№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Артур Конан Дойл

Стракатая стужка (The Adventure of the Speckled Band)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута

Праглядаючы свае нататкі пра больш як семдзесят справаў, дзякуючы якім я апошнія восем гадоў назіраў за метадамі майго сябра Шэрлака Холмса, я знаходжу сярод іх шмат справаў трагічных, некалькі камічных, нямала неверагодных, але ніводнай банальнай, бо, працуючы хутчэй з любові да свайго майстэрства, чым дзеля ўзбагачэння, ён адмаўляўся брацца за любое расследаванне, калі справа не мела ў сабе нічога незвычайнага ці нават фантастычнага. Але сярод усіх гэтых выпадкаў я не магу згадаць нічога больш неверагоднага, чым справа, звязаная з добра вядомай у Сурэі сям’ёй Ройлатаў са Сток-Морана. Тыя падзеі адбыліся яшчэ ў пачатку нашага з Холмсам сяброўства, калі мы, халасцякі, разам арандавалі кватэру на Бэйкер-стрыт. Мабыць, я мог бы надрукаваць гэтую гісторыю і раней, але тады я даў абяцанне трымаць яе ў сакрэце. Месяц таму заўчасная смерць лэдзі, якой было дадзенае слова, развязала мне рукі. Цалкам магчыма, што абнародаванне гэтых фактаў будзе вельмі дарэчным, бо я маю падставы сцвярджаць, што распаўсюджаныя чуткі пра смерць доктара Грымсбі Ройлата робяць яе абставіны яшчэ больш вусцішнымі, чым яны былі насамрэч.

Прачнуўшыся аднаго ранку ў пачатку красавіка 1883 года, я ўбачыў ля свайго ложка апранутага для выхаду Шэрлака Холмса. Звычайна ён уставаў позна, але гадзіннік на каміннай палічцы паказваў усяго чвэрць восьмай, а таму я паглядзеў на яго здзіўлена і нават трошкі абурана, бо сам заўсёды трымаюся сваіх звычак.

— Шкада, што даводзіцца вас падымаць, Ўотсан, — сказаў ён, — але такая ў вас сёння доля. Пабудзілі місіс Хадсан, яна — мяне, я ж у сваю чаргу — вас.

— І што здарылася? Пажар?

— Не, кліентка. Здаецца, прыйшла нейкая страшна ўсхваляваная маладая лэдзі, якая настойвае на сустрэчы са мной. Цяпер яна чакае ў гасцёўні. А калі маладыя лэдзі блукаюць у такую раннюю гадзіну па сталіцы і выцягваюць сонных людзей з іх ложкаў, я раблю выснову, што яны маюць паведаміць нешта зусім неадкладнае. Калі справа акажацца цікавай, я ўпэўнены, што вы захочаце сачыць за ёй ад самага пачатку. А таму ў любым выпадку варта было вас паклікаць і даць гэты шанец.

— Мой дарагі сябра, я нізашто не ўпушчу яго.

Большай радасці, чым сачыць за Холмсам падчас яго прафесійных даследаванняў і захапляцца яго высновамі — такімі імгненнымі, нібыта іх падказаў не розум, а інтуіцыя, і ў той жа час заўсёды заснаванымі выключна на логіцы, дзякуючы якой ён расследаваў прапанаваныя яму справы, — і быць не магло. Я хутка адзеўся і праз некалькі хвілін быў гатовы суправаджаць майго сябра ў гасцёўню. Калі мы ўвайшлі, апранутая ў чорнае і схаваная густым вэлюмам жанчына, якая сядзела ля акна, паднялася.

— Добры дзень, мадам, — бадзёра сказаў Холмс. — Мяне завуць Шэрлак Холмс, а гэта мой блізкі сябар і памочнік доктар Ўотсан, з якім вы можаце гаварыць гэтак жа свабодна, як і са мной. Ага! Як цудоўна, што місіс Хадсан здагадалася распаліць камін. Я бачу, што вы дрыжыце, а таму прашу, падсоўвайцеся бліжэй да агню і дазвольце прапанаваць вам кубак гарачай кавы.

— Я дрыжу не ад холаду, — ціха сказала жанчына, перасаджваючыся туды, куды ёй толькі што прапанавалі.

— Ад чаго ж тады?

— Ад страху, містэр Холмс, ад самага сапраўднага жаху.

Сказаўшы гэта, яна падняла вэлюм, і мы заўважылі, што яна і праўда знаходзіцца ў вартым жалю стане трывогі: яе твар пашарэў і змарнеў, а неспакойныя, спалоханыя вочы нагадвалі вочы жывёлы, якую цкуюць паляўнічыя. Калі меркаваць з рысаў твару і фігуры, ёй было каля трыццаці, але ў валасах з’явілася заўчасная сівізна, і сама яна выглядала зморанай і спакутаванай. Шэрлак Холмс агледзеў яе сваім хуткім усёпранікальным позіркам.

— Не трэба баяцца, — суцяшальна сказаў ён, нахіляючыся да госці і пагладжваючы яе руку. — Я не сумняюся, што хутка мы з усім разбярэмся. Вы, значыць, прыехалі ранішнім цягніком?

— Вы ўжо недзе мяне бачылі?

— Не, але я заўважыў у вашай левай руцэ білет у два бакі. Выехалі вы рана і, дабіраючыся да станцыі, доўга трэсліся ў двухколцы па кепскай дарозе.

Лэдзі рэзка скаланулася і разгублена паглядзела на майго сябра.

— Тут няма ніякай таямніцы, дарагая мадам, — сказаў ён усміхаючыся. — Левае рукаво вашага жакета запэцканае брудам не менш як у пяці месцах, і плямы гэтыя відавочна свежыя. Ні ў адным сродку перамяшчэння, апрача двухколкі, нельга так запэцкацца — прычым толькі тады, калі сядзіш злева ад рамізніка.

— Якімі б ні былі вашыя разважанні, вы цалкам маеце рацыю, — сказала яна. — Я выйшла з дому яшчэ да шасці, праз дваццаць хвілін была ў Лэтэрхэдзе і з першым цягніком прыехала на вакзал Ватэрлоа. Я не магу больш змагацца з гэтым напружаннем, сэр! Яшчэ трошкі — і я зусім звар’яцею! У мяне няма нікога, да каго можна звярнуцца, апроч аднаго чалавека, якому я не абыякавая, але што ён, небарака, можа зрабіць? Я чула пра вас, містэр Холмс, чула ад місіс Фарынташ, якой вы дапамаглі ў цяжкую хвіліну. Гэта яна дала мне ваш адрас. О сэр, можа, хаця б вы нешта мне парадзіце ці пральяце трошкі святла на густы змрок, што атачыў мяне? Пакуль я не магу нічым аддзячыць вам за вашыя паслугі, але праз пяць-шэсць тыдняў я выйду замуж, атрымаўшы права самастойна распараджацца сваімі прыбыткамі, і прынамсі тады вы зразумееце, што я ўмею быць удзячнай.

Холмс падышоў да пісьмовага стала, адчыніў шуфляду, дастаў маленькі нататнік і зверыўся з ім.

— Фарынташ, — прамармытаў ён. — Ага, вось! Я прыгадваю гэтую справу — яна была звязаная з апалавай тыярай. Мабыць, гэта было яшчэ да вас, Ўотсан. У любым разе, мадам, я буду рады аддаць вашай справе столькі ж увагі, колькі аддаў яе справе вашае прыяцелькі. Што да ўзнагароды, то мая праца і ёсць найлепшай узнагародай — вы можаце хіба што аплаціць выдаткі, звязаныя з расследаваннем, у любы зручны для вас час. А цяпер я прашу вас расказаць усе падрабязнасці, якія дапамогуць нам скласці ўяўленне пра абставіны.

— На жаль, — пачала нашая госця, — уся жахлівасць маёй сітуацыі ў тым, што мае страхі такія цьмяныя, а падазрэнні грунтуюцца на такіх дробязях, якія на першы погляд могуць падацца ўвогуле нязначнымі, што нават той, да якога я маю права звярнуцца па дапамогу і параду, успрымае ўсе мае аповеды як фантазіі знерваванай жанчыны. Ён не прызнаецца ў гэтым, але з яго суцяшальных адказаў і адведзеных вачэй я разумею ўсё. Я чула, містэр Холмс, што вы глыбока разбіраецеся ў самых розных заганах чалавечага сэрца. Вы можаце параіць, як мне пазбегнуць небяспекаў, што атачаюць мяне.

