№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 16 сакавіка

  • 1825

    Нарадзіўся Камілу Каштэлу Бранку (парт. Camilo Ferreira Botelho Castelo-Branco; памёр 1 чэрвеня 1890), партугальскі пісьменнік. Быў вельмі пладавіты, напісаў больш за 260 кніг і стаў першым партугальскім аўтарам, які зарабляў на жыццё сваёй творчасцю. Большасць твораў напісана ў духу рамантызму, але з часам Камілу схіляецца у бок рэалізму. З рамантычных раманаў найбольш вядомыя “Лісабонскія таямніцы” (Misterios de Lisboa, 1854) і “Згубнае каханне” (Amor de perdição, 1862). Да рэалістычных твораў адносяць “Апавяданні пра правінцыю Мінью”, раманы “Эўсэбію Макарыю” (Eusébio Macário, 1879) і “Бразільянка з Празіньша” (A Brasileira de Prazins, 1882). За ўнёсак у партугальскую літаратуру кароль даў яму тытул віконта, а калі па стане здароўя Камілу ўжо не мог пісаць, парламент прызначыў яму пенсію. Аслепнуўшы, пісьменнік скончыў жыццё самагубствам.

  • 1839

    Нарадзіўся Сюлі-Прудом (фр. Sully-Prudhomme, сапр. Рэнэ Франсуа Арман Прудом; памёр 7 верасня 1907), французскі паэт, першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1901). У свой час вельмі паважаны як у літаратурных, так і акадэмічных колах, Сюлі-Прудом цяпер малавядомы нават у Францыі. Першы зборнік “Стансы і вершы” (Stances et poèmes, 1865) выклікаў усеагульныя ўхвальныя водгукі. У наступных творах – “Аўгіевы стайні” (Les Ecuries d'Augias, 1866), зборніках “Італьянскія замалёўкі” (Croquis italiens, 1866 – 1868) і “Адзінота” (Les Solitudes, 1869) – гучаць тэмы неўзаемнага кахання, а таксама канфлікту паміж навукай і рэлігіяй. Атрымаўшы адмову ад кузіны, з якой хацеў ажаніцца, паэт на ўсё жыццё застаецца халасцяком. Наступныя значныя творы – зборнік “Марная пяшчота” (Les Vaines tendresses, 1875), а таксама філасофскія паэмы “Справядлівасць” (La Justice, 1878) і “Шчасце” (Le Bonheur, 1888). У “Паэтычным тэстаменце” (Le Testament poétique, 1900) Сюлі-Прудом выступаў у абарону класічнага французскага вершаскладання, супраць свабоднага верша, а таксама крытыкаваў сімвалістаў і дэкадэнтаў.

  • 1892

    Нарадзіўся Сэсар Вальеха (гішп. César Abraham Vallejo Mendoza, памёр 15 красавіка 1938), перуанскі паэт, празаік, драматург, журналіст. Нягледзячы на тое, што пры жыцці выйшла толькі тры яго кнігі, лічыцца адным з найвялікшых паэтычных наватараў XX стагоддзя. Першая кніга вершаў “Чорныя геральды” (Los heraldos negros) выйшла ў 1919 годзе, другая – “Асалода” (Trilce) – у 1922 годзе. У 1923 Вальеха пераехаў на сталае жыццё ў Парыж, зблізіўся з французскімі, гішпанскімі і лацінаамерыканскімі сюррэалістамі (Вісэнтэ Ўідобрам, Пабла Нэрудам, Трыстанам Тцара). Захоплены падзеямі гішпанскай грамадзянскай вайны, піша шмат вершаў, якія ўвайшлі ў апошні зборнік “Гішпанія, адвядзі ад мяне чару гэтую” (España, aparta de mí este cáliz, 1937). Беларускамоўныя пераклады твораў паэта, выкананыя Рыгорам Барадуліным, выйшлі кнігай “Чорныя геральды” ў 1993 годзе, якую можна спампаваць на нашым сайце.

  • 1898

    Памёр Обры Бёрдслі (анг. Aubrey Vincent Beardsley; нар. 21 жніўня 1872), ангельскі мастак-графік, ілюстратар, дэкаратар, паэт, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў эстэтычнага руху 1890-х гадоў. Не меў прафесійнай мастацкай адукацыі, але дасягнуў поспеху дзякуючы выключнаму таленту. Славу яму прынеслі ілюстрацыі да рамана сэра Томаса Мэлары “Смерць Артура”, створаныя ў 1982 г. Таксама былі высока ацэненыя яго ілюстрацыі да “Саламеі” Оскара Ўайлда (1983). Літаратурная спадчына Обры Бёрдслі невялікая – няскончаная аповесць “Венера і Тангёйзэр” (Under Hill), упершыню надрукаваная ў часопісе “Савой” (1896) і ілюстраваная аўтарам, некалькі вершаў і ўрыўкаў, а таксама лісты.

  • 1906

    Нарадзіўся Франсіска Аяла (гішп. Francisco Ayala García-Duarte; памёр 3 лістапада 2009), гішпанскі пісьменнік, перакладчык, сацыёлаг. Лаўрэат некалькіх нацыянальных прэмій, сярод якіх прэмія Мігеля дэ Сервантэса (1991). Неаднаразова намінаваўся на Нобелеўскую прэмію. Адзін з самых вядомых яго твораў – раман-прыпавесць “Зачараваны” (1944), які часта параўноўваюць з прозай Кафкі і які высока ацаніў Борхес, уключыўшы яго ў сваю “Асабістую бібліятэку”. Аяла быў апошнім прадстаўніком культурнага руху Пакалення 1927 году. Памёр у 103 гады.

  • 1940

    Памерла Сельма Лагерлёф (шведск. Selma Ottilia Lovisa Lagerlöf; нар. 20 лістапада 1858), шведская пісьменніца і першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры (1909). У свеце яе найбольш ведаюць па дзіцячай казачнай кнізе “Падарожжа Нільса з дзікімі гусямі” (Nils Holgerssons underbara resa genom Sverige, 1906 – 1907), якая апісвае падарожжа хлопчыка на спіне птушкі праз усю Швецыю. Кніга была перакладзеная на многія мовы. Сярод іншых вядомых твораў – раманы “Ерусалім” (Jerusalem, 1901 – 1902), “Выгнаннік” (Bannlyst, 1918), “Імператар Партугаліі” (Kejsarn av Portugallien, 1914), трылогія пра сям’ю Лёвеншольдаў. Падчас Другой сусветнай вайны пісьменніца дапамагала нямецкім літаратарам ратавацца ад нацысцкага пераследу, а таксама ахвяравала свой нобелеўскі медаль Фонду дапамогі Фінляндыі, які быў заснаваны падчас савецка-фінскай вайны. Пазней медаль быў вернуты пісьменніцы. На беларускую мову апавяданне Лагерлёф “Партрэт маці” пераклала Алеся Башарымава.