№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Франц Кафка

Тэстаменты (Die Testamente)

Пераклад з нямецкай Альгерд Бахарэвіч

І

Найдаражэйшы Макс, мая апошняя просьба: усё, што знойдзецца сярод маёй спадчыны (у скрыні з кнігамі, шафе з бялізнай, пісьмовым стале дома і ў бюро, тое, што было некуды перанесена і трапіцца табе на вочы) з дзённікаў, рукапісаў, лістоў, чужых і маіх уласных, малюнкаў і гэтак далей, спаліць цалкам і не чытаючы, гэтаксама як усё напісанае і намаляванае, што ёсць у цябе або іншых, якіх ты мусіш ад майго імя папрасіць зрабіць тое самае. Калі нехта не захоча перадаваць табе лісты, хай прынамсі сам парупіцца пра тое, каб яны былі спаленыя.

Твой

Франц Кафка

(верагодна восень/зіма 1921)

 

ІІ

Дарагі Макс,

напэўна, гэтым разам я ўжо больш не падымуся, пасля месяца лёгачнай ліхаманкі запаленне лёгкіх досыць верагоднае, і нават тое, што я пішу тут, не абароніць ад яго, хоць, нягледзячы на гэта, і мае, відаць, пэўную сілу. Дык на такі выпадак вось мая апошняя воля адносна ўсяго мной напісанага: з усяго, што я напісаў, маюць значэнне толькі наступныя кнігі: “Прысуд”, “Качагар”, “Ператварэнне”, “У калоніі для зняволеных”, “Вясковы лекар” і апавяданне “Галадамор” (пара асобнікаў “Сузірання” могуць застацца, я не хачу нікога абцяжарваць турботамі, звязанымі з іх знішчэннем, але друкавацца адтуль наноў нічога не павінна). Калі я кажу, што значэнне маюць толькі тыя пяць кніг і адно апавяданне, я не маю на ўвазе, што мне хацелася б, каб яны друкаваліся і захаваліся для будучыні, наадварот, калі б яны згубіліся, гэта адпавядала б майму сапраўднаму жаданню. Я толькі не замінаю нікому, паколькі яны ўжо існуюць, захаваць іх, калі ён мае такую ахвоту. Аднак усё іншае з таго, што было напісана мной (надрукаванае ў часопісах, рукапісы і лісты), без выключэння і без увагі на тое, даступнае яно ў кожны момант або яго можна атрымаць у адрасатаў (большасць з іх табе, здаецца, знаёмая, фактычна, вядзецца пра спадарыню Феліцу М., спадарыню Юлію, у дзяв. Вохрыцэк, і спадарыню Мілену Поляк, асабліва прашу не забыць пра сшыткі, якія мае ў сябе спадарыня Поляк) — усё гэта без выключэння і лепш за ўсё непрачытаным (я не забараняю табе зазірнуць туды, аднак для мяне было б лепш, каб ты гэтага не рабіў, ва ўсялякім разе зазіраць туды нельга нікому іншаму) — усё гэта без выключэння я прашу цябе спаліць і як мага хутчэй зрабіць гэта.

Франц

(29 лістапада 1922) 

Пераклад з нямецкай – Альгерд Бахарэвіч © 2013

Чытайце таксама

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Нямецкі пісьменнік-рамантык, кампазітар, дырыжор, мастак, музычны крытык, юрыст

Эрнэст Брыль

Эрнэст Брыль

Польскі паэт, празаік, драматург, перакладчык, журналіст

Карла Калодзі

Карла Калодзі

Італьянскі пісьменні і журналіст, аўтар знакамітай гісторыі пра Пінокіё

Кацярына Маціеўская

Кацярына Маціеўская

Перакладае з французскай, ангельскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс

1273