№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Павел Гюле

Вайзэр Давідзік (Weiser Dawidek)

Урывак з рамана

Пераклад з польскай Марына Шода

Гэты пераклад — толькі ўрывак з першага рамана Паўла Гюле. Неўзабаве чакаецца выданне твора асобнай кнігай.

Што здарылася пасля векапомнага матчу з вайсковымі? Найважнейшым было надвор’е. Сонца шалёна паліла горад і затоку, лісце на дрэвах пажоўкла, як у пачатку восені, а птушкі амаль зусім не спявалі, змучаныя спёкай, што лілася з неба. Аднойчы мы паехалі ў Еліткова даследаваць стан рыбнага супу, і тое, што мы ўбачылі, перайшло ўсе нашыя самыя чорныя чаканні. Бо акрамя колюшак у стаячай вадзе нерухома ляжалі сотні снулых вугроў, камбалы, селядцоў і іншых рыб, назваў якіх я не ведаю дагэтуль. Усё гэта, напаўзгнілае і страшна смярдзючае, сутаргава варушылася. Асабліва доўга паміралі вугры, самыя моцныя з рыб. Я дагэтуль помню іх выкручастыя целы як сімвал таго лета. Рыбакі вылезлі з сваіх халупаў і цэлымі днямі сядзелі на лаўках, палячы папяросы і наракаючы на лёс. Адзін з іх спыніў нас, калі мы праходзілі паўз пустыя скрынкі:

— Што вы тут робіце, хлопцы? — меланхалічна сказаў ён. — Няма чаго вам тут рабіць, — і адразу ж трохі разбалбатаўся, хаця ніхто яго ні пра што не пытаў. — Гэта іпрыт, я вам кажу, хлопцы, усё праз гэты халерны іпрыт, свінскае прускае семя. — А калі ён зарыентаваўся, што мы не вельмі разумеем, пра што ён гаворыць, то патлумачыў далей: — А, вы не ведаеце, што гэта іпрыт з нямецкай субмарыны? Гэтая субмарына патанула ў апошнія дні вайны непадалёк ад Хелю, а яна ўся была нагружаная іпрытам, як бочка селядцамі. Ну, і зрабілася так, што цяпер мы маем выграбную яму, а не затоку!

— До, Ігнац, — пачулі мы праз акно. — Не закручвай дзецюкам галоваў, усе ведаюць, што гэта не субмарына, а на святога Яна рускія праводзілі манеўры і выпусцілі ў ваду нешта такое, ад чаго ўсе мы паздыхаем, як тая рыба!

Рыбак раззлаваўся так, што не суняць:

— Ідзі, старая, не плявузгай тут, — буркнуў ён жонцы і, павярнуўшыся ў наш бок, яшчэ раз сказаў: — Субмарына і ўсё тут, паржавела, а з банак гэтае свінства і вылілася. Праклятыя гітлераўцы, мала нам бяды нарабілі, дык яшчэ і цяпер!

Мы падзяліліся на дзве фракцыі: аматараў нямецкай субмарыны і расійскіх манеўраў — і голасна спрачаліся, чакаючы трамвая на пятлі побач з крыжам. А я глядзеў у неба, разагрэтае да белаты, глядзеў на сонечны шар і ведаў, што прычына ўсяго гэтага — не субмарына і не савецкія манеўры. Але калі б хто-небудзь спытаў мяне тады, а нават і цяпер, што было прычынай рыбнага супу, я б не здолеў ясна адказаць. Бо напэўна ані грахі чалавечыя, ані гнеў Божы, як думаў пробашч Дудак, а за ім і шматлікія жыхары нашага дому, якія вечарамі збіраліся на падворку і размаўлялі сцішанымі галасамі, быццам баяліся яшчэ большых няшчасцяў. І ў гэтых размовах можна было пачуць усё больш дзіўныя рэчы: што над водамі затокі рыбакі з Хелю бачылі аранжавы шар, які выглядаў як шаравая маланка, што Маці Божая з Матэмблёва паказалася адной жанчыне, што ішла праз лес да Брэнтава, што маракі ўласнымі вачыма бачылі паруснік без экіпажу, які слізгаў ноччу між караблёў на рэйдзе. Таксама былі такія, хто бачыў камету ў форме конскай галавы, якая кружыла над горадам, і тыя, хто яе бачыў, кляліся, што камета, абляцеўшы зямлю, вернецца і са страшнай сілай упадзе.

Тым часам кожны дзень здаваўся горшым за папярэдні, і мы нават не гулялі ў футбол побач з прускімі казармамі праз спёку і завесу ўедлівага пылу, які ўздымаўся над спаленай травой. Што было рабіць? Нягледзячы на пагрозы М-скага, мы хадзілі на брэнтаўскія могілкі. У цені старых букаў было трошкі больш прахалодна. Толькі цяпер у нас не было ані каскі, ані заржавелага шмайсэра, і прапаў усялякі след Жаўтакрылага. Мы падазравалі, што яго злавілі недзе ў ваколіцах, і нашая зброя была канфіскаваная. Гульня ў немцаў і партызанаў без гэтых рэквізітаў была пазбаўленая бляску, і ўсё большая нуда ахоплівала нашыя сэрцы.

Калі б Вайзэр захацеў прыйсці сюды, як тады, думалі мы, можа, ён прынёс бы з сабой што-небудзь цікавае, нешта, што дазволіла б нам весці войны з яшчэ большым запалам. Але Вайзэр нават не думаў прыходзіць. Яго выступ падчас матчу быў апошнім знакам, які ён нам падаў, і ён чакаў цяпер, калі мы самі прыйдзем да яго. Мы паволі даспявалі да гэтай думкі, але гэта было не хутка. Аднойчы Пётр, лежачы ў цені ляшчынавых кустоў, сказаў:

— Пляж закрыты, стадыён нахран здаўся, што мы тут робім?

Невядома, што ён меў на думцы: могілкі ці ўвогуле горад, які ледзь дыхаў пад распаленым сонечным шарам, — але менавіта з гэтай фразы, прамоўленай з неахвотай, фразы, якая не была скіраваная ні да кога з нас і якая паляцела ў паветра, менавіта з гэтай фразы пачалася нашая прыгода з Вайзэрам. Праз хвіліну маўчання, як гэта было звычайна, Шымэк выплюнуў пажаваную травінку і сказаў:

— Вайзэр бы што-небудзь прыдумаў.

І ўсе мы падтакнулі яму: так! Вайзэр напэўна б што-небудзь прыдумаў, бо Вайзэр не абы-хто. У гэтым мы былі ўжо перакананыя, толькі як да яго падысці, каб не выглядаць дурнямі, якія самі нічога не здольныя прыдумаць. З іншага боку, Вайзэр — прыдумшчык і мог бы чым-небудзь з намі падзяліцца, ясная рэч, што не гульнёй у хованкі або ў квача, бо гэта былі рэчы звычайныя і штодзённыя, а спёка ўзмацніла нашую натуральную непрыязнасць да звычайных і штодзённых рэчаў. Так, мы жадалі пераменаў, і хто ведае, ці не было гэта несвядомым жаданнем кінуць выклік лёсу, якое часцей за ўсё з’яўляецца ў хлопцаў, што разглядаюць мапу ці чытаюць “Графа Монтэ-Крыста”. Жаданне пераменаў паліла нашыя душы, замучаныя смяротнай нудой. Раптам мы зразумелі, што перамену нам можа даць толькі Вайзэр.

