№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Антоніё Табукі

Сны сноў (Sogni di sogni)

Фрагменты з кнігі

Пераклад з італьянскай Вольга Колас

Сон Карла Калодзі, пісьменніка і тэатральнага крытыка

У ноч на дваццаць пятага снежня 1882 году ў сваім фларэнтыйскім доме Карла Калодзі, пісьменнік і тэатральны крытык, сасніў сон. Яму прыснілася, што ён на маленькім папяровым карабліку пасярод мора падчас шторму. Маленькі папяровы караблік быў вельмі ўпартым, у яго былі два чалавечыя вокі і любімыя Калодзі італьянскія колеры, і ён адважна супрацьстаяў стыхіі. Далёкі голас аднекуль са схілу ўзбярэжжа крычаў: “Карліна, Карліна, вяртайся да берага!” Гэта быў голас жонкі, якой у Калодзі ніколі не было, пяшчотны жаночы голас, які клікаў яго так, нібы плакала марская сірэна.

Ах, як яму хацелася вярнуцца! Але ж ён не мог: хвалі былі занадта высокімі, і маленькі караблік быў цалкам ва ўладзе раз’юшанага мора.

І тут ён знянацку ўбачыў пачвару. Гіганцкая акула з шырока разяўленай пашчай падазрона на яго глядзела, углядалася, чакала.

Калодзі кінуўся да штурвала, але той таксама быў папяровы і ўвесь вымаклы. І тады ён змірыўся з тым, што трапіць у пашчу пачвары, праз страх закрыў вочы рукамі, прыўзняўся і ўсклікнуў: “Жыве Італія!”

Як жа цёмна было ў вантробах пачвары! Калодзі крочыў навобмацак, аб нешта спатыкнуўся і, абмацаўшы рэч рукамі, зразумеў, што гэта чэрап. Затым зачапіўся за сталы і здагадаўся, што іншы карабель раней таксама апынуўся у пашчы пачвары. Цяперака ён крочыў больш нязмушана, бо праз шчыліну расчыненай пашчы акулы прасочвалася слабае святло. Ідучы наперад, выцяўся каленямі аб драўляную скрынку. Схіліўся, абмацаў і заўважыў, што яна напоўненая свечкамі. На шчасце, ён меў пры сабе крэсіва, з якога хуценька высек агонь. Запаліў дзве свечкі і, трымаючы іх у руках, агледзеўся вакол. Ён стаяў на верхняй палубе карабля, які трапіў у пашчу пачвары, на шканцах ляжала мноства шкілетаў, а на грот-мачце развяваўся чорны пірацкі сцяг з чэрапам і косткамі. Калодзі пакрочыў далей і спусціўся па невялікай лесвіцы. Там ён знайшоў камеру для захоўвання харчоў, напоўненую бутэлькамі рому. З вялікім задавальненнем Калодзі адкаркаваў адну бутэльку і залпам яе выпіў. Адчуў сябе нашмат лепей. Узбадзёраны, устаў і, асвятляючы дарогу свечкамі, выйшаў з карабля. Вантробы пачвары былі слізкімі, з безліччу мёртвых рыбаў і крабаў. Калодзі рухаўся наперад, плюхаючыся па пояс у вадзе. Удалечыні ўбачыў пробліск святла, сціплы пробліск, які вабіў да сябе. Ён пайшоў у тым кірунку. Міма яго праплывалі шкілеты, патанулыя караблі, разбітыя чаўны, вялікія мёртвыя рыбіны. Калі ён наблізіўся да святла, то ўбачыў стол. А за сталом сядзелі два чалавекі — жанчына і дзіця. Калодзі нерашуча падышоў і заўважыў, што ў жанчыны сінія валасы, а на дзіцяці капялюш, зроблены з хлебнага мякішу. Ён кінуўся да іх, каб абняць. І яны таксама яго абнялі, засмяяліся, жартаўліва ўшчыкнулі адно аднаго за шчокі, доўга-доўга мілаваліся. Але не размаўлялі.

