№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 2 жніўня

  • 1549

    Нарадзіўся Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка (памёр 28 лютага 1616), дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, аўтар “Перэгрынацыі, або Паломніцтва Ясна Асветленага Князя Ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю”, напісанай на аснове ўспамінаў Радзівіла пра яго пілігрымку ў Святую зямлю і выдадзенай у Брунзбергу ў 1601 годзе. Падчас сваёй пілігрымкі Радзівіл пабываў у Егіпце і досыць дакладна апісаў гэтую краіну, таму фактычна можа лічыцца першым беларускім егіптолагам. На беларускую мову “Перэгрынацыю” пераклаў Сяргей Шупа.

  • 1924

    Нарадзіўся Джэймс Артур Болдуін (анг. James Arthur Baldwin, памёр 1 снежня 1987), амерыканскі празаік, драматург, паэт і абаронца правоў чалавека. Большасць яго твораў прысвечаная пытанням расавых і сэксуальных меншасцяў. Асноўныя кнігі напісаў у Парыжы.

  • 1942

    Нарадзілася Ісабэль Альендэ (гішп. Isabel Allende), чылійская пісьменніца, прадстаўніца магічнага рэалізму. Яе кнігі выдадзеныя накладам больш чым 35 мільёнаў экзэмпляраў на 27 мовах свету. Да сярэдзіны 1980-х за Альендэ замацавалася званне самай знакамітай лацінаамерыканскай пісьменніцы дзякуючы яе раманам “Дом духаў” (La casa de los espíritus, 1982), “Каханне й цямрэча” (De amor y de sombra, 1984) і “Эва Луна” (Eva Luna, 1987).

  • 1955

    Памёр Ўолес Стывенс (анг. Wallace Stevens, нар. 2 кастрычніка 1879), амерыканскі паэт нямецка-нідэрландскага паходжання. Вядомасць да Стывенса прыйшла ў сярэдзіне 1910-х, калі вялікую падборку яго вершаў апублікаваў чыкагскі часопіс Poetry. На той час паэту было 35 гадоў, а яго першы паэтычны зборнік “Фісгармонія” (Harmonium) выйшаў у 1923 годзе. Двойчы лаўрэат Нацыянальнай кніжнай прэміі і Пулітцэраўскай прэміі (1955). На беларускую мову паэму Стывенса “Трынаццаць спосабаў убачыць чорнага дразда” пераклаў Андрэй Хадановіч.

  • 1963

    Памёр Г'ёргі Абаджыеў (макед. Ѓорѓи Абаџиев, нар. 7 кастрычніка 1910), македонскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай гістарычнай прозы. Пачаў друкавацца ў 1930-я гг. у Балгарыі. Вядомы як аўтар гістарычнага рамана “Гняздо рабаўнікоў” (“Арамиско гнездо”, 1954) пра гайдукоў і іх барацьбу з туркамі. Уплыў экзістэнцыялізму адлюстраваўся ў рамане “Пустыня” (“Пустина”, 1961), дзе гістарычныя падзеі (нацыянальна-вызвольны рух у Балгарыі) служыць фонам для маральных і псіхалагічных калізіяў.

  • 1988

    Памёр Рэйманд Карвер (анг. Raymond Clevie Carver Jr., нар. 25 траўня 1938), амерыканскі навэліст, паэт, майстар англамоўнай кароткай прозы. Лаўрэат некалькіх літаратурных узнагародаў, у тым ліку Прэміі імя О. Генры (1983 і 1988). Аўтар паэтычных зборнікаў “Зімовая бяссонніца” (Winter Insomnia, 1970), “Ультрамарын” (Ultramarin, 1986), “Новая сцежка да вадаспаду” (A New Path to the Waterfalls, 1989), зборнікаў апавяданняў “Калі ласка, памаўчыце” (Will You Please Be Quiet, Please?, 1976), адзначаны Нацыянальнай кніжнай прэміяй, “Жудаснае надвор’е” (Furious Seasons, 1977), “Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханне” (What We Talk About When We Talk About Love, 1981), “Сабор” (Cathedral, 1983), намінаваны на Пулітцэраўскую прэмію.

  • 1997

    Памёр Ўільям Бэроўз (анг. William Seward Burroughs, нар. 5 лютага 1914), амерыканскі пісьменнік, адзін з галоўных прадстаўнікоў пакалення бітнікаў. Пасля заканчэння Гарварда Бэроўз у 1937 годзе скіраваўся ў Вену, дзе неўзабаве фіктыўна ажаніўся з габрэйкай Ільзай Клапер, ратуючы яе ад нацыстаў. 6 верасня 1951 году адбываецца падзея, якая вызначыла пісьменніцкі лёс Бэроўза: гуляючыся ў “Вільгельма Тэля”, ён, п’яны, смяротна параніў сваю жонку Джоан Волмер. Большасць сваіх твораў Бэроўз напісаў “метадам нарэзак”, трансфармуючы тэхніку пісьма, прапанаваную дадаістамі ў 1920-х гг.: ва ўсіх падарожжах пісьменнік не расставаўся з сшыткам, раскрэсленым на тры калонкі, у першую з якіх ён запісваў факты пра тое, што адбываецца навокал, урыўкі пачутых фразаў, у другую — уласныя ўражанні, думкі і ўспаміны, у трэцюю — цытаты. З гэтых запісаў і паўставала кніга, толькі, у адрозненне ад дадаістаў, Бэроўз вельмі старанна кампанаваў кавалкі і рэдагаваў тэкст. Бэроўз — аўтар раманаў “Джанкі” (Junkie, 1953), “Підар” (Queer, 1951—1953, надрукаваны 1985), “Голы сняданак” (The Naked Lunch, 1959), “Мяккая машына” (The Soft Machine, 1961), “Размова мёртвых пальцаў” (Dead Fingers Talk, 1963), “Шалёныя хлопчыкі” (Wild Boys, 1971), “Порт святых” (Port of Saints, 1971), “Прастора мёртвых дарог” (The Place of Dead Roads, 1983), “Кот унутры” (The Cat Inside, 1986) і інш.