№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 29 верасня

  • 1494

    Памёр Анджэла Амбраджыні па мянушцы Паліцыяна (іт. Angelo Ambrogini detto Poliziano, нар. 14 ліпеня 1454), італьянскі паэт і драматург. Прыдворны паэт і сябар Ларэнца Медычы, выхавальнік яго сыноў. Прафесар грэцкай і лацінскай літаратуры ў Фларэнтыйскім універсітэце (1480—1494), аўтар паэмы “Стансы на турнір” (1475), першай свецкай п'есы ў італьянскай літаратуры “Паданне пра Арфея” (1471). Вялікі ўнёсак Паліцыяна зрабіў і ў філалогію, асабліва распрацоўкай метаду гістарычнай крытыкі тэксту, калі кожны тэкст успрымаецца ў кантэксце эпохі.

  • 1547

    Нарадзіўся Мігель дэ Сервантэс Сааведра (гішп. Miguel de Cervantes Saavedra, памёр 23 красавіка 1616), гішпанскі пісьменнік і салдат. Нарадзіўся ў Алькала-дэ-Энарэс у сям’і ідальга Радрыга дэ Сервантэса, хірурга; сям’я жыла небагата. У сталым узросце паступіў у войска, удзельнічаў у ваенных кампаніях у Італіі, Наварына (1572), Тунісе, Партугаліі, у марскіх баях (Лепанта, 1571). Паводле самай папулярнай версіі біёграфаў пісьменніка, менавіта ў баі пад Лепанта Сервантэс страціў руку. У 1575 годзе, падчас вяртання дадому, ён трапляе ў алжырскі палон, дзе праводзіць пяць гадоў. У 1585 годзе піша свой першы твор — пастаральны раман “Галатэя”. На той момант пісьменніку было ўжо 38 гадоў. Жыццё Сервантэса ў гэты перыяд поўнае нягодаў: ён церпіць нястачу, яго драматычныя творы, напісаныя пасля “Галатэі”, не карыстаюцца поспехам, некаторы час пісьменніку нават даводзіцца праседзець у турме. Усё, што пішацца ў гэты час, доўга не публікуецца. Толькі ў 1604 годзе пабачыла свет першая частка рамана “Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі” (El ingenioso hidalgo Don Quijote de la Mancha), які адразу займеў поспех. Літаратурную дзейнасць Сервантэс не спыняў да самай смерці. У 1835 годзе ў Мадрыдзе быў пастаўлены помнік пісьменніку, на якім па-лацінску напісана: “Мігелю Сервантэсу Сааведры, каралю гішпанскіх паэтаў”. На беларускую ўрыўкі з “Дон Кіхота” пераклаў Якуб Лапатка.

  • 1810

    Нарадзілася Элізабэт Гаскел (анг. Elizabeth Gaskell, памерла 12 лістапада 1865), ангельская пісьменніца віктарыянскай эпохі. Пісаць Гаскел пачала пасля трагічнай падзеі: яе адзіны сын памёр немаўлём ад шкарлятыны. Страх перад гэтай хваробай бачны ў некаторых яе творах, напрыклад, у няскончаным рамане “Жонкі і дочкі” (Wives and Daughters, 1866). Многія раманы Гаскел носяць сацыяльны характар: напрыклад, у “Мэры Бартан” (Mary Barton, 1848) паказана, як голад і нястача прыводзіць да рабочых паўстанняў, у рамане “Рут” (Ruth, 1863) расказваецца пра работніцу, што адмовілася ад шлюбу з джэнтльменам, які яе спакусіў. У рамане “Крэнфард” (Cranford, 1853) выяўленае жыццё жыхароў правінцыйнага гарадка. Гаскел напісала таксама біяграфію Шарлоты Бронтэ.

  • 1817

    Нарадзіўся Аляксандр Сухаво-Кабылін (руск. Александр Сухово-Кобылин, памёр 24 сакавіка 1903), рускі філосаф, драматург, перакладчык, аўтар трох п’есаў: “Вяселле Крэчынскага” (“Свадьба Кречинского”), “Смерць Тарэлкіна” (“Смерть Тарелкина”, 1859), “Справа” (“Дело”, 1861).

  • 1823

    Нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля (польск. Władysław Syrokomla, сапр. Людвік Францішак Уладзіслаў Аляксандравіч Кандратовіч, памёр 15 верасня 1862), беларуска-польскі паэт, публіцыст, крытык, перакладчык, этнограф. Дэбютаваў вершам “Паштальён” (1844), напісаным паводле пачутай у Міры гісторыі (“гавэнды”). Пераклад “Паштальёна” на рускую мову паэтам Л. Трэфалевым зрабіўся папулярнай у Расіі народнай песняй “Когда я на почте служил ямщиком”. З беларускамоўных твораў Сыракомлі захаваліся толькі два — верш “Добрыя весці” (1848, 1861) і лірычная мініяцюра “Ужо птушкі пяюць усюды”. Аўтар краязнаўчых нарысаў: “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853), “Мінск” (1857), “Нёман ад вытокаў да вусця” (1861), “Кароткае даследаванне мовы і характару русінаў Мінскай правінцыі” (1856), апрацовак беларускіх народных казак. Вершы Сыракомлі на беларускую мову перакладалі І. Чыгрын, Ул. Дубоўка, Я. Лучына, Ул. Мархель, М. Лужанін, Я. Купала, прозу — К. Цвірка.