І ўраз сцэна змянілася. Ён болей не быў у вантробах пачвары, але пад пергалай. Вакол было лета. І яны сядзелі за сталом у доме на ўзгорках у ваколіцах Пеша, сярод строкату цыкадаў, усё здавалася нерухомым у паўдзённай спёцы, яны пілі белае віно і елі дыню. У куточку пад пергалай сядзелі кот з лісам, што глядзелі на іх лагоднымі вачыма. І Калодзі ветліва іх запрасіў: “Хадзіце да нас, калі ласка, сядайце за стол!”


Сон Дэдала, архітэктара і авіятара

Аднойчы ўначы тысячы гадоў таму, у час, які немажліва дакладна ўсталяваць, архітэктар і авіятар Дэдал сасніў сон.

Яму прыснілася, што ён у нетрах неабсяжнага палаца і бяжыць па калідоры. Адзін калідор змяніўся іншым, і стомлены і разгублены Дэдал бег па ім, трымаючыся за сценкі. Калідор прывёў да маленькай васьмівугольнай залы, ад якой пачыналіся восем іншых калідораў. Дэдал пачаў задыхацца, яму не ставала свежага паветра. Ён пайшоў па адным з калідораў, але той скончыўся сценкай. Пайшоў па другім, але той таксама прывёў у тупік. І так адбылося сем разоў, пакуль на восьмай спробе Дэдал не пайшоў па даўжэзным калідоры, які пасля шматлікіх паваротаў і кутоў не змяніўся іншым калідорам. Тады Дэдал прысеў на мармуровую прыступку і задумаўся. На сценках калідора былі прымацаваныя запаленыя паходні, якія асвятлялі лазурковыя фрэскі з выявамі птушак і кветак.

“Я адзін ведаю, як адсюль выйсці, — сказаў сам сабе Дэдал, — але не памятаю”. Ён зняў сандалі і пакрочыў басанож па падлозе з зялёнага мармуру.

Каб супакоіцца, напяваў тужлівую калыханку, якой яго навучыла старая прыслужніца, люляючы ў дзяцінстве. Аркады доўгага калідора вярталі яму рэха ягонага голасу, паўторанае дзесяць разоў.

“Я адзін ведаю, як адсюль выйсці, — сказаў сам сабе Дэдал, — але не памятаю”.

У гэты момант ён выйшаў у прасторную круглую залу, упрыгожаную недарэчнымі фрэскамі. Ён памятаў гэтую залу, але не ведаў, адкуль. У ёй былі заслоны, абшытыя шыкоўнымі тканінамі, а ў самым цэнтры стаяў вялікі ложак. На краі ложка сядзеў чалавек, малады і зграбнага целаскладу. З галавой быка. Ён абхапіў яе рукамі і рыдаў. Дэдал наблізіўся да яго і паклаў руку на плячо. “Чаму ты плачаш?” — запытаўся ён. Чалавек прыбраў рукі і пільна паглядзеў на яго вачыма жывёлы. “Я плачу, бо я закаханы ў месяц, — адказаў ён, — я бачыў яго толькі аднойчы, калі быў дзіцем і высунуўся ў акенца, але цяпер не магу яго ўбачыць, бо не магу вызваліцца з вязніцы гэтага палаца. Для мяне было б шчасцем легчы ўначы на лузе і адчуць ягоныя пацалункі, але я вязень гэтага палаца з самага дзяцінства”. І ён зноўку заплакаў.

Дэдал адчуў вялікую скруху, а ў грудзях моцна забілася сэрца. “Я дапамагу табе адсюль выйсці”, — сказаў ён.

Чалавек-жывёла зноўку падняў галаву і ўважліва паглядзеў на яго бычынымі вачыма. “У гэтым пакоі двое дзвярэй, — паведаміў ён, — і за кожнымі стаіць па два ахоўнікі. Адны дзверы вядуць да волі, а другія да смерці. Адзін з ахоўнікаў кажа толькі праўду, а другі толькі хлусню. Але я не ведаю, хто з іх кажа праўду, а хто хлусіць і якія дзверы вядуць да волі, а якія да смерці”.