— Трэба за імі пайсці пару разоў, — рашыў Шымэк.

А Пётр паведаміў, што цяпер Элька з Вайзэрам ходзяць не на аэрадром, а кудысьці за Брэнтова і там знікаюць, часта на паўдня. Такім чынам, было вырашана, што заўтра з самага ранку мы хаваемся за рогам нашага дома і дакладна дазнаемся, што яны робяць, куды ходзяць, а таксама чаму пазбягаюць нашага таварыства. Але гэта было не так проста, як мы думалі. Ужо з самага пачатку праблемы раслі як грыбы пасля дажджу. Па-першае, Шымэк забыў свой французскі бінокль і павінен быў вяртацца за ім у той момант, калі Вайзэр з Элькай ужо выходзілі з пад’езда. Па-другое, гэтыя двое быццам наўмысна змянілі ў той дзень свае планы і замест таго, каб пайсці, як мы думалі, па вуліцы проста ў кірунку Букавай горкі, звярнулі на алейку між агародчыкамі і ішлі ў кірунку аэрапорта. Па-трэцяе, цікаванне цэлай групай вельмі нязручнае, а было нас у той дзень пяцёра ці шасцёра. Штохвіліны трэба было спыняцца і каго-небудзь прыцішаць, і тады мы гублялі іх з поля зроку. Каля пятлі дванаццатага трамвая нас дагнаў Шымэк.

— А што я вам казаў, — усцешыўся ён. — Яны ідуць на аэрадром. — І ніхто неяк не звярнуў яго ўвагі на тое, што нічога такога раней ён не казаў.

На хвіліну я скалануўся ў спадзяванні яшчэ раз убачыць забавы з самалётам, але толькі на хвіліну, бо Элька з Вайзэрам ішлі па сходах уніз, на прыпынак электрычкі, які тады называўся “Гданьск-Аэрапорт”. І яшчэ да таго, як мы паспелі зарыентавацца, яны селі ў жоўта-блакітны вагон і з’ехалі ў кірунку Сопата, і на гэты дзень усё скончылася.

— Правялі нас, як дурняў, — зрабіў выснову Пётр. — Можам ісці дадому.

Мы стаялі на мосце, чакаючы якой лепшай думкі, але нічога ў галаву не прыходзіла. У пэўны момант мы ўбачылі ў небе біплан — рухавік хрыпла рыкаў, падымаючы яго ўверх.

— О, біплан, — сказаў Пётр.

— Ніякі не біплан, а кукурузнік, — паправіў Шымэк і дастаў з футарала французскі бінокль. — Паразглядаем трохі!

Мы пашыхтаваліся ў чаргу да бінокля ўздоўж жалезных парэнчаў моста, самалёт тым часам, набіраючы вышыню, аддаляўся ад нас у кірунку затокі. Шымэк, хоць і неахвотна, пусціў бінокль на руках. Кукурузнік, набраўшы адпаведную вышыню, павярнуў у бок горада і ляцеў з выключаным рухавіком і пастрэльваў прапелерам на халастым ходзе: “трах”, “трах-трах”, “трах-тррах”, “трах-трах”. Раптам брудна-зялёны корпус праляцеў над могілкамі на Заспе, якія здаваліся адсюль проста купай дрэваў, пад самалётам, як порхаўка, вырас парашут. Адзін, а праз некалькі секундаў яшчэ адзін і яшчэ адзін, а за імі яшчэ два — разам пяць парашутыстаў ляцела цяпер уніз, проста на траву аэрадрома. Самалёт праляцеў над нашымі галовамі, павярнуў, выраўняў курс і прызямліўся побач з ангарамі.

У гэтым не было нічога незвычайнага, кожнай вясною і летам, раз або два на тыдзень, над нашым раёнам практыкаваліся парашутысты, і трэск біплану я помню з тых часоў, як музычную тэму з кіно. Толькі што тады нам не было чаго рабіць, і парашутысты нам вельмі падабаліся. Таму мы стаялі на мосце, біплан узлятаў і прызямляўся, белыя купалы вырасталі ў небе, а за нашымі спінамі кожныя шэсць мінут праязджаў блакітна-жоўты цягнік, вагоны якога наш горад атрымаў у спадчыну ад берлінскага метро.

Я напісаў “атрымаў у спадчыну” — ці гэта дрэнна? Я не напісаў бы так, калі б усё гэта складалася ў кніжку пра Вайзэра, а калі ў кніжку, гэта значыць — у выдавецтва, дзе акурат падкрэсліваюць такія фразы і пытаюцца: як гэта — “атрымала ў спадчыну”?! Ганс Юрген Хупка, Ганшорэк, Чая, яны чакаюць такіх фармулёвак і паціраюць рукі. “Гэта нашае, — кажуць яны, — гэта ўсё нашае, нямецкае”, — і адразу ж адказны рэдактар выкрэслівае такое слова, бо нашто ліць ваду на млын рэваншыстаў? І я ўжо бачыў, як на маім рукапісе рука рэдактара піша заўвагу: “Замяніць на іншую фармулёўку”, — напрыклад, “А за нашымі плячыма кожныя шэсць мінут праязджаў блакітна-жоўты цягнік, вагоны якога ў нашым прыўкрасным пястаўскім горадзе апынуліся дзякуючы братэрству зброі Польскай арміі і непераможнай Савецкай арміі, якія агульным штурмам расціснулі берлінскую пачвару”.

Так, я трохі перабольшыў, сёння ўжо ніводзін рэдактар так не напіша, а замест выкрасленага “атрымаў у спадчыну” я б знайшоў “атрымаў як ваенную рэпарацыю”.

Толькі я не пішу кніжкі пра Вайзэра. “Я жыву дзеля таго, каб пісаць, і лічу, што, нягледзячы на абставіны, трэба прысвяціць жыццё даследаванню як хаосу, так і парадку”. Я ўжо не помню, хто гэта сказаў. І хаця першая часта гэтага выразу аддае безгустоўнасцю, а я зусім не жыву, каб пісаць, то другая частка быццам больш важная, і цяпер, калі я запаўняю старонкі ў спадзяванні, што нарэшце зразумею тое, чаго не магу зразумець, што нарэшце ўбачу, чаго раней не заўважаў. Што аддзялю парадак ад хаосу або ў хаосе з’явіцца нейкі іншы, зусім невядомы парадак. Так, справа менавіта ў гэтым. І таму тут столькі пераблытаных нітак. Таму я не змяню напісаны ўжо сказ ні на які іншы, хай ён нават будзе лепш гучаць.

