У суаўтарстве з С.К. Чытрай Лакшмі.
Кожная краіна можа пахваліцца сваёй скарбніцай міфаў і легендаў. Індыя надзвычай багатая на гісторыі, якія ведаюць у кожнай індыйскай хаце і ў кожнай вёсцы. Два самыя значныя і самыя любімыя эпасы ў Індыі — “Махабхарата” і “Рамаяна”, творы, якія прайшлі выпрабаванне часам і паўплывалі на жыццё кожнага індуса. Гэтыя гісторыі ўкараніліся ў яго душы, і што б ён ні рабіў, усё ацэньваецца паводле крытэраў, закладзеных гэтымі эпасамі.
“Махабхарата” апісвае першае з усіх палёў бітваў — супрацьстаянне сілаў дабра ў вобразе Пандаваў і зла ў вобразе Каўраваў на полі Курукшэтра. Бітва, што мае адбыцца тут, абяцае перамогу кожнаму, хто перамог свае страхі, сумневы і сваё эга. Яна вабіць марай пра сапраўднае імя, пашану для тых, хто верыць у сябе і ўсё ж сябе перамагае на карысць чалавецтва.
“Бхагават Гіта”(“Багавітая песня”) — найважнейшая частка “Махабхараты”. Напісаная на дэва-бгашыя (мове багоў), гэтая эпічная паэма складаецца з сямісот вершаўу васямнаццаці частках. Яна ўключае серыю размоваў паміж Арджунам, ваяром клану Пандаваў, і Шры Крышнам, увасабленнем бога. Гэтыя размовы раскрываюць сумнеў, які ахоплівае Арджуну перад бітвай з ворагамі, і мудрасць Шры Крышны, які пераконвае таго выканаць свой абавязак з бесстароннасцю і самаадданасцю.
Такая адметная з’ява дзіцячай літаратуры, як серыя кніг пра Гары Потэра, што цяпер уключае 6 тамоў (плануецца яшчэ адзін том, што завершыць серыю [1]) аўтарства Дж. К. Роўлінг, як і “Махабхарата”, — напраўду моцная гісторыя пра адплату і справядлівасць і пра эпічную бітву дабра і зла. Цэнтральная падзея кожнай з шасці ўжо надрукаваных кніг —бітва паміж Гары і чорным магам Валдэмортам. Вось як Роўлінг апісвае бітву паміж Гары і Валдэмортам у кнізе “Гары Потэр і Ордэн Фенікса”:
“Ён скіраваў яшчэ адзін смяротны заклён у Дамлдора, але прамахнуўся, трапіўшы ў стол аховы, які тут жа заняўся агнём. Дамблдор зрабіў незаўважны рух палачкай. Сіла закляцця, што зыходзіла ад яе, была такой магутнай, што Гары, нават закрыты спінай свайго залатога ахоўніка, адчуў, як валасы сталі дыбарам, і гэтым разам Валдэморту давялося выкінуць перад сабой бліскучы срэбны шчыт, каб адвесці ўдар. Заклён, якім бы ён ні быў, не нанёс шчыту заўважных пашкоджанняў, але выбіў з яго працяглую нізкую ноту, падобную да гуку гонгу, — страшны мёртвы гук”.
Вайна паміж Пандавамі і Каўравамі ў “Махабхараце” ідзе з дапамогай боскай зброі — “астраў”, зброі настолькі ж моцнай, як тая, якую Гары Потэр выкарыстоўвае супраць Валдэморта. “Махабхарата” апісвае, як запускаць гэтую смяротную зброю сілай мантраў, то бок сілай думкі.
Вайна паміж праціўнікамі ў “Махабхараце” цягнецца 18 гадоў, супрацьстаянне Гары Потэра і Валдэморта таксама ідзе 18 гадоў — калі ўзяць пад увагу той факт, што бітва Гары пачынаецца з часу яго нараджэння, калі ён страчвае бацькоў, у дадатак да сямі гадоў сапраўднага змагання са Злом.
Бітвы ў абодвух творах адкрываюць для адважных ваяроў некалькі эмацыйных момантаў — і Арджуна, і Гары сутыкаюцца з сумневам, ці ўдзельнічаць у жорсткіх бойках без аніякай схільнасці і ахвоты. Напрыклад, у кнізе “Гары Потэр і Ордэн Фенікса” пасля бітвы з Валдэмортам Гары перапаўняе злосць ад несправядлівасці іх супрацьстаяння і таго факту, што Дамблдор прымусіў яго прайсці праз гэта. У роспачы хлопчык крычыць: “Мне ўсё роўна!.. З мяне хопіць, я бачыў зашмат, не чапайце, хачу гэта скончыць! Цяпер мне ўсё роўна…” Гары не разумее мэты таго, што адбываецца. Адзінае, што ён разумее: усё гэта не мае для яго сэнсу. Гэтая пазіцыя пераклікаецца з пытаннем Арджуны: “О Джанардана… чаму ты штурхаеш мяне да гэтага страшнага чыну [удзелу ў вайне]?” [2] — якое паўстае падчас бітвы, дзе Арджуна страчвае сваіх родных і блізкіх.