— Я ўважліва вас слухаю, мадам.

— Мяне завуць Хелен Стонэр, і я жыву разам з айчымам, апошнім прадстаўніком адной з найстарэйшых саксонскіх сем’яў Англіі — Ройлатаў са Сток-Морана, на ўсходняй мяжы графства Сурэй.

Холмс кіўнуў:

— Я чуў гэтае імя, — сказаў ён.

— Калісьці мая сям’я належала да самых багатых у Англіі — яе ўладанні шырыліся да межаў Беркшыра на поўначы і Хэмпшыра на захадзе. Аднак у мінулым стагоддзі чатыры пакаленні запар вялі распусны лад жыцця і мантачылі маёмасць. Разарэнне сям’і завяршыў у часы Рэгенцтва* адзін спадкаемец-гулец. Не засталося нічога, апроч некалькіх акраў зямлі і двухсотгадовага дома, які паступова точаць час і закладныя. Мінулы яго ўладар гібеў, ведучы нікчэмнае жыццё арыстакрата-жабрака, аднак яго адзіны сын, мой айчым, зразумеў, што трэба прыстасоўвацца да новых умоваў, пазычыў у нейкага сваяка грошай, якія дазволілі яму атрымаць дыплом доктара, і адправіўся ў Калькуту, дзе дзякуючы сваім прафесійным здольнасцям і сіле волі хутка займеў вялікую практыку. Але калі аднойчы яго дом абрабавалі, ён у прыпадку гневу збіў да смерці свайго дварэцкага-тубыльца і ледзь пазбегнуў найвышэйшай меры пакарання. Доўгі час ён правёў у турме, пасля чаго, замкнёны і расчараваны, вярнуўся ў Англію.

У Індыі доктар Ройлат ажаніўся з маёй маці, місіс Стонэр, маладой удавой генерал-маёра бенгальскай артылерыі. Мы з сястрой Джуліяй былі блізнятамі, і на момант другога матчынага вяселля нам споўнілася ўсяго два гады. Маці валодала значнымі сродкамі — не менш за тысячу фунтаў на год, — і завяшчала іх доктару Ройлату, бо мы жылі разам з ім. Аднак у выпадку нашага замужжа кожная з нас мусіла атрымаць пэўную суму гадавога прыбытку. Хутка пасля нашага вяртання ў Англію маці памерла — загінула восем гадоў таму падчас чыгуначнай катастрофы пад Кру. Тады доктар Ройлат адмовіўся ад спробаў асталявацца ў Лондане і займець там практыку і разам з намі пасяліўся ў старым спадчынным маёнтку ў Сток-Моране. Грошай, пакінутых нам маці, цалкам хапала на задавальненне ўсіх патрэбаў, і нічога, здавалася, не мусіла перашкаджаць нашаму шчасцю.

Але ў гэты час айчым жахліва змяніўся. Замест таго каб пасябраваць з суседзямі, якія спачатку вельмі ўзрадаваліся, што Ройлат вярнуўся ў спадчыннае гняздо ў Сток-Моране, і абменьвацца з імі візітамі, ён замкнуўся ў доме і выходзіў хіба што для таго, каб бурна пасварыцца з першым сустрэчным. Неўтаймоўнасць, якая межавала з маніякальнасцю, была характэрная для мужчынаў яго роду, а ў выпадку майго айчыма яшчэ і ўзмацнілася, мяркую, падчас доўгага жыцця ў тропіках. Здарылася некалькі скандалаў, два з якіх скончыліся ў паліцэйскім участку. Урэшце ён зрабіўся страшэннай пагрозай для ўсяе вёскі, людзі разбягаліся, калі бачылі яго, чалавека вялізнае сілы, які зусім не ўмее ўтаймоўваць свой гнеў.

На мінулым тыдні ён праз парэнчы кінуў мясцовага каваля ў раку, і толькі аддаўшы ўсе свае зберажэнні, я змагла папярэдзіць чарговы публічны скандал. У яго няма сяброў, апроч вандроўных цыганоў. Ён дазваляе гэтым валацугам спыняцца на некалькіх парослых ажынай акрах зямлі, якія засталіся ад яго фамільнага маёнтка, і карыстаецца ў адказ іх гасціннасцю, наведваючы іх шатры і часам блукаючы з імі цэлымі тыднямі. Ён вельмі любіць індыйскіх жывёл, якіх прыслаў адзін яго карэспандэнт: на сённяшні момант у нас жывуць гепард і павіян*, што свабодна перамяшчаюцца ў яго ўладаннях і наганяюць на вяскоўцаў не менш жаху, чым іх гаспадар.

З усяго гэтага вы можаце зрабіць выснову, што мы з маёй беднай сястрой Джуліяй жылі не надта весела. У нас не затрымліваўся ніводны слуга, а таму доўгі час мы самі працавалі ў доме. Сястра памерла, калі ёй было ўсяго трыццаць, але ў яе валасах ужо з’явілася сівізна, як і ў мяне цяпер.

— Дык вашая сястра памерла?

— Так, два гады таму, і менавіта пра яе смерць я хачу вам зараз расказаць. Вы можаце зразумець, што, жывучы тым жыццём, якое я толькі што апісала, мы мелі няшмат шанцаў сустракацца з людзьмі нашага ўзросту і кола. Але ў нас ёсць незамужняя цётка, сястра нашай маці, міс Ганорыя Ўэстфэйл, якая жыве ля Хараў, і час ад часу нам дазвалялася наведацца да яе ў госці. Два гады таму Джулія адправілася да цёткі на Каляды, пазнаёмілася там з адстаўным маёрам флоту, і яны заручыліся. Калі па яе вяртанні айчым даведаўся пра заручыны, то нічога не запярэчыў, але жудасны выпадак за два тыдні да вяселля пазбавіў мяне адзінай сяброўкі.

Увесь час Шэрлак Холмс сядзеў, адкінуўшыся на спінку крэсла, заплюшчыўшы вочы і паклаўшы галаву на канапавую падушку. Але ў гэты момант ён напалову прыпадняў павекі і паглядзеў на госцю.

— Прашу вас быць уважлівай да ўсіх дэталяў, — сказаў ён.

— Няма нічога прасцейшага, бо ў маёй памяці захаваліся ўсе падзеі тае жахлівае ночы. Наш дом, як я ўжо казала, вельмі стары, і на сённяшні дзень у ім заселены толькі адзін флігель. Спальні там размешчаныя на першым паверсе, а гасцёўні — у цэнтральнай частцы будынка. У першай спальні спіць доктар Ройлат, у другой спала мая сястра, а ў трэцяй — я. Пакоі гэтыя паміж сабой не злучаныя, але выходзяць у адзін калідор. Мае тлумачэнні вам зразумелыя?

— Так, цалкам.

— Вокны трох пакояў выходзяць на адну лугавінку. У тую пагібельную ноч доктар Ройлат пайшоў да сябе рана, аднак мы з сястрой ведалі, што ён не спіць, бо нам назаляў моцны пах індыйскіх цыгараў*, якія ён зазвычай курыць. Сястра зайшла ў мой пакой, і мы некаторы час праседзелі разам, абмяркоўваючы хуткае вяселле. У адзінаццаць яна ўстала, каб вярнуцца да сябе, але каля дзвярэй спынілася і азірнулася.

— Скажы, Хелен, — спытала яна, — ці даводзілася табе чуць позна ўначы свіст?

— Не, не даводзілася, — адказала я.

— І ты ж не можаш свістаць у сне?

— Канечне, не. А што такое?

— Проста некалькіх апошніх начэй, дзесьці ў тры гадзіны, я чую ціхі, але вельмі выразны свіст. Сплю я чуйна, таму адразу прачынаюся. Не магу вызначыць, адкуль ён ідзе — можа, з суседняга пакоя, а можа, з лугавіны. Я падумала, што трэба спытаць у цябе, раптам ты таксама чула.

— Не, я нічога не чула. Мабыць, дзесьці побач свішчуць гэтыя жахлівыя цыганы.