Ці мелі нейкую сувязь з Вайзэрам нашае стаянне на мосце і скокі парашутыстаў? І так, і не. Калі я згадваю тую хвіліну гарачага лета, то перадусім праз тое, што я вярнуўся да яе калісьці ў маёй размове з Пятром. Кожны год я прыходжу да яго на могілкі, і калі сыходзяць усе людзі, усе дарослыя людзі, якія вераць у Бога, але не вераць у духаў, калі на магілах застаюцца толькі кветкі, вянкі, чорныя стужачкі і запаленыя знічкі, тады я сядаю на каменную пліту і размаўляю з Пятром. Часам мы нават сварымся пра неістотныя дробязі, зусім так, быццам яшчэ ходзім у тую самую школу ў Верхнім Вжэшчы. Аднойчы я прысеў на самым рагу пліты, скінуў засохлае лісце, а Пётр адразу мяне пытае:

— Ну, і што новага ў горадзе?

А я адказваю, што нічога асаблівага, толькі з камунікацыяй вялікія праблемы.

— Якія праблемы?

— Мяняюць чыгунку.

— Як гэта мяняюць?

— А так мяняюць, — адказваю я. — Стары чыгуначны парк, той, з берлінскага метрапалітэна, пойдзе на металалом, а замест яго будзе курсаваць новы, такі ж, як ва ўсёй Польшчы, пад Варшавай, Лоддзю ці Кракавам, таксама электрычкі, толькі на тры тысячы вольтаў, а тыя былі на дзевяцьсот.

— Дзевяцьсот? — здзіўляецца Пётр. — Тыя электрычкі былі на восемсот вольтаў, а не на дзевяцьсот.

— Не, — адказваю я Пятру, — ты дрэнна памятаеш. Дакладна не на восемсот, а на дзевяцьсот вольтаў!

— На восемсот, — кажа Пётр.

— На дзевяцьсот, — я.

— Дакладна на восемсот, — зноў Пётр.

— Не, дакладна на дзевяцьсот, — зноў я. — То цяпер мяняюць усю цягу, каб паяднаць гэты адрэзак непасрэдна з Быдгашчам.

На што Пётр:

— Гэта не аргумент, так ці іначай яны павінныя перарабіць цягу, але я табе кажу, што старая была на восемсот!

І так мы спрачаемся, як двое добрых сяброў, а апошнія саставы старой электрычкі яшчэ курсуюць паміж Гданьскам і Вэйхеравам праз нерэгулярныя прамежкі часу, бо праца трывае без перапынку, нават у святы. А калі я ўжо сыходзіў пакручастай могілкавай алейкай, а вакол усё больш разгаралася цэлая залева святла і лунаў пах тысяч свечак, я згадваў той дзень, калі мы стаялі, абапёршыся аб жалезныя парэнчы моста, назіраючы за практыкаваннямі парашутыстаў, а за нашымі спінамі праносіліся жоўта-блакітныя вагоны электрычак берлінскага метрапалітэна. Памяць Пятра аказалася лепшаю: тая чыгунка насамрэч мела цягу ў восемсот вольтаў.

Тым часам кукурузнік апошні раз прызямліўся на траву, парашутысты зніклі ў пашчы ангара, а бінокль з-пад Вердэна перайшоў з рук Пятра ў скураны футарал. Шымэк плюнуў струменем сліны ўніз.

— Няма чаго тут рабіць, — сказаў ён рашуча. — Пайшлі.

І зноў размова зайшла пра Вайзэра. Толькі пра што і як мы размаўлялі? Я ўжо не помню. Але напэўна пра яго, ужо толькі пра яго. Жарсна і горача мы спрачаліся пра тое, якім чынам падысці да яго, як яго ўразіць, як яму прапанаваць, каб ён чым-небудзь з намі заняўся.

Прайшлі яшчэ два дні, страшна нудныя і бясплённыя. Кожны раз Вайзэр пазбягаў нашай увагі. Раз знік з нашых вачэй недзе ў ваколіцах касцёла Уваскрашэнцаў, а другі раз мы згубілі яго на вышыні Букавай горкі. Тады мы вырашылі падпільнаваць яго на старым насыпе, бо калі праўда, што ён ходзіць з Элькай аж за Брэнтова, то вялікі кавалак дарогі ён павінен быў прайсці акурат там. З ранку мы сядзелі на могілках, у месцы, дзе яны адным бокам прылягаюць да старой чыгуначнай лініі.

Цяпер, калі я намагаюся згадаць падзеі таго дня, шмат застаецца белых плямаў, але з картаграфічнай дакладнасцю выплывае з туману тая чыгуначная дарога, якой, уласна, не было. Яе траса дугой цягнулася ў паўднёва-ўсходнім кірунку. Адходзячы на ўзроўні прыпынку “Гданьск-Аэрапорт” ад галоўнай артэрыі горада, апорамі ўзарваных мастоў яна перасякала вуліцы Грунвальдскую, Віта Ствоша, Палянкі, потым бегла каля лесу побач з касцёлам Уваскрашэнцаў, у глыбіні перасякаючы яр, далей прамінала брэнтаўскія могілкі, па ўзарваных маставых быках віядука пераскоквала шашу, што вяла да Рэмбэхова і праз няпоўныя паўкіламетра, на ўзроўні шпіталя для вар’ятаў, уваходзіла ў яшчэ глыбейшы яр, адразу за месцам, у якім Стшыжа праплывала пад насыпам па тунэлі з нізкімі скляпеннямі. А там уцякала далей на невядомыя там тэрыторыі. Мы ведалі толькі, што ўзарваныя масты спадарожнічалі ёй, гэтаксама як тут, нязменна, з упартасцю незразумелай логікі. Зрэшты, цяжка было зразумець, чаму сярод столькіх узарваных мастоў захаваліся толькі тыя, якія цяпер былі абсалютна бескарыснымі, як той, што паміж касцёлам пробашча Дудака і брэнтаўскімі могілкамі, — фантастычна высокі, ён спалучаў парослыя травой, зяноўцам і дзікай малінай краі эскарпа.