“Ідзі за мной, — сказаў Дэдал, — пойдзем разам”.

Ён наблізіўся да аднаго ахоўніка і запытаўся ў яго: “На думку твайго калегі, якія дзверы вядуць да волі?” І падышоў да іншых дзвярэй. Значыцца, калі б ён запытаўся ў хлуслівага ахоўніка, то той, мяняючы верныя ўказанні свайго калегі, паказаў бы яму дзверы да шыбеніцы, а калі б ён запытаўся ў праўдзівага ахоўніка, то той, не мяняючы зманлівых указанняў калегі, паказаў бы яму на дзверы смерці.

Яны прайшлі праз тыя дзверы і зноўку пакрочылі па доўгім калідоры. Калідор падымаўся ўверх і прывёў у вісячы сад, з вышыні якога віднеліся агеньчыкі невядомага горада.

Нарэшце Дэдал усё ўспомніў і вельмі гэтаму ўзрадаваўся. У кустах былі схаваныя пер’і і воск. Ён прыхаваў іх для сябе, каб аднойчы ўцячы з палаца. З гэтых пер’яў і воску ён спрытна змайстраваў два крылы і прымацаваў іх да плячэй чалавека-жывёлы. Пасля падвёў яго да цэнтра вісячага саду і звярнуўся да яго.

“Ноч будзе доўгай, — сказаў ён, — месяц паказвае свой твар і чакае цябе, ты можаш ляцець да яго”.

Чалавек-жывёла павярнуўся і паглядзеў на яго рахманымі жывёльнымі вачыма. “Дзякуй”, — сказаў ён.

“Ляці”, — загадаў Дэдал і падштурхнуў яго. А пасля глядзеў, як чалавек-жывёла аддаляецца, робячы вялікія ўзмахі рукамі, і ляціць да месяца. І ляціць, ляціць.

Сон Роберта Льюіса Стывенсана, пісьменніка і падарожніка

У адну чэрвеньскую ноч у 1865 годзе, калі яму было пятнаццаць гадоў і ён быў у пакоі эдынбургскай лякарні, Роберт Льюіс Стывенсан, будучы пісьменнік і падарожнік, сасніў сон. Яму прыснілася, што ён ператварыўся ў сталага мужчыну і знаходзіцца на парусніку. Паруснік з добра надзьмутымі ветразямі плыў у паветры. Роберт Льюіс Стывенсан стаяў ля штурвала і кіраваў суднам, нібы паветраным шарам. Паруснік праляцеў над Эдынбургам, пасля над французскімі гарамі, аддаліўся ад Еўропы і ўзняўся над блакітным акіянам. Роберт Льюіс Стывенсан ведаў, што сеў на карабель таму, што ягоныя лёгкія з цяжкасцю дыхалі і яму не ставала паветра. Цяпер ён адчуваў сябе вельмі добра, вецер напаўняў лёгкія свежым паветрам, і ягоны кашаль суцішыўся.

Паруснік спусціўся на ваду і хутка паплыў. Роберт Льюіс Стывенсан спусціў усе ветразі і аддаўся волі ветру. Праз нейкі час убачыў на даляглядзе выспу і мноства доўгіх пірогаў, у якіх веславалі смуглыя людзі, плывучы яму насустрач. Роберт Льюіс Стывенсан убачыў, як пірогі наблізіліся да яго і пачалі паказваць дарогу. Тубыльцы спявалі вясёлыя песні і кідалі на палубу вяночкі з белых кветак.

Наблізіўшыся да выспы на адлегласць у сто метраў, Роберт Льюіс Стывенсан кінуў якар, па вяровачнай лесвіцы спусціўся ў галоўную пірогу, якая чакала яго пад фальшбортам. Пірога выглядала надзвычай велічна, з вялікай татэмнай выявай на носе. Тубыльцы абнялі яго, абмахнулі шырокімі пальмавымі лісткамі, пачаставалі найсаладзейшай садавіной.

