№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 15 сакавіка

  • 1723

    Памёр Ёган Хрысціян Гюнтэр (ням. Johann Christian Günther, нар. 8 красавіка 1695), нямецкі паэт, выбітны прадстаўнік т.зв. “другой сілезскай школы”. Сын доктара, вывучаў медыцыну ў Вітэнбергу, дзе пачаў пісаць вершы. Захапіўшыся паэзіяй, закінуў заняткі, быў пракляты бацькам і пазбаўлены матэрыяльнай падтрымкі. Бадзяўся па розных гарадах, зарабляў вершамі на выпадак, хутка захварэў і памёр ва ўзросце 28 гадоў. У лірыцы Гюнтэра назіраецца толькі вонкавая сувязь з канонамі барока, што дазволіла даследчыкам назваць яго апошнім паэтам барока і першым паэтам новага, XVIII стагоддзя.

  • 1830

    Нарадзіўся Паўль Хайзэ (ням. Paul Heyse, поўнае імя – Паўль Ёхан Людвіг фон Хайзэ, памёр 2 красавіка 1914), нямецкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1910 году “за мастацкасць, ідэалізм, якія ён дэманстраваў цягам усяго свайго доўгага і прадуктыўнага творчага шляху ў якасці лірычнага паэта, драматурга, раманіста і аўтара вядомых усяму свету навелаў”. Хайзэ выдаў 24 тамы навелаў, 6 раманаў, каля 60 п’есаў і 9 паэтычных зборнікаў.

  • 1867

    Нарадзіўся Лаянэл Джонсан (анг. Lionel Johnson, памёр 4 кастрычніка 1902), ангельскі паэт, эсэіст і крытык. Скончыў Оксфард. Вёў дастаткова адасоблены лад жыцця, абумоўлены алкагалізмам і спробамі перамагчы гомасэксуальныя схільнасці. Памёр ад інсульту, упаўшы на вуліцы, хоць было абвешчана, што ўпаў ён з крэсла ў бары. Пры жыцці Джонсана выйшлі ягоныя кнігі “Мастацтва Томаса Гардзі” (The Art of Thomas Hardy, 1894), “Вершы” (Poems, 1895), “Ірландыя” і іншыя вершы” (Ireland and Other Poems, 1897). Быў сябрам “Клуба рыфмароў” – паэтычнага таварыства, заснаванага ў 1890 годзе Ўільямам Батлерам Ейтсам і Эрнэстам Рысам. Перайшоўшы ў каталіцтва, Джонсан у 1892 годзе адрокся ад былога сябра Оскара Ўайлда і адрасаваў яму санэт пад назвай “Разбуральнік душы” (The Destroyer of a Soul), маючы на ўвазе, відавочна, свайго кузэна Альфрэда Дугласа, якога ён пазнаёміў з Ўайлдам за год да таго. На беларускую мову верш Джонсана “У гонар Дарыяна і яго стваральніка”, напісаны на лаціне і прысвечаны Ўайлду, пераклала Ганна Янкута.

  • 1868

    Нарадзіўся Яўген Ляцкі (памёр 7 ліпеня 1942), беларускі крытык, гісторык літаратуры, даследчык беларускага фальклору. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1893 скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. У 1917 выехаў у Фінляндыю, з 1922 жыў у Чэхаславакіі. Адкрыў у Празе выдавецтва “Пламя”, узначальваў кафедру ў Карлавым універсітэце. Аўтар рамана “Тундра”. Ягоныя фальклорна-этнаграфічныя даследаванні напісаныя на падставе матэрыялаў, сабраных падчас экспедыцыяў па Беларусі і ў іншыя краіны. Шмат зрабіў для прапаганды за мяжой беларускай літаратуры і фальклору. У манаграфіі, прысвечанай “Слову пра паход Ігаравы”, значнае месца адвёў беларускаму элементу гэтага помніка. У 1927—1929 апублікаваў цыкл артыкулаў “Нататкі па беларусазнаўстве”.

  • 1937

    Памёр Говард Філіпс Лаўкрафт (анг. Howard Phillips Lovecraft, нар. 20 жніўня 1890), амерыканскі пісьменнік, які працаваў у жанрах хорару, фэнтэзі і навуковай фантастыкі, на той час вядомых як проста “дзіўная літаратура”. Асноўнай крыніцай натхнення Лаўкрафта і яго галоўным вынаходніцтвам былі касмічныя жахі, ідэя якіх у тым, што жыццё непазнавальнае для чалавечага розуму і што сам Сусвет з’яўляецца абсалютна чужым для нас. Той, хто па-сапраўднаму мысліць, як яго персанажы, дзейнічае на мяжы здаровага розуму. Для сваіх Міфаў Ктулху, серыі слаба звязаных твораў, прысвечаных пантэону антычалавечых істот, Лаўкрафт распрацаваў культ іх паклоннікаў, а таксама прыдумаў Некранамікон – выдуманы падручнік магічных абрадаў і забароненых навук. На беларускую мову творы Лаўкрафта перакладаў Павел Донаў.

  • 1970

    Памёр Арцюр Адамаў (фр. Arthur Adamov, сапр. Адамян, нар. 23 жніўня 1908), французскі пісьменнік армянскага паходжання, адзін з выбітных прадстаўнікоў тэатру абсурду. Нарадзіўся ў Кіславодску (Расія). У 1912 годзе сям’я перабралася ў Германію, адтуль у Швейцарыю, а ў 1924 – у Парыж. Бацька пісьменніка прайграў сваю ўласнасць і ў 1933 годзе скончыў жыццё самагубствам. Адамаў зблізіўся з сюррэалістамі, пісаў вершы, выдаваў сюррэалісцкі часопіс “Разрыў”. У 1938 годзе перажыў нервовы зрыў. У 1941 годзе быў арыштаваны за варожыя выказванні ў адрас вішысцкага ўрада і да канца вайны знаходзіўся ў лагеры ў Аржалесе. Пасля вайны ў стане цяжкай дэпрэсіі пачаў пісаць спавядальную прозу і п’есы, якія ставілі найлепшыя рэжысёры Францыі, але драматург вельмі хваравіта ставіўся да поспехаў Бэкета і Іянэска. Перакладаў Гогаля, Рыльке, Бюхнера, Чэхава, Горкага. З сярэдзіны 1960-х пачаў піць, потым ужываць наркотыкі, некалькі разоў лячыўся ў псіхіятрычных клініках. Скончыў жыццё самагубствам, прыняўшы смяротную дозу барбітуратаў.