Але тады гэта была не самая важная праблема. Мы чакалі Вайзэра, усеўшыся ў пустым склепе, які, скрыты зарасцямі жыгучкі і папараці, быў цудоўнай хованкай. Шымэк не адрываў вачэй ад акуляраў бінокля, а мы ляжалі на жыватах, перажоўвалі сцябліны травы, і час ад часу нехта з нас ляніва казаў што-небудзь у бзыканні вос і чмялёў. Спёка паціху прабіралася і сюды, у сярэдзіну склепа, так што пах збуцвелай вільгаці і халоднага цэменту ўсё больш перамешваўся з душным пахам кветак. Сонца было ўсё вышэй, і недзе каля поўдня Шымэк, адкладаючы бінокль, сказаў, што мы ляжым тут немаведама навошта, бо калі Вайзэр не з’явіўся дагэтуль, то дакладна ўжо не прыйдзе. А можа, ён увогуле пайшоў іншай дарогай. Можа, ён абышоў гэтае месца, ідучы праз каменныя завалы і гару, якую мы называлі вулканам праз яе конусападобную форму і ўвагнутую вяршыню? А можа, ён сядзіць цяпер у кустах зяноўцу на аэрадроме і чакае з Элькай, калі прызямліцца самалёт? Усё было магчыма. Нічога не было непраўдападобным. Напэўна, таму я падумаў тады, што праз хвіліну мы пачуем з-за ўзгорка стук жалезных колаў, працяглы посвіст, і ў клубах пары з шыпеннем і бразгатам перад нашымі вачыма з’явіцца лакаматыў, які будзе весці Вайзэр у чыгуначнай фуражцы. Ён спыніць машыну, саскочыць па крутой жалезнай лесвічцы і памахае нам рукой, каб мы сядалі, бо ён едзе далей.

Поршні загрукочуць у прыспешаным рытме, пара загудзіць у клапанах, і мы рушым наперад, аж за Стшыжу і апошні ўзарваны мост з чырвонай цэглы, там, дзе ўрэшце павінныя быць у канцы сапраўдныя рэйкі і стрэлка. Я тады верыў, што насып вядзе да такога месца, і ўяўляў сабе, як мы едзем з Вайзэрам, прамінаючы нячынныя станцыі, заржавелыя семафоры і зарослыя зяленівам будкі дарожных майстроў, а Вайзэр, як капітан карабля, пасылае мяне на вахту, каб я ўважліва выглядаў падступныя і нябачныя сярод купаў травы раз’езды, ад якіх здрадліва адгаліноўваюцца тупіковыя пуці. Усё гэта я расказваў уголас, не ведаю, дзеля чаго, але ніхто не рассмяяўся і не палічыў гэта дурным. Зрэшты, што такое ўзарваныя масты і няісныя рэйкі ў параўнанні з магчымасцямі Вайзэра? Яго лакаматыў мог бы паспяхова прыехаць сюды ў клубах пары і ўзяць нас у падарожжа ў невядомае. Але ён не прыходзіў, і час пачынаў цягнуцца зусім жахліва. Я ўжо не помню, каго мы паслалі па аранжад у краму Цырсана, а каго дадому, каб паціху прынёс булку ці што-небудзь пад’есці. Таксама я не магу згадаць, колькі было бутэлек аранжаду і ці з усіх газ вылятаў дробным бурбалкамі. Мая прыдумка з Вайзэрам, а дакладней, з лакаматывам і Вайзэрам вельмі спадабалася, і я мусіў яшчэ раз паўтарыць усё ад пачатку, а кожны са слухачоў дадаваў што-небудзь ад сябе, і так паўстала нашая аповесць пра незвычайны лакаматыў мёртвай чыгуначнай лініі. Пакуль апошнія кроплі аранжаду высыхалі на ліпкіх бутэльках зялёнага шкла, а чырвоныя мурашкі на нашых вачах расцягвалі крошкі булак, мы прыдумлялі дадатковыя падрабязнасці гэтай гісторыі, на нашую думку, вельмі прыгожыя і выключна ўзнёслыя. Дык вось, лакаматыў з дзіўным машыністам з’яўляўся заўсёды падчас поўні. З запаленымі агнямі, раскідваючы снапы іскраў, ён павольна ехаў з боку Вжэшча, лёгка і свабодна праскокваючы ўзарваныя масты. На маленькім мосце побач з касцёлам Уваскрашэнцаў ён на хвіліну спыняўся, і тады можна было ўбачыць, як з рызніцы крадком выбягае чалавечак у куртатым фраку. Чалавечак падыходзіў да сапучай машыны і перадаваў машыністу гаманец, у якім бразгаталі манеты. Лакаматыў кранаўся з месца, развітваючыся з чалавечкам кароткім свістком, а той трушком бег у цёмны яловы лес з іншага боку насыпу. За што было заплачана машыністу? Усё мае свае прычыны — лакаматыў, заязджаючы ў глыбокі яр, моцна разганяўся, хутка праскокваючы пад выгінам каменнага моста, і скрыгатаў, тармозячы на ўскрайку могілак, на якіх мы цяпер сядзелі, прыдумляючы ўсё гэта. Вайзэр цягнуў за рычаг і перарывіста свістаў тры разы. І раптам у святле месяца раскрываліся зарослыя склепы, адсоўваліся патрэсканыя шыльдачкі, і рой нябожчыкаў, пастукваючы галёначнымі косткамі, вылазіў з трунаў і накіроўваўся да лакаматыва. І калі ўсе былі гатовыя ў дарогу, машыніст запускаў іх у паўвагон і адпраўляўся далей, праз наступныя ўзарваныя масты і нябачныя стрэлкі. Так адбывалася кожны месяц, падчас кожнай поўні, незалежна ад пары году. Машыніст вяртаўся на досвітку, стомленыя падарожнікі разыходзіліся па склепах, а лакаматыў знікаў у ваколіцах прыпынку “Гданьск-Аэрапорт”, там, дзе стары насып даходзіў да сапраўднай чыгункі. Некаторыя жыхары аддаленых прадмесцяў бачылі гэта і, дранцвеючы ад жаху, апавядалі давераным асобам. Канечне, знайшлося некалькі смельчакоў, якія жадалі даследаваць таямніцу, але за цікаўнасць трэба было сур’ёзна плаціць. Аднойчы брат касцельнага служкі ўскочыў у паўвагон і разам з нябожчыкамі паехаў у кірунку Стшыжы. Пра тое, што ён убачыў, ён ужо нікому не расказваў, бо калі лакаматыў вярнуўся і спыніўся побач з могілкамі, шкілеты схапілі яго пад рукі і забралі з сабой у адзін са склепаў. З таго часу ў бязветраныя ночы чуваць, як напаўмёртвы, напаўжывы брат касцельнага служкі крычыць: “Выпусціце мяне адсюль! Выпусціце мяне!” — але невядома, дзе трупы схавалі яго, а зрэшты, крычыць ён так страшна, што ніхто не наважыўся б расшукваць згінулага.

Можа, не ўсе падрабязнасці гэтай гісторыі я перадаю дакладна, але цяпер, гэтаксама як у сакратарыяце школы, калі мы чакалі вынікаў нашых пісьмовых прызнанняў, я думаю, што гэтая аповесць не горшая за тую, што чытала нам спадарыня Рэгіна на ўроку польскай. Урэшце, тая таксама адбываецца ноччу, а нябожчык устае з магілы і прамаўляе да жывых. Хаця мы не асабліва баяліся могілак, ды калі ўсё гэта прыдумалася, расказалася і прамовілася хорам галасоў, што перабівалі адзін аднаго, калі ўся гэтая гісторыя загучала ў цішыні закінутага склепа, нам раптам зрабілася не па сабе. Быццам праўда, што, насуперак здароваму сэнсу і разумным думкам, прамоўленае можа зрабіцца рэальным.

