пагружэнне ў атмасферу губернскага Менска яшчэ глыбейшым. Я яшчэ не ўяўляў толкам, дзе што ў тым Менску знаходзіцца, і не ўмеў чытаць карты, але ўжо з задавальненнем яе вывучаў. У свядомым узросце я набыў перавыданне гэтай кнігі і, напэўна, дарма б'ю сябе па руках, калі бачу "роднае" папярэдняе выданне ў букіністычных аддзелах: свой асобнік я малым зацягаў да таго, што супервокладку давялося выкінуць, старонкі пакрэсленыя алоўкавымі пазнакамі, а карта размаляваная фламастарамі і заклееная скотчам да непазнавальнасці.

Потым быў зборнік з не зусім пісьменнай назвай "Горад і годы", выдадзены ў 1967 да 900-годдзя Менска, які я, крыху падросшы і дацягнуўшыся, адкапаў у заднім шэрагу на дзедавых кніжных паліцах. Гэткая сабе дзіўная мяшанка з мастацкіх і дакументальных тэкстаў пра горад ад часоў паўстання 1863 году і да часу выдання. Мае далягляды менскай гісторыі пачалі пашырацца.

Там жа знайшоўся зборнік успамінаў менскіх падпольшчыкаў пад назвай "Сквозь огонь и смерть", укладальнікам якога быў камандзір разведгрупы ГРУ Уладзімір Карпаў, які ў акупаваным Менску арганізоўваў акцыі супраць беларускіх калабарантаў. Праз дзясятак гадоў я даведаюся, што знаёмы аддае задарма збор твораў Карпава, забяру яго, сумленна паспрабую чытаць "Нямігі крывавыя берагі" пра прыслужніка брытанскіх імперыялістаў Вацлава Іваноўскага і г.д. — і закіну гэтую справу напаўдарозе. Пра прыслужніка пару старонак чытаць было цікава, а пра партызанаў, якія нават не ў Менску, — не надта. З іншага боку, крыніцамі асабістага паходжання з часоў акупацыі я захапіўся настолькі, што пазней напісаў па іх дыплом.

Нарэшце з паліцы выслізнула танюткая, хаця і не малая, кніжка Алега Фомчанкі "Иду за синей птицей". Яе я чытаў ужо недзе ў падлеткавым узросце, акурат тады, калі й было варта. Аўтар не самы вядомы, але мне надта падабалася— як, напэўна, і дзеду, які некалі кніжку набыў: яна расказвала пра паваенны Менск, а героем быў хлопчык-падлетак з Верхняга горада, апантаны музыкай. Герой быў нібыта спісаны з майго дзеда Валодзі, які таксама захапляўся джазам і Гленам Мілерам, а пазней граў на электрагітары, слухаў "варожыя галасы" і аднекуль даставаў кружэлкі свайго куміра — Элвіса Прэслі.

А потым я пачаў набываць кнігі сам, хоць яшчэ і не на свае грошы. Першым такім свядомым набыткам быў фотаальбом "Мінск незнаёмы. 1920—1940" Іллі Куркова, які выйшаў у 2002 годзе і быў набыты мною ў кнігарні на Чкалава. У прадмове да альбома ўкладальнік узнаўляў атмасферу міжваеннага Менска, звяртаючыся як да архіўных крыніцаў, так і да мастацкіх твораў беларускіх літаратараў. Акрамя пары сотняў фотаздымкаў выданне змяшчала копію тапаграфічнай карты горада і ваколіцаў 1933 году, а таксама тэкст "Спадарожніка па Менску" 1930 году з адрасамі разнастайных тагачасных установаў, маршрутамі гарадскога транспарту, раскладам руху цягнікоў, цэнамі на міжгароднія тэлефонныя перамовы, спісам перайменаваных вуліц з іх ранейшымі назвамі, а таксама пералікам экскурсій, якія прапаноўваліся гасцям сталіцы БССР.

Далей пачалі з'яўляцца адзін за адным фотаальбомы Віталя Кірычэнкі, прысвечаныя паваеннаму развіццю Менска ў 1944—1969 гадах (акупацыю сарамліва абмінулі з этычных прычынаў), укладзеныя паводле такога ж прынцыпу, як альбом Куркова (выйшлі ў 2004, 2006 і 2007 гг.). Кожны з іх утрымліваў вялікую інфарматыўную прадмову, якая малявала карціну гарадскога жыцця ў азначаны перыяд, некалькі сотняў фотаздымкаў і табліцу з пералікам менскіх вуліц, якія за гэты час змянялі назвы.

