№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзімір Сіўчыкаў

Уладзімір Сіўчыкаў
Перакладчык, празаік, паэт, драматург, выдавец. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990 г., Беларускага ПЭН-цэнтра – з 2004 г.

Нарадзіўся 3 сакавіка 1958 году ў горадзе Жодзіна Мінскай вобласці ў сям’і служачых. Скончыў 8 класаў Жодзінскай СШ № 5 у 1973 г., педагагічнае аддзяленне Мінскай мастацкай вучэльні ў 1977. Выкладаў маляванне і крэсленне ў Траянаўскай сярэдняй школе (Барысаўскі раён), пасля службы ў Савецкай Арміі (1977–1979) працаваў мастаком-афарміцелем у Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў у Мінску. У 1981 г. паступіў, а ў 1986 г. скончыў аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Падчас навучання праходзіў стажыроўку ў Тбіліскім універсітэце, дзе вывучаў грузінскую мову і літаратуру. З 1986 г. – рэдактар аддзелу літаратуры і мастацтва, а з 1989 г. – адказны сакратар часопіса “Бярозка”. З 1992 г. ачольваў Беларускую асацыяцыю дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана (БАДППР), з 1994 г. – выдавецтва “Радыёла-плюс”. Жыве ў Мінску.

З 1982 г. выступае ў рэспубліканскім друку. З 1984 г. вядомы як перакладчык найперш з грузінскай на беларускую мову. У яго перакладзе выйшаў раман Надара Думбадзэ “Закон вечнасці” (“Мастацкая літаратура”, 1989). Аўтар прадмовы, складальнік біяграфічных звестак, каментароў, перакладчык твораў у “Анталогіі грузінскай паэзіі” (у 2-х т. – “Мастацкая літаратура”, 1989), складальнік, а таксама адзін з перакладчыкаў (разам з Н. Каберыдзэ) з беларускай на грузінскую мову зборніка версэтаў Алеся Разанава “Горад-вандроўнік” (“Сабчота Сакартвело”, 1987). Пераклады У. Сіўчыкава змяшчаліся ў беларускім і грузінскім друку, альманахах “Братэрства”, “Ветразь”, у зборніку дэтэктыўных навэлаў “Кінжал з крыламі” (“Юнацтва”, 1994) і інш.

Адзін з аўтараў зборнікаў прозы “Жнівеньскі праспект” (“Бібліятэка “Маладосці”, 1988), “Тутэйшыя” (“Мастацкая літаратура”, 1989), “Карані” (“Юнацтва”, 1994). Аўтар кнігі апавяданняў і п’ес “Гульня ў тастамант” (“Юнацтва”, 1992), кнігі прозы “Лісты да брата” (“Радыёла-плюс”, 1998).

Склаў кнігу прозы маладых аўтараў “Перад маімі вачыма” (“Бібліятэка “Маладосці”, 1990), зборнік дэтэктываў “Кінжал з крыламі”, “Сучасная беларуская проза. Традыцыі і наватарства” (сумесна з М. Тычынам, “Сэр-Віт”, 2003), зборнік дэтэктываў “Карона Вітаўта Вялікага” (сумесна з А. Сіўчыкавай, “Мастацкая літаратура”, 2004). Выступіў укладальнікам кніг прозы Васіля Быкава “Избранное” (М.: “Мартин”, 2004) і “Афганец” (М.: «Вагриус», 2005).

Як крытык і публіцыст вядомы шэрагам артыкулаў па беларуска-грузінскіх літаратурных сувязях, рэцэнзіямі, мастацтвазнаўчымі эсэ, падарожнымі нататкамі.

З 1983 г. працуе ў жанры паэзіі. Вершы друкаваліся ў перыёдыцы, калектыўных зборніках “Вусны” (“Юнацтва”, 1985), “Маладыя галасы” (“Мастацкая літаратура”, 1985), “Лагодны промень раніцы” (“Мастацкая літаратура”, 1988), “Квадра” (“Універсітэцкае”, 1990), “Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў” (“Літаратура”, 1996) і інш. Аўтар кнігі паэзіі “Высакосны год” (“Радыёла-плюс”, 2004).

Уклаў зборнікі “Яна і Я. Вершы і песні пра каханне” (сумесна з Р. Шастак, “Радыёла-плюс”, 2005), “Максім Багдановіч. Інтымны дзённік. Выбраныя творы” (“Радыёла-плюс”, 2006), “Рыгор Барадулін. Руны Перуновы. Выбраныя творы” (сумесна з А. Камоцкім, “Радыёла-плюс”, 2006), “Пад шэпат хваляў Віліі” (“Радыёла-плюс, 2006), “Качка-дзівачка. Польская паэзія дзецям” (сумесна з Л. Баршчэўскім, “Радыёла-плюс”, 2006), анталогію беларускай паэзіі ХV–ХХ стагоддзяў “Чала я не хіліў прад сілай” (на беларускай, лацінскай, польскай мовах, разам з Л. Баршчэўскім, А. Паморскім, А. Скурко, А. Хадановічам, “Калегіюм Усходняй Еўропы”, Уроцлаў, 2008).

Укладальнік (разам з А. Марачкіным) і адзін з аўтараў альбома “Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова” (“Радыёла-плюс”, 2008).

П’есы-казкі У. Сіўчыкава выходзілі на старонках часопісаў “Бярозка” (№ 4, 1990 – “Кароль і Майстра”, “Вясёлка” (№ 2, 1990 – “Чаму кабета спачыну не мае”, № 2, 1992 – “Тыгр-абаронца”), “Тэатральная Беларусь” (№ 2, 1994 – “Філасофскі камень”). П’есы “Лёс і Удача”, “Кароль і Майстра”, “Чароўны камень” увайшлі ў кнігу “Гульня ў тастамант” (“Юнацтва”, 1992), п'еса “Філасофскі камень” – у зборнік “Сучасная беларуская драматургія. Традыцыі і наватарства” (“Сэр-Віт”, 2003), а таксама ставіліся ў драмгуртках Барысава, Слуцка і інш. У Беларускім тэатры лялек “Лялька” (Віцебск) з 1995 г. у пераказе У. Сіўчыкава ідзе казка ў 2-х дзеях “Хлопчык-зорка” паводле О. Ўайлда.

У 1987–1989 гг. напісаў сцэнары і правёў тэлеперадачы “Старонкі беларуска-грузінскіх літаратурных узаемасувязей”, “Дыялогі маладых перакладчыкаў” і інш., а таксама выступіў аўтарам шэрагу сюжэтаў для тэлеперадач “Ліра”, “Літаратурная Беларусь”, “Роднае слова”, “Сустрэнемся пасля адзінаццаці”.

Аўтар слоўніка-даведніка “2000 русских, 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний” (сумесна з А. Баярынай, “Папуры”, 2006).

Творы Уладзіміра Сіўчыкава перакладаліся на балгарскую, грузінскую, рускую, славацкую і украінскую мовы.

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Артур Конан Дойл

Артур Конан Дойл

Шатландскі фізік і пісьменнік, аўтар дэтэктываў пра Шэрлака Холмса

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

2442