А на выспе іх чакалі жанчыны і дзеці, што танчылі і смяяліся. Яны надзелі яму на шыю кветкавыя каралі. Правадыр племені наблізіўся да яго і паказаў на горную вяршыню. Роберт Льюіс Стывенсан зразумеў, што ён мусіць на яе забрацца, але не ведаў, чаму. Ён падумаў, што ніколі не дойдзе да яе праз сваё слабае дыханне, і жэстамі паспрабаваў патлумачыць гэта тубыльцам. Але яны і без таго ўжо ўсё зразумелі, падрыхтаваўшы насілкі, сплеценыя з чароту і пальмавых лісткоў. Роберт Льюіс Стывенсан залез на іх, а чатыры моцныя тубыльцы паднялі насілкі на плечы і пачалі ўзбірацца на гару. Падчас пад’ёму Роберт Льюіс Стывенсан любаваўся на незвычайны далягляд: ён бачыў Шатландыю і Францыю, Амерыку і Нью-Ёрк і ўсё сваё будучае жыццё, якое меў пражыць. А паабапал гары раслі жыватворныя дрэвы і мясістыя кветкі, якія напаўнялі паветра спрыяльным для лёгкіх водарам.

Тубыльцы спыніліся ля ўваходу ў пячору і селі на зямлю, скрыжаваўшы ногі. Роберт Льюіс Стывенсан зразумеў, што павінен зайсці ў пячору. Яму далі паходню, і ён увайшоў. Унутры было прахалодна, а паветра пахла мускусам. Роберт Льюіс Стывенсан рушыў глыбей у горнае лона, пакуль не падышоў да залы, вырытай у скале далёкімі землятрусамі і ўпрыгожанай вялізнымі сталактытамі. Пасярод залы стаяла незгаральная шафа. Роберт Льюіс Стывенсан адчыніў яе і ўбачыў унутры кнігу. Кнігу, якая расказвала пра выспу, падарожжы, прыгоды, пра дзіця і піратаў. І на вокладцы было ягонае імя. Тады ён выйшаў з пячоры, загадаў тубыльцам вярнуцца ў вёску і забраўся на горную вяршыню з кнігай пад пахай. Прылёг на траву і разгарнуў кнігу на першай старонцы. Ён ведаў, што застанецца там, на вяршыні, чытаючы кнігу. Бо паветра было свежае, а гісторыя была нібы паветра і акрыляла душу. І было так хораша за чытаннем чакаць канца.


Сон Антона Чэхава, пісьменніка і доктара

Аднойчы ўначы ў 1890 годзе, падчас свайго знаходжання на выспе Сахалін, куды ён трапіў дзеля сустрэчы з вязнямі, Антон Чэхаў, пісьменнік і доктар, сасніў сон. Яму прыснілася, што ён у палаце і на яго надзелі ўтаймавальную кашулю. Побач з ім былі два лядашчыя старыя, якія ўголас дзяліліся сваімі вар’яцкімі думкамі. Ён жа быў прытомны, у ясным розуме, упэўнены ў сабе, і яму хацелася напісаць гісторыю пра каня. Прыйшоў доктар у белым халаце, і Антон Чэхаў папрасіў у яго асадку і паперу.

— Вам нельга пісаць, бо вы празмерны тэарэтык, — сказаў доктар. — Вы ўсяго толькі няшчасны мараліст, і, урэшце, вар’ятам забаронена пісаць.

— Як вас завуць? — запытаўся ў яго Антон Чэхаў.

— Я не магу паведаміць вам маё імя, — адказаў доктар, — але ведайце, што я ненавіджу тых, хто піша, асабліва празмерных тэарэтыкаў. Тэарэтыкі разбураюць свет.