І тут ужо адсочваць храналогію стала немагчыма. Я не памятаю з дакладнасцю, якую з наступных кніг прачытаў першай пасля таго, як перагарнуў апошнюю старонку фотаальбомаў. Таму проста паспрабую каротка напісаць пра найбольш важныя кніжкі, альбо проста згадаць тыя, якія таго вартыя.

Леанід Маракоў. Галоўная вуліца Мінска 1880—1940 гг.

Плён неверагоднай па аб'ёме і якасці працы даследчыка Леаніда Маракова (пляменніка вядомага паэта міжваеннага перыяду), які нядаўна, на вялікі жаль і сум, пакінуў нас. Апублікаваны ў 2012—2013 гг. у выглядзе двух дыхтоўных тамоў вялікага фармату, якія змяшчаюць інфармацыю пра больш чым дзве сотні дамоў, што стаялі на галоўнай вуліцы Менска, іх жыхароў за ўсе азначаныя гады, а таксама ўстановы, якія там размяшчаліся. Асаблівую ўвагу аўтара прыцягвалі лёсы рэпрэсаваных менчукоў. Кнігі аздобленыя незлічонай колькасцю фотаздымкаў, планаў і архіўных дакументаў. Пераказаць гэта немагчыма — лепш адзін раз пабачыць. Даследчык збіраў матэрыял на наступную аналагічную кнігу, прысвечаную плошчы Свабоды — і, са зразумелых прычынаў, мне надта горка, што яна не з'явілася. Зрэшты, наяўныя матэрыялы чакаюць свайго часу.

Зянон Пазняк. Рэха даўняга часу

Гэтую кнігу варта было б вывучаць у старэйшых класах менскіх школаў. Тут і кароткі агляд архітэктурных стыляў пачынаючы ад барока, і ўкаранёная, прывязаная да канкрэтных мясцінаў, да самой глебы і гарадскіх сутарэнняў менская гісторыя. Археалагічныя знаходкі, пошукі падземных хадоў, памяць пра вольны магдэбургскі Менск — тут ёсць усё, што натхняе на пошукі слядоў даўно забытага горада з дзясяткамі храмаў і кляштараў, большасць з якіх незваротна знікла, але засталася ценямі ў звыклых дварах.

Zofja Kowalewska. Obrazki mińskie

У аснову кнігі пакладзены апрацаваны фалькларысткай Зоф'яй Кавалеўскай дзённік выкладчыка менскай гімназіі Фердынанда Шаблоўскага. Кніга выйшла ў 1912 годзе і ахоплівае перыяд часу ад вайны з Напалеонам і да задушэння паўстання 1863—1864 гг., апісваючы шляхецкі асяродак Менска ў часы ягонага росквіту і наступнага рэзкага заняпаду. Са старонак "Абразкоў..." паўстаюць партрэты славутых менчукоў: краязнаўца Міхала Гаўсмана, сям'і Ваньковічаў, паўстанцаў братоў Свентажэцкіх ды Міхала Цюндзявіцкага і іншых. Кніга пра Менск, дзе вуліцы называліся імёнамі каталіцкіх святых, а інтэлігенцыя размаўляла па-польску і абмяркоўвала ў цукернях планы паўстання.

Sergiusz Piasecki. Trylogia złodziejska

"Зладзейская трылогія" ўключае аўтабіяграфічныя аповесці вядомага польскага празаіка "Яблычак", "Гляджу я ў акно" і "Ніхто не дасць нам збаўлення", якія апісваюць побыт гарадскіх крымінальных колаў часоў Грамадзянскай вайны і пастаянных зменаў улады, што заспелі аўтара ў Менску. Апісваючы жыццё на Залатой Горцы і Ніжнім рынку, Пясэцкі акцэнтуе ўвагу на ўнутранай інтэлігентнасці і сумленнасці злодзеяў, якія ніколі не крадуць у бедных і галодных, у той час як багацеі рабуюць просты люд. Разам з тым, аўтар паказвае ў гратэскным выглядзе новых уладароў горада — бальшавіцкіх камісараў. На жаль, як і "Менскія абразкі", творы Пясэцкага са "Зладзейскай трылогіі" дагэтуль недаступныя па-беларуску, але іх польскамоўныя арыгіналы можна адшукаць у сеціве.

Майсей Кульбак. Зельманцы

Раман класіка беларускай ідышамоўнай літаратуры, які апавядае міжваенную гісторыю менскага двара, населенага спадкаемцамі даўняга габрэйскага роду. Старое пакаленне чапляецца за мінулае, а моладзь бярэцца шукаць шчасця на новы лад далёка за межамі двара. У выніку ўсе героі пераасэнсоўваюць свае ранейшыя погляды, а стары двор Зельманцаў гіне — яго руйнуюць для будаўніцтва цэху кандытарскай фабрыкі "Камунарка", дзе пазней месцілася бісквітная фабрыка (раён сквера на беразе Свіслачы каля гасцініцы "Беларусь"). У 2015 годзе быў перавыдадзены беларускамоўны пераклад рамана, выкананы Віталём Вольскім.