— Цалкам магчыма. І ўсё ж калі свіст ідзе з лугавіны, дзіўна, што ты яго не чуеш.

— Але я сплю нашмат мацней, чым ты.

— Зрэшты, гэта не мае вялікага значэння, — яна ўсміхнулася, зачыніла мае дзверы і праз некалькі імгненняў я пачула, як яна паварочвае ключ у сваім замку.

— Праўда? — перапыніў яе Холмс. — І вы заўсёды замыкаецеся па начах?

— Заўсёды.

— Чаму?

— Здаецца, я ўжо згадвала, што доктар трымае гепарда і павіяна. Не замкнуўшы дзвярэй, нельга адчуваць сябе ў бяспецы.

— Зразумела. Прашу вас працягваць.

— У тую ноч я не магла заснуць. Мяне мучыла цьмянае адчуванне навіслае небяспекі. Як вы помніце, мы з сястрой былі блізнятамі, і, магчыма, ведаеце, што такія блізкія душы звязаныя няўлоўнымі ніцямі. Ноч была непагодная. На дварэ скавытаў вецер, а ў вокны барабаніў і ламаўся дождж. Нечакана сярод шуму навальніцы я пачула шалёны крык спалоханай да смерці жанчыны. Гэта крычала мая сястра. Я ўскочыла з ложка, накінула на плечы шаль і кінулася ў калідор. Адчыняючы дзверы, я пачула штосьці падобнае да ціхага свісту, акурат такога, як апісвала Джулія, а праз некалькі секундаў — бразгат, нібыта зваліўся вялікі металічны прадмет. Калі я падбегла да пакоя сястры, дзверы былі адчыненыя і лёгка пагойдваліся туды-сюды. Здранцвелая ад вусцішы, я глядзела на гэтыя дзверы і не магла зразумець, што здарылася. У святле калідорнае лямпы я ўбачыла збялелую ад страху Джулію, якая з’явілася на парозе, хістаючыся, як п’яная, і цягнучы рукі, нібы просячы дапамагчы. Я кінулася да яе і абняла, але ў гэты момант яе калені падагнуліся, і яна ўпала на падлогу. Яна скурчылася, нібыта ад нясцерпнага болю, а рукі і ногі яе звяло смяротнымі сутаргамі. Спачатку я падумала, што сястра не пазнае мяне, але калі я схілілася над няшчаснай, яна раптам закрычала: “О мой Божа, Хелен! Там стужка! Стракатая стужка!” Гэтага голасу я ніколі не забуду. Здавалася, яна хоча сказаць яшчэ нешта, паказваючы пальцам у кірунку пакоя доктара, але новая сутарга схапіла яе і заглушыла ўсе словы. Я кінулася ў калідор, гучна клічучы айчыма. Ён ужо спяшаўся да нас, накінуўшы халат. Калі ён дабег да сястры, яна ўжо была непрытомная. Ён уліў ёй у рот брэндзі і адправіў у вёску па доктара, але ўсе нашыя высілкі былі марныя, бо неўзабаве яна перастала дыхаць і памерла, так і не прыйшоўшы ў сябе. Такім быў вусцішны скон маёй любай сястры...

— Хвіліначку, — перапыніў яе Холмс. — Вы ўпэўненыя, што чулі свіст і бразгат металічнага прадмета? Вы можаце за гэта паручыцца?

— Такое самае пытанне задаў мне падчас расследавання мясцовы коранер. Я амаль упэўненая, што чула гэтыя гукі, аднак, магчыма, мяне збілі з панталыку выццё навальніцы і рыпенне старога дома.

— Вашая сястра была апранутая?

— Не, яна выбегла ў адной начной кашулі. У яе правай руцэ была абвугленая запалка, у левай — пачак з запалкамі.

— Сведчанне таго, што яна чырканула запалкай і пачала аглядацца, калі штосьці яе напалохала. Гэта важная дэталь. І якія высновы зрабіў коранер?

— Ён вельмі ўважліва вывучыў усё, што мела дачыненне да справы, — у ваколіцы добра ведаюць пра выбрыкі доктара Ройлата, — але так і не змог знайсці хоць нейкую праўдападобную прычыну смерці Джуліі. Мае паказанні сведчаць пра тое, што дзверы былі замкнёныя знутры, а вокны кожную ноч застаўляліся старамоднымі аканіцамі з шырокімі жалезнымі кратамі. Следчыя старанна прастукалі ўсе сцены, і яны паўсюль аказаліся моцнымі. Гэтак жа ўважліва — і з тым самым вынікам — была абследаваная падлога. Камін шырокі, але закратаваны ажно чатырма жалезнымі скобамі. А таму не выклікае сумневаў, што ў момант свае смерці мая сястра была ў пакоі адна. Да таго ж на яе целе не ўбачылі ніякіх слядоў гвалту.

— Як наконт атруты?

— Дактары праверылі гэтую версію, але нічога не знайшлі.

— Тады як вы думаеце, ад чаго памерла вашая няшчасная сястра?

— Мне здаецца, яна памерла ад жаху і нервовага ўзрушэння, але я не ўяўляю, што магло так яе напалохаць.

— Ці былі тады ў маёнтку цыганы?

— Так, яны амаль заўсёды жывуць дзесьці непадалёк.

— А што вы думаеце пра яе словы наконт стужкі... стракатай стужкі?

— Часам мне здаецца, што гэта не больш чым перадсмяротнае трызненне, часам — што словы адносяцца да нейкай рэальнай стужкі, напрыклад, убачанай у цыганоў ля маёнтка. Не ведаю, можа, гэтыя дзіўныя словы неяк звязаныя з рознакаляровымі хусцінкамі, якія носяць многія цыганкі.

Холмс пахітаў галавой — прапанавае тлумачэнне нават блізка яго не задаволіла.

— Справа гэтая надзвычай сур’ёзная, — сказаў ён. — Але прашу вас, працягвайце.

— З таго дня прайшло два гады, і да нядаўняга часу я жыла яшчэ больш самотна, чым раней. Аднак месяц таму мой адзін дарагі сябра, якога я ведаю ўжо шмат гадоў, зрабіў мне гонар, папрасіўшы мае рукі. Яго завуць Эрмітэдж, Персі Эрмітэдж, другі сын містэра Эрмітэджа з Крэйн-Ўотэра пад Рэдынгам. Айчым не мае нічога супраць шлюбу, і гэтай вясной мы збіраемся ажаніцца. Два дні таму ў заходнім флігелі пачаліся рамонтныя працы, сцяну ў маім пакоі прабілі, і мне давялося перабрацца ў спальню, дзе памерла мая сястра, і спаць на тым жа ложку, на якім спала яна. І вы можаце ўявіць мой жах, калі мінулай ноччу, лежачы без сну і разважаючы пра жудасны лёс сястры, я раптоўна пачула ў начной цішы ледзь чутны свіст, які стаўся знакам яе смерці! Я ўскочыла і запаліла лямпу, але нічога ў пакоі не ўбачыла. Занадта ўзрушаная, каб зноў класціся спаць, я апранулася, як толькі развіднела, пакінула дом, наняла ў гасцініцы “Карона”, што насупраць нас, двухколку і паехала ў Лэтэрхэд, а адтуль — у Лондан, з адзінай мэтай — пабачыць вас і папрасіць вашае парады.

— І зрабілі вельмі мудра, — дадаў мой сябар. — Вы ўсё мне расказалі?

— Так, усё.

— Міс Ройлат, гэта няпраўда. Вы спрабуеце абараніць свайго айчыма.

— Што вы маеце на ўвазе?

Замест адказу Холмс адкінуў адну з чорных карункавых манжэтак, што хавалі складзеныя на каленях рукі госці. На белым запясці выразна бачыліся пяць слядоў ад пальцаў — сінявата-барвовых плямак.

— Ён вельмі жорстка абыходзіцца з вамі, — сказаў Холмс.

Лэдзі густа пачырванела і схавала пашкоджаную руку.

— Ён цяжкі чалавек, — сказала яна, — і наўрад ці сам усведамляе сваю сілу.

Запанавала доўгая цішыня, цягам якой Холмс, падпёршы рукамі падбароддзе, глядзеў у агонь, што патрэскваў у каміне.

