№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Тэадор Нарбут

Пра суд божы, неба альбо пекла (О rzeczach ostatecznych człowieka)

Пераклад з польскай Ганна Міхальчук

 

Пераход душаў з целаў памерлых да нованароджаных ці нават жывёлы [1] існаваў у старажытных вераваннях літоўскага народа, перанятых ад продкаў – ад індыйска-скіфскага племені. У пазнейшыя часы ўяўленні былі зусім іншыя [2], чым тыя, што мы выклалі ў гэтай працы. Нельга, аднак, не згадаць абяцанняў тагасветных радасцяў, што прапаведаваліся жрацамі: “Прыгожыя жонкі, мноства сукенак, добрая ежа, салодкія напоі, улетку белае адзенне, узімку цёплыя кажухі і спакойны сон на вялікіх мяккіх ложках у поўным здароўі, заўсёдныя весялосць, смех і скокі”. Гэта была ўзнагарода праведным. Наадварот, злым і распусным, як і тым, што не слухаліся жрацоў, пасля смерці абяцалася: “Багі забяруць у іх усё, што тыя маюць, будуць іх мучыць жахам вусцішным і пакутамі так, што будуць яны выць і енчыць, ламаючы рукі ў тысячах бясконцых пакутаў”[3].

Зыходзячы з усяго сказанага намі вышэй на тэму жыцця пасля смерці, нельга сумнявацца, што ліцвіны ведалі пра бессмяротнасць душы, аднак гэтае аплеценае прымхамі вераванне было падставай для мностваў забабонных уяўленняў пра яе існаванне на тым свеце.

Моцна перакананыя ў існаванні ўзнагародаў і пакаранняў у замагільным жыцці, ліцвіны празмерна клапаціліся пра лёс душы пасля смерці, таму перад сконам наказвалі родным пільна трымацца пахавальных абрадаў, а таксама парупіцца ў жрацоў аб сродках перамяшчэння душы ў шчаслівую вечнасць. Наказы, дадзеныя перад сконам, свята выконваліся, бо помста багоў у выпадку непаслушэнства была непазбежнай, і Поклюс пры такой нагодзе не адмовіўся б давесці яе да канца.

Ліцвіны лічылі, што душа чалавека, адразу ж пасля пахавання і ўшанавання парэштак памерлага ў выглядзе ценю, што меў такую ж самую форму і ўбранне, як і пры пахаванні, выпраўляецца паўз дом Крыве, альбо паўз самога Крыве-Крывейта, якому з’яўляецца, пакідаючы часам што-небудзь з рэчаў, з якімі чалавек быў пахаваны, альбо робячы жрацу знак, руну, іерогліф ці насечку ад зброі на ягоных варотах. У такім выпадку жрацы маглі выпытваць у ценю, чаго яму яшчэ не ставала для выратавання, а таксама ўказвалі дарогу да месца вечных радасцяў. Родзічы памерлага, у сваю чаргу, нічога не шкадавалі для жраца за такую неабходную паслугу. Паданні аб месцы прыбывання пасля смерці былі наступнымі [4]. Ёсць гара, надзвычай высокая, стромкая, непрыступная скала, якая называецца Анафелас, куды цені ўзбірацца мусяць. Таму для хутчэйшага на яе ўзбірання неабходныя даўгія пазногці, пазуры звяроў, зброя, коні, слугі і г. д. І чым багацейшы чалавек, тым цяжэйшы для яго пад’ём, таму што зямныя набыткі абцяжарваюць душу – бедны, лёгкі, як пёрка, можа ўскараскацца на гару, калі пры жыцці не зневажаў багоў. Інакш грэшнага багача абрабуе смок Візунас, што жыве пад гарой, і, таксама як беднага грэшніка, панясуць багацея лютыя вятры. Боская істота, што жыве на вяршыні той гары, поўная справядлівасці і судзіць памерлых у адпаведнісці з іх жыццёвымі ўчынкамі. Кожны паводле яе суду атрымлівае ўзнагароду ці вечнае пакаранне. Мы не ведаем, аднак, падрабязнасцяў пра іх, не ведаем, якімі яны былі ў разуменні старажытных ліцвінаў. Дадумваць даводзіцца толькі кіруючыся разнастайнымі паданнямі, прыведзенымі пад рознымі раздзеламі вышэй, пра тое, што ліцвіны мелі нейкае ўяўленне пра Рай і Пекла. У першым месцы цені памерлых жылі ў доме багоў, які знаходзіцца на небе ў паўночным канцы Млечнага Шляху; бяседавалі ў іх таварыстве, пілі з імі Алюс, наталяліся ўцехамі і панавалі над немцамі, непрыяцелямі сваёй айчыны, вольныя ад прыгнёту палякаў і русінаў. Адна з народных аповесцяў паведамляе, што душа блаславёнага пасля смерці атрымлівае сто пачуццяў, кожнае з якіх служыць для наталення сотняў новых уцехаў. Пекла ў літоўскай мове мае ўласную назву Прагарас, што звязана з вогневымі пакутамі; такім чынам, паколькі гэтае слова належала да паганскай філасофіі, мы можам зрабіць высновы, якім было ўяўленне пра пакуты. Пераход душаў, альбо рэінкарнацыя, у ліцвінаў заключаўся ў тым, што душа дзіцяці альбо непаўнагадовага, таксама як і пазбаўленага розуму, блукае пасля смерці ў верхняй прасторы вятроў, аж пакуль не вернецца зноўку да іншага чалавечага цела, якое яна павінная ажывіць, і, у гэтым целе жывучы, трэба ёй дайсці да той ступені дасканаласці, што неабходная для вечнага жыцця. Адсюль бачна, што ліцвіны вызнавалі ўдасканаленне чалавечай душы, якое тая набывала падчас знаходжання ў целе, каб быць здольнай карыстацца з вечных радасцяў; душа ж жывёлы ні ўзнагароды, ні пакарання пасля смерці атрымаць не магла. Пра тое, што жывёлы маюць недасканалыя душы, шмат ёсць у народных казаннях.

 


 

[1] Est enim omnium Getharum (sc. Lithuanorum) communis damentia, cxutas corpore animas nascituris denuo infundi corporibus; quasdam etiam brutorum assumptione corporum pertransire. Kadlubek L. IV, c. 19.

[2] Lucas David, C I, str. 21.

[3] Lucas David, C I, str. 21.

[4] Змест гэтага аповеду ўзяты з народнай аповесці, пачутай ў Жамойці, ля Крэтынгі.

 

(Тэадор Нарбут. Старажытная гісторыя літоўскага народа (Dzieje starozytne narodu litewskiego), Вільня, 1835. – Том І.)

 

Пераклад з польскай – Ганна Міхальчук © 2009

Чытайце таксама

Эмі Лоўэл

Эмі Лоўэл

Амерыканская паэтка, літаратурны крытык, выдавец

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

Кнут Гамсун

Кнут Гамсун

Нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Бэла Шагал

Бэла Шагал

Пісьменніца, жонка і муза мастака Марка Шагала.

1185