Сергей Юрьенен. Фашист пролетел

Юнацтва выбітнага празаіка і журналіста расійскай эміграцыі прайшло ў Менску, хаця народжаны ён далёка ад нашых краёў і назваць яго менчуком можна толькі ўмоўна. Але гэтым і каштоўная згаданая аповесць: яна ўяўляе сабой своеасаблівы погляд збоку на Менск як чужы, няродны, часам не да канца зразумелы горад, які ёсць толькі дэкарацыяй для сюжэту жыцця. Менск у гэтай кнізе паўстае даволі пазнавальным, але разам з тым і нязвыкла іншым, амаль містычным.

Мемуары ХХ стагоддзя

Я не магу выбраць ніякага канкрэтнага тэксту з неабсяжнай спадчыны менскіх габрэяў, перадусім — ацалелых вязняў гета. Любыя ўспаміны такога кшталту маюць неацэнную важнасць для разумення гісторыі горада — такой, якой яна была і магла быць. Да гэтай катэгорыі блізка прымыкае цудоўная кніга "Замковая 2/7"Аркадзя Капілава, які перажыў вайну ў эвакуацыі, але напісаў пра даваеннае замчышча, гета і менскіх габрэяў ці не найбольш пранізліва. Зусім іншы Менск, без габрэяў, паказваюць "Каханы горад" Антона Адамовіча і "Дзённік Ів.Ів.Чужанінава" Лявона Савёнка, дзённік школьніка Дзмітрыя Сямёнава — і гэта таксама помнікі свайго часу.

Немалое месца займае Менск у мемуарах настаўніцы Нінэлі Лур'е ("Воспоминания" — адна з самых маляўнічых панарамаў жыцця невялічкага даваеннага куточка Менска — Кааператыўнага пасёлка навуковых супрацоўнікаў на Ляхаўцы), мастака Яўгена Ціхановіча — зяця Уладзіслава Галубка і суседа паэта Алеся Дудара ("Партрэт стагоддзя" — міжваенны Менск і выжыванне пад нямецкай акупацыяй), Юлі Андрусішын — дачкі Яніны Шабуні-Каханоўскай і мамы Данчыка ("Забыццю не адданае" — лёс менскай шляхецкай сям'і ў мінулым стагоддзі), кінарэжысёра Уладзіміра Святлова — вязня сталінскіх лагераў за "супрацоўніцтва з ворагам" ("Московская, 24" — аб назіраннях падлетка за нямецкай акупацыяй), літаратуразнаўца Аляксандра Станюты — сына знакамітай акторкі Стэфаніі Станюты ("Городские сны" и "Сцены из минской жизни" — аб лёсе чалавека і сям'і ў віры трывожных даваенных гадоў, ваеннага вар'яцтва і паваеннага аднаўлення), кінарэжысёра Алега Белавусава ("Мой город" — аб паваенным дзяцінстве і шасцідзясятніцкім студэнцтве) і многіх іншых. Асабліва цікава мне было чытаць успаміны Аляксандра Станюты і Артура Пракапчука, якія апісваюць побыт сваіх сем'яў у першыя паваенныя гады на вуліцы Інтэрнацыянальнай пры яе рагу з плошчай Свабоды — акурат там, дзе жыў у тыя гады і мой дзед.

У межах гэтага агляду я наўмысна не згадваў кнігі сучасных аўтараў — акрамя тых, якія паўплывалі на мяне ў дзяцінстве. Натуральна, я не мог ахапіць увагай усе вартыя выданні, і гэты агляд атрымаўся вельмі суб'ектыўным. Летась, напрыклад, ён выглядаў бы зусім іначай — за апошні год я прачытаў з дзясятак кніг, прысвечаных Менску, і мне застаецца толькі спадзявацца, што наступныя гады будуць не менш шчодрымі. Горад хавае ў сабе безліч таямніцаў, і чытанне кніг — адзін з самых даступных і прыемных шляхоў іх пошуку.

Для афармлення тэксту выкарыстаныя фотаздымкі з уласнага архіву аўтара. 

Чытайце таксама

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

Богдан Задура

Богдан Задура

Польскі паэт, празаік, перакладчык з рускай, украінскай, ангельскай і венгерскай моваў

Генрых Гайнэ

Генрых Гайнэ

Нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Апошні паэт рамантычнай эпохі і адначасова яе вяршыня

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

3376