Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Іван Франко (укр. Іван Франко, памёр 28 траўня 1916), украінскі паэт, празаік, навуковец і дзеяч рэвалюцыйнага сацыялістычнага руху ў Галіцыі. У 1915 годзе быў высунуты на Нобелеўскую прэмію, аднак смерць паэта перашкодзіла яму скласці канкурэнцыю іншым намінантам. У гонар Франко горад Станіслаўль перайменаваны ў Івана-Франкоўск; імя пісьменніка носіць вуліца ў Манрэалі (Канада).
Нарадзіўся Амада Нэрва (гішп. Amado Nervo, памёр 24 траўня 1919), адзін з найбуйнейшых мексіканскіх паэтаў ХІХ ст., дыпламат. Найбольш вядомыя яго зборнікі паэзіі — “Чорныя жамчужыны (Perlas Negras, 1898), “Містэрыі” (Místicas, 1898), “Унутраныя сады” (Los jardines interiores, 1905), “Нерухомая каханая” (La amada inmóvil, 1922).
Нарадзіўся Тэадор Драйзер (анг. Theodore Dreiser, памёр 28 снежня 1945), амерыканскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Першы раман Драйзера “Сястра Кэры” (Sister Carrie, 1900) быў сустрэты чытачамі і крытыкамі вельмі варожа — як “амаральны” твор. Самы значны твор пісьменніка “Трылогія жадання” (раманы “Фінансіст”, 1912, “Тытан”, 1914, “Стоік”, 1947) зрабіўся адным з найвядомейшых твораў амерыканскай і сусветнай літаратуры ХХ ст., як і раман “Амерыканская трагедыя” (1925), які выклікаў станоўчыя водгукі. Сцэнар паводле рамана быў замоўлены савецкаму рэжысёру Сяргею Эйзейнштэйну, аднак праз некаторы час кантракт быў разарваны.
Нарадзіўся Сяргей Новік-Пяюн (памёр 26 жніўня 1994), беларускі паэт і празаік. Некаторыя песні на словы Новіка-Пеюна лічацца народнымі, найбольш вядомыя з іх — “Зорачкі” і “Над Шчарай” (“Слонімскі вальс”). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах і на эсперанта. Аўтар зборнікаў вершаў “Заўсёды з песняй” (1984), “Песні з-за кратаў” (засталася ў рукапісе, 1993).
Памёр Уладзіслаў Вярыга (нар. 9 чэрвеня 1868), беларускі філосаф, этнограф і фалькларыст. Вучыўся ва ўніверсітэтах Варшавы, Берліна, Прагі і Берна. Займаўся збіральніцтвам беларускага фальклору. Друкаваўся ў часопісе “Вісла”. У 1889 у часопісе “Збор звестак па айчыннай антрапалогіі” апублікаваў працу “Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павета Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе”, у якой змясціў 45 беларускіх народных песняў. Выдаў кнігу “Беларускія паданні” (Львоў, 1889), дзе змясціў 32 беларускія казкі з Лідскага павета.
Памёр Чэзарэ Павезэ (іт. Cesare Pavese, нар. 9 верасня 1908), італьянскі пісьменнік і перакладчык (перакладаў на італьянскую мову творы Дэфо, Дыкенса, Мэлвіла, Джойса, Ш. Андэрсана, Г. Стайн, Фолкнэра, Дос Пасаса і інш.). У 1932—1935 гадах пад ціскам сям’і ўступіў у фашысцкую партыю і вёў пры гэтым антыфашысцкую работу. У 1935 годзе быў з партыі выключаны і на восем месяцаў сасланы ў Калабрыю. Пасля вайны ўвайшоў у Італьянскую камуністычную партыю. Скончыў жыццё самагубствам у турынскім гатэлі “Рома”, пакінуўшы цыдулку: “Дарую ўсім і прашу ўсіх дараваць мне. Надта пра мяне не пляткарце”. Галоўная тэма твораў Павезэ — самота і адчуванне нерэальнасці жыцця. У Італіі вельмі папулярны дзённік пісьменніка “Рамяство жыць” (Il mestiere di vivere, выд. 1952). Вершы Павезэ на беларускую мову перакладала А. Данільчык.
Памёр Генрыкас Радаўскас (літ. Henrikas Radauskas, нар. 23 красавіка 1910), літоўскі паэт, перакладчык. Пры жыцці паэт выдаў чатыры зборнікі вершаў (тры з якіх былі надрукаваныя ў Літоўскім эміграцыйным выдавецтве за мяжой). Перакладаў творы Гётэ, Гайнэ, Вэрлена, Цвайга, Мана, Ахматавай на літоўскую мову. Ягоныя вершы перакладзеныя на ангельскую, латышскую, эстонскую, фінскую, польскую, нямецкую, рускую і беларускую мовы, пераклад зроблены А. Хадановічам).
Памерла Ева Сіманайтытэ (літ. Ieva Simonaitytė, нар. 23 студзеня 1897), народная пісьменніца Літоўскай ССР. Шырокую вядомасць атрымала пасля публікацыі рамана “Лёс Шымонісаў” (Aukštujų Šimonių likimas, 1935), дзе адлюстроўваецца жыццё і культура літоўцаў на ўсходнепрускіх землях, іх супрацьстаянне германскаму ўплыву і страта этнічнай культуры і ідэнтычнасці.