Тым часам Вайзэр так і не з’яўляўся ў полі нашага зроку. У лагчыне насупраць могілак, з другога боку насыпу, брэнтаўскі гаспадар касіў траву. Выпражаны з дышлю конь шчыпаў канюшыну, а мужчына раз-пораз перапыняў свой занятак, выпростваў спіну і кляпаў мянашкай вастрыё. Металічны гук ляніва расплываўся ў распаленым паветры, а нас рабілася ўсё менш, бо многія засумняваліся ў сэнсоўнасці чакання, і штохвіліны нехта вяртаўся дадому дарогай праз Букавую горку, пакідаючы склеп і надзею.

— Прасіце, і дадзена вам будзе, — сентэнцыйна сказаў Шымэк, капіюючы голас пробашча Дудака.

—Як гэта? — здзівіўся Пётр. — Ці Госпад Бог увогуле будзе займацца такімі справамі?


— Якімі справамі? — спытаў я.

— Ну, хоць бы такой просьбай, каб Вайзэр з’явіўся тут, калі б мы яго папрасілі, — растлумачыў Пётр, але Шымэк адразу развеяў яго сумневы:

— Ты думаеш, што Госпад Бог не мае важнейшых справаў? І ўвогуле, навошта пра гэта думаць, Вайзэр — габрэй, а гэта зусім іншае!

— Ісус таксама быў габрэем, — не жадаў здавацца Пётр. — А паколькі ён быў сынам Госпада Бога, гэта значыць, што Госпад Бог таксама габрэй, ці не так? Як твой бацька паляк, — звярнуўся ён да Шымэка, — то ты таксама народзішся палякам, а калі б быў немцам, то ты б нарадзіўся немцам, так?

— Калі б бабка мела вусы… — непрыязна буркнуў Шымэк і больш не размаўляў на гэтую тэму.

Недзе далёка, за ўзгоркамі Мядзвежага Кута, загучаў самалёт. Застаўшыся ўтрох, мы доўга маўчалі, бо нікому не хацелася без патрэбы мянціць языком. Я падумаў, гэтаксама як яны, што Вайзэр сюды сёння не прыйдзе і мы можам ісці дахаты, а калі паспяшаемся, то здолеем здаць бутэлькі ад аранжаду да таго, як крама Цырсана закрыецца. Сонца было ўжо ніжэй, і цяпер доўгія цені соснаў перасякалі насып, як бэлькі, перакінутыя над струменем. Падсветленыя камлі дрэваў выглядалі ненатуральна чырвонымі, як у кірмашовага мастака. На другім баку насыпу мужчына скончыў зграбаць скошаную траву ў невялічкія купкі, пасля чаго запрог каня і паехаў у бок дамоў. Мы пачулі пах сена, змяшаны са смуродам свежага поту. Паветра было нерухомым, як ва ўсе гэтыя дні, з таго часу, як рыбны суп разліўся па затоцы.

— А можа, прыйдзем сюды ноччу? — перарваў цішыню Пётр.

— Навошта? — запытаў Шымэк.

Тады Пётр сказаў, што варта было спраўдзіць, ці насамрэч а дванаццатай ночы нябожчыкі ўстаюць з магілаў або хаця б размаўляюць міжсобку. Людзі так кажуць, і невядома, колькі ў гэтым праўды. Можа, яны кажуць так, бо ведаюць, а можа, таму, што проста баяцца і самі ніколі не правяралі. Дык мы б маглі праверыць.

— Ну добра, — пагадзіўся Шымэк. — Але хто пойдзе? Бо на могілкі ноччу трэба ісці самому, нябожчыкі чуюць, калі людзей шмат, зусім як звяры, і тады ўся праца пойдзе на глум.

Мы вырашылі кінуць жэрабя — перад могілкамі той, на каго выпадзе, перажагнаецца і далей пойдзе сам. І будзе як найменш пятнаццаць мінут чакаць у самым цэнтры могілак, там, дзе каменныя анёлы з адбітымі крыламі.

Але лёсавання не адбылося.

— Глядзіце, — шапнуў Шымэк, выпаўзаючы са склепа. — Ідуць! Вунь там!

І насамрэч, па насыпе ішоў Вайзэр, а на паўкроку за ім, трымаючы нейкі скрутачак, крочыла Элька, падскокваючы, як маленькая дзяўчынка. Мы хутка пакінулі склеп, хаваючыся за густым кустом глогу, які рос за пяць метраў ад насыпу. Яны прайшлі паўз нас і звярнулі на палявую дарогу ў кірунку стрэльбішча.

Калі яны зніклі ў вусці гліністага яру, мы рушылі за імі. Гэта быў той самы яр, у якім мы потым сустрэлі М-скага з сачком на матылькоў, калі ён ганяўся за апалонам. Мы былі як сабакі, спушчаныя з павадка пасля доўгага чакання, сабакі, якія ўчулі звера і рвуцца наперад, каб не збіцца з тропу. Там, дзе яр канчаецца, дарога бяжыць угору. Мы стаіліся каля гэтага ўзвышша, назіраючы, як яны караскаюцца краем ледавіковага навалу на пласкагор’і. Мы падкрадаліся да іх, прытрымліваючыся ўсіх правілаў ваеннага мастацтва, і гэта было нялёгка, калі ўлічваць, што ў іх была перавага вышыні. Мы ляжалі за разлапушаным кустом зяноўцу, назіралі за кожным іх жэстам і рухам. А яны паводзілі сябе надзвычай спакойна. Сядзелі на самым высокім месцы пласкагор’я і размаўлялі пра нешта, напэўна, не вельмі важнае, як можна было меркаваць з выразу твару Элькі. Тады мы думалі, што Элька з Вайзэрам чакаюць нейкага знаку, чагосьці незвычайнага, што выдзера іх і нас са знямелага чакання, але цяпер я думаю, што яны проста чакалі заходу сонца. Бо тое, што здарылася пазней, можа здарыцца толькі на заходзе сонца.

Памаранчавы шар нарэшце знік за лесам, на небе разлілося чырвонае зарыва, на фоне якога з галавакружнай хуткасцю мільгалі чорныя кропачкі жамяры, і тады Вайзэр устаў, падаўшы руку Эльцы, і яны пайшлі далей, у кірунку стрэльбішча. Мы рушылі за імі, як духі — хутка і бясшумна. Прайшлі паўз стары лес, потым уздоўж лагчыны за стрэльбішчам, адкуль вузкай сцежкай пятлялі ўверх між панурых букаў і ляшчыны, далей нашая дарога перасекла рэмбэхоўскую шашу і далей ужо без перапынку лесам вяла ў невядомым нам кірунку, усё далей ад дамоў Брэнтова. У распаленым паветры, якога не развяваў ніякі, нават самы слабы павеў ветрыку, адчуваўся пах жывіцы і высушанай кары. У цёмную бязмесяцавую ноч, калі толькі зоркі моўчкі паглядалі на нас, будынак нячыннай цагельні, які нечакана вырас перад нашымі вачыма, падаваўся вялікім гмашышчам з вежай коміна, якая, здавалася, сягала да неба, чорнымі ямінамі вокнаў і скоцістым дахам, аголеныя кроквы якога пужалі сваім выглядам, нагадваючы рэбры вялікай жывёліны.

