№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Шэрвуд Андэрсан

Яйка (The Egg)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

Мой бацька, я ў гэтым упэўнены, па сваёй прыродзе мусіў быць вясёлым і добрым. Да трыццаці чатырох гадоў ён працаваў парабкам на ферме чалавека па імені Томас Батэруорт, чыя гаспадарка месцілася ля мястэчка Бідуэл, штат Агаё. У той час бацька меў свайго каня і суботнімі вечарамі выпраўляўся на ім у горад, каб прабавіць колькі гадзінаў у кампаніі такіх жа парабкаў, як ён сам. У горадзе ён выпіваў некалькі кухляў піва ды бавіў час у салуне Бэна Хэда, дзе зазвычай у суботы і збіраліся мясцовыя парабкі. Там спявалі песні і грукалі кухлямі аб стол. А дзясятай бацька вяртаўся дахаты па адзінокай палявой дарозе, заводзіў каня ў стайню і клаўся спаць, цалкам задаволены сваім жыццём. Тады яшчэ ён не хацеў дасягнуць поспеху 

На трыццаць пятым годзе жыцця, вясною, ён пабраўся шлюбам з маёй маці, у той час вясковаю настаўніцай. Наступнай вясною, ёрзаючы і лямантуючы, на свет з’явіўся я. І тут з імі нешта здарылася — у абодвух з’явіліся амбіцыі. Амерыканская прага прабіцца ў жыцці завалодала імі.

Мабыць, ва ўсім вінаватая маці. Як школьная настаўніца яна, без сумневу, чытала кнігі і часопісы. Я нават магу сабе ўявіць, як яна чытала пра Гарфілда, Лінкальна ды іншых амерыканцаў, што прайшлі шлях ад жабрацтва і беднасці да славы і велічы. А потым, лежачы пасля родаў і гледзячы на мяне, яна марыла, як аднойчы я буду кіраваць людзьмі і гарадамі. У любым разе, яна настаяла, каб бацька кінуў працу на ферме, прадаў свайго каня і пачаў уласную справу. Яна была высокаю маўкліваю жанчынай з даўгім носам і трывожнымі шэрымі вачыма. Для сябе яна не хацела нічога, але дзеля мяне і бацькі рабілася безнадзейна амбітнай.

Першая ж справа, якою яны заняліся, скончылася кепска. Яны арандавалі каля чатырох гектараў беднай камяністай зямлі каля Грыгс-Роўд, за дванаццаць кіламетраў ад Бідуэла, і пачалі гадаваць куранят. Тут я правёў гады свайго маленства і першыя свае ўражанні ад жыцця таксама атрымаў тут. З самага пачатку гэта былі ўражанні катастрафічныя. І калі цяпер па жыцці я чалавек пануры і імкнуся бачыць адно яго цёмны бок, то гэта таму, што замест радасці і шчасця ў тыя гады бачыў адно птушкаферму.

Людзі, далёкія ад жыцця на ферме, і ўявіць не могуць, колькі трагічнага можа здарыцца з куранём. Яно нараджаецца з яйка, жыве некалькі тыдняў у выглядзе маленькага пухнатага камячка, які малююць на велікодных паштоўках, потым страшэнна аблазіць, паклёўвае кукурузную муку, якую бацька зарабіў у поце твару свайго, падхоплівае хваробы, што завуцца ціпун, ці халера, ці іншая трасца, прайстовае, уперыўшы тупыя вочы ў сонца, а пасля слабее і здыхае. Некалькі курак і зрэдку які пеўнік, народжаныя паслужыць Божаму наканаванню, усё-ткі патрапляюць вырасці. Гэтыя куры адкладваюць яйкі, з якіх нараджаюцца новыя кураняты, і жахлівае кола замыкаецца. Усё гэта неймаверна складана. Большасць філосафаў была, мусіць, народжаная на птушкафермах. Так шмат спадзеваў ускладаецца на кураня — і так груба яны разбураюцца. Маленькія кураняты, што толькі пачынаюць сваю дарогу ў жыцці, выглядаюць жвавымі і кемнымі, але насамрэч страшэнна дурныя. Яны так падобныя да людзей — могуць вось так узяць і зблытаць табе ўсе жыццёвыя арыентыры. Калі іх не забівае хвароба, яны счакаюць, пакуль ты не ўскладзеш на іх усе свае надзеі, а пасля ляцяць пад колы фургона і крывавай жыжай вяртаюцца да свайго творцы. У юнацтве іх апаноўваюць паразіты, і толькі на лекавых парашках можна разарыцца. Пасталеўшы, я пабачыў, колькі кніг напісана пра тое, як лёгка разбагацець на гадоўлі курэй. Мабыць, такія кнігі — для багоў, якія толькі што з’елі пладоў ад дрэва пазнання дабра і зла. Гэтая жыццесцвярджальная літаратура заяўляе, быццам звычайныя энтузіясты, маючы ўсяго некалькі птушак, могуць дасягнуць многага. Але не давайце ім веры. Такія кнігі пісаліся не для вас. Лепш ідзіце шукайце золата на ледзяных узгорках Аляскі, спадзявайцеся на сумленнасць палітыкаў, верце, калі можаце, што свет з кожным днём робіцца ўсё лепшы і дабро ўрэшце пераможа зло, але не чытайце і не чакайце праўды ад кніг пра гадоўлю курэй. Такія кнігі пісаліся не для вас.

