№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 26 кастрычніка

  • 1815

    Нарадзіўся Карл Андэрс Кульберг (шведск. Carl Anders Kullberg, памёр 22 кастрычніка 1897), шведскі паэт і празаік. Яшчэ студэнтам Кульберг быў вядомы сваімі вершамі і атрымаў дзве прэміі Шведскай акадэміі за “Стварэнне жанчыны” (Kvinnans skapelse) і “Санэты для Юліі” (Sonetter till Julia), якія ўвайшлі ў яго зборнік “Вершы” (Dikter), добра прыняты чытачамі. Цікавіўся італьянскай літаратурай, перакладаў яе на шведскую мову, што таксама было ацэнена высока: сярод яго ўзнагародаў за пераклады можна вылучыць Каралеўскую прэмію.

  • 1864

    Памёр Тэадор Нарбут (польск. Teodor Narbutt, нар. 8 лістапада 1784), беларускі польскамоўны гісторык, археолаг, інжынер. Яго галоўная праца — дзевяцітомнік “Старажытная гісторыя літоўскага народа”. Намаганнямі Т. Нарбута ўпершыню была ўведзеная ў навуковы ўжытак “Хроніка Быхаўца”, цалкам апублікаваная ім у кнізе “Pomniki do dziejów litewskich...” (Вільня, 1846), дзе Нарбут даў назву летапісу, зрабіў першае палеаграфічнае апісанне помніка, а таксама закрануў пытанні, звязаныя з мовай, крыніцамі, яе складам і часам узнікнення.

  • 1870

    Нарадзілася Надзея Яноўская, гераіня аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Чытач даведваецца пра гэта з запісу бацькі Надзеі Рамана: “Берман з гатоўнасцю выцягнуў нейкую кнігу і разгарнуў пергаментную ўкладку з “дрэвам годнасці”. І сапраўды, дзевятнаццаць пакаленняў ішло з Рамана Старога. Ніжэй дзевятнаццатага калена, зноў Рамана, быў надпіс, зроблены дробным почыркам: “26 кастрычніка 1870 году нарадзілася дачка мая, Надзея. Апошняе, дваццатае, наша калена, адзінае маё дзіця. Жорсткі лёс, здымі з нас свой праклён, няхай загінуць толькі дзевятнаццаць пакаленняў. Злітуйся з гэтага маленькага камячка. Вазьмі мяне, калі гэта патрэбна, але няхай выжыве яна. Яна ж апошняя з роду Яноўскіх. Упаваю на цябе”.

  • 1880

    Нарадзіўся Андрэй Белы (руск. Андрей Белый, сапр. Барыс Бугаёў; памёр 8 студзеня 1934), рускі паэт, празаік, крытык, літаратуразнаўца, адзін з галоўных прадстаўнікоў сімвалізму ў рускай літаратуры. У 1978 годзе ў Расіі была заснаваная літаратурная прэмія імя Андрэя Белага.

  • 1890

    Памёр Карла Калодзі (іт. Carlo Collodi, сапр. Карла Ларэнцыні; нар. 24 лістапада 1826), італьянскі пісьменнік і журналіст, вядомы перш за ўсё сваёй дзіцячай казкай “Прыгоды Пінокіё. Гісторыя драўлянай лялькі” (Le avventure di Pinocchio: storia di un burattino). Пісьменнік узяў сабе псеўданім Калодзі ў 1856 па назве вёсачкі Калодзі ў Таскане, дзе нарадзілася яго маці Анджэла Ардзалі.

  • 1900

    Нарадзілася Карын Бое (шведск. Karin Boye, памерла 23 альбо 24 красавіка 1941), шведская пісьменніца. Найбольш вядомая вершамі, пісала таксама раманы і эсэ. Ва ўніверсітэце Упсалы вывучала грэцкую і скандынаўскія мовы, а таксама гісторыю літаратуры. Дэбютавала ў 1922 годзе са зборнікам вершаў “Аблокі” (Moln). Лічыцца прыналежнай да другога пакалення мадэрністаў. Памерла ад звышдозы снатворнага, скончыўшы жыццё самагубствам. Паводле дакументаў Гётэборгскага архіву, Карын Бое знайшлі нежывой ля валуна на пагорку на поўначы Алінгсоса. На беларускую мову вершы Карын Бое перакладала Алеся Башарымава.

  • 1957

    Памёр Нікас Казандзакіс (грэцк. Νίκος Καζαντζάκης, нар. 18 лютага 1883), грэцкі пісьменнік. Найбольш вядомы раманамі “Пакуты па-грэцку” (або “Хрыста ўкрыжоўваюць зноў”, 1948; опера Б. Марціну), “Грэк Зорба” (1946), “Апошняя спакуса Хрыста” (1951, занесены каталіцкай царквой у Індэкс забароненых кніг, экранізаваны Марцінам Скарсэзэ), Аўтар некалькіх драмаў, філасофскіх працаў, напісаных пад уплывам Ніцшэ, эпічнай паэмы “Адысея” (надр. 1938), перакладчык “Боскай камедыі” Дантэ (1932) і “Фаўста” Гётэ (1936). Памёр ад лейкеміі. Пахаваны ля гарадской сцяны Іракліёна, бо праваслаўная царква адмовіла ў пахаванні на могілках. Надпіс на яго надмагіллі абвяшчае: “Ні на што не спадзяюся. Нічога не баюся. Я вольны” (Δεν ελπίζω τίποτα. Δε φοβάμαι τίποτα. Είμαι λέφτερος).

  • 1959

    Нарадзіўся Анатоль Сыс (памёр 4 траўня 2005), беларускі паэт, адзін з заснавальнікаў суполкі маладых пісьменнікаў “Тутэйшыя”. Пры жыцці паэта выйшлі тры зборнікі ягоных вершаў: “Агмень” (1988), “Пан Лес” (1989), “Сыс” (2002). Перыяд найбольш плённай творчасці Сыса прыпаў на канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў. Амаль увесь наклад яго першага зборніка “Агмень” быў раскуплены за некалькі тыдняў, а зборнік “Пан Лес” стаў самым вядомым зборнікам паэта. Ад сярэдзіны 1990-х гадоў і да сваёй смерці новых твораў Сыс амаль не пісаў. Улюбёнымі вобразамі паэта былі сэрца і агонь, агмень. У 2007 годзе, ужо пасля смерці паэта, выйшаў найбольш поўны збор яго твораў “Лён”, куды апроч вершаў увайшлі невядомыя творы, а таксама артыкулы і інтэрв’ю.