— Справа вельмі складаная, — сказаў ён урэшце. — Мне хацелася б ведаць яшчэ тысячу падрабязнасцяў, перш чым я вырашу, што трэба рабіць. Але нельга губляць ні хвіліны. Калі мы прыедзем сёння ў Сток-Моран, у нас будзе магчымасць агледзець пакоі, каб пра гэта не даведаўся ваш айчым?

— Айчым акурат казаў, што збіраецца сёння ў горад па нейкіх вельмі пільных справах. Цалкам магчыма, што ён будзе адсутнічаць увесь дзень, і вас нічога не патурбуе. У нас ёсць ахмістрыня, але яна старая і дурная, і я лёгка змагу пазбавіцца ад яе на гэты вечар.

— Цудоўна. Вы нічога не маеце супраць паездкі, Ўотсан?

— Зусім не.

— Тады мы абодва прыедзем. А што плануеце рабіць вы самі?

— У мяне ёсць яшчэ адна-дзве справы, якімі я, калі ўжо выбралася ў горад, хачу заняцца. Але я вярнуся цягніком у дванаццаць, каб быць на месцы да вашага прыезду.

— Тады чакайце нас адразу папаўдні. У мяне таксама ёсць некалькі справаў, якім я мушу аддаць увагу. Можа, вы застаняцеся і паснедаеце з намі?

— Не, я мушу ісці. Цяпер, калі я даверыла вам свае турботы, у мяне проста гара з плячэй звалілася. Я буду нецярпліва чакаць нашае сустрэчы апоўдні, — з гэтымі словамі яна апусціла на твар вэлюм і выслізнула з пакоя.

— Што вы пра ўсё гэта думаеце, Ўотсан? — спытаў Шэрлак Холмс, адкідваючыся на спінку крэсла.

— Справа выглядае надзвычай цьмяна і злавесна.

— Так, досыць цьмяна і досыць злавесна.

— Але калі нашая госця мела рацыю, кажучы, што падлога і сцены ў пакоі моцныя, а дзверы, акно і камін — добра зачыненыя, значыць, сястра ў момант свае загадкавае смерці была ў спальні, несумненна, адна.

— А што ў такім выпадку могуць значыць гэтыя начныя свістанні, а таксама дзіўныя перадсмяротныя словы жанчыны?

— Нават не ўяўляю.

— Калі супаставіць усе гэтыя факты — начны свіст, згадкі няшчаснай пра стужку, што можа належаць цыганам, з якімі ў старога доктара такія блізкія стасункі, відавочную зацікаўленасць доктара ў тым, каб прадухіліць вяселле свае падчаркі, і ўрэшце, металічны бразгат, што мог ісці ад адной з жалезных засавак, якія трымаюць аканіцы, — думаю, мы маем усе нагоды лічыць, што гэтыя нітачкі прывядуць нас да разгадкі таямніцы.

— Але што маглі зрабіць цыганы?

— Не ўяўляю.

— У гэтай тэорыі я бачу шмат недахопаў...

— Я таксама, і менавіта з гэтай прычыны мы едзем сёння ў Сток-Моран. Я хачу зразумець, сітуацыя сапраўды такая жахлівая ці ва ўсіх гэтых акалічнасцяў ёсць нейкае бяскрыўднае тлумачэнне. Але што гэта, чорт падзяры?..

Прычынай апошняга воклічу, які вырваўся з вуснаў майго сябра, стала нечаканае з’яўленне ў дзвярным праёме нейкае асобы велізарнага росту, якая практычна ўламалася ў наш пакой. Касцюм госця ўяўляў дзіўную сумесь элементаў, якія выдавалі адначасова яго прафесію і сельскі лад жыцця: чорны цыліндр, доўгі сурдут, пара высокіх гетраў і паляўнічая пуга ў руках. Ён быў такі высокі, што чапляўся капелюшом за дзвярную папярочку, і такі шырокі ў плячах, што, здавалася, мог захраснуць у праёме. Буйны яго твар, парэзаны тысячамі зморшчынаў, пажаўцелы ад сонца і адзначаны ўсімі магчымымі чалавечымі заганамі, паварочваўся то да аднаго з нас, то да другога, а глыбока пасаджаныя гнеўныя вочы і вялікі, тонкі і востры нос рабілі яго падобным да старой раз’юшанай драпежнай птушкі.

— Хто з вас Холмс? — спытаў урэшце наш дзіўны наведнік.

— Гэта маё імя, сэр, але я не магу пахваліцца, што ведаю вашае, — спакойна сказаў мой сябар.

— Я доктар Грымсбі Ройлат са Сток-Морана.

— Вельмі прыемна, доктар, — ветліва сказаў Холмс. — Прашу вас, сядайце.

— І не падумаю! У вас была мая падчарка. Я сачыў за ёй! Што яна вам сказала?

— Нешта сёння халаднавата для гэтае пары году, — сказаў Холмс.

— Што яна вам сказала? — люта крыкнуў стары.

— Аднак я чуў, што нарцысы сёлета буяюць, — непахісна працягнуў мой сябра.

— Ха, вы хочаце пазбавіцца ад мяне! — сказаў наш госць, робячы крок наперад і памахваючы пугай. — Ведаю я вас, нягодніка! Я ўжо чуў пра вас! Вы любіце ўтыкаць нос у чужыя справы!

Мой сябра ўсміхнуўся.

— Вы назола!

Усмешка Холмса зрабілася яшчэ шырэйшай.

— Холмс, скотланд-ярдаўскі хлопчык на пабягушках!

Холмс ад душы рассмяяўся:

— Вельмі прыемна было з вамі паразмаўляць, — сказаў ён, — але калі будзеце сыходзіць, зачыніце дзверы — прадзімае.

— Я сыду толькі калі ўсё вам выкажу. Нават не думайце ўтыкаць нос у мае справы! Я ведаю, што міс Стонэр была тут. Я сачыў за ёй! Задзірацца са мной небяспечна! — ён зрабіў некалькі імклівых крокаў, узяў качаргу і сагнуў яе сваімі вялікімі загарэлымі рукамі. — Глядзіце, не патрапце ў мае ціскі! — прарыкаў ён, шпурнуў перакрыўленую качаргу ў камін і выйшаў з пакоя.

— Ну і прыязны спадар! — сказаў, смеючыся, Холмс. — Я, канечне, не такі волат, але калі б ён застаўся яшчэ трошкі, я давёў бы, што мае ціскі не нашмат слабейшыя за ягоныя.

З гэтымі словамі ён падняў сталёвую качаргу і з нечаканай лёгкасцю выпрастаў яе назад.

— Што за нахабства залічыць мяне да супрацоўнікаў вышукной паліцыі! Аднак гэты інцыдэнт надае нашаму расследаванню асаблівую пікантнасць. Спадзяюся толькі, што маладая лэдзі не пацерпіць праз тое, што так неразважліва дазволіла гэтаму дзікуну высачыць сябе. А цяпер, Ўотсан, мы паснедаем, і я адпраўлюся ў калегію юрыстаў, дзе спадзяюся знайсці патрэбныя нам для гэтай справы звесткі.

Холмс вярнуўся дадому дзесьці каля гадзіны дня. У руцэ ён трымаў блакітны аркуш, наспех спісаны нейкімі заўвагамі і лічбамі.

— Я праглядаў тэстамент яго памерлай жонкі, — сказаў ён. — Мне давялося пералічваць цяперашні кошт згаданых там каштоўных папераў, каб як мага дакладней разабрацца ў справе. Агульны прыбытак, які ў момант яе смерці складаў амаль тысячу сто фунтаў стэрлінгаў, скараціўся цяпер у сувязі з падзеннем цэнаў на сельскагаспадарчыя прадукты дзесьці да сямісот пяцідзесяці фунтаў. У выпадку жаніцьбы кожная дачка мае права на прыбытак у дзвесце пяцьдзясят фунтаў, а значыць, калі абедзве дзяўчыны выйдуць замуж, нашаму прыгажуну застаюцца нейкія няшчасныя грашы. Нават адно вяселле пацягне за сабой досыць сур’ёзныя страты. У такім выпадку сённяшні ранак прайшоў недарэмна — я даказаў, што айчым мае ў найвышэйшай ступені важкія прычыны не дапусціць шлюбу хаця б адной з іх. І зацягваць справу цяпер вельмі небяспечна, Ўотсан, асабліва калі ўлічыць, што стары ведае пра нашую цікавасць да яго планаў. Таму, калі вы гатовыя, самы час браць кэб і ехаць на вакзал Ватэрлоа. Буду вам вельмі абавязаны, калі вы схаваеце ў кішэні рэвальвер. Няма сумневу, што ваш “Элей”* — цудоўны аргумент для джэнтльмена, які завязае вузламі сталёвыя качэргі. Рэвальвер і зубная шчотка — думаю, больш нічога не спатрэбіцца.

