Фрагменты
Пераклад зроблены пры падтрымцы Віталя Станішэўскага.
Прадмова
Ідэя, якую я выказваю ў гэтай працы, вельмі старая: гэта ідэя стварэння яўрэйскай дзяржавы.
Свет скаланаецца ад крыкаў супраць яўрэяў, што абуджае гэтую ідэю ад сну. Чытаючы кожны пункт маіх распрацовак, трэба перадусім дакладна разумець, што я нічога не выдумляю: ні пра становішча яўрэяў, якое склалася гістарычна, ні пра спосабы выхаду з яго. Матэрыяльныя складнікі праектаванай мной пабудовы існуюць у рэчаіснасці, іх можна памацаць рукамі, у чым усе могуць пераканацца. Такім чынам, калі ахарактарызаваць гэтую спробу рашэння яўрэйскага пытання адным словам, то можна казаць не пра "фантазію", а, самае большае, пра "камбінаванне". Перш за ўсё я мушу абараніць свой праект ад таго, каб да яго ставіліся як да ўтопіі. Уласна кажучы, так я ўсяго толькі засцерагаю павярхоўных крытыкаў ад глупства, якое яны могуць учыніць. Безумоўна, гэта зусім не сорам — напісаць чалавекалюбівую ўтопію. Я лягчэй дасягнуў бы літаратурнага поспеху, калі б для чытачоў, якія жадаюць пазабаўляцца, выклаў свой план у нібыта безадказнай форме рамана, аднак гэта не мілая ўтопія накшталт тых, што так часта стваралі да і пасля Томаса Мора [1]. І я лічу, што становішча яўрэяў у розных краінах дастаткова цяжкае, каб ад самага пачатку не займацца пустой балбатнёй.
Для дэманстрацыі розніцы паміж маёй канструкцыяй і ўтопіяй я выберу цікавую кнігу, якая з’явілася ў апошнія гады: "Фрайланд" д-ра Тэадора Герцкі [2]. Гэтая дасціпная фантазія, прыдуманая цалкам сучаснай асобай з эканамічнай адукацыяй, такая ж далёкая ад рэальнасці, як гара на экватары, на якой знаходзіцца апісаная ў ёй дзяржава мары. "Фрайланд" — гэта складаны механізм з мноствам зубцоў і колаў, якія нават счэпленыя адно з адным, але я не бачу ніякіх доказаў, што яго можна запусціць. І нават калі ўбачу, як ствараюцца фрайландскія таварыствы, я буду лічыць іх кур’ёзам.
Дадзены ж праект выкарыстоўвае наяўную ў рэчаіснасці рухальную сілу. Усведамляючы сваю некампетэнтнасць, я толькі сціпла паказваю на зубцы і колы механізма, які трэба пабудаваць, і спадзяюся, што з’явяцца лепшыя за мяне механікі-практыкі.
Уся справа ў рухальнай сіле. Што ж гэта за сіла?
Гаротнае становішча яўрэяў.
Хто наважыцца аспрэчыць, што такая сіла існуе? Мы разгледзім гэта ў раздзеле, прысвечаным прычынам антысемітызму.
Вядомая сіла пары, якая ўзнікае пры награванні вады і ўзнімае накрыўку чайніка. Кіпенне чайніка — гэта сіянісцкія спробы і шматлікія іншыя формы з’яднання "дзеля абароны ад антысемітызму".
Цяпер я сцвярджаю, што такая сіла, калі яна будзе правільна выкарыстаная, дастаткова магутная, каб запусціць вялікі механізм і пачаць перамяшчаць людзей і грузы. Механізм можа мець любы выгляд.
Я глыбока перакананы, што маю рацыю, але не ведаю, ці давяду гэтую рацыю цягам свайго жыцця. Першыя людзі, што распачнуць гэты рух, наўрад ці пабачаць ягоны слаўны канец. Але нават пачын напоўніць іх існаванне высокім гонарам і шчасцем унутранай свабоды.