Але я, здаецца, адхіліўся ад тэмы, бо мой аповед, па сутнасці, не пра курэй. Па сутнасці ён датычыць яйка. Дзесяць гадоў мае бацькі змагаліся за прыбытак ад птушкагадоўлі, а потым кінулі тыя змаганні і ўзяліся за іншыя. Яны пераехалі ў мястэчка Бідуэл у штаце Агаё і распачалі рэстаранны бізнэс. Праз дзесяць гадоў пастаянных перажыванняў за інкубатары, якія не хацелі выводзіць куранят, за тыя маленькія і па-свойму мілыя пухнатыя камячкі, што ператвараліся ў напаўголых падлеткаў, а потым у дохлых курыц, мы адрынулі ўсё старое, спакаваўшы свае пажыткі на драбіны, што павезлі нас па Грыгс-Роўд да мястэчка Бідуэл. У тым маленькім абозе надзеі мы выправіліся на пошукі новага месца, адкуль можна было б зноў пачаць пераможную хаду па жыцці.

Мабыць, мы ўяўлялі сабой сумнае відовішча і, мне падаецца, нечым нагадвалі ўцекачоў, што бягуць з месца баявых дзеянняў. Мы з маці ішлі па дарозе. Воз з усімі нашымі пажыткамі мы на дзень пазычылі ў суседа, містэра Альберта Грыга. Ножкі танных крэслаў тырчалі ў бакі, а за ўсёй гэтай кучай ложкаў, сталоў, скрынак, поўных кухоннага начыння, стаяла клетка з жывымі куранятамі, а зверху грувасцілася дзіцячая каляска, у якой мяне вазілі ў маленстве. Чаго мы прычапіліся да гэтай каляскі, не ведаю. Наўрад ці ў сям’і з’явіліся б новыя дзеці, ды і колы ў ёй былі зламаныя. Але людзі, у якіх мала рэчаў, прыкіпаюць да таго, што маюць. Гэта адна з ісцінаў, што робяць жыццё такім маркотным.

Бацька кіраваў возам. У той час ён быў лысым саракапяцігадовым мужчынам, крыху таўставатым, і ад доўгіх стасункаў з маці і курамі зрабіўся маўклівым і маркотным. Тыя дзесяць гадоў ён працаваў рабочым на суседніх фермах і бальшыню грошай, якія зарабляў, траціў на лекі ад курыных хваробаў, на “Белыя цуда-лекі Ўілмера”, ці на мікстуры “Прафесара Тандэта, Птушынага Лекара”, ці на іншыя медыкаменты, рэкламы якіх маці знаходзіла ў газетах пра курэй. На бацькавай галаве засталіся ўсяго дзве пасмы валасоў над вушамі. Я памятаю, як дзіцем любіў глядзець на яго, калі ён засынаў на крэсле перад печчу зімовымі нядзельнымі вечарамі. Тады я ўжо пачаў чытаць кнігі, займеў свае погляды, і дарога залысіны, што цягнулася праз яго галаву, уяўлялася мне нечым накшталт гасцінца, якім, мабыць, Цэзар вёў свае легіёны з Рыма ў цудоўныя нязведаныя краіны. А пасмачкі валасоў, што раслі над бацькавымі вушамі, здаваліся мне лясамі. І я аказваўся ў стане паўсну і паўявы, уяўляючы сябе маленькай істотай, што крочыць той дарогай у прыгожыя далёкія краіны, дзе няма курыных фермаў і дзе жыццё — шчаслівая прыгода без аніякіх яек.

