№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Прайдзісвецкія чытанні з “ПрайдзіСветам”: дзень усіх перакладчыкаў

1 лістапада 2010

Прайдзісвецкія чытанні з “ПрайдзіСветам”: дзень усіх перакладчыкаў
Гэтую тэму закрануў у пачатку вечарыны вядоўца Андрэй Хадановіч, які заўважыў, што сціпласць некаторых перакладчыкаў не саступае іх таленту, майстэрству і заслугам, згадаўшы шаноўнага Васіля Сёмуху, які адмовіўся ад Пячаткі майстра, прысуджанай яму падчас абвяшчэння лаўрэатаў прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” за мінулы год.

Андрэй Хадановіч распачаў чытанні перакладам Сяргея Грахоўскага верша Ізі Харыка – аднаго з пісьменнікаў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэннях НКВД.

Перакладчыкі чыталі любімыя пераклады на абсалютна і незваротна свабодны ўласны выбар. Бо хто ведае, за што пераклад робіцца любімым. Адзін палюбіць за незямную прыгажосць, а другі – за вялікі інтэлект глыбокі сэнс. У трэцяга здарыцца неўзаемнае каханне з безліччу пакутаў (але абавязкова са шчаслівым канцом), а чацверты ўвогуле не раскажа, за што ён гэты пераклад любіць.

Марына Шода прачытала апавяданне Славаміра Мрожка “Паэзія”, дзе, сярод іншага, закраналіся няпростыя пытанні зусім не дабратворнага ўплыву паэзіі на малады неакрэплы розум. А можа, паэзія была няправільная? Высветліць гэта для сябе можна, прачытаўшы кніжку. “ПрайдзіСвет” рэкамендуе.


Марына Шода

Алесь Разанаў агучыў перастварэнні вершаў Веліміра Хлебнікава.


Алесь Разанаў

Нацыянальна свядомыя саламандры цалкам правільна спрагаюць дзеяслоў “быці” па ўсёй яго няправільнай парадыгме. Ды што там казаць, слухайце. Марыя Мартысевіч, “Наш сябар на выспах Галапагос” (з натхняльным удзелам Карэла Чапэка).



Сяргей Сматрычэнка прачытаў вершы, мабыць, самага каментаванага на “ПрайдзіСвеце” аўтара – Вацлава Граб’е


Сяргей Сматрычэнка

Любімым перакладам Марыны Казлоўскай выявіўся “Трэн Фартынбраса” Збігнева Герберта.


Марына Казлоўская

Аксана Данільчык – і Чэзарэ Павезэ:


Verrà la morte ed avrà i tuoi occhi…

Віртуальны ghost госць нумар 2 – Антон Францішак Брыль з 73-м санэтам Шэкспіра.



Самы гатычны верш на вечарыне прачытала Ганна Янкута. Пра готаў. Тых самых, гістарычных.


Ганна Янкута

“Ад прадзедаў спакон вякоў мне шмат было турбот…” Льюіс Кэрал у выкананні чалавека-аркестра. За чалавека – Вера Бурлак. За аркестр – Максім Іўкін.



“Вершніка на скрыні” Франца Кафкі па-майстэрску агучыў Лявон Баршчэўскі. З кнігі, якой ніхто ніколі не бачыў у букіністыцы (Франц Кафка. Прысуд: Апавяданні і мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1996. – 246 с. – (Бібліятэка замежнай прозы)). Рэдакцыя “ПрайдзіСвета” звяртаецца да чытачоў з вялікай просьбай: калі такое ўсё ж адбудзецца, напішыце сакрэтны ліст на адрас rada@prajdzisvet.org. Спадзяемся, там будзе два асобнікі – вам і нам.


Лявон Баршчэўскі

Алеся Башарымава стамілася чакаць, пакуль Дана Андэрсана агучаць па-беларуску, як па-шведску, і зрабіла гэта сама. А мы не паспелі зрабіць запіс, таму можам прапанаваць толькі арыгінал (слова “толькі” – у межах свята перакладчыцкай нясціпласці).


Thorstein Bergman – En tröstesam visa till idealisten och läraren Angelman


Алеся Башарымава

Павал Касцюкевіч зрабіў найбольш арыгінальна – не прачытаў нічога, але расказаў вельмі павучальную для ўсіх перакладчыкаў гісторыю. У аналах не засталося, таму будзем спадзявацца, што гэта было не апошні раз.


Павал Касцюкевіч

Юля Цімафеева прачытала верш “Непрыемнасці” амерыканскага паэта Мэцью Дзікмана.


Юля Цімафеева

Зміцер Колас агучыў найсапраўднейшы эксклюзіў – нідзе не друкаваны раздзел з “Гарганцюа і Пантагруэля” – “Пра тое, як Грангузье даведаўся пра незвычайны розум Гарганцюа, дзякуючы яго вынаходніцтву падціркі для задніц”. Тым, хто нязгодны з донам Томасам дэ Лас Торэсам і яго прадмовай да “Любоўных вершаў” пра суадносіны маральнасці аўтара і яго твора (глядзі Эдгара По), самы час прыбраць сябе ад экранаў :).

Відэа, на жаль, крыху перарвалася, але рэдакцыя гатовая ўзнавіць страты, надрукаваўшы тэкст, які апынуўся ў яе распараджэнні, калі на тое будзе ласкавая згода перакладчыка, які прайдзісвецкім чытаннем прайдзісвета Рабле прынёс усім прайдзісветам шмат прайдзісвецкай асалоды.





Вечар завяршыў Андрэй Хадановіч вершам грузінскага паэта Звіяда Ратыяні “Снег, снег. Жыццё прыўкраснае”.


Андрэй Хадановіч

Для замацавання матэрыялу і падвядзення вынікаў “ПрайдзіСвет” хоча заўважыць, што быццё перакладчыкам – зусім не нагода для сціпласці. З Хэлаўінам вас і днём усіх перакладчыкаў.

Чытайце таксама

2542