№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 3 сакавіка

  • 1863

    Нарадзіўся Артур Мэкен (анг. Arthur Machen, памёр 15 снежня 1947), ангельскамоўны пісьменнік валійскага паходжання. Пачынаў літаратурную дзейнасць як перакладчык. Першы друкаваны твор – пераклад мемуараў Маргарыты Наварскай “Гептамерон”. Першым арыгінальным яго творам была аповесць “Вялікі бог Пан” (Great God Pan, 1894). Гэты твор выклікаў моцнае абурэнне кансерватыўнай грамадскасці, але быў імгненна распрададзены, як і другое выданне аповесці. Дарэчы, вокладка кнігі была намаляваная Обры Бёрдслі. У 1895 годзе выйшаў яго раман “Тры самазванцы” (The Three Impostors), які лічыцца найлепшым творам пісьменніка. Творчасць Артура Макена моцна паўплывала на Г. Ф. Лаўкрафта, П. Страўба. Кінарэжысёр Гільерма дэль Тора зняў па матывах твораў Макена фільм “Лабірынт фаўна”.

  • 1899

    Нарадзіўся Юрый Алеша (руск. Юрий Олеша, памёр 10 траўня 1960), рускі савецкі пісьменнік. Найбольш знакаміты яго твор – раман для дзяцей “Тры таўстуны” (“Три толстяка”, 1924, надрукаваны ў 1928), прысвечаны яго жонцы Вользе Суок (менавіта такое імя носіць галоўная гераіня кнігі – Суок). У 1927 годзе быў надрукаваны раман Алешы “Зайздрасць” (“Зависть”), адзін з найлепшых твораў савецкай літаратуры пра месца інтэлігенцыі ў паслярэвалюцыйнай Расіі. Шматлікія крытыкі лічаць гэты раман вяршыняй творчасці Алешы і адным з найлепшых твораў рускай літаратуры ХХ стагоддзя. Аднак за сталінскімі часамі галоўныя творы Алешы не друкаваліся (з 1936 па 1956 год). У апошнія гады жыцця грошай пісьменніку катастрафічна не хапала. Расказваюць, што аднойчы, даведаўшыся, што існуюць розныя катэгорыі пахаванняў для савецкіх пісьменнікаў, Алеша пацікавіўся, да якой катэгорыі належыць ён. Яго мусілі пахаваць па найвышэйшай, самай дарагой катэгорыі. Алеша на гэта спытаўся, ці нельга пахаваць яго па самай нізкай катэгорыі, а розніцу вярнуць цяпер.

  • 1906

    Нарадзіўся Артур Лундквіст (шведск. Artur Lundkvist, памёр 11 снежня 1991), шведскі пісьменнік, літаратурны крытык, сябра Шведскай акадэміі, лаўрэат некалькіх значных літаратурных прэміяў Швецыі, а таксама Міжнароднай Ленінскай прэміі. Лундквіст быў зацікаўлены ў абнаўленні мовы, развіцці памежных літаратурных жанраў, што адбівалася на яго творчасці. Як творца ж ён вызначаўся надзвычайнай прадуктыўнасцю, агулам выдаўшы каля 80 кніг. Гэта зборнікі паэзіі, падарожных нататак, навелаў, а таксама раманы. Акрамя гэтага, ён публікаваў свае эсэ і артыкулы ў прэсе. Творы Лундквіста перакладзеныя на тры дзясяткі моваў. Лундквіст дэбютаваў у 1928 годзе паэтычным зборнікам “Жар” (Glöd). Яго вершы ўвайшлі пазней у анталогію “Пяцёра маладых” (Fem unga, 1929), якая адыграла вялікую ролю ў прарыве мадэрнізму ў шведскай літаратуры. У 1993 годзе пабачыла свет факсімільнае перавыданне гэтай кнігі. Творчасць Лундквіста адпачатку вызначалася пазітыўнасцю, аднак з часам рабілася ўсё больш песімістычнай (1930-я). У гэты час ён выдае зборнікі сюррэалістычных вершаў. У 1940-х пачынае шукаць новыя формы творчасці. Зборнік “Скрыжаванне” (Korsväg, 1942) змяшчае вершы-партрэты, якія апісваюць бацьку Лунквіста, Фройда, некаторых шведскіх літаратараў ды інш.). Паступова Лундквіст пераходзіць да прозы, піша падарожныя нататкі, навелы, афарызмы, а пазней звяртаецца да вершаў у прозе, якія лічацца вялікім здабыткам шведскай літаратуры.

  • 1944

    Забіты Францішак Аляхновіч (нар. 9 сакавіка 1883), беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст, празаік. Лічыцца першым беларускім тэатразнаўцам і пачынальнікам беларускага тэатру. У 1927 годзе ў Віцебску быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення на Салаўках. У верасні 1933 абменены ўладамі на вязня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча. Пасля вяртання ў Вільню напісаў свой самы вядомы твор – успаміны пра знаходжанне ў савецкіх лагерах “У капцюрох ГПУ”. Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газеце Słowo; рускі пераклад успамінаў апублікавала парыжская газета “Возрождение”. У 1935 у Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай Siedem lat w szponach G.P.U. У 1937 у Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай Prawda o Sowietach. Твор перакладаўся на італьянскую мову (La verita sulla Russia Bolscevica) і на партугальскую ў Бразіліі (Sete annos nas garras sovieticas). Украінскі пераклад друкавала газета “Діло”, рэдакцыя якой затым выпусціла ўспаміны асобнай кнігай “7 літ на Соловках”. Толькі ў канцы 1937-га аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове. Быў застрэлены на сваёй кватэры савецкімі дыверсантамі, засланымі з-за лініі фронту.

  • Сусветны дзень пісьменніка

  • 1996

    Памерла Маргерыт Дзюрас (фр. Marguerite Duras, сапр. Данадзьё, нар. 4 красавіка 1914 у паўднёвым В’етнаме), французская пісьменніца. Самы знакаміты яе твор – аўтабіяграфічная аповесць “Каханак” (L’Amant, 1984), за якую яна атрымала Ганкураўскую прэмію. Па гэтай аповесці ў 1992 годзе быў зняты аднайменны фільм (рэжысёр – Жан-Жак Ано).