Пра наш пераезд з птушынай фермы ў горад можна было напісаць кнігу. Мы з маці цалкам прайшлі пехатою тыя восем міляў: маці сачыла, каб нічога не звалілася з воза, а я глядзеў на дзівосы свету. А на сядзенні ля бацькі стаяў яго найвялікшы скарб. Пра яго я і раскажу.

На птушыных фермах, дзе з яек вылупліваюцца сотні ці нават тысячы куранят, часам здараюцца дзіўныя рэчы. Вычварэнні бываюць сярод куранят гэтаксама, як і сярод людзей. Здараецца такое нячаста, мабыць, раз на тысячу яек. Кураня можа мець чатыры нагі, дзве пары крылаў, дзве галавы ці яшчэ што-небудзь. Яны не жывуць. Яны адразу выпраўляюцца да Творцы, чыя рука на імгненне здрыганулася. І тое, што маленькія небаракі не маглі выжыць, было адной з трагедый жыцця майго бацькі. Ён думаў, што калі яму ўдасца неяк дацягнуць пяціногую курыцу ці двухгаловага пеўня да сталасці, то вось тады ён і разжывецца. Ён марыў пра тое, як прывязе свой цуд на мясцовы кірмаш і разбагацее, паказваючы яго іншым парабкам.

Карацей, бацька захоўваў усіх пачвараў, што нараджаліся на птушынай ферме. Кожную з іх, заспіртаваную, трымалі ў асобным шкляным слоіку. Бацька асцярожна паклаў іх у скрынку і падчас пераезду вёз яе на сядзенні побач з сабой. Адной рукою ён кіраваў коньмі, а другой прытрымліваў скрынку. Калі мы прыехалі на месца, скрынку знялі з воза першай і выцягнулі шклянкі. Увесь час, пакуль мы валодалі рэстаранам у мястэчку Бідуэл, штат Агаё, пачвары ў сваіх маленькіх шкляных слоіках стаялі на паліцы за прылаўкам. Маці часам абуралася, але бацька гарой стаяў за свой скарб. Вычварэнні, заяўляў ён, каштоўныя. Людзям, казаў ён, падабаецца глядзець на нешта дзіўнае і цудоўнае.

Я сказаў, што мы пачалі рэстаранны бізнэс у мястэчку Бідуэл, штат Агаё? Я крыху перабольшыў. Сам горад знаходзіўся ля падножжа нізкай гары і на беразе маленькай ракі. Тут не было чыгункі, а чыгуначная станцыя была за паўтара кіламетра на поўнач у мястэчку Піквіл. На станцыі былі толькі кансервавы завод ды яблычны прэс, але калі мы туды прыехалі, яны абодва ўжо не працавалі. Раніцою і ўвечары аўтобусы прыходзілі ад гатэля на галоўнай вуліцы Бідуэла да чыгуначнай станцыі па вуліцы Турнэрс-Пайк. Кінуць усё і пачаць рэстаранны бізнэс у глухім гарадку было ідэяй маці. Яна паўтарала пра гэта цэлы год, а потым узяла і арандавала пусты будынак насупраць чыгуначнай станцыі. Гэта было яе ідэяй, што рэстаран прынясе прыбытак. Падарожнікі, казала яна, заўжды будуць чакаць сваіх цягнікоў, а гараджане будуць прыходзіць на станцыю, каб сустрэць цягнікі, што прыйдуць. Яны зойдуць у рэстаран з’есці кавалак пірага ды выпіць кубак кавы. Цяпер, калі я дарослы, я ведаю, што ў яе былі іншыя матывы для пераезду. Яна была такою амбітнай дзеля мяне. Яна хацела, каб я прабіўся ў жыцці: скончыў гарадскую школу, стаў гарадскім.

