(Усхонегёінгскі хэрад)
Дарагі дружа, перад табой адна з гёінгскіх жартаўлівых казак. Гёінгцам жылося нялёгка: і суседзі іх прыгняталі, і ўласныя ўлады, але была ў іх зброя, якая заўжды дапамагала ў нягодах, — гёінгскі гумар, якім яны і вядомыя.
Жыў сабе смоландзец, селянін, ды меў за жонку такую ўжо гадкую бабу, якая ў яго за спінаю круціла шашні з сельскім кавалём. А каб ніхто не пранюхаў пра гэтыя яе брыдкія прыгоды, дык яна ўбіла свайму мужыку ў голаў, каб у парабкі ён наймаў адно дуркуватых:
— Яны і лепшыя, і танней абыдуцца, — казала яна.
Пачуў гэта адзін гёінгец. А як з калыскі ён у дзяцінстве галавой не падаў, дык і надумаў прыкінуцца дурным ды паспрабаваць наняцца да тых смоландцаў у парабкі. Гэта яму ўдалося, і яго ўзялі служыць.
І вось уранку прыйшоў ён снедаць у хату. Селянін ужо быў сышоўшы, то ў хаце была толькі баба. З’еў той новы парабак свой сняданак, ды падалося яму мала, і ён сказаў бабе, каб дала яму заразом і полудзень — тады ён, маўляў, зможа цэлы дзень запар працаваць. Так яна і зрабіла, як ён хацеў: паставіла ежу, а сама чакае, калі той пад’есць ды сыдзе з двара, бо задумала яна паклікаць да сябе каваля.
Папалуднаваў парабак дый кажа, маўляў, лепей хай бы яму і вячэру яна заразом дала, каб ужо часу потым на ежу не марнаваць. Баба згадзілася, а сама радуецца, што такі ёй дуркуваты парабак трапіўся. А той наеўся ад пуза — ды на бакавую, бо дзе хто бачыў, каб пасля вячэры парабкі працавалі. Лёг сабе гэты ды ляжыць.
Пасцель яго была ў хаце, і раз ён там лёг, то баба ўжо не магла сюды паклікаць свайго каваля. Узялася яна тады калоць дровы, ды адразу назнарок прамахнулася і ляснула сякерай па камяні так, што тая затупілася.
— Каб яго, — сказала яна. — Спачатку мне самой даводзіцца дровы калоць, пакуль парабак ляжыць і сапе ў дзве дзюркі, а цяпер яшчэ і бегчы да каваля сякеру тачыць!
Як толькі яна выйшла з хаты, парабак, які ведаў карацейшую дарогу да кузні, ускочыў і хутчэй кінуўся туды. Ён прыбег першы і схаваўся на вышках, так што яму было выдатна чутно і бачна, што робяць каваль і баба. Каваль сказаў, што назаўтра пойдзе ў лес валіць дрэвы, а баба паабяцала яму прынесці вялікі яечны пірог і папрасіла яго, як будзе ісці, утыркаць у зямлю калочкі, каб яна магла яго знайсці, калі панясе есці мужу з парабкам, якія таксама пойдуць валіць лес. Каваль паабяцаў зрабіць так, як яна папрасіла, і калі тая сышла, парабак спусціўся з вышак і пабег дадому, так што калі баба ўвайшла ў хату, ён ціха і спакойна спачываў у пасцелі.
Наступным ранкам парабак прасачыў, куды пайшоў каваль, і ўсе калкі, якімі той абазначыў сваю дарогу, павымаў і пераставіў так, што яны вялі да іхнага з гаспадаром месца.
Калі зазбіралася на поўдзень, баба спякла смачны яечны пірог для каваля, а мужу і парабку зрабіла самай сціплай ежы. Усё гэта яна склала ў кашолку і рушыла да лесу. Заўважыўшы калкі, яна пайшла куды тыя вялі і нямала здзівілася, убачыўшы перад сабой свайго мужа.
Прыгожы смачны пірог яму вельмі спадабаўся, і, як гэта бывае пасля добрай ежы, у яго падняўся настрой. Тады селянін сказаў парабку аднесці рэшткі абеду кавалю, які валіў дрэвы крыху далей ад іх.
Парабак узяў лусту хлеба і кавалак пірага ды пайшоў, але па дарозе пірог з’еў, а хлеб пакрышыў кавалкамі на зямлю. Кавалю ён сказаў, што селянін усё даведаўся пра іх з жонкай і так раз’юшыўся, што цяпер хоча яго забіць.
Каваль спалохаўся, але, ведаючы ад бабы, што парабак на глузды не багаты, вырашыў крыху пачакаць ды паглядзець спярша, праўду ён кажа ці не.
Тым часам парабак, увесь задыханы, прыбег назад да селяніна, гарланячы, што каваля прыціснула дрэвам і што трэба ўзяць лом ды адсунуць тое дрэва, каб яго вызваліць. Селянін схапіў лом і кінуўся бегчы. Убачыўшы яго, каваль прыпусціў на ўвесь дух і знік так хутка, што, калі селянін дабег да месца, там ужо было пуста.
— Відаць, сам неяк справіўся, — заўважыў парабак.
Калі яны затым вярталіся да свайго месца, селянін заўважыў кавалачкі хлеба, раскіданыя па зямлі, і спыніўся, каб падабраць іх. Парабак жа падышоў да бабы, што сядзела страшна злая на каваля.
— Што там ужо гаспадар збірае? — спытала яна.
— Камяні, каб закідаць вас імі, бо каваль прызнаўся, як вы з ім бавілі час, — адказаў парабак.
Тут баба кінулася прэч з усіх ног.
— Гаспадыня кажа, на падворку пажар! — сказаў селяніну парабак.
Той — следам за жонкай. А яна як палезла цераз згароду — зачапілася і павісла, ды ну крычаць, што ніколі, ніколі больш на каваля і не гляне. Тут селянін і даведаўся пра іх гісторыю ды зразумеў адразу, што парабак у яго хітры, як сямёра лісаў.
Каментар
Гёінгец — жыхар хэрада Гёінге ў паўночна-ўсходняй частцы самай паўднёвай шведскай правінцыі Сконэ. Хэрад, або сотня — прававая адміністрацыйная адзінка ў Паўднёвай Швецыі, існавала да 1971 году.
Смоландзец — жыхар шведскай правінцыі Смоланд, якая на поўдні мяжуе з правінцыяй Сконэ.