Бітва ў “Гары Потэры”, як і бітва ў “Махабхараце”, — гэта не проста супрацьстаянне двух чалавек, кожны з якіх спрабуе ўсталяваць сваю ўладу і панаванне над светам жывых. Гэта бітва, чый вынік вызначыць лёс усяго свету. Калі пераможа Вадлэморт, возьмуць верх асурскія сілы, што прывядзе да канца свету, у якім мы цяпер жывем — месца для людзей, напоўненага радасцю і шчасцем. Калі пераможа Гары Потэр, надзея і выратаванне будуць магчымыя не толькі для свету чараўнікоў, але і для свету маглаў.
Гэта таксама вайна паміж дзвюма натурамі героя. Згодна з індыйскім мысленнем, кожны чалавек носіць у сабе інстынкты, што ўвесь час спаборнічаюць, і галоўнае тут тое, які пераможа. Калі Размеркавальны Капялюш апынаецца на галаве Гары ў кнізе “Гары Потэр і філасофскі камень”, — гэта момант адкрыцця для героя. Ён пераадольвае спакусу і абірае факультэт Грыфіндор замест Слізерына, дзе яму абяцаюць надзвычайную веліч. Размеркавальны Капялюш пытаецца ў яго:
“Ты ўпэўнены? Ты мог бы дасягнуць велічы, ведаеш, усё вось тут, у тваёй галаве, і Слізерын дапаможа табе ў гэтым. Што, ніякіх сумневаў, не? Добра, калі ты так упэўнены — няхай будзе ГРЫФІНДОР!”
І ў “Махабхараце”, і ў кнігах пра Гары Потэра паказаныя прыязныя і даверлівыя адносіны паміж настаўнікам і вучнем. Паводле Катарыны Граймс, “Дамблдор — гэта ідэалізаваны бацька, мара любога дзіцяці, бацька, які падобны да Бога: усёмагутны, усёведны, добразычлівы, заўжды на баку дабра. Дамблдор для Гары — тое ж, што Бог для Ісуса, Зеўс для Геракла, Марс для Ромула і Рэма, хоць і не літаральна, а метафарычна”.
Можна дадаць, што Дамблдор для Гары — гэта Шры Крышна для Арджуны, бо ён і настаўнік, і прыклад, і прыроджаны лідар сярод старэйшых. Яго роля падобная да той, якую выконвае Шры Крышна ў “Махабхараце” — бог сярод смяротных, які дапамагае Пандавам, сімвалізуючы сілы дабра ў барацьбе супраць Сотні Сыноў Дома Каўраваў. Дамблдор перадае сваю мудрасць Гары, разганяе туман сумневаў і дапамагае яму дасягнуць таго няўлоўнага адчування спакою і гармоніі, якой Арджуна шукаў у Шры Крышны.
Арджуна атрымлівае найлепшыя веды ваяра ад найвялікшага ў свеце настаўніка, Дроначар’і, яшчэ ў дзяцінстве. Падчас “гурукалавасы”, навучання, якое малады чалавек праходзіць у доме свайго настаўніка, Арджуна вытрымлівае самую суровую школу, засвойваючы многія боскія навыкі барацьбы і прымаючы праз медытацыю шматлікія дабраславенні ад шчодрых багоў, пакуль не робіцца дарослым.
Дамблдор пакідае Гары пад наглядам яго цёткі, пакуль таму не споўніцца адзінаццаць і ён не будзе гатовы паступіць у школу. “Гурукалаваса” для Гары — гэта Хогвартс, дзе хлопчыкам будуць апекавацца найлепшыя настаўнікі, якія кожны на свой лад навучаць яго, як зрабіцца прафесійным чараўніком.
Дамблдор, бясспрэчна, перадае Гары каштоўныя веды магіі, каб абясшкодзіць сілы зла. У “Бхагават Гіце” Шры Крышна запэўнівае Арджуну: “Калі заняпад прыходзіць дхармы і ўзвышэнне адхармы, тады, о нашчадак роду Бхарата! увасабляю (ажыццяўляю) сябе я ў целе”. Ён кажа Арджуну: “Для абароны добрых і знішчэння злых, для ўсталявання дхармы і нараджаюся я з веку ў век”.Гары, хоць ён не бог і не богападобная істота, паведамляюць, што ён абраны, каб змагацца з Валдэмортам, бо ён носіць у сабе сілы дабра і любоў маці, што бароніць сына. Як толькі злыя сілы ўздымаюцца, прыходзіць добрая і чыстая душа, каб выратаваць чалавецтва і ўзняць дабро (ці дхарму). І чалавек, які здольны пераадолець зло, — гэта Гары, абаронены мацярынскай любоўю.