У Піквіле бацька з маці працавалі так шмат, як і заўжды. Спачатку трэба было ператварыць гэтае месца ў рэстаран. Гэта заняло месяц. Бацька змайстраваў паліцу, на якую паставіў слоікі з гароднінай. Зрабіў шыльду, дзе вялікімі чырвонымі літарамі напісаў сваё імя. Пад іменем быў строгі загад “Ешце тут!”, але выконвалі загад рэдка. Бацькі купілі вітрыну, на якую паклалі цыгарэты і табаку. Маці адскрэбла падлогу і сцены памяшкання. Я пайшоў у гарадскую школу і быў шчаслівы адкараскацца ад фермы і ад нудлівых, маркотных куранят. Але ўсё роўна я радаваўся нямоцна. Вечарам, вяртаючыся са школы па вуліцы Турнэрс-Пайк, я ўспамінаў дзяцей, што гулялі на двары гарадской школы. Маленькія дзяўчаты тады бегалі чародкай, скакалі і пелі. Я спрабаваў гэтаксама: самотна скакаў на адной назе па замёрзлай дарозе і гучна спяваў: “Раз, два, тры, чатыры, пяць. Выйшаў зайчык пагуляць”. Пасля спыняўся і няпэўна азіраўся. Я баяўся, што нехта пабачыць мяне ў такім добрым настроі. Мабыць, мне падавалася, што я рабіў нешта такое, што не мусіць рабіць чалавек, які, як я, вырас на птушынай ферме, дзе смерць была звычайнай з’явай.

Маці вырашыла, што нашая рэстарацыя будзе адчыненая і ўначы. А дзясятай вечара міма праносіўся пасажырскі цягнік, што кіраваўся на поўнач, а за ім мясцовы таварняк. Чыгуначнікі з таварняка мусілі пераводзіць стрэлкі ў Піквіле і, скончыўшы працу, заходзілі да нас выпіць кубак гарачай кавы і паесці. Часам нехта з іх замаўляў яечню. А чацвертай раніцы чыгуначнікі вярталіся з паўночнага кірунку і зноўку заходзілі сюды. Нашае невялічкае прадпрыемства пачало разрастацца. Маці спала ўначы, а ўдзень кіравала рэстарацыяй і абслугоўвала наведнікаў, пакуль спаў бацька. Ён спаў у тым жа ложку, дзе ноччу спала маці, а я хадзіў у бідуэлскую школу. Доўгімі начамі, пакуль маці і я спалі, бацька гатаваў мяса для гамбургераў у абедзенныя кошыкі для нашых кліентаў. Затым яму ў галаву прыйшла думка, як дасягнуць поспеху ў гэтым свеце. Амерыканскі дух завалодаў ім цалкам. Ён таксама зрабіўся амбітным.

Ноччу, калі працы было няшмат, у бацькі было дастаткова часу падумаць — усё праз лайдацтва. Ён прыйшоў да высновы, што прычынай няўдач быў яго невясёлы нораў і што надалей яму трэба весялей ставіцца да жыцця. Рана раніцай ён падняўся да нас і лёг у ложак з маці. Яна прачнулася, і абодва загаварылі. А я слухаў са свайго ложка ў куце.

Паспрабаваць разам з маці забавіць тых, хто прыйшоў паесці ў наш рэстаран, было бацькавай ідэяй. Я цяпер не ўспомню, што ён казаў дакладна, але, падаецца, нейкім дзіўным чынам ён хацеў зрабіцца мясцовым артыстам. Калі б жыхары Бідуэла, асабліва маладыя людзі, наведваліся да нас, што хоць і вельмі рэдка, але здаралася, для іх была б напагатове дасціпная артыстычная прамова. З бацькавых словаў я зразумеў, што ён мусіць быць такім сабе вясёлым карчмаром. Маці, мабыць, спачатку засумнявалася, але нічога супраць не сказала. Бацьку ў галаву прыйшла думка, што сэрцы бідуэлскай моладзі запалаюць любоўю да іх з маці. Надвячоркам вясёлыя і шчаслівыя гурткі моладзі, пойдуць, распяваючы песні, па Турнэрс-Пайк. З жартамі і смехам яны завітаюць у нашую карчму, дзе іх сустрэнуць спевамі і забавамі. Я не хачу давесці, што бацька распісваў усё так узнёсла. Як я казаў, ён быў чалавекам нешматслоўным. “Ім трэба месца, куды пайсці. Кажу табе, ім трэба месца, куды пайсці”, — усё паўтараў і паўтараў ён. Вось так ён казаў. Маё ўяўленне дамалявала астатняе.

