№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ўільям Батлер Ейтс

Празорца (A Visionary)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Антон Францішак Брыль
Юнак завітаў у маё жытло нядаўна ўвечары і пачаў гаварыць пра стварэнне зямлі й нябёсаў ды многа пра што яшчэ. Я пытаўся ў яго, чым ён жыве і што дзее. З нашай папярэдняй сустрэчы ён напісаў шмат вершаў і намаляваў шмат таямнічых выяў, але апошнім часам пазбягаў і пісаць, і маляваць. Ён усім сэрцам засяродзіўся на тым, каб зрабіць свой розум моцным, дзейным і спакойным, і баяўся, што поўнае хвалявання жыццё мастака шкодзіць яму. Але пачытаць свае вершы ён адразу згадзіўся. Ён трымаў іх усе ў памяці, некаторыя нават ніколі не запісваў. Раптам я заўважыў, што ён узрушана кудысьці ўглядаецца.

— Вы нешта бачыце, N.? — спытаў я.

— Зіхоткая крылатая жанчына, укрытая ўласнымі валасамі, стаіць ля дзвярэй, — такімі ці падобнымі словамі ён адказаў 

— Гэта ўплыў кагосьці жывога, хто думае пра нас і чые думкі яўляюцца нам у такім сімвале? — спытаў я, бо добра знаёмы са звычаем празорцаў і ладам іх размоў.

— Не, — адказаў ён, — бо калі б гэта былі думкі жывога, я адчуў бы жывы ўплыў сваім жывым целам, і маё сэрца забілася б, а подых саслаб. Гэта дух. Хтосьці, хто ўжо памёр ці ніколі не жыў.

Я спытаў, чым ён займаецца, і пачуў у адказ, што ён — прадавец у вялікай краме. Але ўцеха яго была ў блуканнях сярод пагоркаў; ён заводзіў размовы з паўвар'ятамі і празорцамі з ліку сялян альбо пераконваў людзей дзіўных і разгубленых даверыць свае беды ягонаму клопату. У іншы вечар, калі я быў у яго ў гасцях, нямала людзей завітала пагаварыць аб сваіх верах і бязвер'ях, быццам жадаючы азарыць іх мяккім святлом яго розуму. Падчас такіх размоў да яго, бывала, прыходзілі відзежы. Па чутках, ён праўдзіва расказваў многім аб іх мінулым ці аб далёкіх сябрах, і людзі трымцелі перад гэтым дзіўным настаўнікам, амаль хлопчыкам, які разуменнем пераўзыходзіў найстарэйшых з іх.

Вершы, якія ён мне чытаў, поўніліся яго сутнасцю і яго відзежамі. Часам размова ішла пра іншыя жыцці, якія ён пражыў, як верыў сам, у іншых стагоддзях, а часам пра людзей, з якімі ён размаўляў, адкрываючы ім іх уласныя думкі. Я сказаў, што хачу напісаць артыкул аб ім і яго вершах, і ён пагадзіўся з умоваю, што не будзе названы па імені, бо жадаў заўсёды заставацца "невядомым, цьмяным, безаблічным". На наступны дзень я атрымаў пакет з ягонымі вершамі і запіску: "Вось копіі тых вершаў, якія вам спадабаліся. Не думаю, што буду яшчэ пісаць альбо маляваць. Я рыхтую сябе да цыкла іншых дзеяў у іншым жыцці. Мне трэба мацаваць карані й галлё, і не час распускаць лісты і кветкі".

Яго вершы ўсе былі спробамі злавіць якісьці высокі, бесцялесны настрой у сетку цьмяных вобразаў. У кожным вершы былі ўдалыя месцы, але часта іх атачалі думкі, для аўтара відавочна вельмі важныя, а для іншых зусім нераспазнавальныя. Месцамі гожая думка гублялася за неахайнасцю фраз, быццам паэт раптам сумняваўся, ці не дурная ўрэшце справа гэтае пісанне. Вершы ён часта суправаджаў малюнкамі, у якіх анатамічныя недакладнасці не цалкам зацямнялі хараство пачуцця. Феі — ён верыць у фей — нярэдка з'яўляліся на гэтых малюнках. На адным быў Томас з Эрсілдуна, які сядзеў нерухома ў прыцемку, а юная гожая істота шапатала нешта яму на вуха, нахіліўшыся з ценю. Найбольш яго вабілі яркія колеры: духі з паўлінавымі пёрамі замест валасоў; прывід, які цягнуўся з палымянага віру да зоркі; дух, з далоні якога напалову бачны пералівісты крыштальны шар, сімвал душы. Але пад шчодрасцю фарбаў заўжды хаваўся заклік да чалавечага спачування. Гэты заклік прыцягвае да яго тых, хто, як і сам ён, шукае азарэння ці аплаквае мінулыя радасці. Адзін такі выпадак асабліва памятны. Зіму ці дзве таму ён хадзіў ноч напралёт сярод пагоркаў, размаўляючы са старым селянінам, які, маўклівы з іншымі, яму адкрываў усе свае клопаты. Абодва былі няшчасныя: N. — бо акурат тады ўпершыню вырашыў, што мастацтва і паэзія не для яго, стары селянін — бо сілы яго слаблі, у мінулым не было дасягненняў, а ў будучыні — надзеяў. Селянін блукаў ва ўспамінах аб сваіх нягодах. То ён узгараўся: "Бог мáе нябёсы! Мáе нябёсы, а прагне цэлага свету!" А то жаліўся, што старыя суседзі ўсе памерлі і ніхто яго не памятае. Раней яму ў кожнай хацінцы падсоўвалі крэсла да агню, а цяпер толькі пытаюцца: "Што гэта за дзед?" "Фрэт (так завецца па-ірландску лёс) вісіць нада мною", — паўтараў ён, а тады зноў пачынаў гаварыць пра Бога й нябёсы. Неаднойчы ён казаў, махаючы рукою ў бок гары: "Я адзін ведаю, што здарылася пад цёрнам сорак год таму", — і слёзы на яго твары блішчэлі ў месяцавым святле.
Пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль © 2014

Чытайце таксама

Душан Тарагел

Душан Тарагел

Славацкі празаік, публіцыст і сцэнарыст

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Цыпрыян Каміль Норвід

Цыпрыян Каміль Норвід

Польскі паэт, драматург, празаік, жывапісец, эсэіст, скульптар і філосаф.

949