У першы год навучання Гары неверагодна хутка набіраецца сілаў і, сустрэўшыся з Валдэмортам, перамагае яго. У свой другі год у Хогвартсе Гары праходзіць “выпрабаванні, з якімі нават дарослыя чараўнікі не сутыкаліся”. Падчас трэцяга году ён адбівае напад дэментараўі выратоўвае Сірыюса Блэка. На чацверты год навучання ён бачыць, як гіне Сэдрык Дыгары і ледзь пазбягае смерці. На пяты год пасля пакутлівай бітвы і смерці Сірыюса Блэка Валдэморт пераможаны.
У Дамблдора таксама свая бітва. Ён разумее, што бесстароннасць, неабходная для перамогі ў бітве, — гэта якасць, якую ён у сабе не ўзгадаваў. У “Гары Потэры і Ордэне Фенікса” Дамблдор прызнаецца, што ў яго плане забіць Валдэморта ёсць хіба: “Я занадта палюбіў цябе… Больш клапаціўся пра тваё шчасце, чым пра тое, каб ты ведаў праўду, больш пра твой спакой, чым пра свой план, больш пра тваё жыццё, чым пра жыцці, што могуць быць загубленыя, калі план праваліцца… Хіба я задумваўся пра тых шматлікіх безыменных і безаблічных людзей і істотаў, што былі б забітыя ў неагляднай будучыні, калі ты тут і цяпер быў жывы, здаровы і шчаслівы?..”
Дамблдор зразумеў тое, што “Гіта” падае як праўду жыцця: вечнага міру, шчасця, яснага розуму і засяроджанасці можна дасягнуць, толькі вызваліўшы розум ад усіх пачуццяў.
Шры Крышна кажа Арджуну, што ён мусіць забіваць нават сваіх родных з бесстароннасцю, калі Дхарме трэба выявіць пераможцу. Дамблдор дапамагае Гары зразумець, што ў будучыні яму давядзецца забіць, каб дабро перамагло. Дамблдор кажа Гары, што аднойчы яму давядзецца змірыцца з тым, што ён забойца — няхай сабе й злога і дэманічнага Валдэморта, — а іначай сам загіне ў бітве. У “Ордэне Фенікса” Гары пытаецца: “…Ці азначае гэта, што ў канцы… адзін з нас мусіць забіць другога?” І Дамблдор адказвае, што гэта так. У той жа кнізе Гары адчувае разгубленасць ад думкі пра будучае забойства Валдэморта. Ён амаль дасягае таго пачуцця бесстароннасці, якому Шры Крышна навучае Арджуну. “Нябачны бар’ер адгарадзіў яго ад усяго свету. Ён быў — так было заўжды — выбраным. Проста ніколі раней ён не разумеў, што гэта значыць… Але цяпер, седзячы тут, на беразе возера, адчуваючы вялізны цяжар гора, што прыгнятаў яго, страту Сірыюса, што цвяліла ўнутры, ён не мог знайсці ў сабе ніякага пачуцця страху. Свяціла сонца, і на пляцоўках вакол яго было шмат людзей, якія смяяліся, і хоць ён адчуваў сябе настолькі далёкім ад іх, нібыта належаў да іншай, нечалавечай расы, седзячы там, яму ўсё яшчэ было цяжка паверыць, што аднойчы яго жыццё мусіць напоўніцца або завяршыцца забойствам…” (“Ордэн Фенікса”).
У шостай кнізе “Гары Потэр і прынц-паўкроўка” складаюцца абставіны, пры якіх адбудзецца фінальны бой Гары з Валдэмортам. У гэтай кнізе Гары яшчэ больш змагаецца з сабою і перамагае свае інстынкты. Робіцца зразумела, што ён будзе пераможцам, як Арджуна, які, перад тым як перамагчы сваіх ворагаў, перамагае сябе. Супрацьстаянне Гары свайму выбару і дзеянням дапаможа яму стаць ваяром, які ўсталюе ўладу дабра на зямлі.