На два ці тры тыдні гэта бацькава думка заняла наш дом. Мы шмат не размаўлялі, але сумленна спрабавалі нацягнуць усмешкі замест сваёй былой панурасці. Маці ўсміхалася наведнікам, а я, таксама падхапіўшы заразу, усміхаўся кату. Ад палкага жадання падабацца бацьку пачала крыху біць ліхаманка. У бацьку, без сумневу, паміраў артыст. Але ён не расходаваў запал на чыгуначнікаў, што заходзілі ўначы, а, падавалася, толькі й чакаў бідуэлскага хлопца ці дзяўчыну, каб перад імі паказаць усё, на што быў здатны. На прылаўку заўжды стаяў плецены кошык з яйкамі. І, напэўна, калі гэтая бліскучая ідэя нараджалася ў бацькавай галаве, ён глядзеў менавіта на іх. Нешта перадродавае было ў тым, як яйкі былі звязаныя з развіццём бацькавай задумы. У любым разе менавіта яйка і загубіла яго новы стымул да жыцця. Аднойчы позна ноччу мяне пабудзіў гнеўны рык, што рваўся з бацькавай глоткі. Мы з маці проста падскочылі ў ложках. Дрыготкімі рукамі яна запаліла лямпу на стале. Унізе ўваходныя дзверы нашай карчмы з грукатам зачыніліся, і праз некалькі хвілін бацька датупаў па сходах наверх. У руце ён трымаў яйка, рука трэслася, быццам у ліхаманцы. А ў вачах блішчалі вар’яцкія агні. Калі ён гэтак стаяў, гледзячы на нас, я быў ўпэўнены, што ён збіраецца шпурнуць тое яйка ці ў маці, ці ў мяне. Пасля ён асцярожна паклаў яйка на стол каля лямпы і ўкленчыў перад матчыным ложкам. Бацька пачаў румзаць, як хлапчук, і я, прасякнуты яго болем, таксама заплакаў. Мы абодва напоўнілі маленькі пакойчык сваім працяжным плачам. Гэта абсурдна, але з той нашай сцэны я памятаю толькі, як маці ўсё пагладжвала лысы гасцінец на бацькавай галаве. Я забыўся, што яна сказала яму, як угаварыла расказаць, што здарылася там унізе. Яго тлумачэнні таксама вылецелі з галавы. Я толькі памятаю горыч, страх і бліскучую дарогу праз усю бацькаву галаву, што зіхацела ў святле лямпы, калі ён укленчыў перад ложкам.

Зараз пра тое, што здарылася ўнізе. Чамусьці я ведаю гэтую гісторыю так добра, быццам сам быў сведкам бацькавага краху. Часам, бывае, даведваешся шмат невытлумачальнага. Таго вечару малады Джо Кейн, сын бідуэлскага гандляра, прыйшоў у Піквэл сустрэць свайго бацьку, што меўся прыехаць з поўдня цягніком а дзясятай вечара. Цягнік спазняўся на тры гадзіны, і Джо зайшоў у наш рэстаран, каб прабавіць час і пачакаць. Прыйшоў таварняк, і бацька накарміў чыгуначнікаў. Джо застаўся у рэстаране сам-насам з бацькам.

Як толькі хлопец да нас прыйшоў, яго, мусіць, збянтэжылі бацькавы паводзіны. Яму падавалася, што бацьку раздражняе яго прысутнасць. Хлопец заўважыў, што нечым непакоіць карчмара, і падумваў сысці. Але тут пачаўся дождж, а яму зусім не хацелася цягнуцца ў такое надвор’е ў горад і потым назад. Ён купіў пяціцэнтавую цыгару і замовіў кубак кавы. З кішэні ён дастаў газету і пачаў чытаць. “Я чакаю начны цягнік. Ён спазняецца”, — выбачаючыся, патлумачыў ён.

