№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 18 чэрвеня

  • 1812

    Нарадзіўся Іван Ганчароў (руск. Иван Гончаров, памёр 27 верасня 1891), рускі пісьменнік. Найбольш вядомы як аўтар трылогіі “Звычайная гісторыя” (“Обыкновенная история”, 1847), “Абломаў” (“Обломов”, 1859), “Абрыў” (“Обрыв”, 1868). У кожным з раманаў адлюстраваны пэўны этап гістарычнага развіцця Расіі. Таксама папулярнымі былі яго падарожныя нарысы пад назвай “Фрэгат “Палада” (1858), напісаныя паводле ўдзелу ў марской экспедыцыі адмірала Пуцяціна ў Японію. Некалькі гадоў Ганчароў служыў цэнзарам, уваходзіў у Раду па справах кнігадруку. Выступаў таксама як літаратурны крытык.

  • 1872

    Нарадзілася Ана ды Каштру Асорыю (парт. Ana de Castro Osório, памерла 23 сакавіка 1935), партугальская дзіцячая пісьменніца, адна з першых актывістак фемінісцкага руху ў Партугаліі. Вядомая як аўтар першага фемінісцкага маніфесту “Жанчыны Партугаліі” (Mulheres Portuguesas, 1905). Пасля публікацыі апавяданняў “Для дзяцей” (Para as crianças, 1897—1935) лічыцца пачынальніцай дзіцячай літаратуры Партугаліі.

  • 1903

    Нарадзіўся Рэймон Радыге (фр. Raymond Radiguet, памёр 12 снежня 1923), французскі пісьменнік. “Ён <…> прыдумаў і прывіў нам дзівосна новую пазіцыю ў мастацтве, якая палягала на тым, каб не быць арыгінальным (ён называў гэта “ўменнем насіць новы касцюм”), <…> раіў нам “пісаць як усе”, бо ў такой манеры абсалютна немагчыма праявіць арыгінальнасць”, — пісаў Жан Както ў кнізе “Цяжар быцця”. Паводле Радыге, быць паперадзе авангарду — значыць пісаць у традыцыйнай манеры. Увасабленнем гэтых прынцыпаў з’яўляецца найперш галоўны твор Радыге — раман “Чорт у галаву” (Le diable au corps), напісаны ў 1921, выдадзены ў 1923 годзе Бернарам Грасэ з анатацыяй: “Першая кніга семнаццацігадовага пісьменніка”. Раман займеў неймаверны поспех, а яго аўтар атрымліваў віншаванні ад Макса Жакоба, Рэнэ Бэнжамэна, Поля Валеры і іншых вядомых пісьменнікаў. Другі і апошні раман Радыге “Баль у графа д’Аржэля” (Le Bal du comte d’Orgel) з прадмовай Жана Както выйшаў пасмяротна ў 1924 годзе. Рэймон Радыге памёр ад тыфу 12 снежня 1923. Жан Както ўспамінаў: “Слухай, — сказаў ён мне 9 снежня, — праз тры дні мяне расстраляюць салдаты Бога”. Радыге таксама належаць чатыры зборнікі вершаў і п’еса “Пеліканы”, якую на беларускую мову пераклала Вераніка Мазуркевіч.

  • 1936

    Памёр Максім Горкі (руск. Максим Горький, сапр. Аляксей Пяшкоў; нар. 28 сакавіка 1868), рускі савецкі пісьменнік, празаік, драматург, грамадскі дзеяч. Заснаваў шэраг часопісаў, кніжных серый, у т.л. “Жизнь замечательных людей”, “Библиотека поэта” і інш. Ініцыятар І з'езду (1934) і першы старшыня Саюза савецкіх пісьменнікаў. Найбольш вядомыя з яго твораў: аўтабіяграфічная трылогія “Дзяцінства” (1913—1914), “У людзях” (1916), “Мае ўніверсітэты” (1923); раман “Справа Артамонавых” (1925), п'есы “На дне” (1902), “Васа Жалязнова” (1910, 2-я рэд. 1936) “Ягор Булычоў і іншыя” (паст. 1932). Апошні твор — няскончаны раман-эпапея “Жыццё Кліма Самгіна”. М. Горкі першым з рускіх пісьменнікаў звярнуў увагу на беларускую літаратуру, даў высокую ацэнку творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Пераклаў на рускую верш Я. Купалы “А хто там ідзе?”, назваў яго нацыянальным гімнам беларусаў. На беларускую мову творы М. Горкага перакладалі Т. Гардзялкоўская, К. Чорны, М. Гарэцкі, Э. Самуйлёнак, П. Глебка, К. Крапіва, М. Лынькоў, А. Куляшоў, Я. Брыль, Э. Агняцвет, З. Астапенка, С. Баранавых, В. Вітка, Ю. Гаўрук, А. 3арыцкі, М. Лобан, М. Машара, Я. Скрыган, Т. Хадкевіч, У. Хадыка, А. Якімовіч.