Антону Чэхаву захацелася даць яму аплявуху, аднак доктар дастаў губную памаду і падфарбаваў вусны. Затым насунуў парык і сказаў: “Я вашая медсястра, вам нельга пісаць, бо вы празмерны тэарэтык, вы ўсяго толькі мараліст, і на Сахалін вы прыехалі ў халаце”. І так кажучы, вызваліў яму рукі.

— А вы няшчасны д’ябал, — сказаў яму Антон Чэхаў, — вы нават нічога не ведаеце пра коней.

— Навошта мне нешта ведаць пра коней? — здзівіўся доктар. — Я ведаю толькі дырэктара маёй лякарні.

— Ваш дырэктар асёл, а не конь, — запярэчыў Антон Чэхаў, — уючная жывёліна, якіх мне шмат давялося спаткаць у жыцці, — а пасля дадаў: — Дазвольце мне пісаць.

— Вы не можаце пісаць, — сказаў доктар, — бо вы вар’ят.

Старыя побач перавярнуліся ў ложках на іншы бок, а адзін устаў, каб памачыцца ў начны гаршчок.

— Няважна, — сказаў Антон Чэхаў, — я падарую вам кінжал, каб вы маглі ўзяць яго ў рот. І, трымаючы ў вуснах кінжал, вы пацалуеце дырэктара вашай клінікі і абмяняецеся з ім сталёвым пацалункам.

Затым сам перавярнуўся на іншы бок і пачаў думаць пра каня. І пра рамізніка. Няшчаснага рамізніка, які прагнуў расказаць каму-небудзь пра смерць свайго сына. Але ніхто не жадаў яго слухаць, бо ў людзей не было часу і яны лічылі яго назолам. І тады рамізнік расказаў гісторыю свайму каню, бо конь — цярплівая жывёліна. Гэта быў стары конь з чалавечымі вачыма.

І ў гэты момант да Антона Чэхава галопам прыскакалі крылатыя коні, асядланыя дзвюма жанчынамі, якіх пісьменнік добра ведаў. Гэта былі дзве акторкі, і ў руках яны трымалі галінку квітнеючай чарэшні. Рамізнік прывязаў коней да свайго ландо, Антон Чэхаў прыладзіўся на сядзенні і карэта ўзнялася да столі палаты, праляцела праз акенца і вольна ўзнялася ў неба. А летучы ў аблоках, яны бачылі доктара ў парыку, які са злосцю махаў рукамі і казаў нешта абразлівае. Дзве акторкі адарвалі два пялёсткі квітнеючай чарэшні, а рамізнік усміхнуўся, кажучы: “Я хачу вам расказаць гісторыю, сумную гісторыю, але я думаю, што вы здольныя мяне зразумець, шаноўны Антон Чэхаў”.

Антон Чэхаў адкінуўся на спінку крэсла, абматаў шыю шалем і сказаў: “Я вас уважліва слухаю, я вельмі цярплівы і люблю чалавечыя гісторыі”.

Пераклад зроблены паводле выдання: Antonio Tabucchi , Sogni di sogni, Sellerio, 1992

Extracts from SOGNI DI SOGNI by Antonio Tabucchi. Copyright © 2006, Antonio Tabucchi, used by permission of The Wylie Agency (UK) Limited.

Пераклад з італьянскай – Вольга Колас © 2014

Чытайце таксама

Артур Сайманз

Артур Сайманз

Ангельскі паэт-сімваліст, выдавец, драматург, эсэіст, перакладчык і літаратурны крытык.

Марыя Канапніцкая

Марыя Канапніцкая

Польская паэтка, празаік, літаратурны крытык, публіцыст і перакладчыца

Эрнэст Брыль

Эрнэст Брыль

Польскі паэт, празаік, драматург, перакладчык, журналіст

Ўістан Х’ю Одэн

Ўістан Х’ю Одэн

Англа-амерыканскі паэт і эсэіст. Лічыцца найвялікшым паэтам ХХ стагоддзя.

1161