№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Замежныя навукоўцы на кангрэсе беларусістаў у Мінску

22 траўня 2010

Замежныя навукоўцы на кангрэсе беларусістаў у Мінску
Дэлегаты кангрэсу беларусістаў выступалі перад калегамі з вынікамі сваіх апошніх даследаванняў, а некаторыя прадставілі і новыя публікацыі.

Амэрыканскі гісторык Цімаці Снайдэр правёў у рамках кангрэсу прэзентацыю перакладу на беларускую мову сваёй кнігі "Рэканструкцыя нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь. 1569--1999".



Гаворыць аўтар:

"Цягам 19-га стагоддзя на тэрыторыі даўняй польска-літоўскай Рэчы Паспалітай само паняцце нацыі змянілася. Нацыя стала ўжо не элітарнай, а масавай. Калі зазірнуць глыбей, то мы пабачым не працяг існавання адзінай старой польскай нацыі, але, хутчэй, паўставанне некалькіх новых нацыяў, у тым ліку і польскай нацыі, якая тварылася нанава і паўставалі новыя нацыі: беларуская, літоўская, украінская".

Ангельскі даследчык літаратуры Арнольд МакМілін рэклямаваў на кангрэсе свой фундаментальны том па гісторыі беларускай літаратуры ад 1970-х гадоў да сучаснасці. Том мае 1100 старонак, выйшаў накладам 500 экзэмпляраў, у Англіі ён каштуе 75 фунтаў. Спадар МакМілін назваў кнігу даробкам усяго свайго жыцця.



У аўтара даволі аптымістычны погляд на сучасную беларускую літаратуру:

"Таму што я чытаю шмат кніг… Асабіста я цаню маладога празаіка А. Бахарэвіча, ёсць таксама вельмі добрыя маладыя паэткі, Барадулін -- першакласны паэт без агаворак. Але калі яго прапанавалі на Нобелеўскую прэмію, было бачна, што гэта немагчыма, бо былі дрэнныя, аматарскія пераклады на ангельскую мову".

Найбольшая дэлегацыя беларусістаў на кангрэсе прадстаўляла Польшчу. Адзін з дэлегатаў, філолаг з Варшавы Аляксандр Баршчэўскі кажа, што ў Польшчы зьяўляюцца і маладыя навукоўцы, якія цікавяцца беларушчынай, выходзяць кнігі.



"Вельмі многія асяродкі, між іншым і кафедра беларускай мовы Варшаўскага ўніверсітэту, сістэматычна выдаюць зборнік "Acta Albaruthenica", вось выйшаў дзесяты том. Выдаюць такую літаратуру таксама Ольштын, Люблін, так што беларусазнаўчыя навуковыя кнігі ў Польшчы выходзяць. У нас існуюць кафедры беларускай філалогіі або беларусазнаўства і ў Варшаве, ужо больш як 54 гады, і ў Беластоку, і ў Любліне. Цяпер на кафедру беларускай мовы прыходзяць палякі, карэнныя, якія раней увогуле не чулі беларускай мовы, яны вывучаюць і гісторыю, і культуру Беларусі".

Літоўская даследчыца Альма Лапінскене ўзначальвае літоўскую асацыяцыю беларусістаў ад пачатку 90-х гадоў.

"У 1990-91 годзе беларусістыка ў Літве была на ўздыме, як і ўсюды, было шмат энтузіязму. Зараз ужо цяжкавата. Я ўжо столькі гадоў старшыня, і я так хачу перадаць каму-небудзь гэтую пасаду -- і няма каму перадаць. Таму што ўсе вельмі занятыя, ва ўсіх таксама шмат пасад і працы. Але мы стараемся, збіраемся хаця б два разы на год, нешта робім, арганізуем канфэрэнцыі, адзначаем юбілеі. Ёсць гэтая праца, але таго энтузіязму, які быў напачатку, ужо я не бачу. На жаль".



Альма Лапінскене днямі брала ўдзел ва ўганараваньні паэта Алеся Разанава ў ЕГУ. Яна перакладала на літоўскую мову ягоны апошні зборнік паэзіі, які выйшаў у Літве, а зараз працуе над перакладам кніг версэтаў і пункціраў Разанава.

Кіеўскі гісторык Юры Мыцык год таму выдаў зборнік прац па гісторыі Беларусі з 15 па 20 стагоддзе, сярод іншага ён публікаваў лісты Вацлава Ластоўскага да Міхайлы Грушэўскага. Прафесар Мыцык рыхтуе яшчэ адзін том такіх прац:

"Украінскую гісторыю вельмі цяжка пазнаць без беларускай, а беларускую -- без украінскай. Нас гэта стымулюе, і вам гэта патрэбна. Па-другое, у нас паміж сабою няма ніякіх канфліктаў на ўзроўні дзяржаўным, у нас няма такіх рахункаў, як з Польшчай ці з Расеяй, калоніяй якой мы былі доўгі час. І гэта адкрывае шырокія пэрспэктывы. Урады і прэзыдэнты адыходзяць, а народы застаюцца, і нам трэба быць добрымі сябрамі".