Каб абараніць праект ад падазрэння ва ўтапічнасці, я ўстрымаюся ад маляўнічых дэталяў падчас яго апісання. Мяркую, што задуманае мной і без таго паспрабуюць абвергнуць бяздумнымі насмешкамі і перакручваннем. Адзін — зрэшты, разумны — яўрэй, якому я выклаў сваю ідэю, заявіў: "Апісанне дэталяў будучыні як ужо існых — прыкмета ўтопіі". Гэта не так. Кожны міністр фінансаў у сваім праекце дзяржаўнага бюджэту грунтуецца на будучых лічбах, і не толькі на тых, што ён выводзіць з сярэдніх лічбаў мінулых гадоў і фактычных даходаў іншых дзяржаваў, але і з беспрэцэдэнтных лічбаў, як, напрыклад, пры ўвядзенні новага падатку. Гэтага не ведае толькі той, хто ніколі ў вочы не бачыў бюджэту. Ці будзе нехта лічыць праект бюджэту ўтопіяй, нават ведаючы, што папярэднія разлікі не могуць быць выкананыя зусім дакладна?
Але я выстаўляю сваім чытачам яшчэ больш жорсткія патрабаванні. Я звяртаюся да адукаваных людзей і вымагаю ад іх, каб яны перагледзелі і пераасэнсавалі многія старыя ўяўленні. І менавіта найлепшых з яўрэяў, якія займаліся рашэннем яўрэйскага пытання, я настойліва прашу лічыць іх ранейшыя спробы бесперспектыўнымі і безвыніковымі.
Расказваючы пра сваю ідэю, я павінен супрацьстаяць адной небяспецы. Калі я буду сціпла апісваць рэчы, што маюць адбыцца ў будучыні, то можа падацца, нібыта я сам не веру ў іх магчымасць. Калі ж я безумоўна прадраку іх здзяйсненне, то, магчыма, усё гэта будзе выглядаць гульнёй фантазіі.
Таму я кажу ясна і цвёрда: я веру ў магчымасць ажыццяўлення свайго плана, хаця і не адважуся сцвярджаць, што знайшоў канчатковую форму ідэі. Яўрэйская дзяржава з’яўляецца сусветнай патрэбай, значыць, яна паўстане.
Калі б справай заняўся нехта адзін, гэта было б сапраўдным вар’яцтвам. Але калі да яе адначасова далучыцца шмат яўрэяў, то гэта будзе цалкам разумна, а яе выкананне не выкліча ніякіх цяжкасцяў, вартых згадкі. Ажыццяўленне залежыць толькі ад колькасці яе прыхільнікаў. Магчыма, пашырэннем ідэі зоймуцца нашыя шматабяцальныя маладыя людзі, перад якімі ўжо цяпер закрытыя ўсе шляхі і якім у яўрэйскай дзяржаве адкрыюцца сонечныя перспектывы гонару, свабоды і шчасця.
Апублікаваўшы гэтую працу, я лічу сваю задачу выкананай і буду браць слова, толькі калі мяне да таго вымусяць вартыя ўвагі праціўнікі ці калі трэба будзе аспрэчваць непрадбачаныя пярэчанні і выпраўляць памылкі.
Можа, тое, пра што я кажу, сёння яшчэ няслушнае? Можа, я апярэдзіў свой час? Можа, пакуты яўрэяў яшчэ недастаткова вялікія? Пабачым.
Толькі ад саміх яўрэяў залежыць, ці не ператворыцца гэты дакумент аб стварэнні дзяржавы проста ў раман пра дзяржаву. Калі цяперашняе пакаленне яшчэ занадта затлумленае, прыйдзе іншае, вышэйшае, лепшае пакаленне. Тыя яўрэі, якія хочуць мець сваю дзяржаву, займеюць і заслужаць яе.
Заключнае слова
Як шмат засталося неразгледжаным, як шмат недахопаў, шкоднай неахайнасці і бескарысных паўтораў усё яшчэ ёсць у гэтай працы, якую я доўга абдумваў і шмат разоў перарабляў.
Неперадузятага чытача, дастаткова разумнага, каб пранікаць ва ўнутраны сэнс слоў, гэтыя недахопы не адштурхнуць, а хутчэй заахвоцяць прыкласці свой розум і высілкі да справы, якая не можа належаць аднаму чалавеку, і ён паспрабуе палепшыць яе.
Ці не тлумачыў я відавочнае і ці не прапусціў важныя думкі?
Некаторыя пярэчанні я паспрабаваў абвергнуць, але ведаю, што ёсць і іншыя — высокага і ніжэйшага парадкаў.
Да пярэчанняў высокага парадку адносіцца тое, што на зямлі ў гаротным становішчы знаходзяцца не толькі яўрэі. Але я думаю, што мы ўсё ж павінныя пачаць пакрысе змагацца з бядой, няхай пакуль толькі са сваёй уласнай.
