№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзіслаў Гарбацкі

Жанчына, што кахала мужчынаў, якія кахалі мужчынаў

Эсэ

Што мне дала б магчымасьць стаць мужчынам, акрамя
ўдзелу ў некалькіх войнах?
Маргрыт Юрсенар
 
Мараль у кожную эпоху — гэта кампраміс паміж інстынктамі,
сацыяльнай неабходнасьцю, модай і вераваньнямі.
Маргрыт Юрсенар

 

8 чэрвеня 1903 году нарадзілася бэльгійская і француская пісьменьніца Маргрыт Юрсенар, першая француская жанчына, якая ўвайшла ў 1980 годзе ў Францускую акадэмію. Сапраўдная эўрапейка-касмапалітка да эпохі эўрапейскай інтэграцыі, закаханая ў антычнасьць, у якую, паводле меркаваньня пісьменьніцы, было напісанае найлепшае ў сусьветнай літаратуры (“Усё найлепшае чалавецтвам было сказана па‐грэцку”). Цяперашнія аўтары і аўтаркі хіба імітуюць, капіююць, інтэрпрэтуюць вядомае і ахопленае ў антычны час, лічыла пісьменьніца. Антычнасьць ва ўсім уплывала на гуманістку і сталася для яе фундамэнтам і арыентырам. Холадна, цьвяроза, з антычнай стрыманасьцю аўтарка такіх вядомых твораў, як “Успаміны Адрыяна”, “Філязофскі камень”, “Арыентальныя навэлы”, “Алексіс” і інш., малюе ў мудрагелістай і акадэмічнай францускай мове з велічным ці то лацінскім, ці то грэцкім акцэнтам, як лічылі многія крытыкі і акадэмікі, гуманістычныя карціны сьвету. На думку крытыкаў, пісьменьніца нейкім дзіўным чынам надала францускай мове шарму і халоднасьці лаціны, нібы думала на лаціне, а потым перакладала і пісала на францускай мове. Маргрыт Юрсенар размаўляла на многіх мовах: па-француску, па-ангельску, па-італьянску, па-грэцку, па-нідэрляндзку, лёгка чытала на лаціне і старажытнагрэцкай мовах. Але з усіх моваў таленавітая франкафонка выбрала адну — францускую, — зь якой зрабіла, усьлед за Камю, сапраўдную радзіму: “Я маю радзіму — францускую мову”. І, дадушы, касмапалітка, якая праз вайну апынулася ў ЗША, дзе і засталася да скону і атрымала амэрыканскі пашпарт, захавала, па сутнасьці, адну радзіму — францускую мову.

Першыя і апошнія амурныя гісторыі і закаханасьці зьнітоўвалі пісьменьніцу з мужчынамі, якія кахалі таксама мужчынаў. Першым аб’ектам яе мілосьці стаўся вабны паэт і выдаўца Андрэ Фрэно. Ён любіў толькі мужчынаў. Ейны апошні малады фаварыт — гей, “чорны анёлак”, як называлі яго сябры пісьменьніцы — памёр ад СНІДу ў 1986 годзе, апярэдзіўшы яе на некалькі гадоў.

Але ня толькі мужчыны цікавілі Юрсенар: да жанчынаў яна таксама мела моцныя пачуцьці. Каля 40 гадоў у яе была сувязь з амэрыканкай Грэйс Фрык. Разам яны пражылі 30 гадоў. І усё гэта ў эпоху, калі ніхто ня думаў і не змагаўся за гей-шлюб і падобнае.

Першае каханьне і ягоныя раны, драпіны тым не менш пакінулі маладой Маргрыт расчараваньні. Чамусьці (ці усё ж наўмысна?) яна заўсёды выбірала мужчынаў, якія кахалі мужчынаў. Паразы і вельмі балючыя і пяшчотныя адносіны зрабілі зь яе разважлівую, мудрую і, калі ўгледзецца ў здымкі пісьменьніцы, з заўсёднай маркоцінкай у вачах жанчыну. Жанчыну, што кахала мужчынаў, якія кахалі мужчынаў.

Ці не таму героямі ейных твораў часта робяцца гомасэксуальныя ці бісэксуальныя мужчыны, хлопцы: Алексіс, пратаганіст ейнага першага празаічнага твору, імпэратар Адрыян і ягоны каханак Антыной, Місіма, геніяльны і радыкальны японскі пісьменьнік. У іншых творах (навэлы, эсэ, артыкулы, зацемкі) тэма гомасэксуальнасьці абавязкова паўстае і прысутнічае. Юрсенар ніколі не кідала, не шкадавала пяра для справаў жанчынаў, геяў, а таксама для экалягічнага змаганьня і змаганьня за правы аўтахтоннага насельніцтва ЗША. Цікава, што пры гэтым яна ніколі не станавілася рупаркай пэўнага руху, яна заўсёды вяла індывідуальны, асабісты бой. І культуры, моваў, ведаў ёй хапала на цэлы рух. Выбраўшы, напрыклад, імпэратара Адрыяна ў якасьці пратаганіста рамана, яна прачытала ўсе наяўныя і даступныя тэксты на лаціне і старажытнагрэцкай мове, што датычыліся ягонай дзейнасьці і жыцьця.

