Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Богуслаў Табліц (славацк. Bohuslav Tablic, памёр 21 студзеня 1832), славацкі паэт, перакладчык, гісторык літаратуры, прадстаўнік асветніцкага класіцызму. Быў заснавальнікам Таварыства славацкай літаратуры і мовы, адным з заснавальнікаў Літаратурнай суполкі Горных гарадоў (Bergstädte), якія мелі на мэце папулярызаваць славацкую мову і літаратуру.
Нарадзілася Ёхана Дэзідэрыя Куртманс-Берхманс (нід. Johanna Desideria Courtmans-Berchmans, памерла 22 верасня 1890), фламандская пісьменніца. Нідэрландскай мове яе навучыў муж, і яна пачала пісаць на ёй вершы. Першы верш быў напісаны ў 1839 годзе і апублікаваны ў Nederduitsch letterkundig jaarboekje. Лаўрэатка літаратурнай прэміі Quinquennial Prize (1865).
У Манчэстэры адкрытая першая бясплатная бібліятэка ў Брытаніі.
Нарадзіўся Фелікс Зальтэн (ням. Felix Salten, сапр. Зігмунд Зальцман; памёр 8 кастрычніка 1945), аўстрыйскі пісьменнік, журналіст, крытык габрэйскага паходжання. Удзельнічаў у літаратурнай суполцы Jung-Wien (“Маладая Вена”) і праз некаторы час атрымаў пасаду тэатральнага крытыка ў венскіх газетах (Wiener Allgemeine Zeitung, Zeit). У 1900 публікуе першы зборнік сваіх кароткіх апавяданняў. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра тэатр і літаратуру. У 1901 арганізаваў першае ў Вене літаратурнае кабарэ (Jung-Wiener Theater Zum lieben Augustin), якое праіснавала нядоўга.
Нарадзіўся Янка Туміловіч (памёр 21 студзеня 1938), беларускі паэт. Працаваў выкладчыкам гісторыі, у рэдакцыях часопісаў. Сябра літаб'яднання “Маладняк”. У пераважнай большасці вершы Туміловіча — узоры пралеткультаўскага рамантызму 1920-х гг. У 1927 стаў адным з заснавальнікаў “Пралетарска-сялянскай беларускай літаратурнай суполкі” (“Пробліск”). Быў рэпрэсаваны, загінуў у ГУЛАГу.
Нарадзілася Кармэн Лафарэт (гішп. Carmen Laforet, памерла 28 лютага 2004), гішпанская пісьменніца. Даследчыкі разглядаюць творы Лафарэт у рэчышчы літаратуры экзістэнцыялізму, а яе раман “Нада” (Nada, 1944) параўноўваюць з “Лаўцом у жыце” Сэлінджэра.
Памёр Кандрат Лейка (нар. 5 верасня 1860), беларускі празаік, драматург і педагог. Пачынальнік беларускай дзіцячай літаратуры. Творы Кандрата Лейкі публікаваліся ў “Нашай ніве”, “Нашай думцы”, “Беларускім Календары” ў 1912—1920 гг. У 1912 выдаў у Вільні “Снатворны мак” — першую п’есу для беларускага лялечнага тэатра.
У Жэневе падпісаная Сусветная канвенцыя аб аўтарскім праве.
Нарадзіўся Чайна М'евіль (анг. China Tom Miéville), брытанскі пісьменнік-фантаст, дзеяч Сацыялістычнай рабочай партыі. Ён вызначае свой жанр як “дзіўную фантастыку” (weird fiction). Пасля дэбютнага рамана “Пацучыны кароль” (King Rat, 1998) М'евіль звярнуўся да жанру фэнтэзійнага стымпанку, апублікаваўшы раманы “Вакзал страчаных сноў” (Perdido Street Station, 2000) і “Шнар” (The Scar, 2002), якія мелі велізарны поспех. У творчасці аўтара прысутнічаюць элементы навуковай фантастыкі, фэнтэзі і літаратуры жахаў. Сам аўтар прызнаваўся, што пэўны ўплыў на яго малую прозу зрабіла творчасць Г. Ф. Лаўкрафта.