Мы нясмела стаялі на ўскрайку лесу, і толькі гучны голас Вайзэра вярнуў нас да рэальнасці. Ён нешта казаў Эльцы, а тая адказвала яму рванымі фразамі. Словы даносіліся аднекуль з глыбіні, шматкротным рэхам адбіваючыся ад пустых сценаў. Было ясна, што яны недзе ўнізе, хутчэй за ўсё ў сутарэнні. Мы на дыбачках прабраліся паўз чыгунныя ваганеткі і чалеснікі печы для апальвання цэглы. У той частцы залы, адкуль даносіліся галасы, падлога была драўляная і ў дадатак спарахнелая. Трымаючы боты ў руках, мы як мага цішэй падышлі да адкрытага люку. Ад яго ўніз ішлі сходы. Раптам пад намі заблішчэла святло запалкі, а адразу пасля — свечкі, якую Элька паставіла каля сцяны. Мы прыляпіліся тварамі да дошак: на шчасце, шчыліны былі такія шырокія, што мы бачылі ўсё як на далоні. Элька па-турэцку ўселася каля сцяны непадалёк ад свечкі. Пасярэдзіне, таксама на падлозе, сядзеў ссутулены Вайзэр, падавалася, ён маліўся. Яны маўчалі, а я каўтаў сліну і адчуваў, што зараз здарыцца нешта страшнае. Я чуў, як мая ўласная кроў Ніягарай білася ў кожнай жылцы і судзіне.

Элька раскруціла скрутак. У мігатлівым ззянні свечкі я ўбачыў у яе далонях дзіўны музычны інструмент. Ён нагадваў злучаныя міжсобку дудкі рознай даўжыні, якія яна паднесла да вуснаў, чакаючы знаку ад Вайзэра. Нарэшце, калі ён узняў галаву, мы пачулі першыя гукі, дзіўна далёкія ад нас, быццам нехта на вяршыні гары граў павольную і поўную суму мелодыю. Тэмбр інструмента быў мяккі і раскалыханы. Вайзэр устаў. Падняў рукі і хвіліну заставаўся ў гэтай позе. Мелодыя рабілася ўсё жывейшаю, музычныя фразы вырываліся адна за адной, але ўвесь час вяртаючыся да той жа тэмы. А Вайзэр, той самы, якога мы ўбачылі на свята Божага Цела ў воблаку кадзільнага дыму, той самы Вайзэр з аэрадрома і заапарка ў Аліве, Вайзэр, які выйграў матч з вайсковымі, танчыў цяпер пры святле свечкі пад мелодыю, найграваную на смешных дудках. Танчыў у падвале зруйнаванай цагельні, уздымаючы туманы пылу, раскідваючы рукі ўверх і ў бакі, нахіляючы галаву ў розных кірунках. Танчыў усё больш хутка і рэзка, быццам мелодыя, якая з кожным тактам прыспешвалася аж да немагчымасці, трымала яго ў сваёй уладзе. Танчыў, быццам яго апанталі дэманы дрыготак і скокаў, танчыў з прымружанымі вачыма, быццам упіты ўшчэнт вясельны госць, танчыў, як звяр’яцелы шаленец, які не знае меры, мяжы і стомы, а нашыя зрэнкі пашыраліся ўсё больш і больш, бо мы раптам убачылі кагосьці зусім чужога. Гэта ўжо не быў Вайзэр, наш аднакласнік, які жыве ў трынаццатай кватэры на другім паверсе, унук спадара Абрама Вайзэра, краўца. Гэта быў нехта страшліва незнаёмы, трывожна чужы, нехта, хто праз збег абставінаў з’явіўся цяпер у чалавечай постаці, якая відавочна абмяжоўвала яго рухі, і імкнуўся вызваліцца з нябачных путаў цела.

Раптам музыка сціхла. Гэта было яшчэ больш незвычайна, чым калі б сярод гукаў дудак загучаў арган ці паляўнічыя рогі. Вайзэр упаў на падлогу. Чырванаваты пыл уздымаўся вакол яго фігуры, а ў святле свечкі я ўбачыў вірлівыя струменьчыкі пылу такога самага колеру. Я не паспеў падумаць, што гэтая ціша гучыць так злавесна і жахліва, як Вайзэр адкрыў вусны, быццам хацеў аддыхацца, і мы пачулі нізкі мужчынскі голас, які прамаўляў незразумелай мовай нейкія рваныя фразы. Мне здавалася, што чыясьці рука дакранаецца да маёй спіны, і я ведаю, што гэта была ілюзія ад жаху, бо голас, зусім чужы і суворы, выходзіў з горла Вайзэра, быццам ён казаў, сам пра тое не ведаючы. Вочы яго былі заплюшчаныя. Кулакі сціскаліся і расслабляліся пры кожнай фразе. Ён выглядаў змучаным чалавекам, які з вялікай пакутай і насуперак сабе выцэджвае гукі праз сціснутае горла. Толькі калі ён спыніўся і стаў падобны да мёртвага, я паглядзеў на Эльку. Яна нерухома сядзела пад сцяной, і гэта была ўжо не Элька, а драўляная лялька. Яе вочы ўперыліся ў Вайзэра і былі падобныя да шкляных пацерак на тварах лялек з дзіцячага тэатра. Яны нават не варухнуліся і не міргнулі, калі нарэшце Вайзэр падняўся на калені і перасунуў свечку бліжэй да сярэдзіны. Тады гэта і адбылося. Вайзэр стаў на абедзве нагі, раскінуў рукі як для палёту і вельмі доўга стаяў, углядаючыся ў полымя свечкі. Я не ведаю, у які момант, праз які час я заўважыў, што яго ногі не дакранаюцца да глінянай падлогі. Спачатку я палічыў гэта марывам, але стопы Вайзэра ўсё выразней адрываліся ад падлогі. Так, усё яго цела цяпер вісела ў паветры, за трыццаць, а можа, сорак сантыметраў ад зямлі, і паволі ўздымалася яшчэ вышэй, быццам яго падтрымлівала нябачная рука.

— Ісусе! — пачуў я шэпт Шымэка. — Ісусе, што ён робіць?

Вайзэр левітаваў над бруднай падлогай, і яго цела ўжо не было напятым. Пальцы Пятра сціснуліся на маім плячы.

Дык што ж было насамрэч? Ці магло тое, што мы бачылі ў падвале нячыннай цагельні, быць толькі марывам? Ці магло нам толькі здавацца, што Вайзэр уздымаецца над падлогай, ці ён насамрэч левітаваў у святле мігатлівай свечкі?