На вакзале нам пашчасціла адразу ж сесці на цягнік да Лэтэрхэда, дзе ў гатэлі ля самай станцыі мы нанялі двухколку і праехалі чатыры ці пяць міляў маляўнічымі сурэйскімі дарогамі. Дзень быў проста цудоўны: у небе ярка свяціла сонца, якое зусім не хавалі кучаравыя аблокі. Жывая агароджа і дрэвы ўздоўж дарогі пачалі ўжо выпускаць першыя зялёныя атожылкі, а паветра поўнілася прыемным пахам вогкай зямлі. Гэты кантраст паміж салодкім чаканнем вясны і злавеснай справай, якая выклікала нас сюды, здаваўся мне вельмі дзіўным. Мой сябар сядзеў наперадзе, скрыжаваўшы рукі, насунуўшы на самыя вочы капялюш, апусціўшы падбароддзе на грудзі і занурыўшыся ў самыя глыбокія развагі. Аднак раптам ён адкінуў свае думкі, ляпнуў мяне па плячы і паказаў кудысьці ўдалячынь:

— Паглядзіце!

На пакатым схіле раскінуўся густа зарослы парк, пераходзячы на вяршыні пагорка ў самы сапраўдны лес. Над галлём узвышаліся шэрыя шчыты і стромкі вільчак вельмі старога асабняка.

— Сток-Моран? — спытаў Холмс.

— Ён самы, сэр. Дом доктара Грымсбі Ройлата, — пацвердзіў рамізнік.

— Бачыце, вунь там нешта будуецца, — сказаў Холмс. — Туды нам і трэба.

— Гэта вёска, — сказаў рамізнік, паказваючы на групку дахаў, бачных на пэўнай адлегласці злева. — Але калі вам трэба ў дом, хутчэй за ўсё вы трапіце туды, калі падыміцеся гэтым пералазам, а потым пройдзеце сцяжынкай праз палі. Вунь той, дзе ідзе лэдзі.

— Якую, мабыць, завуць міс Стонэр, — заўважыў Холмс, хаваючы вочы ад сонца. — Так, думаю, мы скарыстаемся вашай парадай.

Мы сышлі, заплацілі за праезд, і двухколка пагрукатала назад у Лэтэрхэд.

— Я падумаў, што будзе някепска, — зазначыў Холмс, калі мы падымаліся пералазам, — калі гэты хлопец падумае, што мы архітэктары ці прыехалі па нейкіх справах. Магчыма, тады ён не будзе пляткарыць. Добры дзень, міс Стонэр. Бачыце, мы трымаем сваё слова!

Нашая ранішняя кліентка паспяшалася нам насустрач. На яе твары была напісаная самая шчырая радасць.

— Я так нецярпліва вас чакала! — усклікнула яна, радасна паціскаючы нам рукі. — Усё павярнулася найлепшым чынам: доктар Ройлат адправіўся ў горад і наўрад ці вернецца сюды раней за вечар.

— Мы ўжо мелі прыемную магчымасць з ім пазнаёміцца, — заўважыў Холмс і ў некалькіх словах абмаляваў нашую з ім сустрэчу.

Слухаючы яго аповед, міс Стонэр збялела:

— Божа мой! — усклікнула яна. — Значыць, ён ішоў за мной!

— Выявілася, што так.

— Ён такі падступны, што я ніколі не адчуваю сябе ў бяспецы. Што ён скажа, калі вернецца?!

— Яму варта асцерагацца, бо яго слядамі можа ісці нехта яшчэ больш падступны, чым ён сам. Гэтай ноччу зачыніцеся ад яго ў сваім пакоі. Калі ён раз’юшыцца, мы адвязем вас да цёткі ў Хараў. Але цяпер трэба як найлепей скарыстаць час, таму ласкава пакажыце нам пакоі, якія трэба агледзець.

Асабняк быў з шэрага, заплямленага лішайнікамі каменю і складаўся з высокай цэнтральнай часткі і падобных да крабавых клюшняў двух паўкруглых флігеляў па абодва бакі ад яе. Вокны аднаго з гэтых флігеляў былі раструшчаныя і забітыя дошкамі, дах месцамі праваліўся — сумная карціна распаду. Цэнтральная частка была амаль у такім жа стане, затое правае крыло выглядала параўнальна новым: гардзіны на вокнах і сіняваты дым, які клубіўся над комінам, сведчылі пра тое, што сям’я жыве менавіта тут. Ля тарцовай сцяны высіліся рыштаванні, каменную кладку часткова разабралі — але не было відаць ніводнага будаўніка. Холмс марудна прайшоўся туды-сюды па заваленай лугавіне і вельмі ўважліва агледзеў вонкавую частку вокнаў.

— Гэта, як я разумею, пакой, у якім вы спалі раней, цэнтральны належаў вашай сястры, а найбліжэйшы да галоўнага будынка — доктару Ройлату?

— Усё правільна. Але цяпер я сплю ў сярэднім пакоі.

— Як я разумею, праз рамонт. Дарэчы, непадобна, каб тарцовая сцяна патрабавала такой пільнай перабудовы.

— Яна і не патрабавала. Думаю, гэта проста нагода выселіць мяне з майго пакоя.

— І гэта наводзіць на пэўныя думкі. Так, уздоўж процілеглай сцяны гэтага вузкага флігеля цягнецца калідор, у які выходзяць усе тры пакоі. У ім жа ёсць вокны?

— Ёсць, але вельмі маленькія. Занадта вузкія, каб залезці ў калідор з двара.

— Калі вы абедзве на ноч замыкаліся, трапіць у вашыя пакоі з калідора было немагчыма. А цяпер зайдзіце, калі ласка, у свой пакоі і зачыніце аканіцы.

Міс Стонэр выканала гэтую просьбу, і Холмс, папярэдне ўважліва агледзеўшы пакой праз адчыненае акно, усімі мажлівымі спосабамі паспрабаваў узламаць замкнёныя аканіцы, але безвынікова. Не было і шчылінкі, каб прасунуць туды нож і падняць засаўку. Потым ён з дапамогай лупы абследаваў завесы, але яны былі з цэльнага жалеза, трывала ўмураванага ў масіўную кладку.

— Хм, — сказаў ён, задуменна пачухваючы падбароддзе, — мая тэорыя і праўда не зусім стасуецца з рэчаіснасцю. Калі аканіцы зачыненыя, трапіць у пакой немагчыма. Што ж, давайце зірнем на пакой з сярэдзіны — можа, гэта пралье на нашую справу святло.

Маленькія бакавыя дзверы вялі ў выбелены калідор, куды выходзілі ўсе тры спальні. Аглядаць трэці пакой Холмс адмовіўся, а таму мы адразу перайшлі да другога, дзе цяпер спала міс Стонэр і дзе памерла яе сястра. Гэта было маленькае ўтульнае памяшканне з нізкай столлю і шырокім камінам — так часта выглядаюць пакойчыкі ў старадаўніх дамах. У адным куце стаяла карычневая камода, у другім — вузкі ложак з белым пакрывалам, а з левага боку ад акна — туалетны столік. Апроч гэтай мэблі ў спальні былі толькі два маленькія плеценыя крэслы, а таксама квадратны ўілтанскі дыван у цэнтры. Уся мэбля, а таксама панэлі на сценах былі з карычневага, паточанага шашалем дубу, такога старога і выцвілага, што абсталяванне цалкам магло быць залічанае ў равеснікі самога будынка. Холмс перасунуў адно з крэслаў у кут, сеў на яго і пачаў маўкліва аглядаць кожную цалю сцяны, зважаючы на ўсе дэталі інтэр’ера.