Доўгі час бацька, якога Джо Кейн бачыў упершыню, моўчкі глядзеў на наведніка. Натуральна, яго ахапіў страх перад публікай. Як часта бывае ў жыцці, бацька так шмат і часта абдумваў гэтую сітуацыю, што цяпер, сутыкнуўшыся з ёй, пачаў моцна нервавацца.

Спачатку ён не ведаў, што рабіць з рукамі, таму падаў адну праз увесь прылавак і павітаўся з Джо Кейнам. “Здрасце”, — сказаў ён. Джо Кейн адклаў газету і пільна паглядзеў на бацьку. Той зыркнуў вачыма на кошык з яйкамі, што стаяў на прылаўку, і распачаў гутарку. “Гэта, — сказаў бацька вагаючыся, – ну, ты ж чуў пра Хрыстафора Калумба?” Ён падаваўся раззлаваным. “Гэты Хрыстафор Калумб быў хлусам, — заявіў бацька шматзначна. — Ён казаў, што паставіць яйка старчма. Ён так насамрэч казаў, а потым узяў і адбіў у яйка бок”.

Наведніку падалося, што бацька не ў сабе ад хлуслівасці Хрыстафора Калумба. Ён бурчаў і лаяўся. Ён заяўляў, што нельга вучыць дзяцей, што Хрыстафор Калумб вялікі чалавек, бо ў адказны момант ён усіх ашукаў: абвясціў, што паставіць яйка старчма, а яго ашуканства назвалі фокусам. Усё яшчэ наракаючы на Калумба, бацька ўзяў яйка з кошыка на прылаўку і пачаў хадзіць туды-сюды. Ён круціў яйка ў далонях. Ён прыязна ўсміхаўся. Ён пачаў мармытаць нешта пра эфект, які робіць электрычнасць чалавечага цела на яйка. Ён заявіў, што не разбіўшы шкарлупіны, толькі сілаю рук і кручэння, ён паставіць яйка старчма. Бацька тлумачыў, што цяпло ў руках і мяккае пакочванне яйка створаць новы цэнтр цяжару, і гэта крыху зацікавіла Джо Кейна. “Я трымаў тысячы яек, — сказаў бацька. — Ніхто не ведае пра яйкі больш, чым я”.

Ён паставіў яйка на прылавак, а яно завалілася набок. Ён паўтараў фокус зноў і зноў, увесь час круцячы яйка паміж далонямі і мармычучы пра цуды электрычнасці і законы гравітацыі. Праз паўгадзіны марных практыкаванняў бацьку ўдалося на імгненне паставіць яйка. Ён зірнуў на наведніка, але той ужо не глядзеў. Калі ж бацька прыцягнуў увагу да плёну сваіх намаганняў, яйка зноў пакацілася і легла набок.

У артыстычным запале і ў той жа час моцна засмучаны першымі няўдалымі спробамі, бацька дастаў з паліцы бутэлькі з курынымі пачварамі і пачаў паказваць іх наведніку. “А табе хацелася б мець сем ног і дзве галавы, як у гэтага небаракі?” — запытаўся ён, дэманструючы свой самы незвычайны скарб. Добрая ўсмешка асвяціла яго твар. Бацька перагнуўся праз прылавак і памкнуўся ляпнуць Джо Кейна па плячы, як, ён памятаў, рабілі мужыкі ў салуне Бэна Хэда, калі ён быў маладым парабкам і наведваўся ў горад суботнімі вечарамі. Ад выгляду жахліва дэфармаванага цела заспіртаванай у бутэльцы птушкі яго наведніку зрабілася блага, і ён падняўся, каб сысці. Бацька выйшаў з-за прылаўка, схапіў хлопца за руку і зноў пасадзіў за стол. Ён крыху раззлаваўся і таму на момант адвярнуўся і выціснуў з сябе ўсмешку. Пасля вярнуў бутэлькі на паліцу. У парыве шчодрасці ён сілком пачаставаў Джо Кейна яшчэ адным кубкам кавы і цыгарай за кошт установы. Потым дастаў патэльню і, наліўшы на яе воцат са збанка пад прылаўкам, бацька абвясціў, што зробіць яшчэ адзін фокус. “Я разагрэю гэтае яйка на патэльні з воцатам, а потым працісну яго праз гарлавіну бутэлькі, не разбіўшы шкарлупіны. Калі яйка апынецца ўнутры бутэлькі, яно прыме сваю звычайную форму, і шкарлупіна зноў зробіцца цвёрдай. А затым я падарую бутэльку з яйкам табе. Ты зможаш насіць яе паўсюль. Людзі будуць пытацца, як ты засунуў яйка ў бутэльку. А ты не кажы. Няхай здагадаюцца. Вось такі смешны фокус”.