Гары мусіць выбраць паміж асалодай быць разам з Джыні, адчуваннем радасці кахаць і быць шчаслівым з ёй, і адмаўленнем ад усяго гэтага, каб выканаць абавязак і забіць Валдэморта. Абавязак перамагае жаданне. Гары кажа Джыні: “Джыні, слухай… Я больш не магу быць з табой. Нам трэба спыніць нашыя стасункі. Мы не можам быць разам”. Ён адмаўляецца ад толькі што знойдзенага ў жыцці кахання, каб сысціся ў бітве з Валдэмортам без дапамогі Дамблдора. Як сапраўдны ёг, Гары ідзе сцяжынай самаахвярнасці. Шры Крышна пераконвае Арджуну падчас іх гутарак: “Той, хто ўсе пачуцці свае стрымаўшы (сілаю волі) і бесстароннасць здабыўшы, роду жыццём жыве чынам адданым, той і ўзвышаецца”. Гары прыносіць у ахвяру свае жаданні і засяроджваецца на адной мэце і адным дзеянні — знішчыць Валдэморта. У свае шаснаццаць гадоў ён спасцігае сэнс адданасці і чыну ёга.
Шры Крышна рыхтуе Арджуну быць духоўна гатовым да бітвы і жорсткасці, што заўжды спадарожнічае войнам. Гэтаксама і Дамблдор рыхтуе Гары Потэра да яго апошняй бітвы, складаючы для яго карціну жыцця Валдэморта і тлумачачы ролю Гары ў перамозе над ім. Аднак у гэтай кнізе Гары Потэр перажывае сваё найвялікшае гора — страту Дамблдора. Раптоўная і нечаканая, яна агаломшвае яго і наводзіць на думку, што поле бітвы ўжо падрыхтаванае і што змагацца Гары давядзецца аднаму. Зараз яму трэба разлічваць толькі на свае магічныя веды і сілы, падтрымку дваіх сяброў і чысціню ды самаахвярнасць любові, якой, як пераконваў Дамблдор, у Гары дастаткова. Сапраўдны ваяр да мозгу касцей, Гары гатовы кінуць выклік Валдэморту. І гэтым разам рашэнне забіць Валдэморта ён робіць па сваёй волі і бесстаронна. Адным словам, ваяр гатовы да бою і духоўна, і фізічна. Яго настаўнік не можа быць побач, каб дапамагчы асабіста, але ён жыве ў сэрцы і галаве Гары. Дамблдор — настаўнік, што ведае мінулае, цяперашняе і часам будучыню. Дамблдор робіцца Шры Крышнам, які кажа: “О Арджуна! Я самасць у сэрцы кожнай істоты. Я іх пачатак, іх жыццё, і я іх скон”.
Дамблдор быў пачаткам і жыццём Гары. Падштурхоўваючы яго да апошняй бітвы, ці зробіцца Дамблдор сконам Гары? Пра гэта скажа толькі наступная кніга. Бесстароннасць — вось рыса сапраўднага ваяра, і таму як Гары набывае яе ў шостай кнізе, чытач можа чакаць, што заключная бітва супраць Валдэморта здарыцца ў апошняй кнізе гэтай серыі. Шосты том паказвае чытачам, як Гары прымае сваё прызначэнне забіць Валдэморта, але мы не можам быць упэўненыя да канца, што Гары будзе дзейнічаць рашуча і зацята, як чалавек, які мусіць прымаць жорсткія рашэнні ў барацьбе са злом. Аднак у апошнім раўндзе Гары напраўду выйдзе за межы сваіх уяўленняў пра сябе, сваё жыццё і жыцці тых, хто побач. Гары пройдзе праз моцнае нявер’е і сутыкнецца з унутранымі і вонкавымі ворагамі, але Дж. К. Роўлінг ужо паказала, як Гары пачынае прымаць смерць і смяротнасць. Яна прымусіла Гары сутыкнуцца са стратамі, разбурэннем і горам у яго асабістым жыцці і дала яму моцы ўсё гэта прайсці. Яна надзяліла Гары магчымасцю знайсці спосабы пераадолець свае трывогі і страхі і перажыць супакаенне перад тым выпрабаваннем, што паўстане перад ім. Гэта дапаможа яму, быццам Арджуну, прыняць свой кон на полі бою і з падтрымкай і глыбокай мудрасцю яго гуру Дамблдора прайсці праз чорныя часы.
__________________________________________________________________
[1] Артыкул выйшаў у 2006 годзе. Апошняя, сёмая, кніга серыі — “Гары Потэр і Дары смерці” — пабачыла свет 21 ліпеня 2007.
[2] Тут і далей пераклад зроблены з ангельскага тэксту. З перакладам “Бхагават-Гіты” з санскрыту, выкананым Міхасём Баярынам, можна азнаёміцца bayaryn.blogspot.com.
Часопіс сусветнай дзіцячай літаратуры Bookbird, 2006-1 (44)
пераклад з ангельскай— Юля Цімафеева.