— З кім вас звязвае гэты званок? — урэшце спытаў ён, паказваючы на тоўсты шнурок, які вісеў над ложкам, кутасікам кранаючыся падушкі.

— Ён праведзены ў пакой ахмістрыні.

— Выглядае навейшым, чым іншыя рэчы.

— Так, яго павесілі ўсяго пару гадоў таму.

— Мяркую, на просьбу вашае сястры?

— Не, я ніколі не чула, каб яна ім карысталася. Звычайна мы самі рабілі тое, што нам патрэбна.

— І праўда, такі прыгожы шнурок для званка тут нібыта не да месца. Я мушу затрымаць вас яшчэ на некалькі хвілінаў, бо мая цікаўнасць задаволеная не цалкам — засталося агледзець падлогу.

Стаўшы на карачкі і ткнуўшыся носам у лупу, ён пачаў поўзаць туды-сюды і вывучаць кожную шчылінку паміж маснічынамі. Потым гэтак жа заняўся панэлямі, якімі былі абшытыя сцены. Затым падышоў да ложка, пэўны час аглядаў яго і бегаў вачыма па сцяне з верху да нізу. Урэшце ўзяў у руку шнурок і моцна яго тузануў.

— Ага, званок несапраўдны! — сказаў ён.

— Ён не звоніць?

— Не, ён нават не злучаны з дротам. І гэта вельмі цікава. Зірніце, ён прымацаваны да крука, вунь там, трошкі вышэй за вентыляцыйную адтуліну.

— Бязглуздзіца нейкая... Я ніколі гэтага не заўважала.

— Дзіўна, вельмі дзіўна, — прамармытаў Холмс, зноў тузаючы шнурок. — У гэтым пакоі ёсць некалькі рэчаў, якія здаюцца мне незразумелымі. Вось, напрыклад, якім дурнем быў будаўнік, які вывеў вентыляцыйную адтуліну ў суседні пакой, калі, даўшы сабе роўна столькі ж клопату, мог вывесці яе на двор?!

— Адтуліна таксама з’явілася не так даўно, — прамовіла лэдзі.

— Тады ж, калі і шнурок для званка? — удакладніў Холмс.

— Так, тады пакой трошачкі перарабілі.

— Вельмі цікавыя пераробкі — муляжы шнуркоў, вентылятары, якія не вентылююць. Міс Стонэр, з вашага дазволу мы працягнем росшукі ў наступным пакоі.

Пакой доктара Грымсбі Ройлата быў большым, чым пакоі яго падчарак, але абсталяваны гэтак жа проста. Паходны ложак, невялікая драўляная паліца з кнігамі, збольшага прафесійнага характару, побач з ложкам — фатэль, сціплае драўлянае крэсла ля сцяны, круглы стол і вялікі жалезны сейф — вось і ўсё, што трапіла нам на вочы. Холмс марудна абышоў пакой і з найвялікшай цікавасцю вывучыў усе прадметы — разам і паасобку.

— А што тут? — спытаў ён, пастукаўшы па сейфе.

— Дзелавыя паперы айчыма.

— О, вы туды зазіралі?

— Толькі аднойчы, некалькі гадоў таму. Помню, што ён быў увесь забіты паперамі.

— А ці не сядзіць там, напрыклад, кот?

— Кот? Не! Што за дзіўная ідэя!

— А вы зірніце сюды, — і ён паказаў на маленькі сподачак з малаком, які стаяў на сейфе.

— Не, ката ў нас няма. Але ёсць гепард і павіян.

— Ах, сапраўды! Гепарда, канечне, можна назваць вялікім катом, і ўсё ж сподачак малака наўрад ці задаволіць яго патрэбы. З гэтым пытаннем мне хацелася б разабрацца.

Ён прысеў на кукішкі ля крэсла і пачаў вельмі пільна аглядаць яго сядзенне.

— Цяпер усё праяснілася, — сказаў ён, падняўшыся і схаваўшы лупу ў кішэню. — Гэй, а вось яшчэ нешта цікавае!

Увагу Холмса забраў маленькі сабачы павадок, што вісеў на ложку. На канцы яго была завязаная пятля.

— І што вы пра гэта думаеце, Ўотсан?

— Самы звычайны павадок. Але я не разумею, навошта на ім пятля.

— І ўсё ж не зусім звычайны. Эх, у нашым свеце столькі зла! І найгоршае ў ім — гэта разумныя людзі, якія пачынаюць здзяйсняць злачынствы. Міс Стонэр, думаю, я знайшоў усё, што было патрэбна, а таму з вашага дазволу мы прагуляемся па лугавіне.

Ніколі яшчэ я не бачыў свайго сябра такім змрочным і нахмураным, як у той момант, калі мы пакінулі месца яго даследаванняў. Ён некалькі разоў змераў крокамі лугавіну, і ні я, ні міс Стонэр не парушалі ходу яго думак, пакуль ён урэшце не выйшаў з задуменнага стану.

— Цяпер вельмі важна, міс Стонэр, — сказаў ён, — каб вы абсалютна дакладна трымаліся ўсіх маіх парадаў.

— Я зраблю ўсё як вы скажаце.

— Вагацца нельга, бо справа надта сур’ёзная. Ад вашай паслухмянасці залежыць вашае жыццё.

— Я магу вас упэўніць, што выканаю ўсё.

— Па-першае, мы з маім сябрам мусім правесці ў вашым пакоі гэтую ноч.

Мы з міс Стонэр здзіўлена зірнулі на Холмса.

— Так, гэта неабходна. Зараз усё патлумачу. Як я разумею, там, наперадзе, вясковы гатэль?

— Так, “Карона”.

— Цудоўна. Адтуль бачныя вашыя вокны?

— Безумоўна.

— Калі ваш айчым вернецца, спашліцеся на галаўны боль і замкніцеся ў сваім пакоі. Калі пачуеце, што ён кладзецца спаць, адчыніце аканіцы, падыміце аконную засаўку, прасігнальце нам лямпай, а потым вазьміце ўсе патрэбныя вам рэчы і перайдзіце ў пакой, які займалі раней. Упэўнены, што, нягледзячы на рамонт, пераседзець там адну ноч вы зможаце.

— Безумоўна.

— Астатнім зоймемся мы самі.

— Але што вы збіраецеся рабіць?

— Мы правядзем у вашым пакоі ноч і паспрабуем разабрацца ў гуках, якія вас турбуюць.

— Мне здаецца, містэр Холмс, што ў чымсьці вы ўжо разабраліся, — сказала міс Стонэр, кладучы руку на рукаво майго сябра.

— Магчыма, і так.

— Тады дзеля ўсяго святога раскажыце мне, ад чаго памерла сястра!

— Лепш я спачатку збяру больш важкія доказы.

— Але скажыце хаця б, ці маю я рацыю, думаючы, што яна загінула ад нечаканага пераляку!

— Мяркую, гэта не так. На маю думку, прычына смерці была больш матэрыяльнай. А цяпер, міс Стонэр, мы вымушаныя вас пакінуць, бо калі доктар Ройлат вернецца і ўбачыць нас, наш прыезд страціць сэнс. Да сустрэчы! І будзьце мужнай — калі вы зробіце ўсё так, як я сказаў, мы хутка пазбавім вас ад навіслай пагрозы.

Мы з Шэрлакам Холмсам без праблемаў знялі нумар у гатэлі “Карона”. Пакоі мясціліся на верхнім паверсе, і з акна мы цудоўна бачылі браму і прысады, а таксама заселенае крыло асабняка Сток-Моран. У прыцемках мы заўважылі доктара Ройлата, які праехаў міма, — яго мажная фігура ўзвышалася побач з хударлявым хлопцам, што кіраваў двухколкай. Хлопец трошкі затрымаўся, адчыняючы цяжкую жалезную браму, і мы пачулі, як доктар хрыпла на яго прарыкаў, і ўбачылі, з якой лютасцю затрос кулакамі. Экіпаж заехаў у парк, і праз некалькі хвілінаў у адной з гасцёўняў раптам запалілася лямпа, якая асвяціла навакольныя дрэвы.

