№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэймс Мэцью Бары (James Matthew Barrie)

1860 - 1937

Джэймс Мэцью Бары
Шатландскі драматург і празаік, найбольш вядомы дзякуючы казцы “Пітэр Пэн”.

Нарадзіўся 9 траўня 1860 у мястэчку Кірым’юер у Шатландыі і быў дзявятым дзіцем у сям’і ткача. Калі яму было шэсць, ягоны старэйшы брат Дэвід (матчын улюбёнец) загінуў за два дні да свайго 14-годдзя. Маці была ў роспачы, і Джэймс спрабаваў заняць месца Дэвіда, нават апранаў ягонае адзенне і насвістваў, як ён. Аднойчы Джэймс зайшоў у матчын пакой, і тая спытала: “Гэта ты?” “Я думаю, яна размаўляла з мёртвым хлопчыкам, — напіша Бары пасля ў аўтабіяграфічнай кнізе, — і я сумна адказаў: “Не, гэта не ён, гэта ўсяго толькі я”. Ягоная маці знаходзіла суцяшэнне, думаючы, што яе мёртвы сын назаўжды застанецца хлопчыкам, ніколі не вырасце і не пакіне яе.

Бары вучыўся ў Акадэміі Дамфрыса, а пасля ў Эдынбургскім універсітэце, па заканчэнні якога працаваў у рэдакцыі газеты Nottingham Journal. Літаратурай пачаў займацца ў 1885 годзе — напісаў серыю аповесцяў пра вясковае жыццё, раман пра журналістаў, некалькі любоўна-псіхалагічных раманаў. З 1897 году звяртаецца да драматургіі, робіцца вядомым пасля камедыі Quality Street (1901) пра жыццё Англіі ў пачатку ХІХ ст.

У 1897 годзе Бары знаёміцца з Сільвіяй і Артурам Дэвісамі, чыя сям’я будзе граць важную ролю ў жыцці пісьменніка. Ён часта бавіць час з дзецьмі Дэвісаў. Сам Бары быў жанаты з акторкай Мэры Энсэл 15 гадоў, але дзяцей не меў. Пасля смерці Артура і Сільвіі Бары робіцца апекуном іх пецярых дзяцей — Джорджа, Джона (Джэка), Пітэра, Майкла і Нікаласа. Бары выдумаў Пітэра Пэна, каб забаўляць Джорджа і Джэка: ён прыдумаў, што іх малодшы брат Пітэр умее лётаць. Ён сцвярджаў, што да нараджэння ўсе дзеці — гэта птушкі, і бацькам даводзіцца зачыняць акно ў дзіцячым пакоі, каб дзеці пасля не адляцелі. Гэтая гісторыя перарасла ў казку пра хлопчыка, які ўсё ж адляцеў.

Упершыню вобраз Пітэра Пэна з’яўляецца ў дзвюх ранніх кнігах Бары. У рамане “Томі і Грызел” згадваецца хлопчык, які адбіўся ад сям’і: ён рады, што згубіўся, і баіцца, што яго знойдуць і прымусяць вырасці. Потым пра хлопчыка, які не хацеў расці, апавядалася ў шасці раздзелах кнігі “Белая птушачка” (The little white bird), якія пасля выйшлі асобным выданнем пад назвай “Пітэр Пэн у Кенсінгтанскіх садах” (Peter Pan in Kensington Gardens, 1906) з ілюстрацыямі Артура Рэкхэма.

У 1904 годзе была пастаўленая п’еса “Пітэр Пэн”, пасля якой да Бары прыйшла сапраўдная слава: у 1913 годзе яго пасвяцілі ў баранэты, у 1922 узнагародзілі ордэнам “За заслугі”, у 1919 ён стаў рэктарам Сэнт-Эндрускага ўніверсітэта, а ў 1930 — канцлерам Эдынбургскага ўніверсітэта, з 1928 быў прэзідэнтам Таварыства літаратараў.

У 1911 Бары перапрацаваў п’есу ў аповесць “Пітэр і Вэндзі” (Peter and Wendy).

Пісьменнік страціў сваіх самых улюбёных гадаванцаў: Джордж быў забіты на вайне (1915), Майкл, з якім Бары ліставаўся штодня падчас навучання хлопца ва ўніверсітэце, патануў разам са сваім сябрам і, магчыма, каханкам, у 1921 годзе за месяц да свайго 21-годдзя.

Джэймс Мэцью Бары памёр 19 чэрвеня 1937. Праз некалькі гадоў пасля яго смерці Пітэр сабраў сямейны архіў, які ўключаў дакументы і перапіску з Бары, далучыў да гэтага свае каментары, а пасля гэтага скончыў жыццё самагубствам, кінуўшыся пад цягнік.

Чытайце таксама

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

Івар Сільд

Івар Сільд

Эстонскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Таліне.

Хуга Баль

Хуга Баль

Нямецкі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў дадаізму, пачынальнік “гукавой паэзіі”

Уладзімір Садоўскі

Уладзімір Садоўскі

Інжынер, краязнаўца, пісьменнік.

955