Праз дваццаць тры гады я задаваў гэтае пытанне Шымэку, калі мы сядзелі адзін насупраць аднаго ў яго сонечнай кватэры, у зусім іншым горадзе і — што варта падкрэсліць — у зусім іншую эпоху. Пад вокнамі дома праходзіла дэманстрацыя. На транспарантах былі новыя лозунгі ці амаль новыя: “Патрабуем рэгістрацыі!” — прачытаў я на адным з іх. “Прэса хлусіць”, — было бачна на другім. “ Жыве Гданьск!” — таксама заўважыў я недзе ў сярэдзіне натоўпу, побач з вялікім партрэтам Папы Рымскага, які несла маладая дзяўчына. Вядома, Шымэк ужо не быў тым самым Шымэкам з французскім біноклем з-пад Вердэна, але я не чакаў аж такой змены, большай, чым адлегласць у дваццаць тры гады і чым колькасць кіламетраў, што раздзяляе нашыя гарады. Ён цікавіўся цяперашнімі падзеямі і ўвесь час выпытваў мяне пра навіны з Гданьска. Я доўга тлумачыў яму, як гэта ўсё выглядала ў нас, і яшчэ даўжэй — як выглядала на працягу ўсіх тых дзён брама верфі і драўляны крыж, да якога людзі прымацоўвалі выявы Чорнай Мадонны і пад якім складалі кветкі.

— На гэты раз не стралялі! — ён радаваўся як дзіця. — Але што будзе далей?

Я не ведаў, што будзе далей, і, зрэшты, ніхто ад Татраў да пляжа ў Еліткове не мог гэтага ведаць. Я толькі злаваўся, што без адказу застаюцца не толькі праблемы вялікай палітыкі, над якімі ламалі галовы карэспандэнты ўсіх газетаў свету, але і мае пытанні пра Вайзэра.

— Зрэшты, ці так важна гэта цяпер, — казаў Шымэк, — пасля столькіх гадоў? І акурат цяпер, калі адбываецца такое?

Я ніяк не мог яго пераканаць, што для мяне гэта самая важная справа.

— Дык што ж было насамрэч? — я не здаваўся. — Вайзэр левітаваў ці мы паддаліся агульнаму псіхозу?

Шымэк адкаркоўваў бутэлькі піва, найсмачнейшага на поўдні, і з сумневам круціў галавой. Ён казаў, як заўсёды, спакойна.

— Калі ты прачытаеш у кніжцы, што яе аўтару з’явіўся Бог у постаці вогненнага слупа і шуму крылаў, то ты не ведаеш, насамрэч было так ці аўтару толькі падавалася, што так было. Канечне, — дадаў ён, — мы павінныя выключыць выпадак мэтанакіраванай містыфікацыі.

— А там, у падвале? — пытаў я. — Там Вайзэр уздымаўся ў паветра ці нам толькі здавалася, што ён гэта робіць?

Шымэк запаліў цыгарэту.

— Не ведаю, — адказаў ён праз хвіліну. — Можа, насамрэч, левітаваў, а можа, мы паддаліся агульнаму псіхозу, апошняе здараецца часцей, чым пырханне над зямлёй, ты так не лічыш?

І так увесь час на працягу майго візіту ў яго дом, адзінага за ўсе гэтыя гады. У Шымэка не было нейкага акрэсленага меркавання пра Вайзэра, і ўсе праблемы, пастаўленыя мною, ён вырашаў аднолькава. “Магло быць так, а магло быць і іначай, — адказваў ён кожны раз. — Столькі ж гадоў прайшло, а нашая памяць падманлівая”. А калі ён дазнаўся, што я тры гады таму быў у Мангайме ў Элькі, то запытаў, якая ў яе машына і як ёй жывецца. Не, ён не здагадаўся, чаму я да яе ездзіў, і яму не было цікава, ці казала Элька мне што-небудзь пра Вайзэра. Шымэк толькі адно помніў вельмі добра, а менавіта інструмент, на якім яна грала, калі Вайзэр танчыў у падвале старой цагельні.

— Флейта Пана, насамрэч незвычайны гук, дзіўная музыка, — казаў ён мне жыва. — Адкуль яна магла ўзяць гэты інструмент?

Я, канечне, ведаў, адкуль, бо вельмі дакладна вывучыў гэтую справу ў той самы год, калі пераглядаў школьныя паперы Вайзэра і нават размаўляў з нястомнай настаўніцай музыкі. Яна пацвердзіла, што ў той год з калекцыі народных інструментаў знікла флейта Пана і што яна ніколі не магла сабе растлумачыць, як гэта сталася, што са школьнай вітрыны, гонару яе кабінета, дзе побач з ксілафонам можна было убачыць укулеле, балалайку, скандынаўскую скрыпку і многія іншыя экспанаты, знікла менавіта флейта Пана. “Каму гэта было патрэбна? — яна паціскала плячыма, прыгорбленымі ад сталага махання рукамі на рэпетыцыях хору. — Хто мог бы граць на ёй?” Але пра гэта я Шымэку не сказаў.

Калі мы пілі апошнюю бутэльку піва, а праз расчыненае акно быў чуваць ужо звычайны гоман вуліцы і спеў птушак, і калі жонка Шымэка прынесла вялікі, як абрус, паднос з канапкамі, я нарэшце спытаў, што ён думае пра той дзень над Стшыжай, калі Вайзэр апошні раз размаўляў з намі, і чаму Элька знайшлася праз некалькі дзён, а Вайзэр не? І што, уласна, магла значыць яе амнезія, якая ніяк не жадала праходзіць, калі гаворка ішла пра асобу Вайзэра? Шымэк спачатку замяніў шклянкі, бо замест піва на стале з’явілася хатняе віно.