— Ведаеце, Ўотсан, — сказаў Холмс, калі прыцемкі пачалі гушчэць, — я пачынаю сумнявацца, ці варта сёння браць вас з сабой. Нас відавочна чакае штосьці небяспечнае.

— Ці змагу я вам дапамагчы?

— Вашая прысутнасць была б неацэннай.

— Тады я дакладна пайду.

— Вельмі ласкава з вашага боку.

— Вы гаворыце пра небяспеку, а значыць, убачылі ў гэтых пакоях нашмат больш за мяне.

— Думаю, што не, але высноваў зрабіў трошкі больш, чым вы. Здаецца, вы бачылі ўсё, што бачыў я.

— Я не заўважыў нічога асаблівага, за выключэннем шнурка, але мушу прызнаць, што нават не ўяўляю, для чаго ён там прымацаваны.

— Яшчэ і вентылятар, так?

— Так, але не думаю, што адтуліна паміж двума пакоямі, — такая ўжо незвычайная рэч. Яна занадта маленькая нават для пацука.

— Я ведаў, што мы знойдзем гэты вентылятар, яшчэ да прыезду ў Сток-Моран.

— Мой дарагі Холмс!

— Так-так, ведаў. Помніце, як міс Стонэр сказала, што яе сястра адчувала пах цыгараў доктара Ройлата? А гэта бясспрэчна сведчыць пра тое, што два пакоі неяк звязаныя паміж сабой. Але адтуліна павінная была быць вельмі маленькай — іначай коранер заўважыў бы яе падчас расследавання. Так я зрабіў выснову, што ў пакоі мусіць быць вентылятар.

— Але якую ён можа ўчыніць шкоду?

— І ўрэшце, гэтае дзіўнае супадзенне: у адзін і той жа час была зробленая адтуліна, павешаны шнурок і ў сваім ложку памерла лэдзі. Вас гэта не бянтэжыць?

— Але я не бачу ніякай сувязі...

— А як наконт ложка? Не заўважылі нічога асаблівага?

— Ды не.

— Ён прыкручаны да падлогі. Вы калі-небудзь бачылі прыкручаныя да падлогі ложкі?

— Нешта не прыгадваю.

— Лэдзі не магла пасунуць свой ложак — ён заўсёды заставаўся на адным і тым жа месцы адносна адтуліны і шнурка — менавіта шнурка, бо ён не мае нічога агульнага са званком.

— Холмс, — ускрыкнуў я, — здаецца, я пачынаю здагадвацца, на што вы намякаеце! Мы з’явіліся ў самы час, каб папярэдзіць гэтае добра прадуманае і вусцішнае злачынства!

— Так, досыць добра прадуманае і досыць вусцішнае. Калі доктар ступае на цярністы шлях, ён робіцца найгоршым са злачынцаў, бо мае вытрымку і веды. Палмер і Прычард* былі найлепшымі спецыялістамі. Гэты чалавек пляце свае сеткі нават лепей за іх, аднак я думаю, Ўотсан, нашыя сеткі будуць яшчэ лепшымі. Тым не менш да канца ночы нас чакае нямала жудаснага, а таму дзеля Бога давайце спакойна выкурым па люльцы і на найбліжэйшыя гадзіны зоймем сябе весялейшымі размовамі.

Каля дзявятай святло між дрэваў згасла, і вакол сядзібы запанавала цемрадзь. Марудна прапаўзлі дзве гадзіны, і калі пачало біць адзінаццаць, проста насупраць нашага акна раптам загарэўся яркі самотны агеньчык.

— А вось і наш сінгал, — сказаў Холмс, ускокваючы, — агонь гарыць у сярэднім акне.

Праходзячы міма гаспадара гатэля, Холмс перакінуўся з ім некалькімі словамі, патлумачыўшы, што ў нас запланаваны позні візіт да знаёмых і што мы, магчыма, застанемся ў іх начаваць. Праз імгненне мы ўжо выходзілі на цёмную дарогу, адчуваючы на тварах подых зябкага ветру і кіруючыся на жоўты агеньчык, што мігцеў нам праз змрок і вёў насустрач страшным прыгодам.

Трапіць ва ўладанні Ройлата было нескладана — старая паркавая сцяна зеўрала шматлікімі даўно не рамантаванымі праломамі. Прабіраючыся між дрэваў, мы хутка дайшлі да лугавіны і ўжо гатовыя былі лезці ў дом праз акно, калі з лаўровых зараснікаў выскачыла нейкае стварэнне, падобнае да агіднага і пачварнага дзіцяці, скурчыўшыся, кінулася на траву, а потым перасекла лужок і зноў растварылася ў цемры.

— Божа мой! — прашаптаў я. — Вы гэта бачылі?

У першы момант Холмс перапужаўся не менш за мяне. Ад нечаканасці ён зашчаміў, нібыта ціскамі, рукой маё запясце. Потым ціха рассмяяўся і прашаптаў мне на вуха:

— Ну і мілая сямейка! Гэта ж павіян!

Я ўжо і забыўся на дзіўных улюбёнцаў доктара. Гепард жа таксама дзесьці побач — у любы момант ён можа скочыць каму-небудзь з нас на плечы! Мушу прызнацца, што я адчуў палёгку толькі тады, калі, узяўшы прыклад з Холмса, скінуў чаравікі і забраўся ў спальню. Мой сябар бясшумна зачыніў аканіцы, пераставіў лямпу на стол і прабегся па пакоі вачыма. З часу нашага нядаўняга агляду нічога не змянілася.

Холмс ціха падышоў да мяне і, склаўшы далоні рупарам, ледзь чутна — так, што я з цяжкасцю мог разабраць словы, — прашаптаў мне на вуха:

— Найцішэйшы гук можа зруйнаваць нашыя планы.

Я кіўнуў, паказваючы гэтым, што ўсё пачуў.

— Будзем сядзець без святла — яго можна заўважыць праз вентыляцыйную адтуліну.

Я зноў кіўнуў.

— Не засынайце — ад гэтага можа залежаць вашае жыццё. Трымайце пісталет напагатове — ён можа спатрэбіцца. Я сяду на край ложка, а вы — на крэсла.

Я дастаў рэвальвер і паклаў яго на стол.

Холмс прынёс з сабой доўгі тонкі кій і паклаў яго на ложак. Побач змясціў пачак запалак і агарак свечкі. Потым мы пагасілі лямпу і апынуліся ў поўнай цемры.

Ніколі не забуду гэтай страшнай бяссоннай ночы! Я не чуў ніводнага гуку, нават самага ціхага ўздыху, аднак быў упэўнены, што мой сябар за некалькі футаў ад мяне таксама не спіць і знаходзіцца ў тым жа стане нервовага напружання, што і я сам. Ніводны прамень святла не прабіваўся праз аканіцы, і чаканне нашае доўжылася ў поўнай цямрэчы.

Час ад часу ў парку крычала выпадковая начная птушка, а ў адзін момант ля самага акна пачулася працяглае, падобнае да кашэчага, выццё: значыць, гепард і праўда гуляў на волі. Дзесьці ўдалечыні былі чуваць гулкія ўдары царкоўнага гадзінніка, што адбіваў кожную чвэрць. Як доўга яны, гэтыя чвэрці, цягнуліся! Прабіла дванаццаць, потым гадзіну, дзве, тры — а мы так і сядзелі, маўкліва чакаючы таго, што мусіла адбыцца.

Раптам каля вентылятара прамільгнула святло, якое адразу ж знікла, але мы адчулі моцны пах гарэлага алею і распаленага жалеза. У суседнім пакоі запалілі патаемны ліхтар. Я пачуў, што нехта зарухаўся, а потым зноў запанавала цішыня, хаця пах узмацніўся. Яшчэ паўгадзіны я праседзеў, навастрыўшы вушы. Раптам зноў пачуўся нейкі гук — вельмі мяккі і пяшчотны, як свіст пары, што вырываецца з чайніка. У гэты ж момант Холмс ускочыў з ложка, чыркануў запалкай і пачаў люта біць кіем па шнурку.

— Вы бачыце яе, Ўотсан? — закрычаў ён. — Бачыце?

