№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Давід Шульман

Сімхастэйрэ

Апавяданне

Гэтым разам у Сімхастэйрэ [1] не хапала да міньяна аднаго чалавека. Пра гэта ў сінагозе ведалі яшчэ да свята. Таму што кравец Вішнёў, інжынер Розін і доктар Засін на свята паехалі ў Мінск да сваіх дзяцей. І там маліліся і танчылі ў сапраўднай сінагозе, адзінай афіцыйна дазволенай на ўсю рэспубліку. Рэб Эйсеф, гарадскі шойхет, даў тры рублі свайму саракагадоваму сыну Лейбеле, каб той пагадзіўся быць дзясятым. Чаму тры? Якраз на бутэльку гарэлкі, дробязь, ён спадзяваўся, у сына знойдзецца. Бацька ведаў, што сын усё роўна будзе нецвярозы. Гэта быў амаль заўсёдны стан Лейбеле. Не, ён быў не п’яны, а менавіта нецвярозы. Усё разумеў, ступаў роўна і працаваў на сваёй малярцы гэтаксама добра, як астатнія цвярозыя ў іхняй брыгадзе. Пра гэты стан усе ведалі і таму ніколі не казалі "Лейбеле дэр шыкер — п’яніца Лейбеле". Казалі "Лейбеле падвяселены". Дарэчы, ён не проста прысутнічаў, а і чытаў тэксты на іўрыце, маліўся. Бацька яго ў свой час навучыў. Чаго не рабіў Лейбеле, дык гэта… не выпіваў разам з усімі пасля прачытанай апошняй часткі і новым пачаткам першай. Як і прынята ў Сімхастэйрэ, усе ў гэты момант пачынаюць весяліцца, дзінькаючы, вядома ж, не пустымі кілішкамі. А дзе весела, там і танчаць. І маленькі пакойчык міньяна робіцца цесным. Зала ў Моні-фатографа, у якога габрэі горада здымаюць пакой для міньяна, вялікая. І мужчыны выходзяць у залу. Танчаць колам, паклаўшы адну руку на плячо іншаму чалавеку, напяваючы пры гэтым вясёлую мелодыю. Потым зноў за стол, выпіваюць, зноў танчаць. Вяселяцца. Толькі Лейбеле цвярозы і не танчыць. "Іх трынкніт міт ды алтэ какейрым — я не п’ю са старымі какерамі", — кажа сам сабе Лейбеле.

Што ж, вядома, што ў міньян ходзяць тыя, каму за шэсцьдзесят, семдзесят, пад восемдзесят, як шойхету Эйсефу, бацьку Лейбеле. "Такі час, такі час", — як кажа рэб Міша Сокал. Яму прапанавалі ў сінагозе іншага горада быць хазанам [2] у гэты дзень. За добрыя грошы. Але сёлета ён вырашыў застацца дома. А голас у яго прафесійны, кантарскі. І спяваў ён у сваім міньяне на вуліцы імя Трэцяга Інтэрнацыяналу. Танчылі, прыпяваючы: "Сімхастэйрэ опанькі, міт а фус а топанькі — Сімхастэйрэ опанькі, а нагой мы топанькі".

Не, частка габрэйскай моладзі горада таксама адзначала гэтае вясёлае свята. Перад вечарам, яшчэ да таго як набягала сутонне, хлопцы садзіліся у машыны і накіроўваліся ў Мінск. Там у сінагозе танчылі пад аркестр. Мінскія музыкі гралі габрэйскія мелодыі, старыя і моладзь танчылі разам. А яшчэ там былі габрэйскія хлопчыкі і дзяўчаткі. Там знаёміліся, і неўзабаве многія браліся шлюбам. У гэтых сем’ях Сімхастэйрэ ўжо было не проста святам, а вельмі блізкім для гэтай сям’і. На пытанне, калі пазнаёміліся, адказвалі: "На Сімхастэйрэ". І называлі год.

Гадзіне а трэцяй ночы танчыла толькі моладзь. І ўжо не толькі кругавыя танцы, у якіх мужчыны і кабеты танчаць паасобку. Таму што ў юдаізме ёсць некаторыя забароны. Адзін малады хлопец прыйшоў да рабіна і спытаў, ці можа ён танчыць са сваёй маладой жонкай на сваім жа вяселлі. "Вядома ж не! — адказаў рабін. — Гэта катэгарычна забаронена". — "А сэксам займацца можна?" — "Гэта не забаронена". — "І лежачы можна?" — "Зразумела". — "І седзячы?" — "Таксама". — "А стоячы?" — "Ні ў якім разе". — "Але чаму?" — "Можа перайсці ў танец".

Але пад раніцу правілы былі забытыя. І танга, якое, зразумела, танчаць удваіх, у асноўным ён і яна, і хуткія сучасныя танцы. Весялосць не заціхала да першых акрайчыкаў асенняга сонца. Маладзёны раз’язджаліся перазнаёміўшыся і трошкі працверазеўшы. Настолькі, што можна было сесці за баранку сваёй машыны, праехаць семдзесят кіламетраў і заваліцца спаць да вечара.

А Лейбеле, адседзеўшы ў міньяне, пакінуў "ды алте какейрым", якім было ўсё гэтак жа весела, а на стале хапала і гарэлкі, і закусак. Лейбеле ішоў вуліцай імя Трэцяга Інтэрнацыяналу незвычайна цвярозы. Дайшоў да рэстарана "Лявоніха". Сеў за стол. "Знайшоў" у кішэні, акрамя бацькоўскага траяка, яшчэ пяцёрку. Знаёмая афіцыянтка Вера прынесла яму запацелы графінчык. Падміргваючы маладым дзяўчатам, што сядзелі за суседнім столікам адны, без хлопцаў, Лейбеле набіраў сваю норму. А тады выйшаў з-за стала, прыхлопваючы і прытопваючы пад свае "О-па, о-па!" І закружыўся, прыгаварваючы незразумелыя наведнікам "Лявоніхі" словы: "Ганьт із Сімхастэйрэ! Гут ёр! — Сёння Сімхастэйрэ! Добрага году!"

Каментар

1. Сімхастэйрэ — "Радасць Торы". Асенняе свята. Заканчэнне гадавога цыклу чытання Торы і пачатак новага цыклу.

2. Хазан — саліст, які вядзе службу.

Чытайце таксама

Шарлота Пэркінс Гілман

Шарлота Пэркінс Гілман

Амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху

Гілберт Кіт Чэстэртан

Гілберт Кіт Чэстэртан

Ангельскі празаік, паэт і эсэіст

Аўдун Мортэнсэн

Аўдун Мортэнсэн

Нарвежскі пісьменнік і мастак.

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

859