Яшчэ могуць сказаць, што мы не павінныя ствараць новых адрозненняў паміж людзьмі, не ўтвараць новых межаў, а лепей сціраць старыя. Я думаю, што так кажуць мілыя летуценнікі, але вецер бясследна развее пыл іх костак, калі ідэя айчыны ўсё яшчэ будзе квітнець. Усеагульнае братэрства — гэта нават не прыгожая мара, вораг патрэбны для максімальнай мабілізацыі намаганняў чалавека.
Як жа так? Магчыма, у яўрэяў ва ўласнай дзяржаве не будзе ніякіх ворагаў, праз свой дабрабыт яўрэйскі народ саслабне ды змарнее і менавіта тады сапраўды знікне? Я думаю, у яўрэяў заўсёды будзе дастаткова ворагаў, як і ў любой іншай нацыі. Аднак калі яўрэі будуць жыць на сваёй зямлі, іх ужо больш ніколі не раскідае па ўсім свеце. Паўторна рассеяць яўрэяў будзе немагчыма, пакуль не знікне ўся сусветная цывілізацыя. Такога можа баяцца толькі наіўны чалавек. У цяперашняй цывілізацыі дастаткова сродкаў, каб абараніць сябе.
Пярэчанняў ніжэйшага парадку мноства, бо людзей з ніжэйшым інтэлектам сапраўды больш, чым з высокім. Некаторыя абмежаваныя ўяўленні я паспрабаваў перамагчы. Хто хоча стаць пад белы сцяг з сямю залатымі зоркамі, мусіць дапамагаць нам у гэтай асветніцкай кампаніі. Магчыма, нам давядзецца весці барацьбу ў першую чаргу супраць нядобразычлівых, бяздушных, абмежаваных яўрэяў.
Можа, нехта скажа, што я даю зброю ў рукі антысемітаў? Чаму? Таму што прызнаю праўду? Таму што не сцвярджаю, быццам усе мы — спрэс дасканалыя людзі?
Можа, нехта скажа, што я паказваю, якім чынам нам можна было б нашкодзіць? Я рашуча адмаўляю гэта. Мае прапановы рэалізуюцца толькі з умовай ухвалення большасці яўрэяў — можна пайсці супраць волі адзінак, нават супраць волі груп самых уплывовых цяпер яўрэяў, але ніколі, ніколі ў жыцці дзяржава не пойдзе супраць усіх яўрэяў. Немагчыма ліквідаваць прапісанае ў заканадаўстве раўнапраўе яўрэяў там, дзе яно аднойчы з’явілася, бо нават першыя такія спробы адразу прывядуць усіх яўрэяў, бедных і багатых, у шэрагі рэвалюцыйных партый. Ужо адзін толькі пачатак афіцыйнага беззаконня супраць яўрэяў будзе мець вынікам эканамічныя крызісы. Так што, уласна кажучы, супраць нас можна арганізаваць мала чаго дзейснага, калі толькі мы самі сабе не зробім шкоды. Пры гэтым супраць нас расце і расце нянавісць. Багатым яна мала даецца ў знакі, а вось нашым беднякам — яшчэ як! Спытайце бедных яўрэяў, якія пасля ўзнаўлення антысемітызму пралетарызаваліся больш жудасна, чым калі-небудзь раней.
Магчыма, некаторыя заможныя людзі лічаць, што ціск недастаткова моцны, каб прымусіць да эміграцыі, і нават гвалтоўныя высяленні яўрэяў паказваюць, наколькі неахвотна тыя сыходзяць у іншыя мясціны. Так, бо яны не ведаюць, куды! Бо яны ад бяды ўцякаюць, ды ў гора трапляюць! Але мы пакажам ім шлях у запаветную зямлю. Цудоўная сіла энтузіязму мусіць пабароць жахлівую сілу звычкі.
Пераслед ужо не такі злосны, як у сярэднія вякі? Так, але нашая ўразлівасць вырасла, таму мы не адчуваем аблягчэння пакут. Доўгі пераслед давёў нашыя нервы да мяжы.
А яшчэ, можа, будуць казаць: справа безнадзейная, нават калі мы атрымаем зямлю і суверэнітэт, бо туды пойдуць адны беднякі. Менавіта яны нам патрэбныя ў першую чаргу! Толькі адчайныя людзі прыдатныя да заваёваў.
Нехта скажа: так, але калі гэта магчыма, чаму гэтага не зрабілі раней?