Так, ён таксама задумваўся пра гэта, ужо праз шмат гадоў, не прызнаючыся ў гэтым нікому. Усё ўказвала на тое, што ў Вайзэра былі нейкія прыхаваныя гіпнатычныя здольнасці, пра якія мы можам мець толькі цьмянае ўяўленне. Гэтае дапушчэнне пацвярджае яго фокус з пантэрай, і, несумненна, ён мог карыстацца імі ў сваіх дачыненнях з людзьмі. Навошта яму была патрэбная Элька? Гэта зразумела — ён выкарыстоўваў яе і праводзіў над ёй эксперыменты, бо сам толькі пачынаў тады адкрываць свае не да канца ўсвядомленыя магчымасці. Там, у падвале цагельні, ён праводзіў над ёй розныя вопыты, і нават мы трапілі пад незвычайную сілу яго сугестыі. Але хутчэй за ўсё ён не левітаваў. Ён рабіў выгляд, што левітуе, а Эльцы і нам загадаў верыць, што ўзносіцца ў паветра. Псіхалогія ведае такія выпадкі і тлумачыць іх досыць простымі механізмамі сугестыўнага дзеяння. Выбухі? Так, гэта цяжка растлумачыць, але Вайзэр, які выхоўваўся практычна сам пад вокам дзівачнага старога, мог мець іншыя, стакроць горшыя маніі, чым манія пераследу. Вайзэр быў піраманам, гэта несумненна. А гэтыя візуальныя эфекты? Ён прачытаў пару кніжак — вось і ўвесь сакрэт яго ведаў. Навошта яны з Элькай клаліся на ўзлётнай паласе аэрадрома? Гэта было выпрабаванне яе трываласці перад страхам: зрэшты, хтосьці, хто хоць раз здольны ляжаць пад брухам самалёта, які прызямляецца, не будзе адчуваць страху перад гіпнозам і ўводам у стан трансу. Над Стшыжай, у апошні дзень канікулаў, Эльку проста знесла вадой, што мы пакінулі па-за ўвагай. Калі Вайзэр зарыентаваўся ў тым, што адбылося, ён схаваўся недзе збоку і чакаў калі мы сыдзем, а потым сам пачаў пошукі. Толькі ён перацаніў свае магчымасці і, калі шукаў яе цела ў сажалцы, праз якую праплывала Стшыжа, хутчэй за ўсё самым звычайным чынам патануў, а яго цела вада занесла ў падземны канал, па якім рэчка плыве далей пад гарадскімі будынкамі. Іншай магчымасці быць не можа. Толькі што Элька нейкім цудам не патанула, плынь знесла яе ў прыбярэжныя зарасці аеру, і яна ляжала там паўпрытомная, пакуль яе не знайшлі міліцыянты з сабакамі. Вайзэр паплаціўся за сваю няўважлівасць. Бо ён жа не ўмеў плаваць, ніколі не купаўся з намі ў Еліткове. Якім чынам Элька перажыла тры дні, лежачы ў аеры? Гэта насамрэч загадкавая справа, але хутчэй са сферы біялогіі. У любым разе, гэта цалкам праўдападобна, такія выпадкі неаднаразова апісваліся. Так, калі б не апека дзівачнага краўца, а хутчэй абсалютная адсутнасць апекі з яго боку, Вайзэр быў бы сёння кімсьці накшталт артыста эстрады, можа, нават выступаў бы ў цырку, дзе яго талент быў бы ўзнагароджаны апладысментамі і прызнаннем. Так ці іначай, ён быў у пэўным сэнсе ахвярай вайны, яго сіроцтва справакавала сур’ёзныя змены ў псіхіцы. Ці думаў ён калі-небудзь пра сваіх бацькоў? Несумненна, але што ён мог думаць? Хто ведае, што расказваў пра іх стары Вайзэр. Ён выглядаў панурым дзіваком, які поглядам абвінавачвае людзей у тым, што яны жывыя. Такі погляд не значыць нічога добрага. У Давіда была выразная манія да ўсяго нямецкага, і ўвесь арсенал, які ён знайшоў, а потым захоўваў у цагельні, — найлепшы прыклад гэтаму. Ён імкнуўся забіваць іх, і тое, што ён рабіў са зброяй, было, хутчэй за ўсё, не толькі падрыхтоўкай. Урэшце, у каго ці, хутчэй, у што ён цэліў, калі пазней мы прыходзілі ў цагельню? Мішэні не пакідаюць аніякіх, нават найменшых сумневаў. Буйная фантазія, непраўдападобная спрытнасць, дзіцячая наіўнасць у спалучэнні з гіпнатычнымі здольнасцямі, якіх, зрэшты, ён павінен быў баяцца больш, чым Элька, — гэта ўсё пакінула свой адбітак на асобе Вайзэра.

Пад трэцюю шклянку віна Шымэк спыніў свой маналог. Я пажадаў распытаць яго пра некалькі падрабязнасцяў. Напрыклад, з чаго ён упэўнены, што Вайзэр не ўмеў плаваць. Можа, тут было тое самае, што з гульнёй у футбол? Або адкуль у яго перакананне, што Эльку знесла вадой і што гэта неяк прайшло па-за нашай увагай? Бо ж абодва яны зніклі адначасова, і тое, што сцвярджаў Шымэк, не складалася ў адно цэлае. Па-за тым цела Вайзэра, нават калі б ён насамрэч патануў, не магло трапіць у падземны канал, бо ўваход у тунэль у канцы сажалкі быў перагароджаны жалезнымі кратамі.

Але яны ўсё пыталі мяне пра навіны з Гданьска. Пра помнік, які цяпер павінен быў стаяць каля брамы верфі, у месцы, дзе пачалася страляніна, — гэты помнік іх цікавіў больш за ўсё. Яны пыталіся, ці будзе там прозвішча Пятра. Я не мог адказаць, хаця пасля таго, што перажылі яго бацькі, пасля начнога пахавання з атрадам узброеных далакопаў і целам Пятра, кінутым у яму ў пластыкавым пакеце, пасля ўсяго гэтага я не спадзяваўся, што агромністы і велічны манумент мог якім-небудзь чынам узнагародзіць іх за тую зіму.

— Але не пра тое гаворка, — раздражніўся Шымэк.

— Так, насамрэч не пра тое гаворка, — адказаў я машынальна і згадаў, што Пётр, паводле словаў яго маці, не стрываў выгляду верталётаў, што кружылі над горадам, і пайшоў пешкі ў Гданьск (трамваі тады ўжо не хадзілі), каб паглядзець, што адбываецца. “Яго забілі з верталёта”, — упарта сцвярджала маці, а калі відавочцы расказвалі ёй, што Пётр выпадкова апынуўся паміж натоўпам і атрадам жаўнераў і што куля трапіла яму проста ў галаву, з левага боку, навылет, — тады яна махала рукой і казала, што гэта няпраўда, бо дакладна стралялі з верталёта, і яшчэ яна злавалася, калі згадвалі пра жаўнераў. Для яе гэта былі пераапранутыя міліцыянты. Такім чынам, я расказваў пра помнік, а Шымэк і яго жонка ўважліва мяне слухалі.

А Вайзэр? Вайзэр знік з нашай размовы, быццам яго ніколі не было, і калі я ўжо сядзеў у вагоне, які пакалыхваўся ў раўнамерным рытме шпалаў і стрэлак, мне здавалася, што я еду няіснай чыгуначнай дарогай праз дзесяць узарваных мастоў і прамінаю брэнтаўскія могілкі з малым цагляным касцёльчыкам, схаваным у зарасцях дрэваў, а лакаматыў вядзе Вайзэр у фуражцы чыгуначніка, апавіты воблакам кадзільнага дыму, які пахне як вечнасць.

Пераклад з польскай – Марына Шода © 2014

Чытайце таксама

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

Лена Элтанг

Лена Элтанг

Нарадзілася ў Ленінградзе, скончыла факультэт журналістыкі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

Габрыэля Запольская

Габрыэля Запольская

Польская пісьменніца-натуралістка, драматургіня, актрыса і аўтарка фельетонаў.

1454