Ва Украіне з'яўляецца ўсё больш беларусістаў, у тым ліку сярод філолагаў і гісторыкаў, сведчыць спадар Мыцык.

Філолаг Клаўдыя Гуртых з Ляйпцыгу ў суаўтарстве з Таццянай Рамзай апублікавала граматыку беларускай мовы для нямецкіх студэнтаў. У межах кангрэсу быў прэзентаваны падручнік беларускай мовы для замежнікаў “Беларуская мова? З задавальненнем!”

"Я сама выкладаю ў Ляйпцыгу беларускую мову, у нас ёсць аддзяленне ўсходнеславянскіх моваў, і там трэба ўсім студэнтам вывучаць і ўкраінскую, і расейскую, і беларускую мовы. На беларускую мову пакуль меней ахвотных, але кожны семестар ёсць 5--6 чалавек, якія цікавяцца і з задавальненнем ходзяць на заняткі".



Паводле Клаўдыі Гуртых, апрача Ляйпцыгу, беларуская мова вывучаецца яшчэ ў двух нямецкіх універсітэтах -- заснавальнік беларускіх студыяў у Ляйпцыгу прафесар Увэ Юргханс цяпер выкладае беларускую мову ў Гётынгене, а прафесар Генчэль ў Ольдэнбургу навучае беларускай мове студэнтаў і выконвае праект па вывучэнні трасянкі, мае аспірантаў з Нямеччыны і Беларусі.

Гісторык з Расіі Мікола Нікалаеў рэгулярна выдае "Беларускі зборнік" і ўзначальвае Санкт-Пецярбурскую асацыяцыю беларусістаў:

"Галоўным вынікам працы суполкі з'яўляецца канфэрэнцыя "Санкт-Пецярбург і беларуская культура", якая адбываецца раз на год. Прайшло ўжо 17 такіх канферэнцый, і мы выдалі 4 зборнікі артыкулаў. Гэта якраз вынікі даследаванняў, якія перш за ўсё датычаць Пецярбургу як сталіцы імперыі і беларускай тэматыкі. У мяне мінулы год быў плённы. Выйшлі адразу 4 кнігі. Так рэдка бывае. Сярод іншага выйшла кніга, якая называецца "Беларускі Пецярбург" -- біяграмы беларусаў, якія жылі там ад часоў заснавання гораду, ад Пятра Першага, да сёння. Гэта разбурыла ў мяне самога стэрэатып уяўленьня пра беларусаў як пра сялянскую нацыю. Інтэлігенцыя ўцякала ў сталіцу, і паводле колькасьці жыхароў-беларусаў Пецярбург быў большы, чым любы беларускі горад у 19-м стагоддзі".



На кангрэсе беларусістаў Мікола Нікалаеў рабіў даклад пра беларускамоўныя вайсковыя кнігі 30-х гадоў мінулага стагоддзя, якія захаваліся ў архівах Пецярбургу.

Некаторыя навукоўцы свой прыезд на кангрэс у Беларусь выкарысталі не толькі для кантактаў з калегамі, але і для экспедыцыі. У Лідскім раёне перад кангрэсам папрацавала этнограф з Варшавы Анна Энгелькінг.

"Я там бывала і раней, і 15 гадоў таму, і 10. Што я там бачу? Бачу працэс пераменаў. У беларускую вёску прыходзяць розныя цікавыя навацыі, ужо ўсе бабулькі гавораць па мабільных тэлефонах, а пакаленьне 30--40-гадовых мае кампутары і доступ у інтэрнэт. Складаецца такое ўражанне, што вёска ў вялікай ступені далучана да агульнай інфармацыйнай прасторы ў краіне".



Паводле Анны Энгелькінг з Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук, у лідскіх вёсках беларускія гаворкі захоўваюцца, яны не выцясняюцца расейскай мовай. Спадарыня Энгелькінг цяпер працуе над кнігай з рабочай назвай: "Калхознікі. Антрапалогія тоеснасці беларускай вёскі на пераломе 20 і 21 стагоддзяў".
паводле svaboda.org

Чытайце таксама

Выйшла дэтэктыўная кніга Роберта ван Гуліка пра Старажытны Кітай

У выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў зборнік дэтэктыўных апавяданняў Роберта ван Гуліка “Следства вядзе суддзя Дзі”. Перакладчыца — Ганна Янкута. Кніга падрыхтаваная сумесна Саюзам беларускіх пісьменнікаў і…

Новыя кнігі з серыі "Паэты планеты": Катул, Каханоўскі, Кітс, Гайнэ

19 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча пройдзе прэзентацыя новых кніг з серыі "Паэты планеты".

Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў Кадзуа Ісігура

Сёлета лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры стаў Кадзуа Ісігура.

Адкрыты прыём заявак на прэмію Шэрмана

Прэмія Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Пераможца атрымае чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а. Падаць заяўку можна да 10 ліпеня.

іншыя навіны
449