Раней было немагчыма — а цяпер магчыма. Яшчэ сто, пяцьдзясят гадоў таму гэта было б летуценнем. Сёння ўсё па-сапраўднаму. Багатыя, што цешацца прыемным знаёмствам з усімі тэхнічнымі дасягненнямі, вельмі добра ўяўляюць, чаго можна дасягнуць грашыма. Усё будзе адбывацца наступным чынам. Менавіта бедныя і простыя людзі, што і не падазраюць, якую ўладу мае чалавек над сіламі прыроды, павераць новаму пасланню наймацней, бо яны не страцілі надзеі знайсці запаветную зямлю.
Яна ёсць, яўрэі! Гэта не казка і не падман! Кожны можа ў гэтым пераканацца, кожны панясе туды жменю запаветнай зямлі: нехта — у галаве, нехта — у руках, а хтосьці — у набытай маёмасці.
Так, можа здавацца, што гэта доўгая справа. У найлепшым выпадку пачатку заснавання дзяржавы трэба будзе чакаць яшчэ шмат гадоў, а тым часам у многіх месцах з яўрэяў кпяць, іх абражаюць, лаюць, б’юць, рабуюць і забіваюць. Не, як толькі мы пачнём рэалізоўваць план, антысемітызм усюды адразу спыніцца. Бо план — гэта заключэнне мірнага дагавору. Як толькі Яўрэйская кампанія [3] створыцца, навіна пра яе, бы маланка, у адзін дзень абляціць па правадах самыя аддаленыя куткі Зямлі, і ў той жа момант нам зробіцца лягчэй. З сярэдніх слаёў у нашыя першыя арганізацыі пацячэ сярэдняя інтэлігенцыя, якой мы маем лішак, даўшы нам першых тэхнікаў, афіцэраў, прафесараў, службоўцаў, юрыстаў, дактароў. Вось так справа і будзе рухацца далей — спешна і ўсё ж без катастроф.
У нашых храмах будуць маліцца пра поспех справы. І ў цэрквах таксама, бо тады будзе зняты цяжар, ад якога пакутавалі ўсе.
Але перад тым мусіць праяснець у галовах. Нашая ідэя павінная даляцець да самай убогай глухмені, дзе жывуць нашы людзі. Яны ачуюцца ад сваіх цяжкіх думаў, бо ў жыцці ўсіх нас з’явіцца новы сэнс. Кожнаму трэба будзе думаць толькі пра сябе самога, і тады пачнецца магутны рух.
А якая слава чакае самаадданых барацьбітоў за нашую справу!
Я веру ў тое, што з зямлі прарасце пакаленне цудоўных яўрэяў. Макавеі [4] зноў паўстануць.
Яшчэ раз паўтару тое, што казаў у пачатку. Тыя яўрэі, якія хочуць мець сваю дзяржаву, займеюць яе.
Мы будзем урэшце жыць свабоднымі людзьмі на ўласным кавалку зямлі і спакойна паміраць на ўласнай Радзіме.
Дзякуючы нашай свабодзе свет зробіцца свабодным, дзякуючы нашаму багаццю — багатым, дзякуючы нашай велічы — вялікім.
Тое, што мы зробім там дзеля нашага ўласнага працвітання, магутна і дабратворна падзейнічае на карысць усіх людзей.
Каментар
1. Томас Мор (1478 — 1535) — ангельскі мысляр, пісьменнік, святы Каталіцкай царквы. У 1516 г. напісаў кнігу “Утопія”, у якой выклаў сваё бачанне найлепшай сістэмы грамадскага ладу на прыкладзе выдуманай астраўной дзяржавы.
2. Тэадор Герцка (1845 — 1924) — аўстра-венгерскі эканаміст і публіцыст яўрэйскага паходжання. У 1890 г. апублікаваў утапічны раман “Фрайланд”, у якім апісваецца самакіравальная калонія, заснаваная на кааператыўных пачатках. Калонія размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Кеніі. Пад уплывам рамана ў некалькіх краінах былі створаныя т. зв. “фрайландскія таварыствы”, большасць праіснавала зусім нядоўга.
3. Яўрэйская кампанія — акцыянернае таварыства, якое, паводле задумы Т. Герцля, мусіла займацца арганізацыяй перасялення яўрэяў у новую дзяржаву.
4. Макавеямі называлі яўрэйскіх паўстанцаў супраць прыгнёту дзяржавы Селеўкідаў у 166 — 160 г. да н.э.