  • 1950

    Нарадзіўся Яўгеній Віткоўскі (руск. Евгений Витковский), рускі перакладчык, празаік, паэт. Стваральнік і кіраўнік сайта “Век перевода”, прысвечанага рускаму паэтычнаму перакладу (на цяперашні момант на сайце знаходзіцца больш за тысячу падборак паэтаў-перакладчыкаў пачынаючы ад Інакенція Аненскага), і міжнароднага семінару перакладчыкаў пры ім. Даследчык паэзіі рускай эміграцыі, укладальнік чатырохтомнай анталогіі паэзіі рускага замежжа “Мы жили тогда на планете другой”, трохтомніка Георгія Іванава, двухтомніка Івана Елагіна, збору твораў Арсенія Нясмелава і інш. Аўтар раманаў “Павел ІІ”, “Земля святого Витта”, “Чертовар”. Перакладае з ангельскай, нямецкай, нідэрландскай, афрыкаанс, партугальскай, французскай, украінскай, італьянскай і шатландскай гэльскай моваў. Укладальнік і перакладчык анталогій паэтычнага перакладу “Строфы века — 2”, “Век перевода”, “Из поэзии Нидерландов”, “Семь веков французской поэзии”, “Десять веков английской поэзии” (выданне складаецца з трох тамоў і налічвае каля 3 тысячаў старонак). Перакладаў на рускую творы Крыстафера Смарта, Роберта Саўці, Джона Кітса, Оскара Ўайлда, Рэд’ярда Кіплінга, Луіша Камоэнша, Фэрнанду Пэсоа, Райнэра Марыі Рыльке, Тэадора Крамера, Ёста ван дэн Вондэла, Канстантэйна Хёйгенса, Арцюра Рэмбо, Поля Валеры, Дункана Бана Макінтайра і многіх іншых.

  • 1982

    Памёр Джон Чывер (анг. John William Cheever, нар. 27 траўня 1912), амерыканскі пісьменнік, буйны майстар кароткай прозы XX стагоддзя. Найбольш знакаміты зборнікам сваіх апавяданняў “Велізарнае радыё” (The Enormous Radio, 1953), раманамі “Сямейная хроніка Ўопшатаў” (The Wapshot Chronicle, 1957), “Булет-парк” (Bullet Park, 1969), “Фальконер” (Falconer, 1977). За “Сямейную хроніку Ўопшатаў” быў узнагароджаны Нацыянальнай кніжнай прэміяй, а за зборнік “Гісторыі Джона Чывера” (The Stories of John Cheever, 1978) атрымаў Пулітцэраўскую прэмію.

  • 2010

    Памёр Жузэ Сарамагу (парт. José de Sousa Saramago, нар. 16 лістапада 1922), партугальскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1998), заснавальнік Нацыянальнага фонду абароны культуры. Сапраўднае прозвішча пісьменніка — ды Соўза, а новае прозвішча (Сарамагу — ад партугальскай народнай назвы дзікай рэдзькі) ён атрымаў ва ўзросце сямі гадоў, калі высветлілася, што працаўнік архіва рызыкнуў дадаць да прозвішча хлопчыка мянушку яго сям’і. Слава прыйшла да пісьменніка даволі позна — першы раман, які зрабіўся знакамітым, а менавіта “Паўсталы з зямлі” (Levantado do chao, 1980), пабачыў свет, калі Сарамагу было 58 гадоў. Сярод самых вядомых твораў нобелеўскага лаўрэата называюць “Успамін пра кляштар” (Memorial do convento, 1982), “Каменны плот” (A jangada de pedra, 1986), “Евангелле ад Ісуса” (О Evangelho Segundo Jesus Cristo, 1991, выклікаў жорсткую крытыку з боку каталіцкай царквы), “Перабоі ў смерці” (As Intermitencias da Morte, 2005). У рамане “Год смерці Рыкарду Рэйша” (О ano da morte de Ricardo Reis, 1984) расказваецца пра жыццё аднаго з гетэронімаў Фэрнанду Пэсоа пасля смерці самога паэта. Апошні раман Сарамагу “Каін” (Caim, 2009) выйшаў пасля смерці аўтара і ў агульных рысах уяўляе сабой распрацоўку ідэяў, паднятых у “Евангеллі ад Ісуса”.