  • 1864

    Нарадзіўся Мігель дэ Унамуна (гішп. Miguel de Unamuno, памёр 31 снежня 1936), гішпанскі філосаф і пісьменнік, баск паводле нацыянальнасці; яго роднай мовай была баскская, але пісаў ён па-гішпанску. Аўтар кніг “Пра трагічнае пачуццё жыцця”, “Жыцце Дон Кіхота і Санча паводле Мігеля дэ Сервантэса Сааведры, тлумачанае і каментаванае Мігелем дэ Унамуна”.

  • 1902

    Памёр Эміль Заля (фр. Émile Zola, нар. 2 красавіка 1840), французскі пісьменнік, заснавальнік і тэарэтык натуралістычнага кірунку ў літаратуры. Заля быў у цэнтры літаратурнага жыцця Францыі апошняй траціны XIX ст. і быў звязаны з найбуйнейшымі пісьменнікамі таго часу (“Абеды пяцёх” (1874) з удзелам Гюстава Флабэра, Івана Тургенева, Альфонса Дадэ і Эдмона Ганкура). Таксама браў удзел у знакамітым зборніку “Меданскія вечары” (1880) — разам з Жарысам Карлам Гюісмансам, Гі дэ Мапасанам і іншымі. Памёр, атруціўшыся ўгарным газам, паводле афіцыйнай версіі, праз няспраўнасць коміна. Яго апошнімі словамі, звернутымі да жонкі, былі: “Мне кепска, галава расколваецца. Глядзі, і сабака хворы. Мабыць, мы нешта з’елі. Нічога, усё пройдзе. Не трэба нікога турбаваць…” Сучаснікі падазравалі, што гэта забойства, аднак бясспрэчных доказаў гэтай тэорыі знайсці не ўдалося.

  • 1902

    Памёр Ўільям Тапаз Макгонагал (анг. William Topaz McGonagall, нар. у траўні 1825), шатландскі ткач, актор і паэт, настолькі кепскі, што проста прыўкрасны. Аўтар каля 200 вершаў, самы вядомы з якіх, “Крушэнне моста праз раку Тэй”, лічыцца адным з найгоршых вершаў у гісторыі брытанскай літаратуры. Яго вершы дагэтуль вельмі папулярныя і рэгулярна перавыдаюцца.

  • 1908

    Памёр Машаду ды Асіс (парт. Joaquim Maria Machado de Assis, нар. 21 чэрвеня 1839), адзін з найбольш уплывовых бразільскіх класікаў, празаік, паэт, драматург, перакладчык. Вырас у беднай сям’і, практычна не меў магчымасці хадзіць у школу. Найбольш вядомыя яго раманы — “Пасмяротныя мемуары Браза Кубаша” (Memórias Póstumas de Brás Cubas, 1881) і “Дон Кажмуру” (Dom Casmurro, 1899). Аўтар 9 раманаў і п’есаў, 200 апавяданняў, 5 вершаваных зборнікаў, распачаў рэалізм у бразільскай літаратуры. У 1896 стаў адным з заснавальнікаў Бразільскай літаратурнай акадэміі, прэзідэнтам якой заставаўся да сваёй смерці.

  • 1914

    Нарадзіўся Дыдэрык Ёханэс Оперман (афр. Diederik Johannes Opperman, памёр 22 верасня 1985), адзін з самых вядомых паўднёваафрыканскіх паэтаў ХХ ст., драматург. Аўтар паэтычных зборнікаў “Святыя жывёлы” (Heilige beeste, 1945), “Дзевяць зорак над Ніневіяй” (Negester oor Ninevé, 1947), “Журнал Ёрыка” (Joernaal van Jorik, 1949), “Анёл з камня” (Engel uit die klip, 1950), “Кома з бамбукавага шаста” (Komas uit 'n bamboesstok, 1979), інш. Пісаў на мове афрыкаанс.

  • 1973

    Памёр Ўістан Х’ю Одэн (анг. Wystan Hugh Auden, нар. 21 лютага 1907), англа-амерыканскі паэт, драматург, эсэіст, які лічыцца адным з найбуйнейшых літаратурных аўтарытэтаў ХХ стагоддзя. Нарадзіўся ў Вялікабрытаніі. У 1939 годзе эміграваў у ЗША, дзе выступаў з лекцыямі ў розных універсітэтах. Одэн валодаў разнастайнымі паэтычнымі стылямі, але менавіта яго экспрэсіўная манера, майстэрскае выкарыстанне паўсядзённай мовы і размоўных рытмаў мелі найбольшы ўплыў на сучасную паэзію. Аўтар паэтычных зборнікаў “Вершы” (Poems, 1928), “Глядзі, незнаёмец!” (Look, Stranger!, 1936), “Шчыт Ахіла” (The Shield of Achilles, 1955), “Даніна Кліё” (Homage to Clio, 1960), “Збор паэмаў” (Collected Longer Poems, 1969), п’есаў “Танец смерці” (The Dance of Death, 1933), “Сабака пад скурай” (The Dog Beneath the Skin, 1933), зборніка прозы “Рука фарбавальніка і іншыя эсэ”, інш. У ЗША Одэн атрымаў Белінгемаўскую прэмію за паэтычную творчасць (1953) і Нацыянальны літаратурны медаль (1967).

  • 1986

    Савецкі астраном Людміла Карачкіна адкрыла два астэроіды, якія былі названыя “Ранеўская” і “Астап Бэндэр”.

  • 1996

    Памёр Сюсаку Энда (яп. 遠藤 周作, нар. 27 сакавіка 1923), японскі пісьменнік, значны прадстаўнік пакалення “трэціх новых”. Асноўная тэма творчасці — асэнсаванне магчымасці існавання ў Японіі хрысціянства. Крытыкі часта называюць Сюсаку Энда “японскім Грэмам Грынам”.