№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Давід Шульман

Жанчына валіць з ног, жанчына ставіць на ногі

Фрагмент з аповесці

А мол із гевен а майсе [1]

Нядзельны кірмаш. З бліжніх і далёкіх вёсак, рыпучы коламі, па ўсіх дарогах да горада цягнуцца сялянскія вазы. Мужыкі на іх кураць самакруткі, калі-нікалі паганяючы коней пугай і словамі. Падводы нагружаныя ўсім, што можна прадаць: восеньскімі бульбай і капустай, у скрынях з вялікімі шчылінамі вішчаць свінні, у меншых скрынях — куры, гусі, трусы. Масла, малако, смятана… Венікі для лазні і падлогі. Праз вялікія вароты вазы таропка, каб заняць выгаднейшае месца, накіроўваюцца ўглыб, дзе ўжо ад шэрай раніцы віруе кірмаш.

Непадалёку ад уваходу, з левага боку, заняў месца ганчар з сваімі гаршчкамі. Побач пляц бондара. Ён прывёз воз з кадушкамі пад засолку гуркоў і капусты, скрыні, дзежы, каб замешваць цеста для хлеба і булак. Розныя мултэрл — начовачкі. У іх жанчыны секачамі дробняць мяса — робяць фарш на катлеткі. Каб далёка не адыходзіць ад бондара, побач можна набыць розныя металічныя вырабы: тыя ж секачы для сечкі мяса і цыбулі, нажы, сярпы, косы… А вось месца кавалёў: вілы, лапаты, падковы для коней, цвікі рознай велічыні.

Каля кароў знаўцы буронак ды рабушак. Яны дапамагаюць набыць ці прадаць кароў. І калі раіць Фішкінд, трэба купляць.

Па базары не прайсці, каб каго-небудзь не зачапіць — так густа народу. І над гэтай гушчынёй віруе гоман. Яго разнамоўныя хвалі гудуць над натоўпам.

То тут, то там нечакана вынырвае перакупшчыца Берта, якая слова без праклёну не скажа. Жанчына маленькага росту, але надзвычай энергічная, часам скандальная. "А клэйн вайбеле кон эйх гобн а гройс мойл — маленькая жанчына таксама можа мець вялікі рот", — сказаў неяк пра Берту рэб Смілянскі, ветэрынар. Усе баяцца папасціся Берце на востры язычок.

У коней на морды надзетыя мяшкі з аўсом. І яны ўсе заглыбіліся ў сваю смачную працу. Ад коней ідзе густы дзягцярны пах мазі, якой іх нашмаравалі ад мух.

На нядзельным кірмашы можна стрэсці манатоннасць мінулага тыдня.

У гэтай цеснаце базару сустрэліся два мужчыны. Пачулася цёплае: "Вос махст ду? Як справы?" — "Данькін Гот, дзякуй Богу, пакуль усё добра".

Гэта Арэ дэр смід, каваль Арэ. Ён лічыць, што без дапамогі Бога, без ягонай міласці, жыццё немагчымае. Дарэчы, гэтак лічаць амаль усе габрэі. У горадзе адна цэнтральная — Вялікая сінагога, недалёка ад базару, і дванаццаць "бакавых", невялікіх, у розных канцах горада. Адна з іх, што месціцца перад мостам праз рэчку Сху, так і называецца — "аф ун брэг", "на беразе". (Гэтая сінагога праіснавала роўна сто гадоў, з 1841 году да лета 1941-га.) На вялікія габрэйскія святы вельмі шмат людзей у Вялікай сінагозе. Там спяваюць-моляцца запрошаныя з Варшавы ці Вільні хазонім, кантары [2]. Тады ў сінагогу, каб пачуць кантара, надзеўшы шапку, калі-нікалі заходзяць і не габрэі.

— Ну што, Арэле, мірн махн а келбеле? Набудзем цяля?

— Чаму не. Мне якраз патрэбнае мяса — у пляменніка бар-міцва [3]. Людзей будзе няшмат. Думаю, паловы цяляці хопіць. А табе навошта цяля, Мотэле?

— Мяса — яно заўжды патрэбнае. Асабліва калі ў хаце акрамя мяне яшчэ два дарослыя хлопцы, якія растуць без дажджу. І дочкі ядуць. Дый гадавіна ў нас з Рыўкай.

— Колькі?

Хай [4], васямнаццаць гадоў мы разам.

— Ну, тады віншую. Пражывіце разам яшчэ многа "хаяў", да самых ста дваццаці.

А даньк, дзякую.

Арэ дэр смід, каваль, невысокі. Трошкі выпнутая наперад ніжняя губа і залысіны на галаве. Цяжкі падбародак і насуплены погляд. Рот ад вуха да вуха. На твары ў яго шнар — адзнака былой раны і болю. Казалі, што гэта след нагайкі, калі затрымаў каня, што ляцеў на яго. А чалавек нядобры, што сядзеў на кані, уладны чалавек, шмаргануў Арэле. Тады яму ўдалося знікнуць у натоўпе, збегчы, карацей кажучы. Але памяць пра тую таксама нядзелю засталася з ім назаўсёды.