Бацька шчэрыўся і падміргваў наведніку. Джо Кейн вырашыў, што чалавек насупраць — крыху вар’ят, але цалкам бяспечны. Ён дапіў дармовую каву і занурыўся ў газету. Калі яйка ў воцаце нагрэлася, бацька паднёс яго ў лыжцы да прылаўка, а з кладоўкі дастаў пустую бутэльку. Ён быў злы, бо наведнік не глядзеў, як робіцца фокус, але тым не менш з радасцю ўзяўся за справу. Доўгі час ён намагаўся праціснуць яйка праз гарлавіну бутэлькі. Ён зноў паставіў патэльню на пліту, спрабуючы нагрэць яйка другі раз, пасля ўхапіў яго, абпаліўшы пальцы. Гарачы воцат крыху размякчыў шкарлупінне, але недастаткова. Ён усё спрабаваў і спрабаваў, але адчуванне перадвызначанасці паступова авалодала ім. А калі бацьку падалося, што фокус вось-вось атрымаецца, цягнік, які спазняўся, прыйшоў на станцыю, і Джо Кейн няветліва скіраваўся да выхаду. У роспачы бацька рабіў апошнія спробы перамагчы яйка, якое мусіла здабыць яму рэпутацыю чалавека, што ўмее забаўляць сваіх наведнікаў. Ён сціскаў яйка. Ён спрабаваў быць з імі суровым. Ён лаяўся, пот выступаў на ілбе. І яйка разбілася ў яго руках. Калі вадкасць расплёскалася па бацькавай кашулі, Джо Кейн, што быў ужо каля дзвярэй, павярнуўся і засмяяўся.

Гнеўны рык вырваўся з бацькавай глоткі. Ён раптам заскакаў, выкрыкваючы нейкія незразумелыя словы. Схапіўшы другое яйка з кошыка на прылаўку, ён шпурнуў яго, ледзь не патрапіўшы хлопцу ў галаву, але той ухіліўся і выскачыў за дзверы.

Бацька падняўся з яйкам у руках да нас з маці. Не ведаю, што ён збіраўся зрабіць. Мабыць, задумаў знішчыць гэтае яйка, усе яйкі, і нам ён хацеў прадэманстраваць самы пачатак гэтага дзейства. Але, мабыць, калі ён пабачыў маці, нешта здарылася. Бацька асцярожна паклаў яйка на стол і, як я ўжо сказаў, укленчыў ля ложка. Крыху пазней ён вырашыў зачыніць рэстарацыю на ноч, падняўся да нас і лёг спаць, патушыўшы святло; пасля шаптання з маці яны заснулі. Думаю, я таксама заснуў, але сон мой быў неспакойны. Я прачнуўся на світанні і доўгі час глядзеў на яйка, што ляжала на стале. Я пытаў сябе, чаму павінныя існаваць яйкі і чаму з іх вылупліваюцца куры, якія потым зноў адкладаюць яйкі. Гэтае пытанне засела ў маёй галаве. Мяркую, усё таму, што я сын свайго бацькі. У любым разе, я дагэтуль не магу на яго адказаць. І таму я раблю выснову: гэта яшчэ адзін доказ поўнай і бясспрэчнай перамогі яйка — прынамсі ў маёй сям’і.

Упершыню пераклад быў надрукаваны ў “Літаратурнай Беларусі”, №2 (78), 22 лютага 2013.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2013

Чытайце таксама

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

1155