№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 24 лютага

  • 1595

    Нарадзіўся Мацей Казімір Сарбеўскі (польск. Maciej Kazimierz Sarbiewski, памёр 2 красавіка 1640), выбітны новалацінскі паэт Еўропы, прызнаны тэарэтык літаратуры. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію, удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 г. уступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіюмах, у Віленскай езуіцкай акадэміі. З 1635 году – каталіцкі прапаведнік пры двары караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава ІV. Аўтар зборнікаў “Тры кнігі лірычных вершаў”, (Lyricorum libri III, 1625), “Чатыры кнігі лірычных вершаў” (Lyricorum libri IV, 1634), трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі, якія ўвайшлі ў зборнікі, выдадзеныя ў Польшчы на лацінскай і польскай мовах: “Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамэр” (De perfecta poesi, надрук. у 1954), “Лекцыі па паэтыцы” (Characteres lyrici, надрук. у 1958), “Багі язычнікаў”, (Dii gentium, надрук. у 1972). Яго даследаванні па паэтыцы, драматургіі, красамоўстве, міфалогіі былі на ўзроўні найлепшых еўрапейскіх працаў таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве. Вершы Сарбеўскага перакладзеныя на ангельскую, нямецкую, французскую мовы, на польскую яго перакладаў У. Сыракомля.

  • 1786

    Нарадзіўся Вільгельм Карл Грым (ням. Wilhelm Carl Grimm, памёр 16 снежня 1859), нямецкі пісьменнік, мовазнаўца, сябра Берлінскай акадэміі навук, малодшы з братоў Грым. Разам з братам Якабам правёў вялікую работу па збіранні і выданні нямецкіх казак і паданняў (“Дзіцячыя і сямейныя казкі” (Kinder- und Hausmärchen), 1812), “Нямецкія паданні” (Deutsche Sagen), 1816 – 1818), што спрыялі фармаванню жанру літаратурнай казкі. Браты лічацца заснавальнікамі міфалагічнай школы ў фалькларыстыцы (“Германскія гераічныя казанні” (Die deutsche Heldensage), 1829). Разам з братам выдаў (з 1852) першыя 4 тамы фундаментальнага слоўніка нямецкай мовы, які зрабіўся асновай нямецкай філалогіі. На беларускую казкі братоў Грым перакладае Альгерд Бахарэвіч.

  • 1885

    Нарадзіўся Станіслаў Ігнацы Віткевіч (псеўданім Віткацы (Witkacy), польск. Stanisław Ignacy Witkiewicz, памёр 18 верасня 1939), польскі празаік, драматург, тэарэтык мастацтва, мастак, фатограф, філосаф. Адукацыю атрымліваў дома, у бацькоўскім маёнтку ў Закапанэ, дзе збіралася тагачасная творчая інтэлігенцыя. Браў удзел у Першай сусветнай вайне ў складзе царскай арміі, падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу – падзеі, якія значна паўплываюць на светапогляд аўтара і якія пазней ён пераасэнсуе ў сваіх драматычных творах, перадусім у самай вядомай п’есе “Шаўцы” (Szewcy, 1934). У 1919 годзе выйшла галоўная філасофска-эстэтычная праца Віткевіча “Новыя формы ў мастацтве і вынікаючыя адтуль непаразуменні” (Nowe formy w malarstwie i wynikające stąd nieporozumienia), дзе выклаў “тэорыю чыстай формы”. Аўтар раманаў “622 падзенні Бунга, або Дэманічная жанчына (1910 – 1911), “Развітанне з восенню (1927), “Ненаеднасць” (1930). Напісаў больш як 30 п’есаў, вядомасць яму як драматургу прынесла п’еса “Прагматысты” (Pragmatyści, 1919). Знаходзячыся ў вёсцы Язёры на ўкраінскім Палессі, даведваецца па радыё аб уваходжанні савецкіх войскаў у Польшчу і заканчвае жыццё самагубствам. На беларускую мову п’есу Віткевіча “Шаўцы” (Szewcy, 1934) працягвае перакладаць Алена Пятровіч.

  • 1903

    Нарадзіўся Уладзімір Бартол (славенск. Vladimir Bartol, памёр 12 верасня 1967), славенскі пісьменнік, перакладчык Ніцшэ і прыхільнік Фройда. Сусветную вядомасць пісьменніку прынёс раман “Аламут” (Alamut, 1938), які быў перакладзены на многія мовы свету і стаў найбольш знакамітым творам славенскай літаратуры. Сюжэт рамана заснаваны на гісторыі аднайменнай персідскай крэпасці, цэнтра сярэднявечнай ісмаіліцкай дзяржавы ў Іране.

  • 1922

    Памёр Ядвігін Ш. (сапр. Антон Лявіцкі, нар. 4 студзеня 1869), беларускі празаік, публіцыст, драматург. Скончыў Мінскую гімназію, вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, адкуль быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Супрацоўнічаў з рэдакцыяй “Виленского вестника”, з утварэннем “Нашай нівы” – актыўны карэспандэнт, затым нейкі час загадчык літаратурнага аддзела. Літаратурную дзейнасць Ядвігін Ш. пачаў у турме: пераклаў на беларускую мову папулярнае ў той час апавяданне Усевалада Гаршына “Сігнал”. У 1892 годзе напісаў камедыю “Злодзей” (забароненая, рукапіс загінуў). Першыя творы былі напісаныя на расійскай і польскай мовах. Першае апавяданне на беларускай мове “Суд” было надрукаванае ў 1906 годзе (газета “Наша доля”). Аўтар зборнікаў апавяданняў “Бярозка” (Вільня, 1912, 1923), “Васількі” (Вільня, 1914), “Апавяданні” (1940, 1946), падарожнага нарыса “Дзед Завала” (Вільня, 1910), кнігі “Успаміны” (Вільня, 1921), няскончанага рамана “Золата”, раздзелы якога друкаваліся ў 1920 годзе, шэрагу рэцэнзіяў і літаратурна-крытычных артыкулаў. Памёр у Вільні ад сухотаў. У 1976 годзе выйшлі выбраныя творы Ядвігіна Ш.

  • 1935

    Нарадзіўся Рыгор Барадулін (памёр 2 сакавіка 2014), беларускі паэт, эсэіст, перакладчык. У 1992 г. атрымаў званне Народнага паэта Беларусі (да сённяшняга дня больш ніхто Народным паэтам не рабіўся). Літаратурны даробак складае каля 70 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984, 1996 – 2002). Пераклаў на беларускую мову п'есу “Вей, вятрок!” Я. Райніса (1980), зборнікі “Блакітны звон Гранады” Федэрыка Гарсіі Лоркі (1975), “Мелодыя каліны” І. Драча (1981), “Ветраліст” Г. Містраль (1984), “Рубаі” Амара Хаяма (1989); “Слова пра паход Ігараў” (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэкспіра, Дж. Г. Байрана, П. Нэруды, Н. Гільена, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага, С. Ясеніна, Р. Гамзатава і інш. Творы Барадуліна выдадзеныя на 11 мовах свету.