№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 23 чэрвеня

  • 1880

    Памёр Албрэхт Радэнбах (нід. Albrecht Rodenbach, нар. 27 кастрычніка 1856), адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры, што пачаўся ў ХІХ стагоддзі, хаця Радэнбаха можна назваць хутчэй сімвалам гэтага руху, чым яго актыўным дзеячам, бо ён памёр у 23 гады. Хуга Вэрыст назваў яго “паэтам, душой, сэрцам, розумам, словам адроджаных фламандцаў”. Албрэхт быў старэйшым сярод 10 дзяцей у сям’і, а таксама стрыечным братам французскага пісьменніка Жоржа Радэнбаха. Бацька Албрэхта Юлій Радэнбах паходзіў з Райнланду і быў братам Фелікса Радэнбаха, фламандскага палітычнага прапагандыста. Маці, хаця і валонка з паходжання, свабодна размаўляла па-нідэрландску. У Лейдэнскім універсітэце Радэнбах пазнаёміўся з паэтам Полам дэ Монтам. Разам яны пачалі змаганне за фламандскае культурнае адраджэнне, за роўныя правы французскамоўных і нідэрландскамоўных студэнтаў і стварылі ў 1876 годзе “Асацыяцыю ўсіх фламандскіх студэнтаў” (Algemene Vlaamse Studentenbond). Яны патрабавалі ўвядзення заняткаў па нідэрландскай мове і культуры. У ілюстраваным часопісе асацыяцыі “Вымпел” (Het Pennoen) ананімна друкаваліся эсэ Радэнбаха. Пры жыцці Радэнбах быў знакаміты як аўтар вершаў і песняў, якія зрабіліся сімваламі і натхненнем фламандскага руху. Памёр ад туберкулёзу. Вершы Радэнбаха на беларускую перакладалі Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута.

  • 1889

    Нарадзілася Ганна Ахматава (руск. Анна Ахматова, сапр. Гарэнка; памерла 5 сакавіка 1966), руская паэтка, празаік, літаратуразнаўца і крытык, першая жонка Мікалая Гумілёва. Чалец Палітбюро ЦК ВКП (б) Андрэй Жданаў у 1946 годзе наступным чынам пісаў пра Ахматаву: “Ці то манашка, ці то блудніца, а дакладней, блудніца і манашка, у якой блуд змяшаны з малітвай. <...> Такая Ахматава з яе маленькім, вузкім асабістым жыццём, нікчэмнымі перажываннямі і рэлігійна-містычнай эротыкай. Ахматаўская паэзія зусім далёкая ад народа”. Прызнаная класікам рускай паэзіі яшчэ ў 1920-я гады, Ахматава спазнала замоўчванне, цэнзуру і цкаванне. Шматлікія яе творы не друкаваліся не толькі пры яе жыцці, але і амаль два дзесяцігоддзі пасля яе смерці.

  • 1910

    Нарадзіўся Жан Ануй (фр. Jean Anouilh, памёр 3 кастрычніка 1987), французскі драматург, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў міфалагічнага тэатра Францыі. Паводле нацыянальнасці — баск. Аўтар п’есаў “Гарнастай” (L'Hermine, 1931), “Баль злодзеяў” (Le Bal des voleurs, 1932), “Пасажыр без багажу” (Le Voyageur sans bagage, 1937), “Леакадзія” (Léocadia, 1939), “Эўрыдыка” (Eurydice, 1942), “Антыгона” (Antigone, 1944; выклікала нечуваны рэзананс пасля пастаноўкі ў акупаваным немцамі Парыжы), “Рамэа і Жанэта” (Roméo et Jeannette, 1946), “Медэя” (Médée, 1946), “Жаўрук” (L'Alouette, 1953) і інш.

  • 1945

    Нарадзіўся Чэль Альбін Абрагамсан (шв. Kjell Albin Abrahamson), шведскі пісьменнік і журналіст. Карэспандэнт Шведскага нацыянальнага радыё ў Варшаве, Маскве, Вене, аўтар шэрагу кніг, прысвечаных пераходным краінам Усходняй Еўропы і Расіі, у тым ліку нашай краіне — “Беларусь: 89 міліметраў ад Еўропы” (Vitryssland : 89 millimeter från Europa, 1999).

  • 1959

    Памёр Барыс Віян (фр. Boris Vian, нар. 10 сакавіка 1920), французскі паэт, празаік, джазавы музыка і спявак. Аўтар шэрагу мадэрнісцкіх эпатажных твораў, Віян зрабіўся класікам французскай літаратуры, прадказаўшы бунт нонканфармісцкіх твораў 1960-х гг. Пісаў не толькі пад сваім імем, але і пад 24 псеўданімамі, самы вядомы з якіх — Вернан Саліван. Прозу Б. Віяна на беларускую мову перакладалі Алесь Асташонак (“Ваўкалак”), Сяргей Шупа (“Сюрпрыз — вечарынка ў Леабіля”).