Падышоў Фішкінд. Габрэй, які ўжо шмат пажыў, са змораным тварам, падобным да высушанай слівіны — так паморшчылася на ім скура. Тонкія вусны надавалі гэтаму твару іранічны выгляд.

— Ці не пра келбеле, цяля, дамаўляецеся? Ёсць добрае ў мужыка з Сялітранак. Усватаць, пакуль не перахапілі?

Тут погляд Моты падае на дзяўчыну, што накупіла мяса, зеляніны, малочнага. Нешта незвычайнае ёсць у ёй. Яго ўразіла прыгажосць вачэй — цёмных з мядовым адлівам. Калі б ён верыў, што Гасподзь займаецца і такімі справамі, дык узнёс бы Яму хвалу. З кошыкам пакупак дзяўчына падышла да Мошы Шлаймера, што працуе ў вясёлым доме муме Шэйны. Той узяў кошык, і яны пайшлі з базару. "Толькі не гэта", — чамусьці падумаў Мотл.

— Я зараз, — сказаў ён Арэле і Фішкінду і пайшоў следам за Шлаймерам і дзяўчынай. Тыя пагрузіліся ў пралётку, фурман сказаў кабыле "но-о…", і яна пацягнулася ўверх па Мінскай вуліцы. "Так, паехалі да вясёлага дома", — сумна падумаў Мотл. Дзяўчыне, што ад’язджала, было гадоў дваццаць. Ён вярнуўся на кірмаш і на паях з Арэле купіў цяля. Тое ляжала на возе са звязанымі нагамі і крычала, адчуваючы сваё прызначэнне. "Сам вінаваты, што нарадзіўся цялём", — сказаў мужык і паклаў грошы ў кішэню.

Ехалі міма дома шойхета, разніка, Левіна. Прыхапілі яго з сабою. Воз заехаў у двор Арэле. Знялі цяля, паклалі на зямлю. Чалавек з Сялітранак з’ехаў з двара, зачынілі вароты. Келбеле жаласна мычаў. З ягоных вачэй каціліся слёзы. Нядоўга. Разнік Левін быў яшчэ не старым чалавекам і сваю справу зрабіў імгненна. Арэле быў не толькі добрым кавалём. Пад наглядам Левіна ён хутка зрабіў усё астатняе, што патрабавалася. Яму гэта было не ўпершыню. Ад мяса ішло цяпло. Як і дамаўляліся, кожны атрымаў частку, выбраную на кірмашы. Арэле аддаў Мотлу палову кошту цяляці — з мужыком разлічваўся Мотл.

Ён нёс у торбе, закінутай за плечы, мяса, ногі фар пуча, для халоднага. Яшчэ там былі лебер ун ды гарц, пячонка і сэрца. На два тыдні сям’і хопіць. А можа, і болей. У Мотла чацвёра дзяцей, два хлопцы і дзве дзяўчынкі. Яны, дзякуй Богу, добра ядуць, у іх ёсць апетыт. Асабліва ў хлопчыкаў. Ім чатырнаццаць і шаснаццаць. Хутка дагоняць бацьку ў росце. А Мотл — габрэй не маленькі, вышыні ў ім за метр восемдзесят.

Гэты габрэй нясе цяжкую торбу і думае пра дзяўчыну, што пакаціла з Мошам Шлаймерам, які ў вясёлым доме муме Шэйны адказвае за гаспадарчыя справы. Чаму ён думае пра тое, аб чым думаць нельга? Чым яна ўкалола бацьку сямейства? Не, з галавы прэч. Дзякуй Богу, што да сэрца не дабралася.

Мотл прыходзіць дадому, скідае мех з плячэй, з ног — боты з анучамі. Выносіць іх за дзверы кухні, у калідор. Яго любімая жонка Рыўкеле парадкуе тое, што было ў меху. Што ў склеп, што на пліту — закладвае ў чыгун прамытыя ў тазіку лебер і гарц. Там, на пліце, ужо варацца бульбес. Яны ўсе сядуць за стол і будуць абедаць. Канечне, гэта не ўчорашняе суботняе застолле. Але, дзякуй Богу, і да бульбес ёсць што паесці.

 

Каментар

1. А мол із гевен а майсе — даўным-даўно гісторыя здарылася (ідыш).

2. Кантары — спевакі рэлігійных тэкстаў. Яны спяваюць па адмысловых нотах. Ноты не запісаныя ў світках Торы. Кантары ведаюць іх на памяць. Гэта спевакі з музычнай адукацыяй — кансерваторыя альбо школа кантараў.

3. Бар-міцва — у перакладзе "сын запаведзі". З 13 гадоў хлопчык павінен выконваць габрэйскія законы.

4. Хай — лічба васямнаццаць (іўрыт).

Чытайце таксама

Арына Глінская

Арына Глінская

Беларуская паэтка, мастацтвазнаўца

Ганна Марголін

Ганна Марголін

Беларуска-амерыканская ідышамоўная паэтка.

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Міндаўгас Валюкас

Міндаўгас Валюкас

Літоўскі паэт, празаік, драматург, рэжысёр, актор, музыка.

867