Фэмінісцкая пазыцыя першай францускай акадэміні заслугоўвае асаблівай увагі: яна ніколі не ўблытвалася ў фэмінізм. І гэта пры тым, што яна радыкальна зьмяніла францускі мачысцкі сьвет сваім уваходжаньнем пад купал Акадэміі, сваім урачыстым дыскурсам і спасыланьнем на папярэдніцаў (Мадам дэ Сталь, Ж. Санд, Калет, напрыклад), якія даўно мусілі ўвайсьці ў мізагінную Акадэмію. Нагадаю, як яна кпліва заўважыла ў сваёй прамове: “Француская акадэмія паставіла жанчыну на п’едэстал і пры гэтым зусім забыла падсунуць ёй крэсла”. Мілосьніца антычнасьці не разумела штучнага, на ейную думку, падзелу на жаночую і мужчынскую літаратуру: для яе існавала добрая ці кепская літаратура, а ніяк не літаратура ці пісьмо, стыль на аснове полу. Падаецца, уласным прыкладам яна разьбіла гэты стэрэатып.

Апрача гэтага мысьлярка вылучалася натуральнай і пераканаўчай гуманістычнасьцю: яна ўнікала (не таму, што баялася зачапіць неразьвязнае і складанае, а таму, што не разумела скрайнасьцяў і цемрашальства) маралізму і павучальнасьці. Мудра і спакойна натхняючыся антычным гуманізмам і арыентальнай паганскай разважлівасьцю, Юрсенар скептычна, хоць часам не без замілаваньня, ставілася да адносна маладога хрысьціянства (асабліва старакаталіцтва). Але і ў зацятым і бяздоказным бязьвер’і ня бачыла сэнсу. Акадэміня ведала адно: крытычны атэіст і крытычны вернік маюць адну важную агульную рысу — агнастыцызм. Так, у “Арыентальных навэлах” перад намі паўстае цікавая крытыкіня і інтэрпрэтатарка хрысьціянства — адначасова гуманістычнага і цемрашальнага. Яна не скасоўвае хрысьціянства, але лёгка выкрывае ягоныя хібы і дагматызм, перакручваньні і фантазіі. І, безумоўна, ягоныя дасягненьні.

У пэрыяды панікі і крызісу (напрыклад, выбух СНІДу ў самым пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя), Юрсенар адной зь першых піша артыкул, у якім сьмяецца з чалавецтва, якое зноў і зноў шукае ўразьлівых, крайніх і бесьперастанку маргіналізуе слабых ці прынамсі беззабаронных. Замест гэтага яна раіць крыкунам і панікёрам памаўчаць і не радавацца гору, бо геі сталіся першымі ахвярамі гэтай новай пошасьці не таму, што яны геі, а таму, што маргінальныя ад пачатку, таму, што ня мелі і ня маюць доступу да мэдыцыны, да рэсурсаў і мадэляў так бы мовіць “гетэражыцьця”.

У нас усе ведаюць прынамсі, сухую, акадэмічную Юрсенар, клясычную аўтарку, і амаль ніхто ня ведае простай жанчыны, яе каханкаў і каханак, яе дэманаў і генія. Мы дрэнна ведаем тую, якая лічыла, што за кожнай падзеяй у нашым жыцьці абавязкова хаваецца чалавек.

Афіцыйных перакладаў Юрсенар на беларускую няма, але ёсьць адзін чорны і досыць цікавы пераклад аповесьці “Anna, soror…” і адной з “Арыентальных навэлаў”, які зьявіўся малым накладам у дыяспары. “Anna, soror…” — ашаламляльная гісторыя каханьня, якое зьнітавала брата і сястру, каханьне, вядома, вырачанае на паразу ня толькі ў Італіі XVII стагодзьдзя, але і сёньня. Тым ня менш пісьменьніца без маралізму, без ацэнак паказала сапраўдныя пачуцьці, жарсьць, а галоўнае — нястому і моц чалавечага жаданьня.

Пахаваная у ЗША, Маргрыт Юрсенар дасюль застаецца рэдкім і непаўторным культурным арыентырам для перадусім франкaмоўнага сьвету. А эпітафія на ейнай магіле, на маю думку, можа стацца жыцьцядайным зычэньнем для ўсіх жывых: “Bыберы таго, хто можа ўсьцешыць сэрца чалавека”.

 

Упершыню надрукавана ў часопісе ARCHE 06.06.2013

Чытайце таксама

Вольга Бабкова

Вольга Бабкова

Гісторык, архівыстка, пісьменніца

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

2326