Але я нічога не бачыў. Калі Холмс чыркануў запалкай, я пачуў выразны ціхі свіст, але рэзкая ўспышка святла асляпіла мае стомленыя вочы, і я не змог разгледзець, па чым так раз’юшана біў мой сябар. Я паспеў заўважыць яго змярцвела белы твар, поўны жаху і агіды. Ён перастаў хвастаць па шнурку і пільна ўтаропіўся ў вентылятар, калі раптам цішу ночы разарваў такі вусцішны крык, якога мне яшчэ не даводзілася чуць. Гэты хрыплы крык, у якім змяшаліся боль, страх і гнеў, рабіўся ўсё гучнейшым і гучнейшым. Потым казалі, што ён разбудзіў усіх, хто спакойна спаў у сваіх ложках не толькі ў вёсцы, але і ў аддаленым доме святара. Зледзянелыя ад жаху, мы з Холмсам глядзелі адзін на аднаго, пакуль цішыня, якая нарадзіла гэты крык, не паглынула нават самае аддаленае яго рэха.

— Што ўсё гэта значыць? — спытаў я задыхаючыся.

— Гэта значыць, што ўсё скончылася, — адказаў Холмс. — Магчыма, так яно і лепей. Вазьміце свой пісталет — мы ідзем у пакой доктара Ройлата.

Са змрочным тварам ён запаліў лямпу і рушыў калідорам. Двойчы пастукаў у дзверы пакоя, але адказу не было. Тады ён павярнуў ручку і ўвайшоў. Я скіраваўся за ім, трымаючы напагатове рэвальвер.

Дзіўнае відовішча сустрэла нас у гэтым пакоі. На стале стаяў патаемны ліхтар з напалову адчыненай засланкай, кідаючы яркі прамень святла на жалезны сейф з прачыненымі дзверцамі. На крэсле ля стала сядзеў доктар Ройлат, апрануты ў доўгі шэры халат, з-пад якога выглядалі голыя шчыкалаткі. На нагах доктара былі чырвоныя турэцкія пантофлі без заднікаў. На яго каленях ляжаў кароткі павадок з пятлёй, які мы заўважылі яшчэ ўдзень. Падбароддзе доктара было закінутае ўверх, а ў вачах застыў поўны вусцішы нерухомы позірк, скіраваны ў кут столі. Яго лоб туга абвіла незвычайная жоўтая стужка з карычневымі плямамі. Калі мы зайшлі, Ройлат не варухнуўся і не сказаў ні слова.

— Стужка! Вось яна, стракатая стужка! — прашаптаў Холмс.

Я зрабіў крок наперад. У гэты ж момант неверагодны галаўны ўбор пачаў рухацца, і ў валасах доктара паказалася шырокая ромбападобная галава і раздзьмутая шыя брыдкае змяі.

— Балотная гадзюка!* — ускрыкнуў Холмс. — Самая смяротна небяспечная змяя ў Індыі. Ён памёр праз дзесяць секунд пасля ўкусу. Бо зло сапраўды вяртаецца да таго, хто яго ўчыніў, і хто яму капае, той у яе і ўпадзе*. Давайце вернем гэтую істоту назад у схованку — тады мы зможам адправіць міс Стонэр у спакайнейшае месца і паведаміць пра ўсё мясцовай паліцыі.

З гэтымі словамі ён асцярожна зняў павадок з каленяў мерцвяка, закінуў пятлю на шыю рэптыліі, зняў яе з жахлівага сядала і, трымаючы на адлегласці выцягнутае рукі, вярнуў у жалезны сейф, які тут жа зачыніў.

Такімі былі сапраўдныя абставіны смерці доктара Грымсбі Ройлата са Сток-Морана. Не варта рабіць гэты і без таго задоўгі аповед яшчэ даўжэйшым і расказваць пра тое, як мы паведамілі страшную навіну спалоханай дзяўчыне, як з ранішнім цягніком адправілі яе пад крыло яе добрай цёткі ў Хараў, пра тое, як марудлівае афіцыйнае следства прыйшло да высновы, што доктар сустрэў смерць, неабачліва гуляючыся са сваім небяспечным гадаванцам. Адзінае, чаго я не ведаў яшчэ пра гэтую справу, Шэрлак Холмс расказаў мне падчас нашага зваротнага падарожжа.

— Спачатку я зрабіў цалкам памылковую выснову, — сказаў ён, — і гэта, мой дарагі Ўотсан, даказвае, як небяспечна разважаць пра справу, маючы недастаткова звестак. Прысутных у сядзібе цыганоў і воклічу няшчаснай дзяўчынай, якая, без сумневу, хацела расказаць, што яна ўбачыла ў імгненным святле запалкі, цалкам хапіла, каб пусціць мяне няправільным следам. Мяне апраўдвае толькі адно: зразумеўшы, што небяспека, якая пагражала жыхарцы пакоя, не магла ісці з дзвярэй ці акна, я тут жа перагледзеў сваю тэорыю. Як я ўжо казаў, усю маю ўвагу адразу ж забрала гэтая вентыляцыйная адтуліна і шнурок ад званка, які вісеў над самым ложкам. Калі я зразумеў, што званок несапраўдны, а ложак прышрубаваны да падлогі, я тут жа падумаў: можа, шнурок — гэта ўсяго толькі мост, які звязвае адтуліну з ложкам? Безумоўна, я не мог не падумаць пра змяю. Да таго ж я ведаў, што доктару прывозяць з Індыі дзікіх жывёл, а таму адчуваў, што я на правільным шляху. Думка пра атруту, якую не выявіць ніводнае хімічнае даследаванне, абавязкова мусіла прыйсці ў галаву гэтаму разумнаму і бязлітаснаму чалавеку, які доўгі час пражыў на Усходзе. З гэтага гледзішча хуткасць, з якой дзейнічае такая атрута, таксама была забойцу на руку. Толькі коранер з вельмі вострым зрокам мог бы заўважыць дзве маленькія цёмныя кропачкі — сляды атрутных змяіных зубоў. Тады я ўспомніў пра свіст. Доктару, безумоўна, трэба было неяк да пачатку дня забраць змяю з пакоя мёртвай. І таму ён прывучыў яе, магчыма, з дапамогай бачанага намі малака, вяртацца назад на свіст. У патрэбны момант ён падносіў змяю да вентылятара, ведаючы, што яна спаўзе па шнурку ўніз і апынецца на ложку. Магчыма, гадзюка знайшла ахвяру не адразу, і давялося чакаць некалькі дзён ці нават тыдзень, кожную ноч запускаючы змяю ў пакой, але рана ці позна дзяўчына мусіла загінуць.

Усё гэта я зразумеў яшчэ да таго, як увайшоў у пакой доктара. Агледзеўшы крэсла, я ўбачыў, што доктар звычайна станавіўся на яго, каб дацягнуцца да вентыляцыйнай адтуліны. Сейф, сподак з малаком і цяжкая пятля канчаткова пазбавілі мяне апошніх сумневаў. Металічны бразгат, які чула міс Стонэр, быў, відавочна, стукам дзверцаў сейфа, у якім Ройлат паспешліва замыкаў свайго жахлівага гадаванца. Мае наступныя дзеянні, якія давялі правільнасць гэтых высноваў, вам вядомыя. Калі я пачуў шыпенне змяі — вы, не сумняюся, таксама яго чулі, — то адразу ж запаліў святло і пачаў выганяць гадзюку.

— І ў выніку яна знікла ў вентылятары...

— ...і напала на свайго гаспадара ў суседнім пакоі. Некалькі ўдараў майго кія раззлавалі яе, а таму яна напала на першага, каго ўбачыла. Такім чынам я ўскосна вінаваты ў смерці доктара Грымсбі Ройлата, але мушу прызнацца, што гэты факт не надта абцяжарвае маё сумленне.

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2014

Чытайце таксама

Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

Беларускі паэт-авангардыст, перформер, літаратуразнаўца

Інгрыд Ноль

Інгрыд Ноль

Нямецкая аўтарка дэтэктываў і трылераў

Эдыт Сёдэргран

Эдыт Сёдэргран

Фінска-шведская паэтка Эдыт Ірэнэ Сёдэргран нарадзілася 4 красавіка 1892 году

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў

Беларускі паэт і празаік, грамадскі і палітычны дзеяч

2185